Легендарны «Начны дазор» зноў можна пабачыць у музеі — цяпер такім, як яго задумаў мастак.
Упершыню за больш чым 300 гадоў у Нідэрландах зноў можна бачыць у цэласнасці шэдэўр Рэмбранта «Начны дазор». Карціну, створаную ў 1642 годзе, у 1715 годзе абрэзалі з чатырох бакоў, каб твор змясціўся ў дзвярны праём у будынку амстэрдамскага муніцыпалітэта.
Цяпер Рэйксмузеўм, які таксама месціцца ў Амстэрдаме, дадаў на карціну выдаленыя элементы з маленькай і больш ранняй копіі арыгінала. Каб імітаваць стыль мастака, навукоўцы выкарыстоўвалі штучны інтэлект, піша ВВС.
Кіраўнік музея Така Дыбітс звяртае ўвагу на тое, што, дзякуючы рэстаўрацыі, цяпер можна бачыць — на карціне, як яе задумаў Рэмбрант, было нават больш дынамікі, чым усе прывыклі лічыць. Цяпер можна на свае вочы пабачыць «Начны дазор» такім, якім яго стварыў геній.
Гэтую карціну лічаць самым складаным творам у кар’еры Рэмбранта. «Начны дазор» у мастака заказаў кіраўнік грамадзянскага апалчэння Амстэрдама Франс Банінг Кок, якому быў патрэбны групавы партрэт сваёй роты.
Да рэстаўрацыі памер карціны складаў каля чатырох метраў у вышыню і 4,5 метраў ушырыню, твор важыў 337 кілаграмаў. Палатно вядомае праз свой памер, а таксама праз умелае выкарыстанне мастаком на ім святла і рухаў, што яшчэ больш прыцягвае ўвагу да падзей на карціне.
Каментары