У адрас кіраўніцтва «Ёкерыта» і хакеістаў фінскага клуба напярэдадні матчу супраць мінскага «Дынама» паступалі шматлікія пагрозы з мэтай сарваць гульню каманд. Пра гэта генеральны дырэктар мінскага ХК «Дынама» Дзмітрый Баскаў заявіў у эфіры АНТ.
«Пасля таго як убачыў рассылку на некаторых Telegram-каналах, дзе гаворка ішла пра тое, каб любымі шляхамі сарваць матч адкрыцця новага сезона мінскага «Дынама» ў КХЛ, зразумеў, што будзе нейкая атака, бо там былі названыя адрасы інтэрнэт-акаўнтаў гульцоў «Ёкерыта». Патэлефанаваў кіраўніцтву фінскага хакейнага клуба. Яны пацвердзілі, што з учарашняга вечара было шмат пагроз на адрас як хакеістаў, так і іх саміх. Таксама было сказана, што рашэнне ляцець ці не ляцець на матч у Мінск будзе прынята пасля нарады», — пракаментаваў сітуацыю Баскаў.
Паядынак паміж беларускай і фінскай камандамі павінен быў пачацца сёння а 18.00. Аднак дружына з Хельсінкі не паляцела ў сталіцу Беларусі.
Раней у Фінляндыі заклікалі каманду адмовіцца ад матчу ў Мінску, дзе ідуць пратэсты і пануе гвалт, але «Ёкерыт» усё ж такі меў намер прыехаць на гульню.
Каментары