19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет Беларусі надаў Бел-Чырвона-Беламу Сцягу і гербу «Пагоня» статус дзяржаўных сімвалаў. Але перш чым прыгадаць падрабязнасці таго паседжання — колькі слоў пра даволі распаўсюджаны міф, звязаны з цяперашнім кіраўніком дзяржавы. Піша Сяргей Навумчык.

Пад бел-чырвона-белым сцягам.

24 жніўня 1991 г. Галіна Сямдзянава.

Першая паштовая марка Рэспублікі Беларусь.

Сьцяг у Авальнай залі

24 жніўня 1991 году, перад пачаткам скліканай на патрабаваньне Апазыцыі БНФ надзвычайнай сэсіі, мы сабраліся ў пакоі апазыцыі на трэцім паверсе Дома ўраду. Цікава, што мае калегі, дэпутаты-фронтаўцы, зь цяжкасьцю ўзгадваюць дэталі двух папярэдніх дзён — 22-га і 23-га жніўня, пасьля правалу ГКЧП і перад сэсіяй. У маёй памяці таксама гэтыя два дні (і ноч) зьліліся ў адно — мы правялі іх у пакоі апазыцыі. Рыхтавалі праекты дакумэнтаў, датычныя наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы, стварэньня інстытуцыяў незалежнай дзяржавы, забароны КПБ-КПСС.

Калі надышоў час ісьці на сэсію, Галіна Сямдзянава ўзяла Бел-Чырвона-Белы Сцьяг. Яна пранесла яго праз калідор трэцяга паверха, потым па калідоры другога паверха каля кабінэту старшыні ВС Дземянцея — да фае перад Авальнай заляй. Пазьняк папрасіў перадаць сьцяг Валянціну Голубеву, і Валянцін унёс яго за крэслы прэзыдыюму, паставіўшы побач са сьцягам БССР.

Пазьняк падышоў да мікрафону: «Паважаны Прэзыдыюм, просьба ад дэпутатаў Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту прымацаваць побач зь дзяржаўным сьцягам Беларускай ССР нацыянальны сьцяг Беларусі. Права на гэта нам дае наша гісторыя і Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі».

Варта сказаць, што камуністычная большасьць прыехала на сэсію перапалоханая — яшчэ некалькі дзён таму іхні штаб, ЦК КПБ, падтрымаў антыканстытуцыйны ГКЧП, на сходах адкрыта патрабавалі выгнаць парткамы з прадпрыемстваў, забараніць кампартыю. Але тут некаторыя імгненна паўскоквалі зь месцаў — «Непорядок! Зачем этот флаг?». Дземянцей паставіў пытаньне на галасаваньне — толькі 107 дэпутатаў прагаласавалі «за» (патрэбна было 173).

Узьнікала небясьпека псыхалягічнай перамогі камуністаў, што магло фатальна адбіцца і на пытаньнях аб Незалежнасьці; Голубеў вынес сьцяг са сцэны і паставіў яго ў «менскім» сэктары. Пазьняк адразу запатрабаваў, каб Дземянцей, які «падтрымаў хунту», ня вёў сэсію, а перадаў гэтае права свайму першаму намесьніку Шушкевічу. Сэсія пайшла па нашым сцэнары. Потым бел-чырвона-белы сьцяг быў вернуты на сцэну, а назаўтра Беларусі была вернутая Незалежнасьць.

Вытокі аднаго міта

У другі дзень сэсіі здарыўся эпізод, які, відаць, і стаў нагодай міту, што нібыта Лукашэнка ўнёс у Авальную залю ВС Бел-Чырвона-Белы Сьцяг (а некаторыя журналісты яшчэ пішуць — «першым унёс»). Яшчэ перад сэсіяй БНФ заклікаў людзей прыйсьці на плошчу перад Домам ураду, каб падтрымаць дэпутацкую апазыцыю. Сабралася некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, над якімі луналі сотні Бел-Чырвона-Белых Сьцягоў. У перапынку паседжаньня, вяртаючыся з гатэлю «Менск», касманаўт Уладзімер Кавалёнак ўзяў у некага на плошчы нацыянальны сьцяг і прынёс яго у Авальную залю. Разам з Кавалёнкам ішлі Інэса Драбышэўская (пазьней — міністар аховы здароўя ў першым лукашэнкаўскім урадзе, яшчэ пазьней — «сэнатар») і Аляксандар Лукашэнка.

У гады дэпутацтва Лукашэнка ня тое што не выказваў сымпатыяў да нацыянальных сымбаляў — ён імі адкрыта, падкрэсьлена пагарджаў. Ня памятаю, каб ён насіў дэпутацкі бел-чырвона-белы значок, які выдалі кожнаму дэпутату ў пачатку 1992 году. Затое дакладна з 1993 года на ягоным пінжаку быў стары значок з «бэсэсэраўскім» зялёна-чырвоным сьцягам — гэта добра бачна і на фотаздымках пэрыяду прэзыдэнцкай кампаніі 1994 г. Так што калі некаторыя былыя паплечнікі Лукашэнкі кажуць, што зьмена сымболікі ў 1995 годзе для іх была нечаканасьцю, яны хітруюць.

Кожны голас быў вызначальным

У верасьні 91-ага адкрылася наступная сэсія, і Апазыцыя БНФ ўнесла ў парадак дня пытаньне аб наданьні «Пагоні» і Бел-Чырвона-Беламу Сьцягу статусу дзяржаўных сымбаляў.

Эталён Сьцягу і Гербу на просьбу Пазьняка распрацаваў мастак Яўген Кулік, яму дапамагалі Уладзімер Крукоўскі, Лявон Бартлаў і Мікола Купава.

У фае перад Авальнай заляй мы разьмясьцілі стэнды пра гісторыю нацыянальных сымбаляў — для большасьці дэпутатаў гэтая інфармацыя была адкрыцьцём.

Якраз 19 верасьня на запросіны ВС Малдовы мы з дэпутатам Міхаілам Сьлямнёвым павінны былі ляцець у Кішынёў на выбары ў якасьці назіральнікаў. Але раніцай я ня стаў складваць валіску і сказаў жонцы, што нікуды, хутчэй за ўсё, не палячу — бо наўрад ці пасьпеем прагаласаваць да вылету. Перад паседжаньнем пайшоў да Шушкевіча — і ў ягонай прыёмнай сустрэў Сьлямнёва. Ён таксама вырашыў адмовіцца ад паездкі. Аргумэнт быў адзін — мы не даруем сябе, калі нашых галасоў ня хопіць. Шушкевіч пагадзіўся.

Па праўдзе, мне падавалася, што галасоў павінна хапіць — проста не хацелася прапусьціць такое гістарычнае паседжаньне. Але сытуацыя аказалася больш драматычнай, чым ўяўлялася спачатку.

За тры тыдні, якія прайшлі ад папярэдняй сэсіі, дэпутаты камуністычных перакананьняў адышлі ад пасьляпутчаўскага шоку і пачалі рыхтавацца да рэваншу. Цэнтрам палітычнай сілы намэнклятуры пасьля ліквідацыі ЦК КПБ рабіўся Саўмін (нагадаю, што ў тыя дні Кебіч канкураваў з Шушкевічам за пасаду старшыні ВС). Кебіч тады не выступаў супраць нацыянальных сымбаляў, але і не падтрымліваў іх (зусім магчыма, што ён хацеў уцягнуць нас у гандаль: ён падтрымоўвае Сьцяг і «Пагоню», а мы — яго).

Шмат якія дэпутаты вагаліся. Вельмі станоўча паўплывалі на настроі залі выступы прэзыдэнта Акадэміі Навук Уладзімера Платонава і асабліва — Георгія Таразевіча (у той момант ён быў членам Прэзыдыюму ВС СССР, яшчэ за паўтары гады перад гэтым — старшынём Прэзыдыюму ВС БССР, а да гэтага мэрам Менску. Намэнклятура ўспрымала яго як «свайго» і верыла яму).

Сапраўды, Сьцяг і Герб былі прынятыя «голас у голас» — калі хаця б аднаго не хапіла, пытаньне давялося б адкласьці, магчыма, да наступнай сэсіі (праз некалькі месяцаў сытуацыя для станоўчага рашэньня была ўжо неспрыяльная; ды што месяцы, ўжо на наступны дзень некаторыя дэпутаты камуністычных перакананьняў паспрабавалі аспрэчыць рашэньне). Канешне, кожны з дэпутатаў, якія галасавалі «за», можа абсалютна справядліва лічыць менавіта свой голас «вызначальным».

І ўсё ж, быў адзін голас, які сапраўды вызначыў вынікі галасаваньня.

Вось як пра гэта прыгадвае Зянон Пазьняк: «Перад галасаваньнем я падышоў да аднаго дэпутата-вэтэрана з Менску, узяў яго за руку і сказаў: «Мы з Вамі розных палітычных поглядаў, але і Вы, і я — беларус. Мы павінны працаваць дзеля Беларусі. Калі ласка, прагаласуйце за Герб і Сьцяг. Я Вас вельмі прашу». Ён памаўчаў, а потым адказаў — «Добра. Я Вам абяцаю, што прагаласую». І сапраўды, прагаласаваў».

Тым дэпутатам быў Міхаіл Жукоўскі — былы намесьнік старшыні менскага гарвыканкаму, у той момант — старшыня Камісіі па справах вэтэранаў і член Прэзыдыюму ВС. І да гэтага, і пасьля гэта, і як «просты» дэпутат, і як член Прэзыдыюму Жукоўскі галасаваў зусім ня так, як галасавалі дэмакратычныя дэпутаты. Але ў той гістарычны дзень ён сапраўды падтрымаў Беларусь.

За больш як дваццаць гадоў знаёмства з Пазьняком я толькі аднойчы бачыў на ягоных вачах сьлёзы — увечары 19 верасьня 1991 году, калі на таблё высьвецілася лічба станоўчага рашэньня, і нацыянальныя сымбалі набылі статус дзяржаўных.

…Калі-небудзь мы даведаемся імя дэпутата, які ўнясе Бел-Чырвона-Белы Сьцяг у парлямэнт вызваленай ад дыктатуры Беларусі. Магчыма, гэта будзе нехта з тых сёньняшніх маладых, якіх зьбіваюць, арыштоўваюць і штрафуюць за вывешваньне нацыянальнага сымбалю на вуліцах нашых гарадоў.

Сяргей Навумчык, Радыё «Свабода»

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру