У Маскве раскрытыкавалі намер Еўрасаюза запрасіць у Брусель на пасяджэнне кіраўнікоў МЗС краін Еўраcаюза 21 верасня «для зносін» экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святлану Ціханоўскую. На гэтым пасяджэнні таксама можа вырашыцца пытанне з нагоды санкцый у дачыненні да беларускіх уладаў. Пра гэта заявіла афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава.

— Наша пазіцыя ў дачыненні да ўжыванага Еўрасаюзам санкцыйнага інструментарыя добра вядомая. Ён нелегітымны з пункту гледжання міжнароднага права, уяўляе сабой недапушчальнае ўмяшанне ва ўнутраныя справы. А ў кантэксце сітуацыі ў Беларусі супярэчыць мэце аднаўлення стабільнасці, наладжванню дыялогу, запуску канстытуцыйнага працэсу, паслабленню напружанасці, пра што так шмат казалі прадстаўнікі ЕС. Відавочныя спробы «разгойдваць лодку», і ў Брусэлі не павінны дзівіцца таму, што меры ў адказ будуць зробленыя, — заявіла Марыя Захарава.

Яна лічыць, што ўдзел Святланы Ціханоўскай у пасяджэнні — «яшчэ адно сведчанне адыходу Еўрасаюза ад раней зробленых заяў аб адсутнасці геапалітыкі ў сітуацыі з Беларуссю». На яе думку, гэта пацвярджае і заява Высокага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жозэпа Барэля аб непрызнанні Аляксандра Лукашэнкі ў якасці абранага прэзідэнта Беларусі.

— Заляцанні есаўскіх мінзамспраў з самапрызначаным прадстаўніком беларускай апазіцыі і запрашэнне яе ў Брусэль «для зносін» — складовая частка сцэнара ўмяшання ва ўнутраныя справы Беларусі. Гэта прамое парушэнне асноватворных нормаў Статута ААН і прынцыпаў хельсінкскага Заключнага акта АБСЕ, юбілеі якіх міжнародная супольнасць адзначае ў гэтым годзе. Прыкрываючыся ўяўным клопатам пра грамадзянаў Беларусі, Еўрасаюз, па сутнасці, сам спрабуе вырашаць за іх, як ім жыць. Яшчэ раз адзначым, што пра канстытуцыйную рэформу, якая закліканая спрыяць наладжванню ў гэтай краіне агульнанацыянальнага дыялогу, у ЕС лічаць за лепшае не гаварыць, — заявіла афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі.

Захарава заклікала Еўрасаюз перагледзець дадзены курс, які вядзе да эрозіі міжнародна-прававога падмурка светапарадку, а ў выпадку з Беларуссю — перашкаджае нармалізацыі ў краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0