Грамадства2828

«Моладзевы блок» крытыкаваў войска — іх звазілі туды на экскурсію, яны былі ўражаныя РЭПАРТАЖ

Падчас парламенцкіх выбараў і на хвалі дыскусій вакол «закона аб адтэрміноўках» ў Беларусі сфармаваўся нефармальны рух, у асноўным з нядаўніх студэнтаў — Моладзевы блок. У ім некалькі дзясяткаў чалавек. 

Гэтыя актывісты правялі ў інтэрнэце апытанне на тэму вайсковай службы, якое навяло іх на высновы, што маладых людзей перадусім палохае дзедаўшчына, кепская баявая падрыхтоўка і непрымальна аскетычны побыт.

У доўгім лісце да міністра абароны хлопцы выклалі свае думкі аб тым, як можна было б мадэрнізаваць войска: а там ад банальна-санітарных прапаноў да самых экстравагантных, накшталт прызыву з 17 год ці магчымасці адкупіцца ад службы.

Віктар Хрэнін адказаў ім амаль па кожным пункце, але сэнс адказу, калі ўчытацца, зводзіўся да таго, што аўтары не валодаюць прадметам разваг, а апытанне праз гугл-форму нельга лічыць рэпрэзентатыўным.

Хлопцы надзьмуліся і раскрытыкавалі «фармальную адпіску».

Таму «Наша Ніва» прапанавала Міністэрству абароны звазіць хлопцаў на экскурсію ў нейкую часць, каб яны маглі задаць свае пытанні і выказаць прапановы не безаблічным штабістам, а паслухаць жывых афіцэраў на зямлі, паспрабаваць убачыць, як яно ёсць. 

Міністэрства пагадзілася. Вядома, для экскурсіі абралі ўзорную частку — Печы, 72-і АВЦ у Барысаве. Пасля трагедыі з Аляксандрам Коржычам сярод афіцэраў часці хіба што толькі дэцымацыю не правялі — так там наводзілі парадкі. Мы ўжо ў дэталях апісвалі, што там змянілася.

Чытайце: Як змяніліся Печы пасля смерці Коржыча? Відэакамеры ў кожным кутку, сон па 9 гадзін, тэлефоны ў кожнага… ВЯЛІКІ РЭПАРТАЖ

Ад Моладзевага блоку паехалі два чалавекі — 22-гадовы маркетолаг Даніла Лаўрэцкі, які скончыў ваенную кафедру і бываў ужо на зборах, а таксама Валер Тамілін — 24-гадовы інжынер-праграміст, які не служыў.

Пакуль мы ехалі ў Барысаў, хлопцы ў асноўным думалі, аб чым яны будуць гаварыць з ваеннымі і як гэта лепш асвятляць — тэкстам ці трансляцыяй у інстаграм? Ім здавалася прагрэсіўным і нечуваным само такое запрашэнне, але чаканні былі стрыманыя — лічылі, што гэта ўсё для пускання пылу ў вочы.

У Печах Моладзевы блок сустрэлі тамтэйшы ідэолаг Аляксей Ціцкі, а таксама Аляксей Калыванаў і Міхаіл Кумякоў — адпаведна начальнік і ідэолаг 3 гвардзейскай школы, дзе рыхтуюць танкістаў і артылерыстаў. Там і служыў, дарэчы, Коржыч.

Пасля невялікага анонсу праграмы дня і знаёмства хлопцаў павялі глядзець казармы, але да такога першага пытання ваенныя, пэўна, не рыхтаваліся:

— Мяч футбольны ў вас ёсць у інвентары?

— Мяч? У нас нават спартакіяды праводзяцца…

— Часам бывае такое, што праз небяспеку траўмы забараняюць гуляць у камандныя віды спорту.

— …

Экскурсію па казарме апісваць пэўна няма патрэбы — хлопцаў вадзілі і паказвалі, што прасы ў войску не на вуглях, што вада гарачая ёсць і што камеры працуюць. Лаўрэцкага цікавіў алгарытм дзеянняў афіцэра, калі на відэа раптам трапіць фізічная праява дзедаўшчыны ці проста гвалту.

Паказалі нават жывы куток — там дзве чарапахі пахавалі галовы ў ваду ад камандзірскага барытона ідэолага школы. 

— Не тая кампетэнцыя, але мы можам задаць пытанне. Да вас прыходзіць больш з вышэйшай адукацыяй ці без? Большасць з вёсак?

— Канечне, больш без адукацыі, але суадносіны ад прызыва да прызыва розныя. Вы ж не думаеце, што калі чалавек з вёскі, то ён дурны? У нас хлопцы ў бібліятэку ходзяць. І ў прынцыпе тут яны атрымліваюць спецыяльнасць ваенную, але магчымую і на грамадзянцы. Хто цікавіцца, той ведае, што атрымаць спецыяльнасць кранаўшчыка — гэта ад тысячы [рублёў заробак] пачынаецца…

— А вывучыць мову магчыма? У некаторых краінах у войску вучаць замежныя мовы, гэта як дадатковая матывацыя для службы.

— Калі чалавек ставіць мэту, то ён яе дасягне. У нас цэнтралізавана мовам не вучаць, калі яму хочацца — можа вучыць у вольны час.

— Чаму не зрабіць магчымасць далёкіх звальненняў салдатам кожныя выходныя?

— Ёсць працэнт, які мусіць заставацца ў ваеннай часці, каб падтрымліваць баяздольнасць — гэта не менш за 30%.

— У рэальнасці ж не 70% сыходзіць.

— Кожную нядзелю ў нас выходны дзень і так. На выходныя не менш за 600 сыходзіць з каля 3500 чалавек.

— У вас тут стэнд БРСМ вісіць — нейкую ролю грае ён у выхаванні? А іншыя аб’яднанні могуць праводзіць у вас мерапрыемствы, ці БРСМ прывілеяваны? А Моладзевы блок, напрыклад?

— Мы з рознымі супрацоўнічаем. Звяртайцеся, мы будзем разглядаць, пакажыце сваю праграму — калі арганізацыя зарэгістраваная, а змест выступу цікавы — няма праблем.

— Вы тут чамусьці вучыце (я не ведаю чаму), але, як гэта кантралюецца? У маім універы ніхто не кантраляваў якасць ведаў і я выпусціўся нікім.

— (ваенны пачаў расказваць дэтальны алгарытм кантролю) … ну і мы адлічваем адсюль тэрміновых салдат, яны гэтага баяцца, гэта і сорамна, і крыўдна.

— Добра. Але ёсць яшчэ «бялуга», ад яе высыпанні бываюць, можа быць, трэба дазволіць каб тэрмабялізну куплялі салдаты?

— Мне не ясна, як мыць тэрмабялізну, у казарме на 600 чалавек пральных машын не хопіць. А «бялугу» мыюць на камбінатах. Я думаю, паступова да гэтага прыйдзем, тэрмабялізна і цяпер ёсць, але выкарыстоўваецца ў асобных войсках пры асобных задачах. І не разумею, а якія ў вас нараканні? Я сам у «бялузе» адхадзіў дай божа колькі, не такая яна і кепская.

— Але высыпанні ад яе бываюць.

— Ды кіньце, ад тэрмабялізны таксама ў кагосьці высыпанні будуць, гэта індывідуальна.

— На вас шапка надзета, на ёй няма вушэй.

— Ёсць.

— Так, ёсць, але вы не апускаеце вушы звычайна, толькі калі вельмі-вельмі холадна, пры нейкіх там дадатковых умовах, на гэта скардзяцца.

— Цяпер, калі салдаты выходзяць у поле, яны ў вязанай шапцы. У гэтай вушанцы яны ў нас ідуць ад казармы да вучэбнага цэнтра, гэта 5 хвілін. Ну і я апускаю вушы, калі халодная зіма. Нават пры моцным ветры нехта апускае.

— Калі ўсё так добра, то дзе гэтыя тысячы маладых людзей, якія ломяцца ў войска? У Расіі такой праблемы няма, што не хочуць ісці, і ва Украіне не так востра. Я глядзеў статыстыку розную.

— Я б не сказаў, што ў нас мала людзей у войска ідзе. А хто не ідзе — у таго адтэрміноўка, значыць. Ёсць нехта, хто проста не хоча служыць і шукае магчымасці, такія заўсёды былі. Ёсць адтэрміноўка. Ёсць людзі, якія проста не хочуць служыць.

Такімі былі самыя цікавыя фрагменты першай размовы з афіцэрамі Печаў.

Потым хлопцаў павезлі ў вучэбныя класы, дзе стаяць трэнажоры-сімулятары — на іх танкісты вучацца страляць, ездзіць і гэтак далей. Сімуляцыя поўная.

Валерыю Таміліну прапанавалі паспрабаваць пакіраваць танкам на трэнажоры, ён пагадзіўся, а калі вылез адрэагаваў так: «У рэале танк гэтаксама каўбасіць? Я проста не шару».

У гэты момант экскурсія ажывілася — у Печы прыехаў генерал-маёр Леанід Касінскі, галоўны ідэолаг войска, памочнік міністра.

Хлопцы на яго адразу накінуліся — адзін навёў на генерала мабільнік і вёў трансляцыю ў інстаграм, другі закідваў пытаннямі.

Гэта ўсё адбывалася ў цёмным калідоры аднаго з вучэбных цэнтраў.

Хлопцы адразу цікавіліся, у чым патрэба служыць менавіта паўтара года.

— Я пасля чатырох гадоў у вучэльні не ўсё ведаў. А тут тры-чатыры месяцы падрыхтоўкі, а потым у войсках хлопцы адпрацоўваюць тое, чаму навучыліся. Мы лічым, гэта аптымальны час.

— Але нехта служыць паўтара года, пасля вышэйшай адукацыі год. Што я такога ўнікальнага набыў ва ўніверсітэце, каб скараціць на 6 месяцаў вучобу?

— Не тое, каб вы набылі асаблівыя веды, але людзі з вышэйшай адукацыяй пераважна служаць там, дзе высокатэхналагічная тэхніка — сувязь, СПА і гэтак далей. Чалавек з вышэйшай адукацыяй апаратную сувязь засвойвае нашмат хутчэй, чым хлопец з сярэдняй адукацыяй.

— Але чаму ў іншых краінах тым жа навыкам вучаць за меншы час? Вось у Літве 9 месяцаў служаць.

— Ну і што? Гэта ж не паказчык, калі ў Літве — 9 месяцаў. То і нам трэба?

— Іх войска што, менш баяздольнае? Я сумняваюся.

— Чаму вы сумняваецеся? Я не пагаджуся з сумневам.

— Але ў іх таксама ёсць эксперты і генерал-маёры.

— Вядома, досвед чужы мы вывучаем. Гляньце — учора многія краіны адмовіліся ад тэрміновай службы, а сёння вяртаюцца. Напэўна, ёсць прычыны для гэтага. І ў нас сёння на 40% войска складаецца з кантрактнікаў, 40% гэта з афіцэрамі, без афіцэраў 28,5%. І мы ставім сабе задачу, каб 40% салдат і сяржантаў было ўкамплектаваным кантрактнікамі. Вы ведалі, што мы бяром на кантрактную службу і замест тэрміновай? Ці толькі з ліста даведаліся?

— Як вы пра гэта інфармуеце?

— Мы зрабілі ўлёткі, раздаём у школах, на ваенных рэсурсах размяшчаем, я выступаў на тэлебачанні.

— Як вы заклікаеце ў войска?

— Што значыць заклікаем? Мы робім нейкія крокі, каб у тых, хто служыў, былі бонусы ў параўнанні з іншымі. Вы ў лісце пішаце, што ўсё, што робіць Мінабароны — гэта нецікава нікому. Ну гэта ж не так! Усе нашы крокі робяцца пасля вывучэння меркавання тых хлопцаў, якія служылі. Кожны год, калі сыходзяць у запас, мы праводзім анкетаванне: што хацелася б змяніць у войску, як матываваць і гэтак далей, усе адказваюць і ўжо шчыра, я думаю. Мы прымаем рашэнні абапіраючыся і на гэта.

— Вы апытваеце тых, хто служыў, але трэба апытваць тых, хто не служыў і баіцца. 51% з нашага апытання баяцца дзедаўшчыны. На што яны тады абапіраюцца?

— Можа быць, нейкі іх знаёмы прыйшоў з войска і фанабэрыцца, што ў танку гарэў ці пісаў лісты маме на целе забітага таварыша. Але ваш жа сябра Аляксей Лазараў служыць — вы да яго ездзіце? Ёсць у яго дзедаўшчына? Ён раней думаў, што ёсць, а цяпер у інтэрнэце на відэа кажа, што няма. Дык што, мне кожны дзень з блакітнага экрана паўтараць, што яе няма?

— У Беларусі адна з самых нізкіх канверсій людзей прызыўнога ўзросту ў салдаты. Тая ж Расія — там не так, там больш ахвотна ідуць.

— Ну з чаго вы ўзялі гэта, што ў Расіі ідуць больш ахвотна?

— Прэстыж ваеннай службы нізкі. У ВНУ нізкі конкурс, а 50% афіцэраў пасля першага кантракту пакідаюць службу.

— Як гэта 50%? Не засталося б ужо афіцэраў, гэта не так. Лічба там не двухзначная, адкуль вы сваю ўзялі?

— А як зрабіць так, каб у ваенныя ВНУ паступалі не найгоршыя, а найлепшыя? 

— Рэцэпта я не дам. Можа, варта вяртацца да работы па патрыятычным выхаванні? Чалавек мусіць разумець, што служба — гэта пакліканне. Тады туды будуць ісці найлепшыя. Ну і не заўсёды нізкі бал — гэта азначае, што чалавек няздольны. Ён будзе гэты час атрымліваць веды, вучыцца. Бо бывае і так, што чалавек з залатым медалём, а арганізатарам быць няздольны, не можа павесці за сабой. 

[…]

— Адсутнасць практыкі, вось таксама што палохае.

— Трэба разбірацца, хто такое расказвае. Калі нехта служыў у батальёне матэрыяльнага забеспячэння, а нехта ў спецназе — параўнайце іх уражанні. Я лічу, што падрыхтоўка ў нас добрая. І гэта кажуць замежныя ваенныя аташэ на вучэннях, што так валодаць узбраеннем за паўтара года — гэта ўражвае.

Пасля гэтых слоў прадстаўнікоў Моладзевага блоку павезлі на палігон, дзе трэніраваліся артылерысты і кіроўцы БМП.

Мы падняліся на назіральную вежу — адтуль відаць, як салдаты з машын страляюць па рухомых цэлях.

Стоячы там, хлопцы пацікавіліся ў Касінскага, што б ён зрабіў, каб войска было ідэальным. Але перадаваць цалкам гэтую размову, пэўна, няма сэнсу, бо яна поўная сафістыкі: генерал успамінаў, як у часы лейтэнанцтва зарабляў $15 і не займаўся баявой падрыхтоўкай, а хлопцы апаніравалі, што можна вечна ўспамінаць, што было горш — а як зрабіць лепш? Але тут і так ясна, што годнае забеспячэнне войска залежыць ад эканомікі, грошы ваенным даюць цывільныя.

Таксама хлопцы паўтарылі пытанне пра больш працяглыя звальненні салдат.

— Літаральна на мінулым тыдні міністр паставіў задачу ўдасканальваць работу ў гэтым кірунку і даваць людзям больш магчымасці бываць дома, — адказаў Касінскі.

— А магчымасць служыць летам? Для студэнта гэта той перыяд, калі бацькі грошай ужо не даюць, планаў асаблівых няма.

— Пытанне прапрацоўваецца, для гэтага патрэбны час, я пакуль не магу сказаць, калі мы агучым сваё бачанне гэтай прапановы.

Пасля таго, як стала ясна, што страляць з БМП салдаты ўмеюць, актывістаў павезлі на палігон, дзе страляюць са стралковай зброі.

Далі пастраляць (лежачы) і самім хлопцам — поўны ражок, 30 патронаў.

Яны іранізавалі, што за 5 хвілін выстралялі больш, чым сярэдні салдат за ўсю тэрміновую службу. Выкладчык апаніраваў, што проста страляніна — гэта забаўка, а галоўнае засвойваецца пры вывучэнні тэорыі.

Завялі хлопцаў і да ваенных псіхолагаў — гэта аказаліся дзве жанчыны.

Яны тлумачылі, што не толькі гавораць аб праблемах з салдатамі, але і дзе-нідзе на сваім прыкладзе дапамагаюць пераадолець страх.

— Вадалазная падрыхтоўка, напрыклад, пад вадой крук зачапіць, трос да танка. Бывае салдат стаіць і баіцца зайсці. Што робіць псіхолаг? Яна надзявае амуніцыю і ідзе ў ваду.

— Навошта?

— Ну як навошта? Ён баіцца, а тут як бы псіхалагічна — жанчына пераадолела гэта, я не магу?

— Хочаце — яна сядзе зараз у танк і паедзе, вось проста цяпер і проста ў той танк, што вы пакажаце.

— Не, мы верым. Лепш скажыце, калі салдаты накладаюць на сябе рукі — гэта неяк аналізуецца псіхолагамі розных падраздзяленняў? Можа быць, яны абменьваюцца між сабой інфармацыяй.

— Прычыны выяўляюцца, калі суіцыд, не прывядзі божа, і не тое, што мы самі між сабой абменьваемся, гэта цэнтралізавана да кожнага даводзіцца — вынікі праверкі з высновамі, што да гэтага прывяло, хто недапрацаваў, як прадухіліць і гэтак далей.

— Ну ясна, абмен інфармацыяй адбываецца. Добра. А што з дзедаўшчынай?

— Мы сёння не кажам, што мы перамаглі дзедаўшчыну і ўсё. За той год чатыры крымінальныя справы завялі за нестатутныя адносіны. А што за справы? Напрыклад, матам абразіў падначаленага.

— Гэта перагіб. Матам у войску гавораць.

— Не гавораць!

— Гавораць-гавораць, я быў у войску. Вы пытаннямі матывацыі займаецеся?

— Матывацыі да чаго?

— Да службы. Тая ж дзедаўшчына.

— Калі салдат прыходзіць сюды, зялёным, назавём так, то ён жа зусім не разумее нічога — куды патрапіў, што тут за лад жыцця, як адаптавацца. Не толькі псіхолагі працуюць, але і камандзір роты, ідэолаг, канкрэтна каманда працуе.

— У мужчынскім калектыве заўсёды выбудоўваецца іерархія — нехта лічыць сябе дужэйшым, смялейшым. Факт нестатутных адносін можа ўзнікнуць у любы момант. Мы з гэтым змагаемся. У дзіцячым садку таксама нехта гуляецца з машынкай, а нехта складвае кубікі, бо машынку забраў і не аддае мацнейшы — спытайце ў выхавацеляў. Яны змагаюцца — мы змагаемся, толькі ў нас гэта ўжо крымінальная справа. Як і на грамадзянцы — адзін аднаму даў па твары, ну і што? Не заўсёды нават хуліганства будзе, а тут гэтага не схаваеш ужо, тут за гэта пакаранне.

Пасля мы ўсе паехалі ў сталовую. «За намі Россія, Москва і Арбат…», — роў з калонак за спінамі Растаргуеў. Гэта нарадзіла ў хлопцаў новыя пытанні да генерала.

Касінскі пагадзіўся, што такая музыка наўрад ці спрыяе патрыятычнаму выхаванню беларускіх жаўнераў.

Але разуменне галоўным ідэолагам паняцця беларускага патрыятызму з боку выглядае інерцыйным — яго галоўная думка: «Не трэба нічога навязваць».

Няўжо сапраўды ў ідэалогіі не разумеюць, што сучаснае беларускае войска ў сваёй эстэтыцы мала чым адрозніваецца ад савецкага ці расійскага?

Са сцен на салдат глядзяць суворавы, з калонак равуць растаргуевы, у назвах часцей жывуць кутузавы і леніны, татуіроўкі беларускія і расійскія салдаты набіваюць з тымі ж самымі лозунгамі, а нашы артылерысты, смех сказаць, не ведаюць хто такі Казімір Семяновіч, бо беларуская ваенная гісторыя ў прынцыпе адсутная як прадмет у сістэме ваеннай ці цывільнай адукацыі. Гаворка тут ідзе не пра навязванне, а банальную асвету.

Да беларускай мовы, як сказаў хлопцам генерал, у войску антыпатый быць не можа.

— Калі чалавек хоча гаварыць па-беларуску, хай гаворыць, тут ніхто не супраць, у Печах ёсць беларускамоўныя афіцэры. Акурат успомніў: у восеньскі прызыў нам даслаў ліст хлопец, вучыцца ў Польшчы на археолага, — па новых правілах ён ужо не мог бы выехаць, — ён таксама быў актывістам моладзевага руху БНФ. Ён лічыў, што як археолаг амаль падрыхтаваны, прынясе больш карысці ў 52-м пошукавым батальёне, прасіў узяць туды. Мы сустрэліся, пагаварылі. Цяпер ён там служыць, гаворыць з усімі па-беларуску.

— А як часта вы выступаеце па-беларуску?

— Рэдка.

— Чаму?

— Каб гаварыць пісьменна, трэба думаць на беларускай мове. Я ўсё жыццё гаварыў па-руску, хаця, па гаворцы, мяне заўсёды прызнавалі за беларуса за мяжой, а цяпер… ну неяк саромеюся, можа.

Касінскі таксама сказаў, што кожны год яны праводзяць конкурс ваеннай песні, але хітоў па-беларуску неяк не траплялася, а салдаты ўжо прыходзяць у войска з сімпатыямі да таго ж «Любэ» і просяць уключаць менавіта такую музыку. Маўляў, гэта пытанне і культурнага жыцця на грамадзянцы, а не толькі да войска. 

Пасля таго ўсе пайшлі ў медпункт. Там хлопцам паказвалі, якія ёсць лекі, у чарзе да доктара сядзелі салдаты.

Данілу Лаўрэцкага цікавіла, што робіцца для прадухілення каранавіруса ў часці. Доктар адказваў, што менавіта праз каранавірус яны не пераймаюцца, бо правілы і так строгія — пасля вяртання са звальнення салдат мусіць адразу ісці на агляд да доктара, арганізаваныя кругласутачныя дзяжурствы дактароў.

У пераездах паміж лакацыямі актывісты Моладзевага блоку дзяліліся між сабой уражаннямі.

Лаўрэцкі казаў, што цяпер разумее, як адчувае сябе Лукашэнка пры візітах у калгасы і ў гарады. Ён лічыў, што ўсё гэта зрэжысаваная пастаноўка.

«Вось калі я быў на зборах і да нас прыязджаў міністр, нас выгналі проста ў лес, гэта была 231-я артылерыйская брыгада. Нам так тлумачылі, што ён прыйдзе і пачне пытацца ТТХ і ўсё астатняе, а салдаты не вельмі валодаюць тэорыяй, таму трэба схавацца. А мы яшчэ былі ў тэхнічным адзенні, яно такое сіняе, як зэкі ў лесе сядзелі», — казаў ён.

Але ў Касінскага пра гэты выпадак чамусьці не спытаў, бо «ну а што ён скажа?».

Прывядзём яшчэ пару забаўных дыялогаў Лаўрэцкага і Таміліна з Касінскім.

— Чаму вы не даяце інфармацыю першымі пра здарэнні ў войску?

— Не стаіць так пытанне — хто хутчэй дасць. Здарэнне, а асабліва смерць, немагчыма схаваць, інфармацыя будзе, але трэба разабрацца і даць аб’ектыўную інфармацыю. Бо тут ёсць нюансы. Тэлеграм-канал Нехта даў нядаўна інфармацыю, што павесіўся салдат ва ўнутраных войсках. Вы ведаеце, якая паніка пачалася? Мамы прачыталі — салдат павесіўся! У МУС звоняць — там няма такога, яны нам — гэта ў вас? І мы кожную супакойваем. А праз дзень у тым жа канале: «Пакуль інфармацыя не пацвердзілася». І фармулёўка такая яшчэ… Што, ён чакае, пакуль павесіцца? Вось цана першасці. Бываюць таксама выпадкі, калі сваякі высоўваюць нам прэтэнзіі — а чаму гэта мы назвалі чалавека? 

— А чаму ў вас тут салдаты абслугоўваюць тэхніку?

— А хто будзе абслугоўваць тэхніку?

— Ну ладна. А вось туалеты?

— Тут 5 тысяч чалавек, хто будзе прыбіраць туалет за 5 тысячамі чалавек?

— Наёмныя работнікі. Ёсць жа і так грамадзянскі персанал тут.

— ….

— Ну ладна, нават у інтэрнатах студэнцкіх ніхто не прыбірае туалет з абслугі, але і іншае — напрыклад пабелка дрэваў, ставіць плот. Гэта не іх кампетэнцыя, бо яны не разбіраюцца ў гэтым. А гэта няпроста. Мы з дзедам ставілі плот, у мяне дзед ёсць. І было цяжка, калі б не дзед, я б памёр, не паставіў бы плот.

— …

— Чаму міністэрства прапанавала той закон аб адтэрміноўках, які і быў прыняты. Вам не здаецца, што яго можа было б дапрацаваць?

— Ідэальных варыянтаў не бывае. Была ў нас сітуацыя, калі мы маглі даваць тыя адтэрміноўкі, а цяпер дэмаграфічная яма.

— Але яна не са столі ўзялася.

