Культура55

«Рабіць і рабіць!»: Мінск развітаўся з Міхасём Чарняўскім

У Мінску, у Доме Смутку на вуліцы Куляшова, прайшло развітанне з вядомым гісторыкам, археолагам і грамадскім дзечам Міхасём Чарняўскім, які памёр у нядзелю 20 студзеня на 75-м годзе жыцця.

Развітацца прыйшлі больш за 150 чалавек, і ў рытуальнай зале было цесна. Людзі неслі жывыя кветкі. Прыйшлі навукоўцы Анатоль Сідарэвіч, Арсень Ліс, Эдвард Зайкоўскі, Валянцін Голубеў, грамадскі дзеяч Вінцук Вячорка, генерал Валер Фралоў, пісьменнік Уладзімір Арлоў, мастак Уладзімір Крукоўскі, археолаг Мікола Крывальцэвіч, гісторык Алесь Пашкевіч, моладзевы грамадскі актывіст Зміцер Хведарук, прыйшло шмат моладзі, студэнтаў, былых студэнтаў Чарняўскага.

Людзі працягваюць ісці групкамі па 5–7 чалавек.

Людзі не тоўпяцца ля труны, выходзяць у калідорчык.

Ля труны сядзіць жонка Чарняўскага, дачка, сын, пляменнік — Ігар Чарняўскі. Да вечка прымацаваны бел-чырвона-белы сцяг. Прыбыў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Сп. Чарняўскага адпяваюць менавіта як Міхася, а не Міхаіла.

У сваёй развітальнай прамове а. Сяргей Гаек назваў жыццё Міхася Чарняўскага пакутніцкім, няпростым, сказаўшы, што яго цела будзе аддадзена беларускай зямлі, якую ён вельмі любіў.
Сяргей Гаек назваў Міхася Чарняўскага волатам духу.

Адпяванне скончылася, людзі пачалі развітанне. Адзін з ветэранаў дэмакратычнага руху Мікалай Лавіцкі прынёс адзін з першых сцягоў сацыял-дэмакратаў. Гэта бел-чырвона-белы сцяг з чорнай стужкай.

Сп. Лавіцкі сказаў, што жыццё М. Чарняўскага было як пошуг маланкі.

Гучыць дуда, Зміцер Сасноўскі грае жалобныя мелодыі.

Выступілі землякі Міхася Чарняўскага — мастак Васіль Шаранговіч і доктар фізіка-матэматычных навук Міхась Малько. Яны сказалі, што сп. Чарняўскі быў палітычна сфармаваным чалавекам яшчэ са школы, і ў наступныя гады яго погляды на Беларусь мала змяніліся.

Выступіў гісторык Валянцін Голубеў. Ён зазначыў, што Міхась Чарняўскі пакідае па сабе не толькі багатую творчую спадчыну, але і выдатную беларускую сям’ю, якую многія ведаюць.

Развітацца з гісторыкам і грамадскім дзеячам прыйшлі вядомыя людзі: экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2006 года Аляксандр Мілінкевіч з жонкай Інай Кулей, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 г., пісьменнік Уладзімір Някляеў.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў заўважыў, што Міхась Чарняўскі памёр у час, калі адзначаецца юбілей Паўстання Каліноўскага (150 гадоў). «Каліноўскі быў прыкладам для Міхася Чарняўскага, ён ім натхняўся», — сказаў А. Трусаў.

«Некалі М. Чарняўскі сказаў: «Уяві, што было б, каб Каліноўскі уцёк у Парыж, як многія», — сказаў А. Трусаў.

Арсень Ліс зазначыў, што Міхась Чарняўскі расстройваўся і нават распяцёрваўся, калі глядзеў на сітуацыю ў Беларусі.

«Да беларушчыны яшчэ рабіць і рабіць, араць і араць», — прывёў словы памерлага Арсень Ліс.

Пісьменнік Уладзімір Арлоў выказаў асабістую падзяку Міхасю Міхайлавічу, які шмат дапамагаў яму ў студэнцкія гады. «Дапамагаў сп. Чарняўскі і ў апошнія месяцы, у прыватнасці, кансультаваў падчас працы над кнігай «Краіна Беларусь», — сказаў У. Арлоў.

Уладзімір Някляеў згадаў акцыю ў Курапатах у 1988 г., калі пасля яе ён напісаў радкі «Маўкліва сцяўшы рот, глянуў люд, амаль народ». Сп. Чарняўскі патэлефанаваў яму тады і сказаў, што хутка ўжо будзе глядзець і беларускі народ.

З залы для развітанняў выносяць вянкі, выносяць труну. Хутка Міхася Чарняўскага павязуць у апошні шлях.
Напачатку будуць развітвацца ў вёсцы Некасецк Мядзельскага раёна, дзе ён жыў у дзяцінстве, а пахаваны ён будзе ў вёсцы Круці, дзе нарадзіўся ў 1938 годзе.

Каментары5

Цяпер чытаюць

Пад Слуцкам падчас нелегальных гонак жонка накіравала Range Rover у Subaru мужа. Цяжка пацярпелі чацвёра1

Пад Слуцкам падчас нелегальных гонак жонка накіравала Range Rover у Subaru мужа. Цяжка пацярпелі чацвёра

Усе навіны →
Усе навіны

Некаторыя аперацыі дапамагаюць не больш за плацэба. Чаму іх усё роўна працягваюць рабіць4

Асуджаная на смерць Крыста Пайк, якая перажыла дзве смяротныя ін'екцыі, апрытомнела4

Месі завяршыў кар'еру ў зборнай Аргенціны1

«Стыль снобаў» вяртаецца. Зноў модна падымаць каўнер5

Беларусь мінімальна перамагла Фінляндыю9

Беларуска сабрала 1 001 кубак з 76 краін свету. Яе калекцыя каштуе больш за 10 000 рублёў6

У афішы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі з'явіўся першы рускамоўны спектакль12

Беларусцы ў краме адмовіліся распалавініць кавалак мяса. Ці законна гэта?3

Судна, якое загарэлася пад Сочы — танкер расійскага ценявога флоту

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пад Слуцкам падчас нелегальных гонак жонка накіравала Range Rover у Subaru мужа. Цяжка пацярпелі чацвёра1

Пад Слуцкам падчас нелегальных гонак жонка накіравала Range Rover у Subaru мужа. Цяжка пацярпелі чацвёра

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць