Віцебскі абласны суд 3 сакавіка абвясціў прыcуд групе хлопцаў, якіх абвінавачвалі ў злосным хуліганстве і шэрагу іншых злачынстваў. Ключавы фігурант справы — 20-гадовы жыхар Віцебска Станіслаў Ганчароў, які ваяваў ва Украіне на баку АТА і вядомы па мянушцы Тэрор-машына, атрымаў 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Разам з ім па справе праходзілі яшчэ сямёра хлопцаў ва ўзросце ад 18 да 22 гадоў. Іх суд прысудзіў да розных тэрмінаў — ад 1 года абмежавання волі да 6 гадоў пазбаўлення волі.
Працэс праходзіў у закрытым рэжыме і доўжыўся амаль тры месяцы — з сярэдзіны снежня мінулага года.
Станіслаў Ганчароў і яшчэ трое хлопцаў знаходзіліся пад вартай, чацвёра маладых людзей - пад падпіскай аб нявыездзе.
Ганчароў быў затрыманы за здзек з падлеткаў. На думку праваахоўных органаў, пачынаючы з 2012 года ён з'яўляўся нефармальным лідарам каляфутбольных груповак, заклікаў сваіх аднадумцаў да знявагі і збіцця людзей неславянскай знешнасці і падаваў у гэтым прыклад. Збіванням і здзекаванням падвяргаліся таксама падлеткі-беларусы.
Адзін з іх — пацярпелы 17-гадовы хлопец, распавёў пра падзеі двухгадовай даўніны, якія адбыліся ў Віцебску і якія сталі адным з эпізодаў на судовым разглядзе:
— Мне тады было 15 гадоў. Гэта адбылося на тэрыторыі каледжа. Пастралялі мне па нагах з пнеўматыкі. Яшчэ мяне прымушалі танцаваць, перадаваць прывітанне Украіне.
У 2013 годзе Ганчароў і футбольныя фанаты пад пагрозай гвалту прымусілі двух 13-гадовых падлеткаў адрачыся ад антыфашысцкага руху і прадэманстраваць нацысцкае прывітанне.
Ганчарова арыштавалі ў красавіку 2016 года, пасля таго як малады чалавек вярнуўся з Украіны дадому ў Віцебск. Яму інкрымінавалі злачынства па 4 артыкулах КК: злоснае хуліганства; распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні; рабаванне; захоўванне з мэтай распаўсюджвання і распаўсюджванне прадметаў парнаграфічнага характару з выкарыстаннем інтэрнэту.
Выраб і распаўсюджванне прадметаў парнаграфічнага характару з выкарыстаннем інтэрнэту, а таксама злоснае хуліганства ставілася яшчэ аднаму фігуранту справы.
Некаторых хлопцаў вінавацілі і па іншых артыкулах Крымінальнага кодэкса, у прыватнасці, за прымус да выканання абавязацельстваў і ўцягванне непаўналетняга ў здзяйсненне злачынства.
Аднаму з хлопцаў абвінавачванне ў здзяйсненні асабліва злоснага хуліганства прад'явілі да дасягнення 16-гадовага ўзросту.
- Праблемы ў майго сына і ў астатніх хлопцаў пачаліся, калі Станіслаў Ганчароў прыехаў з Украіны. Аднак сын заўсёды станоўча адгукаўся пра Станіслава, казаў: «Ён добры хлопец». Наколькі я разумею, Ганчароў быў у іх кампаніі лідарам: хлопцы за ім, як шчанюкі, хадзілі, — дзялілася мама аднаго з абвінавачаных хлопцаў.
Каментары