У сайце youtube.com з’явіўся ролік, дзе «былы супрацоўнік адной са спецслужбаў Расійскай Федэрацыі» спрабуе папярэдзіць Аляксандра Лукашэнку аб падрыхтоўцы яго фізічнага знішчэння.
Маўляў, забойства лідэра Беларусі замовіў прэм’ер‑міністр Расіі Уладзімір Пуцін.

Потым відэа было размешчана потым на многіх беларускіх сайтах. У кадры з’яўляецца зацёмненная постаць чалавека, які сіпатым ненатуральным голас начытвае тэкст.

«Старшыня ўрада Расіі Пуцін хоча забіць прэзідэнта Беларусі Лукашэнку. Я заяўляю аб гэтым з усёй адказнасцю, бо валодаю праўдзівымі фактамі», — адразу гаворыцца ў відэапасланні.

«Былы чэкіст» прызнаецца, што быў, ёсць і будзе патрыётам Расіі і яму не падабаецца Лукашэнка, але ён не можа прымаць метад фізічнай ліквідацыі.

«Каб прыбраць Лукашэнку, у нас ёсць цэлы набор нармальных сродкаў і метадаў. Нашы СМІ могуць зляпіць з Лукашэнкі які заўгодна вобраз — вар’ята або хворага. Мы можам паставіць яго на калені эканамічна — праз пастаўкі нафты і газу. Мы можам, урэшце, дамовіцца з Еўропай, Злучанымі Штатамі. І гэтага дастаткова — Лукашэнка абрынецца. Але для мяне абсалютна не прымальныя метады фізічнай ліквідацыі прэзідэнта Беларусі, якія плануе выкарыстоўваць кіраўніцтва маёй краіны», — можна паставіць пад сумнеў такія тэзы.

Гняздом спецаперацыі па ліквідацыі Аляксандра Лукашэнкі абвешчана дзяржкарпарацыя «Растэхналогіі». Не сакрэт, што пад крылом яе кіраўніка Сяргея Чэмезава збіраюцца багата былых супрацоўнікаў ФСБ, а таксама іншых сілавых структур.

Чаму менавіта «Растэхналогіі» названа гняздом падрыхтоўкі замаху? Можа таму, што знайшоў працу былы міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў. Ёсць меркаванне, што напярэдадні выбараў Уладзімір Навумаў можа быць скарыстаны расійскай прапагандай супраць кіраўніка Беларусі.

«Група па фізічнай ліквідацыі прэзідэнта Беларусі строга засакрэчаная. У яе ўваходзяць толькі самыя правераныя і адданыя Пуціну сілавікі. Ужо адпрацавана некалькі сцэнараў знішчэння Лукашэнкі: аўтамабільная або авіяцыйная катастрофа, заражэнне праз падарунак або паштовае адпраўленне, задзейнічанне снайпера», — кажа закадравы голас.

«Але ў якасці найбольш рэальнага сцэнару разглядаецца правядзенне маштабнага тэракту падчас аднаго з масавых мерапрыемстваў з удзелам Лукашэнкі, а ў перадвыбарную кампанію Лукашэнку давядзецца праводзіць шмат такіх мерапрыемстваў», — гэта атрымлівае сугучча з нядаўняй байкай, што Лукашэнку заб’юць падчас святкавання «Дажынак» у Лідзе. Гэтая гісторыя атрымала шырокі розгалас не толькі на Гродзеншчыне, але ва ўсёй краіне. Нібыта смерць Лукашэнку прадказаў стары дзядуля.

«Для стварэння атмасферы панікі плануецца правесці ў найбліжэйшыя месяцы ў Беларусі серыі страшэнных акцый з выкарыстаннем выбуховых прылад, распрацоўваюцца сцэнары выкрадання вядомых людзей. Каб пасеяць паніку вакол беларускай прадукцыі, якая пастаўляецца на экспарт, спецыялісты з гэтай групы плануюць заражэнне некалькіх партый харчовых тавараў радыеактыўнымі рэчывамі», — ці не выбух у расійскіх пасольстве і загадкавая смерць Алега Бябеніна падштурхнула да такіх прагнозаў?

«Адкуль гэтыя факты вядомыя мне? Ёсць прыстойныя людзі і ў гэтай спецгрупе». Цікава, але ж ніякіх фактаў ад «прадстаўніка спецслужбаў» мы так і не пачулі.

Відэа падобна больш на кактэйль розных чутак і плётак, што ходзяць унутры беларускага грамадства ўжо не першы дзень. Таму гэта больш нагадвае звычайны фэйк, падробку. Прычым, не вельмі якасную.

Гэта маглі выкарыстаць самі беларускія спецслужбы. Гэта можа быць выкарыстана, каб паказаць, як Лукашэнка не баіцца ніякай небяспекі. А яшчэ чарговы раз нагадаць, што небяспека ідзе з Масквы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?