Мінскі крэматорый: кругласутачна, з адным выхадным у год
У развітальнай зале адзіны сімвалічны элемент — кола, што азначае вечнасць.
Снежаньскім днём на Паўночных могілках халодна і нешматлюдна. Аўтобусы ходзяць раз у паўгадзіны. Насупраць зялёных шапікаў са штучнымі кветкамі высіцца незвычайны з выгляду цагляны будынак — крэматорый «Спецкамбіната камунальна-бытавога абслугоўвання».
Падставай з’ездзіць у гэтае месца стала скарга чытачкі «Нашай Нівы», якая была незадаволена тым, што ў крэматорыі урну з прахам аддаюць толькі праз 9 дзён, калі ў Літве — на наступны.
Начальнік крэматорыя Уладзімір Карунас, яшчэ перад тым як паціснуць руку, аддае аркуш з сумнай статыстыкай — колькасцю «безгаспадарных» урнаў. Па законе, крэматорый мусіць захоўваць такую урну цягам трох гадоў, пасля чаго пахаваць яе ў агульнай магіле. Але сёння ў крэматорыі — 78 такіх урн. Самыя старыя стаяць на асобнай палічцы амаль 13 гадоў.
«Хтосьці не забірае урну, бо хавалі не блізкага сваяка. Хтосьці не можа прысутнічаць праз турэмнае зняволенне, хваробу ці яшчэ што», — кажа ён. «Бываюць выпадкі, калі людзі забіраюць прах ды памінаюць нябожчыка на якой-небудзь лаўцы непадалёк. Самі п’яныя сыходзяць, а урну пакідаюць. Ці сітуацыя, калі брат з сястрой не могуць вырашыць, хто забярэ прах маці. Па законе, у каго урна, той і мае права на спадчыну».
Уладзімір Карунас усё ж абверг інфармацыю пра занадта павольную працу крэматорыя.Урны павінны выдавацца адказным асобам не пазней, чым праз 6 сутак пасля дастаўкі нябожчыка ў крэматорый. Начальнік кажа, што звычайна прах выдаюць раней, асабліва калі урну забіраюць для пахавання ў іншым месцы. Калі урна будзе ўсталявана ў калумбарыі, гэта зробяць менш чым за 9 дзён.
Можна крэміраваць памерлага і тэрмінова, цягам адных сутак, але заплаціць за гэта трэба на 40% больш — каля 1 мільёна 400 тысяч. Нетэрміновая крэмацыя каштуе 1 020 000 рублёў.
Крэмацыя «без купюр»
Крэмацыя адбываецца наступным чынам: катафалк падвозіць труну з нябожчыкам да чорнага ўвахода рытуальнага корпуса крэматорыя (дарэчы, менавіта яго часта прымаюць за памяшканне для крэмацыі), дзе спецыяльны ліфт падымае труну ў адну з трох рытуальных залаў. У развітальных залах наўмысна няма ніякай рэлігійнай атрыбутыкі. Адзіны сімвалічны элемент — кола, што па задумцы архітэктара сімвалізуе вечнасць.
Пасля труна апускаецца ў падземны калідор і дастаўляецца ў крэмацыйны корпус з чатырма пячамі.Крэмацыя займае ў сярэднім паўтары гадзіны пры тэмпературы ў 1000°C . За сімвалічную плату можна прайсці ў спецыяльны пакой ды паглядзець, як труну загружаюць у печ. Потым прах астывае, яго змяльчаюць у спецыяльным апараце — крэмулятары, змяшчаюць у мяшочак і затым — у урну. Урну можна набыць адразу ў рытуальнай краме крэматорыя, але можна прынесці і сваю. Апошняя стадыя — нанясенне на таблічку імя, даты нараджэння і смерці.
4,6 калінінградца ў месяц
Крэматорый працуе кругласутачна і штодня. Адзіны выходны — 1 студзеня. Праводзіцца каля 13 крэмацыяў на дзень, то бок каля 400 штомесяц.
У Беларусі колькасць крэмацыяў штогод расце: месцаў на могілках застаецца няшмат. Вялікая колькасць сёння могілак зачыненыя ці працуюць абмежавана — там хаваюць толькі на папярэдне выкупленых месцах. Шмат значыць і кошт: крэмацыя з месцам у калумбарыі ўсё адно танней за пахаванне ў зямлі.
Мінімальны кошт крэмацыі дэманструе і тое, што ў мінскі крэматорый нябожчыкаў вязуць не толькі з Беларусі, але і з Калінінградскай вобласці ды Прыбалтыкі.Ёсць і статыстыка: 4,6 крэмацыі жыхароў Калінінграда кожны месяц. Для замежнікаў паслугі крэматорыя даражэйшыя (два з паловай мільёны рублёў), але Уладзімір Карунас расказаў, што за мяжою крэмацыя можа каштаваць да тысячы даляраў.
Гарадскія легенды
Зразумела, што крэматорый — не самае прыемнае месца на свеце. Але тут за звычайны беларускі заробак працуюць звычайныя людзі. За «шкодную вытворчасць» ім выдаюць талоны на спецхарчаванне — малако. Як паведамілі нам супрацоўнікі крэматорыя, за гады працы нараканняў не было. Але атмасфера месца разам з чалавечымі пакутамі нараджае шмат легенд. Напрыклад, што ў печы целы засоўваюць дзясяткамі, здымаюць каштоўныя рэчы, а труну перапрадаюць ці здаюць у арэнду.
Падобныя чуткі ёсць, але яны беспадстаўныя: працэс крэмацыі жорстка кантралюецца і фіксуецца. Кожная печ разлічана на адну труну, а века труны пасля развітання больш не адчыняюць. Пасля крэмацыі застаюцца і металы, часам каштоўныя. Шыхту, якую не «бярэ» магніт, вымае камісія з трох чалавек і захоўвае ў сейфе. Калі набіраецца пяць кілаграмаў — яе адпраўляюць у лабараторыю БДУ на пераапрацоўку.
Абарона ад марадзёрства
Каля брамы №2 Паўночных могілак шыльда просіць кіроўцаў, якія выязджаюць з тэрыторыі, даць аглядзець свой аўтамабіль — крадуць помнікі. У калумбарыі каля мінскага крэматорыя марадзёрства зафіксавана не было. З надзвычайных сітуацый толькі пажары: часам незатушаныя лампадкі падпальваюць сухія вянкі. Калі супрацоўнікі «Спецкамбіната» знаходзяць вінаватага, калумбарый рэстаўруюць за іх кошт. Калі не — за кошт «Спецкамбіната». Урну з ячэйкі проста так не вымеш, яна запячатаная мармуровай плітой, і каб дастаць яе, трэба разбіць пліту.
Крэмацыя
Працэс спальванняў памерлых. Звычайна праводзіцца ў крэматорыі перад абрадам пахавання.
Калумбарый
Сховішча урнаў з прахам пасля крэмацыі.
Каментары