«Я не ўпэўнены, што на змест чацвёртага пакета санкцый ЕС паўплывае тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, у прыватнасці справа Tut.by. Такія пакеты звычайна зацвярджаюцца доўга, мяркую, што ён ужо нават гатовы. Але імаверна, што адразу ж пачнуць рыхтаваць пяты пакет санкцый, — мяркуе дырэктар праграмы «Усходняга партнёрства» ЕС і Расіі ў Фінскім інстытуце міжнародных адносін Аркадзь Мошэс. — Мне здаецца, што стаўленне ЕС пачынае мяняцца».

Вось тэзісы яго меркаванняў, выказаных у інтэрв'ю «Радыё Свабода».

Еўрасаюз вельмі доўга чакаў, вельмі доўга тлумачыў, чаму ён невялікія крокі ў санкцыйнай палітыцы выдаваў за гіганцкія дасягненні.

Існуе «чырвоная лінія», перайшоўшы якую рэжым ужо не зможа вярнуцца ў папярэдні стан.

Нават зімой нейкія мадальнасці дыялогу Мінска з ЕС яшчэ існавалі. Прыхільнікі гэтага ў ЕС застаюцца, але іх робіцца менш і ім цяжэй аргументаваць свой пункт гледжання.

Махавік рэпрэсіяў, які раскручваецца ў Беларусі, у Еўропе пачынае ўспрымацца не толькі як клішэ.

Тыя сілы ў ЕС, якія выступаюць за ўзмацненне санкцый, атрымалі вельмі сур’ёзную дадатковую аргументацыю.

Журналісцкая супольнасць уплывовая ў Еўропе, і яна сёння будзе выказваць салідарнасць з беларускімі журналістамі і надаваць большую, чым раней, увагу падзеям у Беларусі.

На Захадзе прыслухоўваюцца да папярэджання Макея, што ў адказ на ўзмацненне санкцый грамадзянская супольнасць у Беларусі будзе знішчаная.

Гэты аргумент можна перавярнуць і сказаць, што санкцыі павінныя быць такімі моцнымі, каб адбіць у Мінска ахвоту ціснуць на грамадзянскую супольнасць.

Але цяжка сказаць, хто перамагае ў спрэчках наконт рэакцыі на гэтую пагрозу.

Гэты аргумент гучыць на аналітычных абмеркаваннях у Еўропе.

Цяпер на гэтых абмеркаваннях менш гучыць аргумент наконт таго, што ціск Захаду можа падштурхнуць Лукашэнку да больш шчыльнага збліжэння з Расіяй, у тым ліку і ў вайсковай сферы.

На сённяшні дзень працэс выпрацоўкі санкцый не палітычны, а бюракратычны.

Тое, што амбасадарка ЗША Фішэр не едзе ў Менск, гэта сурʼёзны індыкатар. І санкцыі амерыканскія больш сурʼёзныя, чым еўрапейскія, а ў будучыні будуць рабіцца яшчэ больш сурʼёзнымі. Пазіцыя ЗША больш прынцыповая, але яны не гатовыя быць лідарам у выпрацоўцы заходняй палітыкі адносна Беларусі. Яны лічаць, што гэта еўрапейскае пытанне, і Еўропа мусіць за яго несці адказнасьць. А Еўропа яе несці не хоча.

Амерыканцаў, па сутнасці, цікавіць адно — каб у Беларусі не было новых расійскіх вайсковых баз. Гэтаму яны будуць супрацьдзейнічаць.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?