Аргенцінскі цуд. Як Мілей утаймаваў інфляцыю менш чым за год
Цягам дзесяці месяцаў ліквідаваў 13 міністэрстваў і звольніў больш за 30 тысяч супрацоўнікаў дзяржаўнага сектара. У выніку ўпершыню за 12 гадоў краіна займела бюджэтны лішак. Пра нетыповыя рэформы аргенцінскага прэзідэнта Хаўера Мілея піша Business Insider Polska.
«Грошай няма»
На адным з перадвыбарчых мітынгаў Мілей з'явіўся з бензапілой, што павінна было сімвалізаваць неабходнасць скарачэння дзяржаўных выдаткаў. У 2023 годзе ён выйграў прэзідэнцкія выбары, а кіраванне краінай распачаў словамі «Грошай няма» і анансаваў радыкальныя рэформы скіраваныя на ўтаймаванне інфляцыі і дэрэгуляцыю эканомікі.
Мілей вядомы таксама непрымірымай пазіцыяй да венесуэльскага дыктатара Нікаласа Мадуры і нежаданнем удзельнічаць у міждзяржаўным блоку BRICS, у якім вядучую ролю адыгрываюць Кітай і Расея. Адзін з найбольш вядомых яго лозунгаў гучыць: «¡Viva la libertad, carajo!», што можна перадаць як «Жыве свабода, чорт вазьмі!».
«Калі Хаўер Мілей у снежні 2023 года заняў пасаду прэзідэнта, цэны раслі на 25% штомесяц. Мілей прыняў рашэнне зрабіць тое, на што не адважваліся папулісцкія левыя ўрады дзесяцігоддзямі: рэзка скараціць дзяржаўныя выдаткі і правесці звальненні ў дзяржаўным сектары», — заўважае Яцэк Фрончык, рэдактар Business Insider Polska.
Бензапіла працуе, а пілавінне ляціць
Яшчэ ў чэрвені эксперты са скепсісам падыходзілі да эканамічных рэформаў новага прэзідэнта Аргенціны, але апошнім часам скепсіс пачынае мяняцца на пазітыўнае здзіўленне.
Паводле дадзеных Нацыянальнага інстытута статыстыкі і перапісаў насельніцтва (INDEC) месячная інфляцыя ў Аргенціне знізілася ў кастрычніку да 2,7% з 3,5% у верасні, што з'яўляецца найніжэйшым паказнікам з лістапада 2021 года.
Гадавая інфляцыя ўсё яшчэ высокая, але яна ўпершыню за няпоўны год знізілася ніжэй за 200%, дасягнуўшы 193% у кастрычніку. Пры такіх тэндэнцыях узровень інфляцыі вышэй за 100% хутка стане мінуўшчынай.
У жніўні зарплаты ў Аргенціне павялічыліся на 4,7%, што пры інфляцыі 4,2% азначае рэальны рост. Аднак у гадавым параўнанні зарплаты выраслі на 181,9% пры інфляцыі 237%, што сведчыць аб значным зніжэнні пакупніцкай здольнасці.
Няцяжка здагадацца, што рэформы Мілея займелі пабочныя эфекты. Узровень беспрацоўя павялічыўся да 7,6% у другім квартале гэтага года з 6,2% год таму.
«Больш за палову насельніцтва краіны апынулася ў беднасці. У мінулым годзе 41,7% з 46 мільёнаў аргенцінцаў жылі ў беднасці, а ў першай палове гэтага года гэты паказнік павялічыўся да 52,9%», — адзначае Фрончак са спасылкай на дадзеныя Reuters і BBC.
Аўтар пры гэтым нагадвае, што ў 2017 годзе ў беднасці жыло 25% насельніцтва, а гэта азначае, што негатыўная тэндэнцыя пачалася задоўга да Мілея.
Шокавая тэрапія акупіцца ўжо ў наступным годзе — лічаць у МВФ
Пасля дзесяцігоддзяў сацыялістычнай палітыкі Аргенціна перажывае найбольш сур'ёзную эканамічную карэкцыю з часоў крызісу 2001 года. Мілей зрабіў галоўным прыярытэтам абарону права ўласнасці, каб прыцягнуць інвестыцыі ў эканоміку.
У хуткім тэмпе ён закрыў 13 міністэрстваў і звольніў больш за 30 тысяч чыноўнікаў, што складае каля 10% федэральных работнікаў. У выніку дзяржава ўпершыню за 12 гадоў пачала атрымліваць бюджэтныя прафіцыты. Змены адразу ж адбіліся на зніжэнні выдаткаў па абслугоўванні дзяржаўнага доўгу, а інвестары пачалі верыць у аднаўленне плацежаздольнасці краіны.
Паводле прагнозаў МВФ, ВУП Аргенціны пасля зніжэння ў 2023 (-1,6%) і 2024 гадах (-3,5%) вырасце на 5% у наступным годзе. Гэта дазволіць кампенсаваць страты і вывесці эканоміку на шлях устойлівага росту.
Каментары