Уладальнік «Пальмавай галіны», «Оскара» і «Залатога льва» перажыў гета, смерць маці ў канцлагеры Асвенцім, крывавае забойства жонкі рэлігійным маньякам, а таксама спрэчнае абвінавачванне ў згвалтаванні.
«Кіно павінна прымусіць вас забыць, што вы сядзіце ў кінатэатры», — сказаў колісь Раман Паланскі. І праўда: яго стужкі драматычныя, поўныя нечаканых вынаходак, якія зачароўваюць. Аднак жыццё рэжысёра выяўляецца яшчэ драматычнейшым за ўсе ўзвівы кінематаграфічных сюжэтаў. Уладальнік «Пальмавай галіны», «Оскара» і «Залатога льва» перажыў гета, смерць маці ў канцлагеры Асвенцім, крывавае забойства жонкі рэлігійным маньякам, а таксама спрэчнае абвінавачванне ў згвалтаванні.
Раман Паланскі пачынаў як актор: першы фільм у аўтара «Пана Тадэвуша» Анджэя Вайды, фільм «Пакаленне» (1955). Потым рэжысёрскія курсы ў Гданьску. У 1962 годзе на Радзіме ў Польшчы здымае свой першы поўнаметражны фільм, трымценнік «Нож у вадзе», які атрымаў «Оскара» як найлепшая замежная стужка.
У 1968 г. Паланскі здымае жахалку пра ахвяраў сатанінскага культу «Дзіця Размары». Не паспеўшы спажыць першую славу ў Галівудзе, у 1969 годзе Паланскі даведваецца, што яго жонку і трох сяброў забілі члены рэлігійнай секты, якой верхаводзіў Чарльз Мэнсан.Пасля смерці жонкі Паланскі з’язджае ў Еўропу. Трагедыя моцна паўплывала на далейшую творчасць рэжысёра, што ўвасобілася ў такіх стужках, як «Макбет» (1971), працяг «Дзіця Размары» «Жыхар» (1976), а таксама ў драме пра садамазахісцкія адносіны «Горкая поўня» (1992).
На гэтым злыбеды рэжысёра не скончыліся.
У 1977 годзе яго асудзілі за згвалтаванне 13‑гадовай дзяўчыны ў доме, які належаў Джэку Нікалсану. Паланскі часткова прызнаў віну, але неўзабаве ўцёк з ЗША ў Брытанію, а потым, каб пазбегнуць высылкі, у Францыю.Адбываецца доўгі перапынак у кар’еры. У 1999 годзе Раман Паланскі здымае містычны трылер «Дзявятая брама», у якой галоўную ролю грае Джоні Дэп.
Пры канцы 90‑х Паланскі звяртаецца да блізкай яму тэмы Галакосту. У выніку ён выкарыстаў у якасці літаратурнай асновы не ўласныя ўспаміны, а аповед Уладыслава Шпільмана, таленавітага польскага піяніста, што перажыў жахі Варшаўскага гета, і якога выратаваў нямецкі афіцэр. «Піяніст» здабыў «Залатую пальмавую галіну» Канскага кінафэсту, а актор, які граў галоўную ролю, Эдрыен Броўдзі, зрабіўся самым маладым уладальнікам «Оскара» за найлепшую мужчынскую ролю.
У верасні 2009 года Паланскі прыбыў у Швейцарыю, каб атрымаць рэжысёрскую ўзнагароду. 26 верасня арганізатары кінафэста ў Цюрыху паведамілі прэсе, што рэжысёр быў арыштаваны па ордэры, датаваным 1978 годам.
Каментары