Навукоўцы распавялі, ці білі нашы продкі дзяцей і жонак
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка нядаўна заявіў, што «добры рэмень часам таксама карысны для дзіцяці» і патлумачыў гэта беларускімі, славянскімі традыцыямі, ды і ў цэлым выступіў супраць законапраекта аб процідзеяння хатняму гвалту. Ці білі нашы продкі дзяцей і ці асуджала гэта грамадства? А Знакамітае «Б'е — значыць любіць» у стасунках на пару — гэта было пра нас? TUT.BY спытаў у гісторыкаў і этнографаў.
«Дзяцей фізічна каралі, але жорсткасць была рэдкай з'явай»

Доктар гістарычных навук Любоў Ракава шмат гадоў вывучае традыцыі народнай педагогікі беларусаў. І ў аснове гэтай педагогікі, кажуць этнолагі, было даволі суровае стаўленне бацькоў да дзяцей.
— І такое стаўленне, па меркаванні сялян, было не супрацьлегласцю бацькоўскай любові, а наадварот, яе доказам. Паўтаралася, што любіць дзяцей трэба душой, а не паказваючы асабліва сваіх пачуццяў. У майго дзядулі была «бярозавая каша» — так называлі лазовы дубчык, які заўсёды тырчаў у пярэднім пакоі за бэлькай. Ён трымаў у тонусе сам па сабе — зірнеш на яго і ўспомніш, для чаго ён прызначаны. Крайняй мерай было біццё дубчыкам або «махрачом» — ільняной анучай, якой выціралі стол і якая заўсёды была ў маці. Некаторыя білі рамянём са спражкай, але жорсткасць асуджалася. Даследчыкі апытвалі людзей, якія нарадзіліся яшчэ ў канцы XIX стагоддзя, — па іх расказах, жорсткасць была вельмі рэдкай з'явай, — распавядае этнолаг.
Любоў Ракава дадае, што ў сялянскім асяроддзі суровасць пакарання была звязана ў тым ліку з умовамі, у якіх жылі людзі.
— У сялян было вельмі шмат клопатаў, таму дзеці выконвалі пасільную працу ўжо гадоў з пяці — курачак пакарміць, траўкі нарваць. Калі дзіця не зрабіла працу, жывёлы і птушкі маглі застацца без корму, а наступствы маглі быць жахлівымі для ўсёй сям'і. Натуральна, прыходзячы з працы, бацькі за такую правіну каралі. Але дзеці былі розныя, як і цяпер. У народзе гэта цудоўна разумелі, казалі: «Адно дзіця паслухаецца ківа, а другое лазы».
Этнолаг адзначае, што пры гэтым у прыказках транслявалася, што прыярытэт у выхаванні — усё ж такі ўгавор: «Не біце вяроўкамі, а навучайце гаворкамі».
— А было і такое: «Як не загнеш маладое дубінку, то як устарэе — пераломіцца». Значыць, калі з маленства не навучыш — потым позна будзе.
— Нельга было біць маленькіх дзяцей, — тлумачыць Любоў Ракава. — Караючы фізічна, бацькі стараліся не біць цяжкімі прадметамі, з вялікай сілай. Наогул, толькі асобныя народы не выкарыстоўвалі фізічныя пакаранні дзяцей. Прычым гэта было распаўсюджана ва ўсіх пластах насельніцтва, а не толькі ў сялянства. Лойд Дэмоз (амерыканскі гісторык, які шмат вывучае псіхалогію сям'і і дзяцінства. — Заўвага. TUT.BY) пісаў, што вывучаў дакументы 76 сем'яў у Заходняй Еўропе і не знайшоў сярод іх ні адной, дзе б дзяцей не білі ў дзяцінстве. Захаваліся запіскі Ахоцкага — нашага шляхціца сярэдняга дастатку. Ён апісваў гісторыю, як у госці прыйшоў прадстаўнік знаці, які зрабіў падарунак хлопчыку ў сям'і. Хлопчыка пакаралі за тое, што ён прыняў падарунак з рук чужога. У другі раз хлопчыку прынёс падарунак родны дзядзька — і яго зноў збілі, бо ён адмовіўся ўспрымаць падарунак, памятаючы пра пакаранне. Ад роднага чалавека ён падарунак павінен быў прыняць. Так тады выпрацоўвалі этыкет, так ставілі межы. Шляхта перарывала шкодныя звычкі ў дзяцей, як — забараняючы забавы, гульні, стасункі з аднагодкамі, выкарыстоўваючы сродкі фізічнага пакарання — залежала ад сям'і.