— Не са столі. Мы прагназавалі, мы выступалі з такімі прапановы і раней, але не было сітуацыі для прыняцця такога рашэння, цяпер сітуацыя ўзнікла. І зноў жа: тысячы прыкладаў, калі служба не замінала навукоўцу стаць паспяховым навукоўцам. Але назавіце мне хоць аднаго выбітнага чалавека, які скончыў магістратуру і прынёс вялізную карысць дзяржаве за апошнія гады? Ну каб я ведаў. Бо ідуць, каб ісці, калі казаць папраўдзе. І калі чалавек геніяльны, у нас ёсць маса рычагоў, каб яго вызваліць ад службы.

— Але вы яму паверыце, калі ён сам скажа, што геніяльны?

— Ён не скажа, але вакол яго ёсць выкладчыкі, прафесары, яны бачаць.

— Вы лічыце, выйсце — індывідуальны падыход.

— Я лічу, што так. Калі ён геніяльны — за яго папросяць, ён не пойдзе служыць.

— Але проста бакалаўрыята недастаткова для выгадоўвання спецыяліста. Не пра генія кажу, а каб чалавек быў адукаваным, таму…

— У нас працаваць няма каму, рабяты.

— … трэба каб яны былі адукаваныя, у развітым грамадстве трэба, каб працавалі ў інтэлектуальнай сферы. А так чалавек губляе два гады жыцця.

— Як гэта губляе два гады жыцця?

— Чалавек у маі пайшоў у войска, адслужыў паўтара года. Не працягвае вучобу, выходзіць восенню і як бы служыць два вучэбныя гады. Гэта прынамсі не прадумана.

— Відаць, хто хоча, той працягвае адукацыю ці атрымлівае вышэйшую. Мы прыдумалі ільготы пры паступленні цяпер, таксама пасля службы можна хадзіць на падрыхтоўчыя курсы бясплатна перад паступленнем.

Таксама хлопцы хацелі пагаварыць з салдатамі ў нязмушанай абстаноўцы. У казарме, куды мы вярнуліся, салдат было толькі двое — астатнія на разводцы, яшчэ не вярнуліся з вучобы.

— Як ты ставішся да нарадаў?

— Нармальна.

— Бывае сумна?

— Чаму сумна? Не бывае, пагаварыць ёсць з кім.

— Размова — асноўная забава, ясна. У вас паўгадзіны-гадзіна вольнага часу на дзень?

— Мыгы (кароткае мычанне ў знак згоды)… У нас нядзеля выходны дзень. У клуб ходзім, там кіно…

— А можна не ісці? Адзін не хоча ісці, можна застацца?

— Ну мы неяк усе вырашаем… Усе ідуць — значыць усе.

— Што б памянялі ў войску?

— Не ведаю.

— Ну што заўгодна: піва піць па нядзелях, не ведаю? Бардэлі ў казармах? Пафантазіруй, няўжо ўсё-ўсё задавальняе?

— Я не ведаю, я б нічога не мяняў. Мяне ўсё задавальняе. Як кажа мой бацька, як гэта ён кажа… гэта доўг!

— А доўга служыце?

— Тры месяцы.

— Што ў нядзелю робіце?

— З 9 да 10 глядзім Арсенал. Потым культмасавая работа.

— У гэтую нядзелю што рабіў?

— Быў у звальненні.

— А ты?

— Аналагічна.

— А ў мінулую?

— Ну потым мы пераапранаемся, размінка, бегаем, турнікі.

— А ў футбол-валейбол гуляеце?

— У валейбол гуляем, у футбол пакуль не.

— Чаму?

— Зіма.

— Ды не! Хлопцам нехта сказаў, што ў войску забаронены футбол, бо ён траўматычны. Ну не забаронены ў войску футбол!

— Добра. А вушы не мерзнуць, берцы не муляюць?

— У мяне нармальна ўсё, здаецца не.

На гэтым візіт у войска скончыўся. 

Цяжка сказаць, як гэтую сустрэчу ўспрынялі ваенныя. Па іх было відаць, што некаторых пытанняў яны проста не разумеюць, дзе маглі — там разважалі, недзе кожны застаўся пры сваім. 

Якія ўражанні ў Моладзевага блоку ад паездкі? Пра гэта мы спыталіся. 

