Мiнскiя Чыжоўскiя могiлкi адносна маладыя. Сюды не ездзяць турысты. Але тут дастаткова розных цiкавостак, а ёсць нямала і сапраўдных загадак. Піша знавец Мінска Дзмітрый Навумаў.
Першыя чатыры сектары новых гарадскіх могiлак былi закладзеныя ў 1964 годзе, а ў наступным, 1965-м, адбылося афiцыйнае адкрыццё некропаля. Могiлкi месцiлiся ў вялiкiм полi, на паўдарогі з вёскi Чыжоўка да вёскi Новы Двор. З-за наяўнасцi старажытных навадворскiх могiлак новы некропаль атрымаў назву «Чыжоўскага». У тыя гады месца для пахавання не было прэстыжным. Першыя больш-менш вядомыя людзі тут «пасялiлiся» толькi ў першай палове 1970 года. Гэта былi лiтаратары Iван Козел i Сымон Блатун. Абодва трагiчна пайшлi з жыцця маладымі, абодва не паспелi да канца раскрыць свой талент. Але п’еса драматурга Iвана Козела «Папараць-кветка» шмат гадоў адкрывала новы тэатральны сезон мiнскага Тэатра юнага гледача. А паэтычныя прыёмы Сымона Блатуна, як, напрыклад, параўнанне вясёлкi з абручом, высока ацэньваў Рыгор Барадулiн.
Пісьменнікі
На могiлках таксама знайшлi свой спачын пісьменнікі Мiкола Лупсякоў, Мiхась Стральцоў, Макар Паслядовiч, Аляксей Зарыцкi і іншыя. Камусьцi з іх не хапiла славы для больш прэстыжнага некропаля, у кагосьцi былi перыяды жыцця, што не вiталiся савецкай уладай. Вось, напрыклад, што распавядаў Валянцiн Тарас пра пахаванага на Чыжоўскіх «бамжа-інтэлігента» Міколу Лупсякова:
«Пра Колю Лупсякова цяжка сказаць, што ён быў інтэлігент, хіба што паводле роду заняткаў. А бомж ён быў класічны. Ён начаваў на вакзалах, у кацельнях, у грамадскіх прыбіральнях, на гарышчах, у пад’ездах, хадзіў у страшэнных лахманах, непаголены, нямыты, нечасаны, смярдзючы — ад яго несла смуродам асяродку, у якім ён «обитал», застарэлым перагарам таннага віна, пахам танных цыгарэт. Рот у яго быў агідны, слюнявы, з чорнымі гнілымі зубамі. Сінія вочы, як у вар’ята, скіраваныя і на цябе, і некуды ўбок. Грошай у яго ніколі не было, і, з’явіўшыся ў Доме друку, ён абыходзіў літаральна ўсе рэдакцыі, «страляў» рублі…
…Тут трэба памятаць, што ён быў цяжка паранены на фронце ў 1943-м, асколак снараду прадзіравіў яму галаву і застраміўся глыбока ў мозгу, што з гадамі, відаць, і зрабілася прычынай псіхічнай хваробы…
…І вось гэты стукнуты бомж, брудны, нямыты і нечасаны, апрануты ў смярдзючыя лахманы бадзяга пісаў выдатныя апавяданні і нарысы! У іх не было і ценю вар’яцтва… не было неахайнасці ў мове, ніякай штучнасці: ясная, жывая, разумная проза».
Жонкі літаратараў
На Чыжоўскiх могiлках сваiх мужоў-пісьменнікаў дагэтуль чакаюць Бядулiха i Кульбачыха. Але калi вяртанне Змiтрака Бядулi на радзiму з казахстанскага Уральска, трэба спадзявацца, толькі справа часу (нядаўна па СМІ прайшла інфармацыя, што гэта, магчыма, адбудзецца нават вясной гэтага года), то Майсей Кульбак застаецца для ягонай жонкi нязбытнай марай: ён ляжыць недзе ў Курапатах. На помнiку Зэлды Кульбак можна знайсцi адзiную на ўвесь Мiнск узгадку пра гэтага рэпрэсаванага яўрэйскага лiтаратурнага класiка.
Яўрэйскія надгробкі
На чыжоўскiм некропалі можна бачыць яшчэ шмат мацэў — яўрэйскіх надмагілляў. Ёсць верагоднасць, што некаторыя надгробкі з парэшткамi людзей у свой час пераехалі са знесеных могiлак на месцы стадыёна «Дынама» на могiлкi на вулiцы Сухой. А потым знайшлi свой, будзем спадзявацца, апошнi спачын на сучасных гарадскiх некропалях. На Чыжоўскiх могiлках можна адшукаць шматлiкiя «гнёзды» мацэў.
Унікальны надгробак з лютэранскіх могілак
Ёсць на Чыжоўскiх могiлках помнiк з надпiсам на нямецкай мове: «Тут спачывае з Богам мой муж, мой дарагі бацька, наш любімы брат Якаб Мігдал. Ад вачэй далёка, да сэрца навечна блізка!». Гады жыцця: 1873—1904. На вялiкi жаль, вызначыць, хто i пры якiх абставiнах перанёс гэты помнiк на чыжоўскi некропаль, пакуль не ўдалося. Але найбольш верагоднай падаецца версiя пра «лютэранскае» паходжанне помнiка. Лютэранскія могілкі дзейнічалі ў Мінску ў раёне вулiцы Карла Лібкнехта (колішняй Нямецкай вуліцы) з ХІХ стагоддзя і да 1970-х гадоў, калі на іх месцы разбілі сквер. Частку надгробкаў выкарысталі для будаўніцтва і брукоўкі, большасць засталася ў зямлі.
Мінскія татары
У некалькiх месцах Чыжоўскiх могiлак можна знайсцi помнiкi, перанесеныя з колішняга мiнскага мiзара — татарскіх могілак. Цiкава, што верхнiя надпiсы на помнiках аднолькавыя. Жалобны тэкст па вучню восьмага класа мiнскай гiмназii Сулейману Смольскаму выкананы па-руску. Па-руску зробленыя аналагiчныя надпiсы i на iншых помнiках.
На згаданым надгробку захаваўся аўтарскi надпiс мінскага каменячоса.
Паравая фабрыка Бяркоўскага стаяла на тым самым месцы, дзе зараз знаходзіцца Гiстарычная майстэрня (Сухая, 25). Сапраўды, гэты каменячос трымаў сваю фабрыку паблiзу яўрэйскiх могiлак. Цiкава, што падобная фабрыка была ў распараджэннi Бяркоўскага i на вулiцы Кальварыйскай. На адным з помнiкаў мiнскiх Кальварыйскiх могiлак таксама захаваўся адпаведны надпiс каменячоса.
Помнікі ахвярам Курлоўскага расстрэлу
У адным са згаданых вышэй «гнёздаў мацэў» быццам раскiданыя надгробкi ахвяраў Курлоўскага расстрэлу. 31 кастрычніка 1905 года мінскія ўлады расстралялі мітынг, які сабраўся на Прывакзальнай плошчы, каб прывітаць царскі Маніфест аб дэмакратычных свабодах. Тады ад куляў загінула каля 100 чалавек.
Надгробкi былi перавезеныя на чыжоўскi некропаль са знiшчаных яўрэйскiх могiлак на вулiцы Сухой. Але, на жаль, улады не паклапацiлiся аб тым, каб пазначыць гэтае месца на Чыжоўскiх могiлках якiм-небудзь мемарыяльным знакам. Таму знайсцi гэтыя цiкавыя артэфакты мiнскай гiсторыi даволi цяжка.
На гэты час удалося расчытаць прозвiшчы пяцi забiтых манiфестантаў. Гэта Герц-Абрам Ледэр, Мордух Хрэйн, Шмуэль Лац, Iлля Файнберг, Абрам-Лейба Гурвiч. Але няма нiякiх сумненняў, што ў хуткiм часе гэты спiс будзе папаўняцца.
Шахматысты
Мiнску шчасцiла на моцных шахматыстаў. За галоўную шахматную карону свету ў вырашальным паядынку ў розныя часы змагалiся Барыс Гельфанд i Давiд Бранштэйн. На Чыжоўскiх могiлках спачывае другі з іх, «шахматны мудрэц» Давiд Бранштэйн.
У далёкiм 1951 годзе яму давялося паспрачацца за тытул чэмпiёна свету са славутым Мiхаiлам Батвiннiкам. Але хоць iх працяглы матч скончыўся нiчыёй (12:12), Батвiннiк усё ж застаўся першым нумарам сусветных шахмат. Непадалёк пахаваны цесць Бранштэйна Iсаак Баляслаўскi, некалi сусветны «нумар тры». Так здарылася, што ў 1950 годзе Баляслаўскi страцiў шанцы на шахматную карону якраз пасля сустрэчы з Давiдам Бранштэйнам. А ў 1984 годзе дачка Баляслаўскага Таццяна, вядомая ў будучыні мастацтвазнаўца, стала жонкай Бранштэйна.
На помнiку шахматыста i гiсторыка Гаўрылы Верасава запiсаны дэбют, вынаходнiкам якога быў беларускi майстар.