Любоў Ракава дадае, што важным элементам выхавання дзяцей, мяккім і пазбаўленым гвалту былі калыханкі. У такія моманты паміж бацькамі і дзецьмі ўзнікалі важная сувязь, цёплыя стасункі.
«Б'е — значыць кахае» — не думаю, што пра нас»

Гісторык Наталля Сліж вывучае жыццё беларускай шляхты XVI—XVII стагоддзяў. Яна распавядае, што статыстыку па хатнім гвалце за гэты час вывесці немагчыма — дакументы са згадкамі пра падобныя выпадкі захаваліся ўрыўкава.
— Прыклады гвалту ў сем'ях сустракаюцца не вельмі часта, але гэта можа азначаць і тое, што не ўсё звярталіся ў суды, і тое, што проста не захаваліся дакументаў. Але ясна, што ў грамадстве да гвалту ставіліся вельмі негатыўна, калі муж або жонка маглі звярнуцца ў суд з нагоды збіцця ў сям'і, і гэтыя скаргі разглядалі. Існавала ў нас пакаранне і за забойства, і за збіццё. За забойства маці ці бацькі, мужа ці жонкі належыла пакаранне смерцю, але ў практыцы не вельмі шмат такіх спраў. З Гарадзенскага магістрата захавалася чатыры кнігі, і там знайшлася адна справа, якая апісвае, што муж забіў жонку. Але ў нас не камплект: у Віленскай кніжцы сустракаліся выпадкі як збіцця жонкі, так і мужа — было і такое. Але сказаць, што гэта было масавым, нельга.
Наталля адзначае, што ў тыя часы «каштоўнасць» чалавека вызначалася яго ўзростам і палавой прыналежнасцю.
— За забойства дзяцей, па-мойму, прызначаўся год турэмнага зняволення. Жыццё дзіцяці «шанавалася» менш, яму і ў сям'і было сваё месца. Калі дзіця не слухалася бацькоў — яго пазбаўлялі маёмасці, калі дзеці збівалі пажылых бацькоў — гэта таксама было перадумовай пакінуць іх без спадчыны.
Пры гэтым, распавядае гісторык, захаваліся інструкцыі дзеячаў ВКЛ, аднаго з Радзівілаў і Пятра Кахлеўскага, пра тое, як трэба выхоўваць дзяцей.
— І ні ў адной з іх няма парады збіваць дзяцей. Напісана, што дзеці павінны быць выхаванымі і адукаваным. У выхаванні павінна была прысутнічаць строгасць, а не ўсёдазволенасць.
— Як думаеце, уласціва было нашым продкам паняцце «б'е — значыць кахае» ў адносінах паміж мужам і жонкай?
— Не думаю. Ясна, што ў кожнай сям'і былі сваркі, але часта сустракаецца, што ў канцы жыцця муж ці жонка пакідалі «даравальныя» запісы за добрае сумеснае жыццё, і, наадварот, вельмі рэдкія запісы, што мужа ці жонку пазбавілі маёмасці за дрэннае стаўленне. У залежнасці ад стагоддзя, калі ў сям'і быў гвалт, маглі прызначыць сепарацыі — каб жонка жыла асобна ад мужа, ці маглі адразу развесці. Асабліва сепарацыя была актуальная для каталікоў.
Наталля Сліж распавядае, што ў дакументах XVII стагоддзя часам сустракаецца такая прычына разводаў, як «дрэннае сумеснае жыццё».
— Цяжка сказаць, што гэта азначае: што людзі лаяліся або біліся? Мяркуючы па судовых справах, «б'е — значыць кахае» не з'яўлялася нормай. У шляхецкім этыкеце было прынята паважлівае стаўленне да жанчыны як да чалавека, які дае працяг роду. Так, у жанчыны было менш правоў, але ў яе былі эканамічныя правы, маёмасць, а часам жонка была больш заможная за мужа. Муж не мог забраць проста так маёмасць, часам нават пісаў дакумент, што ўзяў у пазыку ў жонкі грошы. І, напрыклад, мяшчане адзначалі як праяву любові, калі муж падтрымаў жонку, вырашыў маёмасныя пытанні.
«Не біце яе дубцамі, навучайце яе слаўцамі»

Фалькларыст і этнограф Аляксей Глушко прапануе падзяляць пытанні фізічнага пакарання дзяцей і сямейнага гвалту, разважаючы аб традыцыйнай культуры беларусаў. Ён таксама кажа, што фізічнае пакаранне дзяцей у выхаваўчых мэтах дапушчалася і не адрознівалася жорсткасцю, а менавіта жорсткасць — асуджалася і маральна, і супольнасцю, і юрыдычна.
Сям'я, як і традыцыйнае грамадства, была іерархічнаю: на больш высокіх прыступках стаялі бацькі. Аўтарытэт бацькоў не аспрэчваўся дзіцем ніколі, самым аўтарытэтным членам сям'і быў бацька.
Этнограф тлумачыць:
— У традыцыйнай культуры лічылася, што сакральная сувязь паміж бацькамі і дзецьмі ўзнікае з нараджэння і праходзіць праз усё жыццё. Бацькі мелі права на дзяцей, і тыя знаходзіліся ў іх уладзе да жаніцьбы або замужжа, а часам і яшчэ нейкі час да адасаблення іх гаспадаркі. Бацька мог падняць руку на дзіця ў выхаваўчых мэтах, акрамя таго, гэта было яшчэ і пацвярджэннем яго іерархічнага статусу. Дзіця гартуецца, прывучаецца да фізічнай працы, вучыцца ўстойліва пераносіць цяжкасці. Калі дзіця ўступае ў падлеткавае жыццё, яно сутыкаецца з жорсткім светам і павінна ўмець пастаяць за сябе.
У фальклоры свабода, якая даецца дзецям у сям'і, — адназначна адмоўная, кажа этнограф.
— Дзяцей стараліся не распускаць, не дазваляць залішне шмат. Казалі: «Дасі дзецям волю — адбярэш долю» — то бок пакінеш без будучыні, — распавядае Аляксей Глушко. — Калі ў сям'і былі не родныя дзеці, народная педагогіка вучыла да чужых падкрэслена ставіцца лепш, чым да сваіх, таму што дзіця можа ўспрыняць больш балюча нават справядлівае пакаранне ад чужога чалавека. Казалі: «Сваё дзіця бі — шкадуй, на чужое крычы — думай».
Стасункі паміж мужамі і жонкамі рэгламентаваліся ў традыцыйным грамадстве па-іншаму, адзначае Аляксей Глушко.
— Магчымасць падняць руку на жонку не віталася, асуджалася гэта і ў фальклоры. Прызнаючы за мужам права на такія метады менавіта як выхаваўчыя, іх усё роўна прасілі пазбягаць. Напрыклад, у вясельных песнях, адрасаваных будучаму мужу і ўсяму яго роду, спявалі: «Не біце яе дубцамі, навучайце яе слаўцамі. Не біце яе вяроўкамі, навучайце яе гаворкамі». У традыцыйным грамадстве жонка была ў падначаленні ў мужа, але не была бяспраўнай: у вёсках яна магла сысці да свайго роду. Хоць ёсць у фальклоры, напрыклад у скандынаўскіх сагах і нашых купальскіх песнях, і вобраз жанчыны-асілка, жанчыны, якой нават муж пабойваецца, — адгалоскі матрыярхату.
— А часта ў беларускіх народных песнях сустракаюцца матывы таго, што муж б'е жонку, што яна пакутуе ў шлюбе?
— Часта, але я б тут статыстыку не выводзіў. Лірычная песня — гэта жанр, дзе чалавек імкнецца выліць нейкія перажыванні, асабліва моладзі прыемна паказытаць нервы. Сямейна-бытавыя песні аб няшчасным жыцці звычайна спяваліся за сталом, калі на вялікае свята да жонкі прыязджаў яе род. І тут станавіліся актуальнымі тэмы, як цяжка жыць далёка ад свайго роду. Кур'ёзны выпадак быў у Ашмянскім раёне, калі да замужняй жанчыны прыехала яе сям'я ў госці і яна пачала спяваць традыцыйную песню пра тое, як цяжка ёй жывецца, ад першай асобы. І яе свякроў і сёстры мужа паднялі скандал за сталом, плюхнулі з чаркі самагон ёй у твар. Яны ўспрынялі ўсё літаральна, таму што ўжо перасталі такія песні ўспрымаць як жанр фальклору. Матывы пакуты ў новай сям'і ў вясельнай песні выконваюць яшчэ і прафілактычную ролю. Нявесту загадзя рыхтуюць да самага горшага, што яна будзе пакутаваць у шлюбе, а прыходзіць — і аказваецца, што там не ўсё так дрэнна.
Каментары