Скончыў жыццё самагубствам 18-гадовы сірата, фігурант справы аб масавых беспарадках
«Калі б на мяне не працягвалі маральна ціснуць, думаю, я б не вырашыўся на такі жудасны ўчынак, як суіцыд. Але мае сілы былі на зыходзе».
Вечарам 25 мая ў Мінску скончыў жыццё самагубствам Дзмітрый Стахоўскі, фігурант крымінальнай справы за ўдзел у «масавых беспарадках».
Хлопец пакінуў «УКантакце» допіс, які быў апублікаваны на наступны дзень. Дзмітрый вінаваціць у сваёй смерці Следчы камітэт.
Сябар хлопца распавёў пра яго:
«Дзіма не вельмі любіў расказваць пра сваё жыццё. Але вядома, што ён ці то нарадзіўся ў Італіі, ці то жыў там нейкі час з бацькамі.
Пасля апынуўся тут. Што здарылася з бацькамі — не ведаю. Ведаю толькі, што ў яго ёсць цётка, на якой было апякунства, але больш няма падрабязнасцяў.
Дзіма меў дачыненне да гульні «Клэш оф кланс», быў там адміністратарам, здаецца, нават меў нейкае дачыненне да стварэння гульні. Грошы меў, заўсёды дапамагаў, калі каму-небудзь трэба было дапамагчы грашыма.
Але апошнім часам ён перастаў займацца адміністраваннем гульні. Зарабляў чымсьці ў інтэрнэце. Сталай працы, кшталту офіснай, ён не меў.
Ён быў кампанейскі хлопец, але дзяўчыны ў яго не было.
Раней Дзіма здымаў кватэру. Але недзе ў разгар пратэстаў на яго завялі тую справу. Суткі пратрымалі ў міліцыі, пасля адпусцілі. Гэта было, здаецца, у лістападзе. Пасля, па словах Дзімы, яму выдзелілі інтэрнат. Ён жыў там. Казаў, будзе там, пакуль не закрыюць справу.
Дзіма быў пад падпіскай аб нявыездзе, часам яго выклікалі на допыты.
Як ён казаў, суіцыд — выхад з усіх праблем. Казаў, што не хоча за краты і здзейсніць суіцыд. Спачатку мы ставіліся да гэтага з усмешкай, але пасля зразумелі, што смешнага мала.
Мы падтрымлівалі яго як маглі.
Учора пасля допыту ён паехаў у раён Усход, на 16-павярховік. Адтуль пісаў сябрам, пісаў, што не зможа так жыць, прасіў у іх прабачэння. Казаў, што хоча напіцца, бо яму страшна і не хочацца рабіць такі ўчынак, але ў турме ён сядзець не будзе.
Скідваў нават фота з даху.
Адзін з сяброў прасіў яго: не рабі гэтага, дзеля мяне! Дзіма адказаў, што не зробіць.
Але, вынікае, што ўсё роўна зрабіў.
Пасля ўначы ў яго быў выключаны тэлефон. Цяпер ён уключаны, гудкі ідуць, але ніхто не здымае».
Сяброўка Дзмітрыя напісала, што раніцай знаёмым хлопца званілі з міліцыі, пыталіся пра трагедыю.
«Калі вы гэта чытаеце, значыць мяне няма ў жывых.
Вінаваты ў гэтым Следчы камітэт. Ужо не сакрэт, што ў мяне быў крымінальны артыкул 293 ч. 2. Калі коратка, за мітынгі. Калі б на мяне не працягвалі маральна ціснуць, думаю, я б не вырашыўся на такі жудасны ўчынак, як суіцыд. Але мае сілы скончваліся. І, як вы можаце бачыць, я не даў рады. Так, мне шмат хто казаў: «Не перажывай, усё будзе добра. Не думай пра кепскае. Дрэнныя думкі прэч». Аднак лёгка казаць, пакуль сам не апынешся ў такім становішчы.
Вельмі моцна шкадую пра тое, што пражыў так мала. А яшчэ некалькі гадоў таму выношваў планы на будучыню, што паеду зноў за мяжу, буду там жыць і працаваць. Але жыццё такое непрадказальнае. Ці думаеце, я мог некалі падумаць, што буду стаяць перад такім выбарам? Цяжкім выбарам. Таму сказаць, што суіцыд — гэта рашэнне ўсіх праблем, не магу. Не, сябры. Гэта не слушны выбар. Гэта сапраўды жудасны выбар. Жывіце. Жыццё трэба шанаваць. Яно ў вас адно і іншага ў вас ужо дакладна не будзе.
У завяршэнні маёй перадсмяротнай запіскі хачу выказаць велізарную падзяку маім сябрам, знаёмым і проста тым людзям, якія мне сустракаліся ў маім кароткім жыцці. А таксама дзякуй тым людзям, якія мне на працягу многіх гадоў дапамагалі. Усе вы неверагодныя, і я заўсёды ўсіх любіў. Любіў дапамагаць і рабіць дабро, каб, ідучы на той свет, пакінуць хоць што-небудзь пасля сябе. Хаця б кавалачак дабрыні.
Будзьце трошкі дабрэйшыя і наогул. Жывіце на пазітыве», — напісаў на развітанне Дзмітрый Стахоўскі.
Калі вы пачуваецеся дрэнна, у вас ці ў вашых сваякоў з'яўляюцца думкі аб суіцыдзе, калі ласка, звярніцеся па дапамогу ці раскажыце пра гэта блізкаму чалавеку. Вы не адны, ваша жыццё важнае. Тэлефон службы экстраннай псіхалагічнай дапамогі для дарослых — (8 017) 352-44-44, для дзяцей і падлеткаў — (8 017) 263-03-03.
Каментары