Грамадства22

Улады абвясцілі вайну чэргам на замену суставаў, але, падобна, пакуль прайграюць

Намеснік міністра аховы здароўя Аляксандр Старавойтаў у каментары СТБ заявіў, што за 11 месяцаў гэтага года лекары замянілі пацыентам, якія маюць у гэтым патрэбу, 11,6 тысячы тазасцегнавых суставаў і 5,5 тысячы каленных. Пры гэтым чыноўнік змаўчаў пра тое, колькі людзей цяпер у чэргах і колькі з іх чакаюць аперацыю яшчэ з 2018 года. Дзякуючы дапамозе Belpol выданне «Люстэрка» атрымала ў распараджэнне аналітычную даведку ад РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, якую 23 кастрычніка ведамства накіравала ў Міністэрства аховы здароўя.

Фота ілюстрацыйнае

Чэргі цягнуцца з 2018 года, а тых, хто мае патрэбу ў замене суставаў, усё больш

Дырэктар РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Міхаіл Герасіменка на сямі аркушах распісаў сітуацыю з заменай буйных суставаў у краіне. Адрасат ліста — першы намеснік міністра аховы здароўя Юрый Горбіч.

«У апошнія тры гады павялічылася патрэба ў эндапратэзаванні буйных суставаў (ЭКС) з прычыны старэння насельніцтва, негатыўных фактараў у дачыненні да міжнародных лагістычных ланцужкоў, адтэрмінаванага попыту на эндапратэзаванне з прычыны пандэміі, а таксама прамога ўздзеяння каранавіруснай інфекцыі на апорна-рухальную сістэму», — піша Герасіменка.

Ён адзначае, што з чэрвеня 2023 года «праводзіцца сістэмная праца па нарошчванні тэмпаў эндапратэзавання». Усё гэта — каб ліквідаваць чэргі, якія фармаваліся яшчэ з 2018 года.

Паводле статыстыкі, якую прыводзіць у аналітычнай даведцы Герасіменка, з 2018 года і раней чакаюць аперацыю па замене тазасцегнавога сустава дзевяць чалавек. Прычым усе яны з Мінскай вобласці.

Эндапратэзавання каленнага сустава больш за шэсць гадоў чакае 71 чалавек па ўсёй краіне (больш за палову з іх жывуць у Гомельскай вобласці).

З 2019 па 2021 год у чаргу на замену тазасцегнавога сустава стаў і да гэтага часу чакае аперацыі 51 чалавек. З каленямі сітуацыя горшая: тут чакаюць у тры разы больш — 160 чалавек па ўсёй краіне.

Апошнія два гады сітуацыя змянялася толькі ў горшы бок. Калі з 2022-га ў чарзе па замене тазасцегнавога сустава было 220 чалавек, то з 2023 года чакаюць ужо 1743 па ўсёй краіне. Сёлета запісаліся ў чаргу 9492 чалавекі.

Такая ж карціна па чэргах і на пратэзаванне каленнага сустава. У 2022-м сталі ў чаргу і да гэтага часу не праапераваныя 192 чалавекі, у 2023-м — 2851. Сёлета спіс папоўнілі 13 662 чалавекі.

Выходзіць, усяго ў Беларусі па стане на 23 кастрычніка «новы» тазабедраны сустаў чакалі 11 515 чалавек, а каленны — 16 938.

Пры гэтым па планах Міністэрства аховы здароўя ў гэтым годзе правесці аперацыі па замене тазасцегнавога сустава павінны былі 10 740 пацыентам (гэта значыць, мінімум 775 чалавек сваёй чаргі не дачакаюцца). З каленнымі сітуацыя ў разы горш: у плане на год усяго 6600 аперацый. Гэта на 10 тысяч менш, чым тых, хто мае патрэбу.

Больш за ўсё прозвішчаў у лісце чакання традыцыйна ў Мінску (прыкладна траціна ад усіх, хто стаіць у чарзе), а таксама ў Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абласцях.

Недахоп спецыялістаў, пытанні па абсталяванні

Сістэмная праца «па нарошчванні тэмпаў» правядзення аперацый, па словах кіраўніка РНПЦ Герасіменка, уключае ў сябе некалькі пунктаў.

Першым ён называе падрыхтоўку новых кадраў. І прыводзіць прыклад: з чэрвеня 2022 года па кастрычнік 2024-га на базе РНПЦ траўматалогіі і артапедыі навучылі 225 траўматолагаў-артапедаў.

Праўда, не ўсе яны могуць рабіць аперацыі па эндапратэзаванні. Хоць з 2021 года колькасць спецыялістаў, якія валодаюць тэхнікай пратэзавання, вырасла на 27%, іх па-ранейшаму не так шмат — 253 па даных на 2024 год. У Мінску такіх спецыялістаў 33 (не лічачы РНПЦ траўматалогіі і артапедыі), а на ўсю Віцебскую вобласць — 23 чалавекі.

