«Калі такое здаралася раней, былі нейкія фармальныя прычыны: крымінальныя справы. Цяпер нічога такога няма», — расказаў «Нашай Ніве» Анатоль Лябедзька.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі кіраваўся ў Літву праз памежны пераход Каменны Лог.
Мяркуе, што забарона на выезд звязана са стварэннем уладамі новага спісу палітычных невыязных. Інфармацыю пра яго лукашэнкаўцы злілі ў СМІ тыдзень таму.
Гаварылася, што выезд можа быць абмежаваны 108 грамадскім дзеячам і палітыкам, якія, быццам бы, «заклікалі да ўвядзення санкцый супраць Беларусі».
Як вядома, Еўрасаюз і ЗША ўвялі абмежавальныя меры супраць лукашэнкаўцаў. Захады ЕС зводзяцца да забароны выдачы візаў для асобаў, якія падазраюцца ў саўдзеле ў рэпрэсіях.
Ніякіх адзнак у пашпарт Лябедзьку не паставілі.
Адно што паставілі штамп «Анулявана» на квіточак, з якім чалавек праходзіць пагранічны пераход.
Прычыну няпропуску на мяжы не тлумачаць. Для гэтага трэба звяртацца ў органы віз і рэгістрацыі па месцы жыхарства.

У Лябедзькі на сёння былі запланаваныя сустрэчы ў парламенце, МЗС Літвы і мэрыі Вільні. Апрача таго ў сталіцы Літвы група беларускіх апазыцыйных палітыкаў мела абмеркаваць у рэжыме «без праслушкі» стратэгію дзеянняў на восень 2012 года.

Канстытуцыйных падставаў для абмежавання свабоды перамяшчэння асобных грамадзян няма.
Аднак выказвалася меркаванне, што ўлады могуць скарыстаць для гэтага новую норму ў заканадаўстве, якая дае магчымасць абмяжоўваць выезд за мяжу асобам, якія знаходзяцца ў прафілактычнай распрацоўцы КДБ.

У момант нашага тэлефанавання Лябедзька сядзеў у кавярні каля памежнага пераходу.

Дзеяч пакуль не ведае, якім чынам будзе дзейнічаць далей ці абскарджваць забарону.
Ён жартуе, што спачатку збіраецца «адсвяткаваць 8 Сакавіка».
І перадаў зычэнні ўсім беларускім жанчынам, «каб Вашы сыны і мужы побач з Вамі і каб Вы маглі разам выязджаць, куды захочаце».

Калі забарона на выезд асобным грамадзян стане нормай, гэта стане яшчэ адным крокам назад у пытанні грамадзянскіх свабод у Беларусі. Наша краіна застаецца адзінай у Еўропе, што не ўваходзіць у Раду Еўропы, што азначае, што

грамадзяне Беларусі не маюць магчымасці аспрэчваць рашэнні беларускіх уладаў і судоў у незалежным Еўрапейскім судзе па правах чалавека.

Пазней у сераду праз мяжу не прапусцілі таксама іншага палітыка з АГП — Аляксандра Дабравольскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?