Спартоўцы
Легендарны футбольны капiтан Павел Мiмрык, мiнскi Марадона Леанард Адамаў, пяцiразовы чэмпiён свету шпажыст Аляксей Нiканчыкаў, першы савецкi чэмпіён Еўропы па атлетызме Мiкалай Шыла… Усе гэтыя героi свайго часу заўчасна пайшлi з жыцця. Хтосьцi ад кулi, нехта проста крочыў у паветра з вышыні, кагосьці забiла звычайная прастуда, некаму судзіў лёс учадзець.
Застаецца толькi шкадаваць, што часам абставiны смерцi спартоўцаў перашкаджалi кiраўнiцтву рэспублiкi захоўваць памяць пра iх. У Беларусi так i не з’явiўся турнiр памяцi Аляксея Нiканчыкава. На шчасце, пра гэта паклапацiлiся больш незалежныя эстонцы, дзе прыз памяцi Нiканчыкава ўручаўся на спаборнiцтвах «Талiнскi меч».
Мастакі
А вось мастакi, пахаваныя на Чыжоўскiх могiлках, пакiнулi пасля сябе найвыдатнейшую мінскую спадчыну. Мiнск на карцiнах гэтых мастакоў паўстае ў розных ракурсах, часах, стылях. Мiкалай Дучыц, Анатоль Тычына, Iбрагiм Гембiцкi, якія перажылі нямецкую акупацыю, захавалi для наступных пакаленняў горад, якi цяпер не iснуе. Як усё адно прадчувалi, што гэтыя будынкi i вулiцы будуць неўзабаве знiшчаныя.
Монас Манасзон i Iзраiль Басаў выявамi нашага горада даказвалi генiяльным родным братам-мастакам Абраму Манасзону i Беньямiну Басаву i сваю неймаверную таленавiтасць. Анатоль Волкаў цыклам «Мiнск i мiнчукі» апярэдзiў майстроў тэлебачання. Мiнск Барыса Малкiна — казка, дзе гарадскiя будынкi атрымліваюць чароўныя няісныя контрфорсы i атыкi. Класiкi беларускага жывапiсу Уладзiмiр Сухаверхаў, Мiхаiл Станюта, Аскар Марыкс таксама прысвяцiлi Мiнску свае выдатныя творы.
Музыканты
Побач з мастаком Аскарам Марыксам пахаваная яго жонка, віяланчэлiстка Ганна Бергер-Марыкс. На iншым баку могiлак знайшоў спачын выдатны пiянiст Мiхаiл Бергер, на помнiку якога можна пабачыць руку музыканта.
Часцяком выпадковыя наведвальнiкi некропаля ў першую чаргу кiруюцца ў бок помнiка на магiле Валерыя Мулявiна, малодшага брата беларускага песняра. Малады музыкант загiнуў пры загадкавых абставiнах падчас фестывалю ў Ялце ў 1973 годзе (на помнiку 1974-ы). Па адной з версiй, Валерыя крымінальнікі «прайгралi ў карты», пасля чаго ён быў забiты злачынцамi. Але афiцыйны пратакол значна больш празаічны: упаў на парапет i разбiўся. Ля помнiка Мулявiну-малодшаму заўсёды ляжаць кветкi.
А вось помнiк на магiле Адама Бяльзацкага не вытрываў часу. Былы ўдзельнiк знакамiтага аркестра Эдзi Рознера, мабыць, па-ранейшаму не забывае свае барабаны.
Вайскоўцы
На Чыжоўскiх могiлках пахавана багата вайскоўцаў. Трагiчную галерэю складаюць «воiны-iнтэрнацыяналiсты». Значную плошчу займаюць і пахаваннi герояў Другой сусветнай вайны. Асаблiвае месца сярод iх належыць магiле танкiста Зiновiя Калабанава, памяць пра якога вярнулася да нас у тым лiку дзякуючы вiртуальнаму медалю яго iмя (пра яго падрабязней чытайце ў № 9/2019 «Нашай гісторыі» ў артыкуле Віталя Чырвінскага).
Некалькi брацкiх пахаванняў вайскоўцаў з’явiлiся ў некропалi на самым пачатку яго iснавання ў 1967 годзе. Сюды пераносiлiся пахаваннi з найблiжэйшых ваколiц. Напрыклад, адно з iх, чырвонаармейца Васiля Харчанкi, было перанесена з 1-га Дзiцячага завулка. У 2010 годзе на Чыжоўскiх могiлках былi пахаваныя парэшткi вязняў Трасцянецкага лагера смерцi. Вельмi цiкава аздобленыя помнiкi лётчыкам, ахвярам вайсковых авiякатастроф. А побач з адным з такiх мемарыялаў (авiякатастрофа самалёта ТУ-22К 26 красавiка 1971 года) месцiцца жалобны помнiк альпiнiстам.
Альпінiсты
Беларуская група альпiнiстаў загiнула 25 сакавiка 1971 года пад лавiнай ля перавалу Пiхтавы (Iркуцкая вобласць Расіі). Разам з iншымi загiнуў вядомы ў той час бард Арык Круп, значнае месца ў жыццi i творчасцi якога займала Беларусь. Яго талент, на думку крытыкаў, «звонкi i цiхi, чысты i прыгожы», магутна загучаў на мiнскай зямлi. «След в снегу оставил, да не вечный, //Он до оттепели, до метели». Так спяваў Арык Круп. На Чыжоўскiх могiлках след гэты можна знайсцi.
Аўтарам мемарыяльнага комплексу была маладая архiтэктарка Ксенiя Хачатранц, у будучыні прафесар Беларускага нацыянальнага тэхнiчнага ўнiверсiтэта.
Архітэктары
Архiтэктары Яўген Цюкаў, Уладзiмiр Вараксiн, Леў Рымiнскi таксама пахаваныя на Чыжоўскiх могiлках. Гэтым творцам абавязаныя сваёй прыгажосцю многiя гарады Беларусi. Рэспублiканскi палац пiянераў i школьнiкаў па вулiцы Кiрава, будынкi ЦК КПБ па вулiцы Маркса (цяпер рэзідэнцыя прэзідэнта), Беларускага iнстытута народнай гаспадаркi па вулiцы Свярдлова, шматлiкiя жылыя дамы — вось далёка не поўны спiс толькi мiнскiх праектаў гэтых аўтараў. На жаль, рэпрэсii 1930-х гадоў закранулi апошняга са згаданых архiтэктараў.
Навукоўцы
У Чыжоўцы ляжыць волат беларускай навукі — гісторык Мiкалай Улашчык. У савецкі час ён быў галоўным спецыялістам па Вялікім Княстве Літоўскім. Пры гэтым — рэдкасць у той час — не разменьваўся на ідэалагічныя ігрышчы, а засяроджана, узважана даследаваў мінулае. Дзякуючы нястомнаму вучонаму беларусы ведаюць, напрыклад, пра Банцараўшчыну (буйное гарадзішча жалезнага веку побач са Ждановічамі) i «Хронiку Быхаўца» — летапіс даўнейшай гісторыі нашых зямель. Выдатнага навукоўца саветы чатыры разы арыштоўвалі, жыць ён быў вымушаны ў Маскве (на радзіму яго не пускалі). У Маскве ён і памёр. Мемарыяльная плiта кранае купалаўскiм выслоўем: «Мне сняцца сны аб Беларусi».
На магiле Эрнста Ляўкова, вядомага геолага, знаходзiцца валун з язычніцкімі сiмваламi. Дзякуючы намаганням у тым лiку гэтага вучонага Беларусь мае выдатны парк-музей валуноў ва Уруччы (глядзіце пра яго артыкул Юрыя Тамковіча ў № 9/2019 «Нашай гісторыі»). Ёсць там і камень з такой жа выявай лука і стрэл, прынесены ледавіком з далёкай Скандынавіі. А мiнскае капiшча дагэтуль марыць вярнуцца на карту горада…
Вылучаецца помнiк на магiле Мiкалая Ярмоленкi, заснавальнiка вялiкай хiмii на Беларусi. Гэты помнiк, як i помнiк на магiле Аскара Марыкса, выкананы скульптарам Заiрам Азгурам. Заснавальнiкi вядомай навуковай лошыцкай гаспадаркi, селекцыянеры Аляксей i Эма Сюбаравы, таксама спачываюць на Чыжоўскiх могiлках. Гэтай сямейнай пары мы павінны дзякаваць за захаванне старых і стварэнне новых сартоў яблык, напрыклад сінапу і бананавага. Шкада, але дагэтуль большасць беларусаў лiчыць, што заклаў вялiкi сад і насадзiў шматлiкiя экзатычныя раслiны ў Лошыцы вядомы расійскі навуковец Мiкалай Вавiлаў, хоць ён наведаў Лошыцу толькi аднойчы, у 1928 годзе.
Чыжоўскiя могiлкi хаваюць яшчэ і шмат загадак. Некаторыя з гiстарычных артэфактаў, што змяшчаюцца на іх, пакуль немагчыма звязаць з нейкiм са знiшчаных мiнскiх некропаляў. Але з загадкамі могілкі і цікавейшыя.
-
З'явіўся партал па гісторыі Беларусі з AI-асістэнтам і 3D-мадэлямі
-
«Найбольш адчувальныя змены — у прэзентацыі паўстання Каліноўскага». Як змяніліся беларускія падручнікі па гісторыі
-
90 гадоў з дня нараджэння Станіслава Шушкевіча — архіўны фільм «Нашай Нівы» пра першага кіраўніка незалежнай Беларусі
Каментары