Яшчэ адзін праблемны момант — абсталяванне бальніц.

«Матэрыяльна-тэхнічнае абсталяванне ўстаноў аховы здароўя горада Мінска ацэньваецца як такое, што патрабуе даўкамплектавання і абнаўлення», — адзначае кіраўнік РНПЦ.

Што менавіта неабходна абнавіць і даўкамплектаваць, у дакуменце спецыяліст не ўдакладняе. Затое расказвае, які ўстановачны інструментарый выкарыстоўваюць для эндапратэзавання.

У лідарах — прадукцыя беларускай кампаніі «Алтымед» і індыйскай Meril. Згадваецца і шведская кампанія Medacta. Усё астатняе, мяркуючы па колькасці, засталося з «дасанкцыйных» часоў. Напрыклад, прадукцыя нямецкіх кампаній Johnson & Johnson і Waldemar Link і Aesculap (гаворка пра матэрыялы ад DePuy, падраздзялення Johnson & Johnson). Якія менавіта пратэзы плануюць закупляць далей, у дакуменце не ўдакладняецца.

Вырашаць праблему з чэргамі Герасіменка таксама прапануе за кошт павелічэння колькасці аперацый у дзень. Напрыклад, 6-й мінскай бальніцы прапануюць праводзіць мінімум дзевяць аперацый у дзень, а 11-й — мінімум шэсць. Як разлічвае Герасіменка, такі тэмп дазволіць калі не вырашыць цалкам праблемы з чэргамі, то як мінімум выканаць у сталіцы зададзены Міністэрствам аховы здароўя план на 2024 год.

Яшчэ адна мера — перанакіроўваць частку пацыентаў, якія стаяць у чарзе ў Мінску, на аперацыю ў РНПЦ. У пытанні эндапратэзавання навуковы цэнтр лічыцца асобнай адзінкай нароўні з рэгіёнамі.

«Справа артапедаў» і санкцыі

Праблема выйшла наяў пасля таго, як у канцы сакавіка 2022 года на ўсю Беларусь прагрымела «справа артапедаў». Тады па ўсёй краіне затрымалі дзясяткі медыкаў. Сярод іх былі загадчык аддзялення і нават галоўны ўрач. Усіх абвінавацілі ў атрыманні хабараў за лабіраванне эндапратэзаў пэўных вытворцаў.

Пасля гэтага прыватным клінікам (за выключэннем «Мерсі», звязанай з сям'ёй Аляксандра Лукашэнкі) забаранілі ставіць імпартныя пратэзы. У верасні 2022-га з'явіўся загад Міністэрства аховы здароўя, паводле якога ўсе імпартныя пратэзы павінны былі набывацца толькі праз дзяржаўнае прадпрыемства «Белмедтэхніка». Да таго ж па пастаўку пратэзаў паўплывалі ўведзеныя краінамі Захаду санкцыі.

Відавочна, што ўсё гэта не магло не паўплываць на сітуацыю з пратэзаваннем — чэргі маючых патрэбу сталі нашмат большымі і, як паказвае аналітычная запіска, працягваюць расці. 

Каментары2

  • Ната
    04.12.2024
    Настачщая трагедия с медыцынай у Польшчы.
  • Ната
    04.12.2024
    Таго, хто са мной не згаджаецца, прашу написать , скольки часу трэба чакаць да кардыелана чы гастролага. Падповем - ад года да 2 гадоу.

Зяленскі: Лукашэнка прапаноўваў мне стукнуць па НПЗ, я яму кажу: «Што ты гаворыш?»28

Зяленскі: Лукашэнка прапаноўваў мне стукнуць па НПЗ, я яму кажу: «Што ты гаворыш?»

Усе навіны →
Усе навіны

У Магілёве адкрылі падземны пераход, які больш нагадвае міні-музей Пушкіна11

У Гомелі аўтамабіль пратараніў будынак

У твітары абмяркоўваюць, як саскуфіўся Коля Лукашэнка41

Як пасля канца свету. Аграсядзібу ў Салігорскім раёне занесла зямлёй5

«Алкаголь будуць піць нешматлікія дэгенераты, дый тое ўпотай». Што пісалі пра 2025 год сто гадоў таму?7

У Рэчыцкім філіяле «Беларуснафты» новая хваля рэпрэсій2

Памерла самая пажылая жыхарка Зямлі — 116-гадовая японка Таміка Ітаока

«Трэба нешта мяняць. Гэта ўжо наспела». Бацька Канапацкай падзяліўся думкамі пра выбары і ўдзел дачкі ў іх32

Навукоўцы зразумелі прычыну ўсплёску анкалогіі ў маладых 14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі: Лукашэнка прапаноўваў мне стукнуць па НПЗ, я яму кажу: «Што ты гаворыш?»28

Зяленскі: Лукашэнка прапаноўваў мне стукнуць па НПЗ, я яму кажу: «Што ты гаворыш?»

Галоўнае
Усе навіны →