Спорт2525

Лукашэнка чыноўнікам: «Вы адразу наручнікі купляйце»

Аказваецца, на Алімпійскім сходзе Аляксандр Лукашэнка сказаў значна больш, чым паведамілі афіцыйныя крыніцы.

Гаворка ішла пра асабнякі, якія кіраўніцтва спартыўнай галіны будавала за скарбовы кошт, жуллё на стадыёне «Дынама», нямэтавае выкарыстанне велізарных сумаў і многае іншае.

У справаздачы пра Алімпійскі сход, апублікаванай на афіцыйным сайце прэзідэнта, апроч іншага змяшчаецца выказванне Лукашэнкі: «Я прапанаваў вам свой „дах“ у тым ліку для таго, каб вы, спартсмены, трэнеры і кіраўнікі спорту, маглі спакойна рабіць сваю справу». Пра тое, чым усё скончылася, можна даведацца з рэпартажу, апублікаванага ў нумары «Прэсбола» за аўторак.

Там прыводзіцца шэраг эпізодаў, якія ў справаздачы дзяржаўных СМІ не ўвайшлі.

— Раскажыце, Алег Леанідавіч, якія ж прычыны прывялі да такой катастрофы ў ваш перыяд кіравання, — заявіў Лукашэнка, звяртаючыся да міністра спорту Алега Качана (цяпер ужо былога). — Усё можаце расказваць: пра асабнякі, якія вы будуеце за кошт спартыўнай галіны, дарэчы, з памочнікам, можа, з адным, з другім віцэ-прэзідэнтам. Усё расказвайце! Нашым людзям цікава будзе паслухаць.
Гэта таксама, я думаю, адна з прычын катастрофы.

Выступ дырэктара Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па конным спорце і конегадоўлі Віктара Міхадзюка кіраўнік дзяржавы праанансаваў наступным чынам:

— Зараз вам раскажа Міхадзюк, як трэба базу алімпійскай падрыхтоўкі ствараць і адначасова палацы будаваць.
Давайце, калі ласка. А то міністр прамаўчаў, памочнік таксама. Можа, вы раскажаце, як пілавалі, вазілі, будавалі, як коней за бясцэнак прадавалі, нагадаеце, ці то Заічкову (Ігар Заічкоў займаў пасаду памочніка прэзідэнта па спорце. Звольнены разам з Алегам Качаном 28 кастрычніка -- НН), ці то яшчэ камусьці. Расказвайце. Гучна, выразна… Калі мяне дэзінфармавалі, я ў вас публічна папрашу прабачэння. Але калі нешта пацвердзіцца, вы адразу кайданкі купляйце, каб вам не чаплялі іх, бярыце і ідзіце туды, куды я сказаў. Я вам гэтага не дарую. Мы не такія багатыя, каб абслугоўваць тут асобных кітоў, якія яшчэ і лайдачаць.

Затым цунамі найвышэйшага гневу накрыла яшчэ многіх.

— Рыхтуючыся да Алімпійскага сходу, я паралельна даручыў Камітэту дзяржкантролю і іншым структурам праверыць, як жа вы рыхтаваліся да галоўных стартаў чатырохгоддзя. Вынікі сумныя. Аказалася, што праз бяздзейнасць службовых асоб Мінспорту частка востра неабходнага інвентару была закупленая напярэдадні, падчас і нават пасля Алімпіяды! Алімпіяда прайшла, а яны закупілі абсталяванне, каб алімпійскіх чэмпіёнаў рыхтаваць. Больш за паўмільярда рублёў прастойвае цяпер. А сёння выступаў спецыяліст па конях, там нямэтавага выкарыстання каля 600 мільёнаў рублёў выяўлена!

Праўда, Заічкоў гэта з дакладу прэзідэнта прыбраў і выхваляўся свайму памагатаму: «Ты не хвалюйся, я выкрасліў!» Ды вас толькі за гэта трэба ўзяць і выгнаць з працы. І не рабіце выгляд, што гэта не так! (Выканкаму ў цэлым) Кругавая парука! Гэта ж якое нахабства!
Бародзіч, вы каго мне прапанавалі ў памочнікі?! Вось яшчэ праваліце дынамаўскую каманду і пойдзеце разам з ім вуліцу месці! Асабліва набліжаны генерал!

Таксама Лукашэнка прайшоўся па стадыёне «Дынама»:

— Пасылаю Якабсона (старшыня камітэта Дзяржкантролю — заўв.рэд.), кажу: «Аляксандр Серафімавіч, схадзі паглядзі, што там робіцца». Ён мне як перадаў фатаграфіі — ведаеце, мне дрэнна стала. Іх, Аляксандр Серафімавіч, трэба ўсіх пасадзіць! Усіх нягоднікаў! Таму што гэта першы аб’ект, які я з салдатамі прыводзіў у парадак. Пакінулі ў сябе гэты рынак. (У залу). Куды грошы падзелі ад рынку? (Якабсону). Займіцеся прынцыпова, давядзіце да канца. Нікога не шкадуйце! Жуллё. І гэта проста пад вокнамі Мінспорту. (Качану). Табе што, цяжка было зайсці на стадыён і паглядзець, што там бярозкі растуць? Там, дзе людзі павінны сядзець? І гэта датычыцца ўсіх і ўсёй спартыўнай інфраструктуры. А то ў нас конны від спорту Стайкі абслугоўвае, памочніка прэзідэнта і іншых — пачынаючы ад каўбасы і заканчваючы асабнякамі…

Зрэшты, Лукашэнка абураўся дарма. Менавіта такія вынікі прыносіць любы «дах» зверху.

Каментары25

Ці здасць Трамп Украіну Расіі? Чаму дэмакраты разгромленыя? Да чаго прывядзе кантроль рэспубліканцаў над выканаўчай і заканадаўчай уладай адначасова?5

Ці здасць Трамп Украіну Расіі? Чаму дэмакраты разгромленыя? Да чаго прывядзе кантроль рэспубліканцаў над выканаўчай і заканадаўчай уладай адначасова?

Усе навіны →
Усе навіны

ЦВК назваў асаблівасць дэкларацый аб даходах кандыдатаў у прэзідэнты на гэтых выбарах1

Пуцін у снежні прыедзе ў Мінск3

Памёр журналіст Вадзім Доўнар4

Галоўчанка назваў дату, калі адменяць роўмінг з Расіяй

Маладая беларуска прэтэндуе на званне варшавянкі года — чым яна гэта заслужыла?1

Узбек атрымаў пяць гадоў за ўдзел у вайне на баку Расіі. На фронце ён правёў літаральна некалькі хвілін1

Тынкоўшчыку з Мінскага раёна далі тры гады калоніі за адмаўленне генацыду беларускага народа2

Лукашэнка пра выбары: Уладу растапыранымі рукамі не трымаюць15

«Будуць адпраўлены па маршруце з трох літар». Вось як Генпракуратура Абхазіі адказала на запыт пра Лукашэнку6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ці здасць Трамп Украіну Расіі? Чаму дэмакраты разгромленыя? Да чаго прывядзе кантроль рэспубліканцаў над выканаўчай і заканадаўчай уладай адначасова?5

Ці здасць Трамп Украіну Расіі? Чаму дэмакраты разгромленыя? Да чаго прывядзе кантроль рэспубліканцаў над выканаўчай і заканадаўчай уладай адначасова?

Галоўнае
Усе навіны →