«Як бацька, я разумею за што»: Карпенка пракаментаваў звальненне Ганны Севярынец
Стала вядома, што дырэктар Смалявіцкай гімназіі, дзе працавала публічная настаўніца Ганна Севярынец, прыняў рашэнне не працягваць з ёй кантракт па палітычных матывах — за верш пра Колю.
Чытайце: Ганне Севярынец не працягнулі кантракт у гімназіі. Праз верш пра Колю
«[Дырэктар] сказаў, што як настаўнік я маю права на думкі наконт сістэмы адукацыі, але я не маю права як настаўнік крытыкаваць уладу, што наша задача — абслугоўваць ідэалогію, якая ёсць. І пакуль я не выказвалася на адрас першай асобы, то гэта разумелі, а цяпер не разумеюць», — сказала Севярынец.
Але не так даўно Міністэрства адукацыі падкрэслівала сваю гуманнасць: «У нашай краіне нікога не пазбаўляюць права на прафесію, не звальняюць з працы, даюць свабодна выказвацца, крытыкаваць уладу, паведамляць сваё вельмі каштоўнае меркаванне і пісаць адкрытыя лісты», — выступала ведамства.
Што змянілася? «Наша Ніва» спытала пра гэта ў Ігара Карпенкі.
«Працягненне ці непрацягненне кантракта з работнікам установы адукацыі адносіцца непасрэдна да кампетэнцыі наймальніка. Але, як чалавек, педагог і бацька, я разумею, чаму дырэктар прыняў такое рашэнне. Педагог не ў праве маніпуляваць дзецьмі, каб дагадзіць сваім палітычным поглядам: «Не чапайце дзяцей, кім бы ні былі іх бацькі і як бы вы да іх не ставіліся»», — адказаў міністр.
Каментары