«Многае не супадае з тым, што я чуў, — сказаў Лаўрэцкі. — У мяне ёсць сябры-афіцэры. Але што я тут бачу? Зладжаны побыт, цёплая вада. Калі я быў на зборах у Лепелі — не было такога і блізка. Каб стаялі фоткі родных на шуфлядах — не бачыў. Таму я падазраю, што не паўсюль так, як нам паказалі. Але была татальная свабода ў пытаннях, якія мы маглі задаваць — я нават стрым вёў у інстаграм і ніхто не рэагаваў на гэта неяк негатыўна. На якія пытанні я не атрымаў адказу? Я чакаў больш канкрэтыкі аб службе на канікулах, яны, можа, проста не сказалі тое, што ведаюць. Незразумела таксама як будзе развівацца беларуская мова і ідэнтычнасць у войску — яны як бы і не супраць, але і не за. Як будуць паляпшаць імідж, мне не ясна. Я задаволены тым, што нас прынамсі слухаюць. Можа быць не ўспрымаюць, але вушамі слухаюць». 

А вось што кажа Валерый Тамілін.

«Пасля візіту я ў стрымана-аптымістычным настроі, бачу шчырае імкненне вайскоўцаў нешта змяніць і зрабіцца больш адкрытымі.

Нам паказалі частку, няхай і ўзорную, нам далі пабачыць палігон і частку вучэнняў, самім патрымаць зброю і апрануць бронекамізэлькі, пагутарыць, няхай і пры начальстве, з тэрміноўцамі, пабачыць танкавыя трэнажоры, паесці разам з салдатамі.

Мы маглі здымаць што заўгодна і задаваць пытанні.

Зрэшты, у мяне і не было ілюзіі, што беларускае войска — гэта «як турма» ці што там палкамі ваююць супраць танкаў.

Я ўсвядоміў, што нашы вайскоўцы знаходзяцца ў няпростых умовах. Ім кажуць, маўляў, зрабіце добрае войска, але грошай бракуе і яны выкручваюцца як могуць.

Відавочна, што бракуе кадраў — як на тэрміновую службу, гэтак і ў склад афіцэраў. І адсюль вынікае іхняя часам нізкая якасць. І яны гэта разумеюць самі, і імкнуцца нешта зрабіць, але… зноў упіраюцца ў грашовую праблему.

Там я пабачыў, што, прынамсі на словах, вайскоўцы ёсць патрыётамі, што мяне ўзрадавала. Іншая справа — ідэалагічны аспект. Фактычна, ідэалогія ў войску такая ж, як агульнадзяржаўная, а ў Беларусі гэта эклектыка — нешта з савецкай спадчыны і спадчыны Другой сусветнай, нешта беларускае нацыянальнае, нешта «агульнарускае», накшталт Суворава. Такім чынам, я ўбачыў, што войску цяпер бракуе нейкага нацыянальнага аспекту. 

Узрадавала мяне тое, што ў Міністэрства азнаёміліся з прапановамі Моладзевага блока. Там я пабачыў, што частка з іх па факце неактуальная, на частку ў Міністэрства проста няма грошай, а неабходнасць часткі яны пакуль не разумеюць, але мы працягнем іх даводзіць», — сказаў хлопец. 

Каментары28

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Пасля знікнення спікеркі Мельнікавай няма доступу да рахункаў Каардынацыйнай рады44

Пасля знікнення спікеркі Мельнікавай няма доступу да рахункаў Каардынацыйнай рады

Усе навіны →
Усе навіны

Пасля пачатку перамоў аб перамір'і расійская армія праводзіць рэкордную колькасць «мясных штурмаў»4

Дзярждэп ЗША афіцыйна паведаміў Кангрэсу пра роспуск USAID12

Анжаліка Мельнікава сама пакінула тэрыторыю Польшчы на самалёце12

Беларуска, якая расказвае пра народ нгаі таху. Хто яна — пераможца World Press Photo Таццяна Чыпсанава?3

Спікерка КР Анжаліка Мельнікава таемна вылецела ў Лондан — і прапала50

Памёр музыка Сяргей Кныш3

У Беларусі хочуць вярнуць адказнасць за нецэнзурную лаянку22

Беларусу, раней асуджанаму ў Польшчы за шпіянаж, пастрожылі пакаранне

Мінлясгас складзе дрэвамі ідэалагічны надпіс, які будзе відаць з самалётаў7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля знікнення спікеркі Мельнікавай няма доступу да рахункаў Каардынацыйнай рады44

Пасля знікнення спікеркі Мельнікавай няма доступу да рахункаў Каардынацыйнай рады

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць