Меркаванні

Як змянілася стаўленне беларусаў да Расіі? Інтэрв'ю з былым кіраўніком Інстытута сацыялогіі

Ці сапраўды Расія страчвае Беларусь, як пра гэта пачалі гаварыць некаторыя публіцысты і каментатары? Ці могуць сімпатыі да Расіі зноў вярнуцца, калі яна зьменіць палітыку падтрымкі рэжыму ў Менску? Пра гэта ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» гаворыць былы дырэктар Інстытута сацыялогіі Акадэміі Навук Беларусі Генадзь Коршунаў.

Ці сапраўды беларусы «прарасейскія»

— Давайце спачатку пагаворым пра стаўленьне беларусаў да Расеі і расейцаў у апошнія 15-20 гадоў. Яшчэ Васіль Быкаў называў некалі беларусаў прарускімі. Лукашэнка актыўна граў на гэтым полі і меў падтрымку вялікай часткі грамадзтва. А што вы, як сацыёляг-тэарэтык, можаце пра гэта сказаць? Быў гэта вынік глыбокай русыфікацыі ці, можа, нейкая нацыянальная інфантыльнасьць?

— Пытаньне цікавае, але адказаць на яго адназначна складана. Я б казаў пра тое, што беларусы былі ня столькі прарасейскімі, колькі прасавецкімі. Часта кажуць, што беларусы інфантыльныя, што нацыя не дафармавалася. Мне здаецца, што асаблівасьці разьвіцьця беларускага мэнталітэту на працягу двух-трох апошніх стагодзьдзяў прывялі да таго, што сацыяльнасьць, успрыняцьце беларусамі сьвету стала лякальным. Гэта і арыентацыя на выжываньне, і так званы абсэнтэізм — дыстанцыяваньне паўсядзённасьці ад удзелу ў палітычным жыцьці.

Казаць, што гэта інфантылізм або нясьпеласьць не выпадае, бо гэтыя асаблівасьці ў свой час дапамаглі народу захавацца і выжыць і нават выхоўвалі. І мне здаецца, што карані такой лякалізацыі сацыяльнага значна глыбейшыя, чым XVIII-XIX стагодзьдзі. Гэта ж тычыцца славутай талерантнасьці. Я думаю, што ў гэтым напрамку трэба разглядаць асаблівасьці сацыяльных працэсаў, што ішлі ў нас апошняе тысячагодзьдзе.

Бо і засяленьне славянамі балцкіх тэрыторый у нас ішло адносна мірна. І такіх крывавых сутыкненьняў паміж католікамі, праваслаўнымі і пратэстантамі, як, напрыклад, у Эўропе, у нас не было. Як не было і таго, што адбывалася ў Расеі, дзе мелі месца крывавыя падзеі вакол царкоўнага расколу. Дарэчы, стараверы ішлі да нас — гэта знамянальны факт, у нас ім было бясьпечна. Яшчэ ў нас былі юдэі, мусульмане, і ўсе суіснавалі адносна мірна. Людзі заўсёды разумелі, што побач жывуць іншыя, і маюць такое ж права на жыцьцё.

Наша сацыяльнасьць заўсёды выбудоўвалася па-суседзку, побач з тымі, хто дапамагае выжываць табе, і каму дапаможаш у выпадку патрэбы ты.

Гэта, у пэўнай ступені, мадэрнісцкая рэч, калі адзіны нацыянальны наратыў ішоў наверсе і быў чужы для простага чалавека. Тут той, хто жыў побач, быў іншы, але не чужы, чужой была ўлада.

Вось чаму агульнанацыянальны наратыў беларускай эліты ў пачатку ХХ стагодзьдзя ня стаў вельмі эфэктыўным і не атрымаў падтрымкі людзей. Агульнанацыянальны наратыў выбудоўваецца праз процістаяньне чужому. А ў нас «чужы» ня меў этнічнага складніка, ня меў і рэлігійнага складніка. Цудоўны прыклад — чатыры мовы на першым гербе БССР, там этнічны складнік — паліфанічны. Таму выбудаваць наратыў на этнічнай базе не выпадала, савецкі інтэрнацыяналізм знаходзіў пэўны водгук у беларусаў.

Так што мы хутчэй прасавецкія. Хаця трэба прызнаць, што русыфікацыя пасьля другой Сусьветнай вайны была фэнамэнальнаю па маштабах. Так што фраза Пятра Машэрава пра тое, што «беларусы — гэта рускія са знакам якасьці» (гэта ён першы сказаў), адпавядае тым працэсам, што ішлі — адбывалася русыфікацыя. Але на ўзроўні праектаў улады — гэта была саветызацыя з мэтай зрабіць зь беларусаў першы савецкі народ.

За апошнія 20-30 гадоў гэты савецкі складнік пачаў дэвальвавацца, губляць вартасьць, і перш за ўсё з прычыны зьмены пакаленьняў і паскарэньня гэтай зьмены. Праз інфармацыйныя тэхналёгіі расьце ўключанасьць у Эўропу. Таму апэляцыя ўладаў да савецкага наратыву губляе сваю эфэктыўнасьць.

Ці сапраўды Расея траціць Беларусь?

— Пасьля падзеяў лета 2020 году мне здалося, што стаўленьне да Расеі і расейцаў у Беларусі павінна было б зьмяніцца. Людзі ня дурні і бачаць, хто дапамагае захоўваць у Беларусі статус-кво. А як лічыце вы, ці сапраўды цяпер гэта мяняецца і ці сапраўды Расея цяпер траціць Беларусь?

— Я б пачаў раней. Працэсы разыходжаньня пачаліся ў 2019 годзе. Недзе на сайце Інстытуту сацыялёгіі ёсьць артыкул з графікам, зь якога вынікае, што калі пачаліся размовы пра так званыя «дарожныя мапы», сымпатыі да Расеі пачалі падаць.

У адным з інтэрвію спадар Вардамацкі казаў, што адзінае, што злучае праціўнікаў і прыхільнікаў пратэстаў у Беларусі — гэта каштоўнасьць незалежнасьці.

Вынікі апытаньня Chatham House ў канцы 2020 году і сёлета таксама паказалі зьмену стаўленьня Беларусаў да Расеі. Але тут трэба разумець, што ёсьць розьніца паміж Расеяй, як грамадзтвам і асобнымі людзьмі, і Расеяй як дзяржавай, якая ўвасабляецца ў Пуціне. З грамадзтвам справа адна — нехта мае сваякоў, сяброў, нехта там навучаўся, а з Пуціным справа іншая. Калі я не памыляюся, то ў адным з дасьледаваньняў Chatham House была лічба, што каля 75% лічаць, што пратэсты не перамаглі дзякуючы падтрымцы Расеі.

Ня буду камэнтаваць асобныя пытаньні Chatham House, іх можна па-рознаму ставіць і задаваць у розны час, але тэндэнцыя на пагаршэньне стаўленьня да Расеі ёсьць. І тыя экспэрты, якія кажуць, што Расея цяпер страчвае Беларусь — безумоўна, маюць рацыю.

Чаму сымпатыі да Расеі застаюцца высокімі

— Але вось аўтары красавіцкага апытаньня Chatham House кажуць, што «на практыцы тыя 32%, якія толькі за саюз з Расеяй, маюць палітычную перавагу над усімі астатнімі беларусамі». А там яшчэ 46% за саюз з Расеяй і Эўразьвязам адначасова. Як бачым, агулам да Расеі станоўча ставяцца 78% беларусаў.

— Ну, я б не казаў, што стаўленьне беларусаў да Расеі вылучаецца такой ужо вялікай сымпатыяй. Вялікай інэрцыяй — так, што ўвогуле зразумела з улікам як уладнай ідэалізацыі савецкага досьведу суіснаваньня і дамінаваньня расейскіх СМІ ў інфармацыйнай прасторы, так і пасьляваеннай дэмаграфічнай русыфікацыі і безьлічы актуальных міжасабовых сувязяў.

Тут, пэўна, больш прагматыкі, якая грунтуецца на звычцы эканамічнага супрацоўніцтва з усходам. У тым ліку і за кошт таго, што асабліва няма з чым параўноўваць. Але ж, што важна, усходні вэктар мае хутчэй эканамічны характар, вялікіх жаданьняў да ушчыльненьня палітычных сувязяў не назіраецца.

Яшчэ момант — спэцыфіка падтрымкі Лукашэнкі з боку Расеі пасьля падзей 2020 году. Апошнім часам яна, гэтая падтрымка, даволі своеасаблівая і мае больш рытарычны характар, чым матэрыяльны. Верагодна, частку беларусаў задавальняе такі зьнешнепалітычны трэнд Расеі, якая не ідзе шляхам узмацненьня падтрымкі сучасных беларускіх уладаў.

Але, у любым выпадку, мы бачым, што гэтая падтрымка мае свой кошт — стаўленьне да Пуціна шмат у каго зь беларусаў пагоршылася.

Ці могуць сымпатыі да Расеі зноў вырасьці

— А калі Расея нечакана падтрымае дэмакратычную трансфармацыю ў Беларусі, пачне кантактаваць з дэмакратычнай супольнасьцю і прызнае вольна абранага лідэра? Што тады будзе са стаўленьнем беларусаў да Расеі? Ці вернуцца прарасейскія сымпатыі ў такім выпадку ў асяродзьдзі «ўратаваных» беларусаў?

— Меркаваньні людзей — рэч рухомая, мабільная. Калі б Расея паспрыяла дыялёгу, то, безумоўна, гэта б спарадзіла вялікую падтрымку ў беларускім грамадзтве. І можна было б гаварыць пра стабілізацыю і паляпшэньне стаўленьня да Расеі як дзяржавы.

Але тут трэба разумець і ўлічваць працэсы, якія ідуць цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў. Мне здаецца, што стаўленьне да Расеі стаецца ня тое каб болей прахалодным, але пачынае больш-менш выраўноўвацца з тым, што ёсьць у беларусаў да іншых суседзяў.

Гэта вось тое пытаньне, якое я часта бачу ў сацыяльных сетках: чаму беларускі пратэст ня меў выразнага геапалітычнага складніка? Адказ даволі просты. Даўно заўважылі такі фэномэн. Калі спытацца ў беларусаў, з кім лепш сябраваць — з Эўразьвязам ці з Расеяй — і даць толькі два варыянты, то можна прымусова зрабіць выбар. Але калі даць больш варыянтаў адказу — з Расеяй, з Эўразьвязам, з абаімі, ці на нікога не арыентавацца, будаваць сваё, то дзьве апошнія опцыі набяруць заўсёды больш за 50%. Бо і раней пазыцыя беларусаў была даволі прагматычнаю. А пасьля 2020 году, як мне падаецца, яна ўзмацніцца яшчэ больш. Бо нацыя асэнсавала сябе як суб’екта, як таго, хто можа і хоча вырашаць за сябе. А калі ты вырашаеш за сябе сам, то ты можаш паслухаць і таго, і таго, і таго, але выбар пасьля зробіш сам.

Мне здаецца, гэта вельмі моцная рэч, якую зрабіў 2020 год, і мне гэта вельмі падабаецца, бо беларусы асэнсавалі, што яны ў стане вырашаць самі. Ня гойдацца ў залежнасьці ад валатыльнасьці палітычнага парадку дня, але самім спакойна і ўзважана вырашаць.

Так што, адказваючы на ваша пытаньне, то так, стаўленьне да Расеі палепшыцца ў выпадку яе дапамогі ў вырашэньні крызісу, але ўзважаная самастойнага пазыцыя дарослага чалавека, які сам вырашае, ці працаваць яму сёньня з Іванам, заўтра зь Янам, а пасьлязаўтра з Гансам — застанецца.

Беларусы цяпер адасабляюцца ад усіх — ідзе самавызначэньне нацыі

— Такім чынам, адбываецца дыстанцыяваньне ад усіх, высьпяваньне самастойнага нацыянальнага арганізму.

— Гэта тое, пра што мы з вамі ўжо гаварылі некалькі месяцаў назад. Гэта клясычны варыянт самавызначэньня нацыі праз супрацьпастаўленьне іншаму. У нас адбываецца ўсё нібыта ў той самай парадыгме, але акцэнты крыху іншыя — не праз выпрацоўку дыстанцыі да чужога, але праз сьцьвярджэньне сябе. Нібыта тут ідзецца пра адно і тое ж, але насамрэч, ёсьць розьніца. Паміж пазыцыямі «я раблю ня так як ты» і «я раблю так, як сам лічу патрэбным» беларус выбірае другую.

— У гэтым сэнсе я не магу забыцца пра выступ аднаго работніка ў Горадні ў жніўні 2020 году, які падчас стыхійнага пратэсту перад гарадзкім начальствам казаў, маўляў, мне не патрэбныя ні Эўропа, ні Расея, я хачу, каб мой беларускі народ жыў у Беларусі і меў справядлівае кіраўніцтва. Гэтае відэа нельга было глядзець бязь сьлёз, бо гэта быў містычны маніфэст цэлага народу. І гэты работнік быў ужо немаладым чалавекам.

— Абсалютна з вамі згодны. Я думаю, усе бачылі той выступ. Хай гэта прагучыць патасна, але там праявілася наша нацыянальная ідэя — мы самі вырашым, што нам лепш пасуе, возьмем самае лепшае і з усходу, і з захаду, але возьмем самі. Возьмем тое, што нам патрэбнае.

Чытайце таксама:

Сацыёлаг Коршунаў: Мы не рэжым зрынаем — мы сцвярджаем сябе і перасцвярджаем дзяржаву

У грамадстве адбываліся паслядоўныя змены, якія вялі да падзення рэйтынгу Лукашэнкі, — сацыёлаг Коршунаў

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Цэны на квіткі ў Вільню ўражваюць. Чаму дабрацца да Літвы нашмат даражэй, чым да Варшавы і Масквы

Цэны на квіткі ў Вільню ўражваюць. Чаму дабрацца да Літвы нашмат даражэй, чым да Варшавы і Масквы

Усе навіны →
Усе навіны

Расія нарошчвае вытворчасць «шахедаў» і неўзабаве зможа запусціць 2000 за адну ноч11

У Італіі 78-гадовы мужчына «ажыў» праз 30 хвілін пасля спынення сэрца4

У Цюменскай вобласці «герой СВА» забіў сваю жонку ў дзень вяселля11

«Хацеў выратаваць хаця б нейкую колькасць людзей». Дачка беларуса, затрыманага па справе «Беларускага Гаюна», расказала пра бацьку6

«Неверагодны спектакль крывадушніцтва». Дзмітрый Гурневіч абурыўся ажыятажам вакол скандалу на канцэрце Coldplay25

Беларуская гандбалістка будзе гуляць за зборную Румыніі

Для беларускага фестывалю вырабілі трохметровы хот-дог ФОТАФАКТ9

Мясаедская дыета — у якіх выпадках яна дапамагае3

У Польшчы знайшлі вялікае радовішча нафты і прыроднага газу17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Цэны на квіткі ў Вільню ўражваюць. Чаму дабрацца да Літвы нашмат даражэй, чым да Варшавы і Масквы

Цэны на квіткі ў Вільню ўражваюць. Чаму дабрацца да Літвы нашмат даражэй, чым да Варшавы і Масквы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць