Меркаванні2121

Зміцер Дашкевіч. Гумовы тапак

— Падымайся, Дзімон! — гарланіў над вухам Ахмед, трасучы мяне за плячо.

Я ледзь расплюшчыў вочы, з яшчэ большымі высілкамі падняў галаву і глянуў на ягоны цёмна-матавы твар, які за час камернай адсідкі ніколькі не змяніў свой каўказскі колер.

— Колькі часу? — прабурчаў я, паваліўшыўся назад у падушку.

— А восьмай.

— Дык што ты тлуміш мне розум?! У мяне шчэ пяць гадзін! Ты ўчора дрыхнуў увесь дзень, і я цябе не падымаў.

— Не, не ў гэтым справа — там цябе са шмоткамі замовілі.

— З якімі шмоткамі? Хто замовіў? — запытаў я, сеў, па-усходняму скруціўшы ногі, на другім паверсе трохпавярховых нараў, якія мы дзялілі з Ахмедам на дваіх: мой час быў з 13.00 да 01.00.

У гэты час адчынілася «кармушка», і «прадольны» загадаў збірацца.

— Ну што, адчальваеш ад нас? — падышоўшы да мяне, запытаўся Паша, з якім мы ледзь «выграблі» ўчора з карцёжнай заварушкі.

Я кінуў яму з усмешкаю:

— Дык колькі можна цярпець вас тут, злых зэкаў?

— Гэта так… — сказаў ён. — Мо ўсё ж заварыць што на дарожку?

— Давай, — згадзіўся я і тут жа, узгадаўшы, як робіць гарбату Паша, папярэдзіў: — Толькі не смалу!

— Лайт, Дзімон! Ты ж ведаеш, як я вару!

— Ага, ведаю, таму і кажу.

Праз 15 хвілін я быў гатовы на выхад, і мы па чарзе рабілі па два глыткі з аднаго кубка, седзячы на Пашавай шконцы — ніжніх вуглавых нарах, дзе звычайна месцяцца самыя аўтарытэтныя прадстаўнікі зэкаўскай народнасці. Сам Паша, што праўда, не блатаваў, шконка перайшла да яго ад сябра — Антохі Зялёнага, з якім па волі яны разам праколвалі накрадзеныя ў метро гаманцы і разам, з адной іглы, паднялі ВІЧ. Антоха ж, тры месяцы панаводзіўшы парадак у камеры, пару дзён таму паехаў на зону.

— Як надакучылі гэтыя пераезды, Паш, каб ты ведаў!

— Я дык ведаю. Больш напружваючага няма нічога ў турме, як пастаянна матацца туды-сюды.

— Каб хаця ведаць куды, а то ж ніколі нічога не гавораць.

— А што, не сказалі табе?

— А хто скажа?

— Зараз паспрабую даведацца.

Паша рушыў да дзвярэй. Аб чым ён там гаварыў, я ў гэтым гармідары не чуў, але і па жэстах падчас ягонай размовы з «прадольным» было зразумела, што нічога ён не даможацца.

— Ды ён — ні бэ ні мэ — старшынка гэны, — злосна вымавіў Паша, сядаючы побач. — Ты во што…

— Ну?..

— Калі прыйдзе корпусны за табою, прапар, ты ў яго запытай, а не скажа, проста адмаўляйся выходзіць. Я так заўсёды раблю.

— Відаць, так і зробім, — згадзіўся я і расшпіліў свой кешар, які перад тым паставіў тут жа, побач з нарамі. — Гэта ўсё добра, але трэба нешта і прэзентаваць табе на памяць.

— О! — абрадаваўся Паша. — Сала прэзентуй!

— Ага, дзе тут браць тое сала з гэтымі трагладытамі? — пажартаваў у адказ і я.

— На во, — працягнуў я яму невялікую кніжыцу пра Хрыста «Не проста цясляр», — не хлебам адзіным!

Паша ўзяў твор Джоша Макдаўэла, масава выдадзены яшчэ на стыку эпох, у гады нацыянальна-духоўнага адраджэння.

Па-беларуску?

— Ну, а як жа?! — усміхнуўся я. — Чытаеш на мове?

— Канешне. Я хоць з-за наркаты гэтай школу не скончыў, але ж як-ніяк беларус!

З супярэчлівым пачуццём суму і любові паглядзеў я на Паўла і адчуў, як мне нават шкада развітвацца з гэтым чалавекам — нейкая сяброўская іскра зблізіла нас сярод 50 мурашоў.

— Дзе Дашкевіч? — крыкнуў нехта ад дзвярэй.

— На месцы! — адгукнуўся я.

— Прыйшлі па цябе!

Я падышоў да дзвярэй, ля якіх стаяў корпусны з маёй карткай.

— Сабраўся? Давай хуценька, і так затрымаліся!

— Паслухай, а куды мяне пераводзяць?

-- Там пабачыш!

— Калі там гэткі ж бедлам, я нікуды не пайду.

Прапаршчык здзіўлена глянуў на мяне і зрабіў больш лагодны твар.

— Нармальная там камера, нармальная.

Я моўчкі глядзеў на корпуснога, разважаючы, верыць яму ці не.

— Ды нармальная, я табе гавару! — пацвердзіў ён яшчэ раз. — Пайшлі, толькі па-хуткаму.

— Ладна, зараз забяру рэчы.

— Давай, Паш, — прамовіў я, працягваючы руку, — пайду шукаць шчасця.

— Ну, трымайся там, Дзімон! Як трэба будзе што, ведаеш, як мяне знайсці.

Мы паціснулі рукі.

— Дзякуй, сябар, ведаю.

Я ўхапіў сваю торбу і пасунуўся да выхаду. З усіх бакоў загучалі галасы:

— Ну ўсё, апазіцыя, давай!

— Змітрук, сустрэнемся на барыкадах!

— Давай, Дзімон, як будзе дарога, адпішы!

Давайце-давайце! — развітаўся я, цягнучы свае манаткі. — Як будзе, адпішу.

Падхапіўшы пад паху яшчэ і матрац, кімсьці для мяне скручаны і пакладзены ля парога, я выйшаў з камеры і гукнуў у адчыненыя дзверы:

— Жыве Беларусь!

— Жыве! Няхай жыве! Жыве вечна! — забухала навучаная доўгімі трэніроўкамі хата.

    • — Добры дзень! — павітаўся я, зацягваючы ў камеру торбу, пасля ўсіх пераходаў не такую ўжо і лёгкую, і вату. Хата адказала цішынёй. Змясціўшы пад сцяною свае рэчы, я разагнуўся і агледзеўся. Убачанае надзвычай здзівіла мяне — каля 5,5 метраў на 2,5; уздоўж адной сцяны — вузкі стол, другой — двое двайных нараў, і бліжэй да дзвярэй санвузел з умывальнікам, літарай «Г», адгароджаны ад камеры метровай цаглянай перагародкай і нацягнутай паверх шторкай для ванны.

    Прыйсці ў шок было з-за чаго — у такіх хатах я яшчэ не сядзеў. Можа, гэта іх называюць на Валадарцы «камерцыйнымі»? Але не, відаць, не камерцыйная — у тых, кажуць зэкі, ёсць душ, халадзільнік… а тут усё больш сціпла.
    Ды што мне тыя халадзільнікі — у тым ужо ўдача, што пашэнціла неяк вырвацца з тлуму на паўсотні чалавек, дзе сядзяць адзін на адным, дзе спаць нельга ні ўдзень, ні ўначы — апроч штук трыццаці заўсёды трымаючых варту глотак гарланяць два прымачы, і адзін-два тэлікі. А тут толькі чатыры пары галасавых звязак, улічваючы мае ўласныя, і адзін тэлевізар. Два насельнікі камеры спяць, адзін сядзіць на нарах і ціхенька чытае, а блакітны экран зусім адключаны ад сеткі.

    Таму адрэагаваў на маё вітанне толькі той, што чытаў, адарваўшы галаву ад газеты, пакруціў ёю пару разоў, назіраючы, як я ўкладваю рэчы, і паглыбіўся ў нешта жоўценькае зноў.

    Усё гэта было страннавата… Хацелася заварыць гарбаты, але грымець посудам і шукаць разеткі ў гэтым сонным царстве было няёмка. Што ж, сунуцца ў чужую хату са сваімі ўстаноўкамі ніяк не выпадала, і я вырашыў пашпацыраваць на метрах двух прасторы — ад дзвярэй да стала.

    — Сядай, во, пасядзі, — паўшэптам прамовіў аматар прэсы — ужо ў гадах дзядзька, невысокага росту, увесь белы і са спужана-добразычлівым тварам.

    — Ды не, дзякуй, я пахаджу троху.

    Пасядзець у гэткім узбуджаным стане ў мяне не атрымалася б нават пры ўсім жаданні.

    — Цябе за што арыштавалі? — яшчэ праз пару хвілін ціхенька запытаў белы дзядзька.

    — За хуліганку.

    — І што пагражае?

    — Ужо нічога.

    — Гэта як?

    — Свае два ўжо ўзяў.

    — Два гады… гэта таксама шмат.

    — Шмат? — усміхнуўся я. — Гэта ў разоў некалькі меней, чым я чакаў пару месяцаў таму. Ды і што такое два гады? На адной назе.

    Дзядзька запытальна глянуў на мяне.

    — Ну, гэта ў зэкаў такі афарызм ёсць «На адной назе» — калі гаворка пра невялікі тэрмін. У нас жа звычайна як? Менш пяці не даюць, і гэта лічыцца, што ты сарваўся.

    Па тым, як здзіўлена лыпаў вачыма мой суразмоўца, было абсалютна ясна, што ў камернай сістэме ён першы раз і зусім нядаўна — пакуль яшчэ ягоны мозг не мог спасцігнуць, як пяць год можна лічыць зрывам.

    — Вас за што пасадзілі?

    — За злоўжыванні.

    — О, гэта сур’ёзнае злачынства, — сыранізаваў я. — І дзе вы злоўжывалі?

    — На фабрыцы. Быў дырэктарам.

    Белая галава схілілася над счэпленымі рукамі.

    — А чаго ж вы жадалі, трэба было кантрыбуцыю выплачваць крышуючым структурам, лазенку тапіць, стол накрываць і гэтак далей, па патрэбах.

    Дырэктар згодна затрос сівой галавой — не раз, відаць, разважаў ён над гэтай прычынай свайго тут знаходжання.

    — Не для таго я жыццё пражыў, каб ім сталы накрываць. Такіх гнюсотаў я і за саветамі цярпець не мог.

    — Гэта, канешне, годна, — спыніўся я і прамовіў, выдыхаючы: — За гэта можна і пасядзець.

    — Э, разумнік, ты мо супакоішся? — прабухцела галава з-пад коўдры на вуглавых ніжніх нарах.

    — А ў чым праблема? — здзівіўся я.

    — У тым, што трэба цішэй быць!

    — Дык, а я што, скандалю?

    Няправільная інтанацыя не спадабалася аматару дзённага адпачынку, і ён прыпадняўся на локаць.

    — Ты з якой хаты?

    Восем-дзевяць

    -- І што ты ездзіш па турме?

    — Мяне возяць — я і езджу.

    Гэтае «нахабства» маё канчаткова разварушыла цела пад коўдрай — яно паднялося і села на шконцы. Цяпер яго можна было агледзець — было ў ім прыблізна цэтнера паўтара масы, зверху цела месцілася вялікая галава з вялікім носам, вялікімі вушамі, аплыўшым тварам, што цягнуў год на 45, і двайным падбародкам, які пераходзіў адразу ў тулава; да тулава мацаваліся дзве нагі-калодкі і таўшчэзныя рукі са сціснутымі кулакамі, якімі цела упёрлася ў нары і прарычэла:

    — Ты, я бачу, борзы надта?

    Я працягваў рабіць па пары крокаў узад-уперад: апраўдвацца было неразумна, а нешта тлумачыць — бессэнсоўна. Не дачакаўшыся на рэакцыю адказу, гаспадар хаты зайшоў з іншага боку:

    — У цябе, увогуле, усё роўна?

    — У мяне дык роўна.

    — Мо прабіць, хто ты такі, чым дыхаеш?

    — Бяры прабівай, — абыякава адказаў я.

    — Ты ведаеш сматрылу за корпусам?

    — Я ведаю за турмою, можаш адпісаць яму па вечары.

    — І адпішам, а то стрэмнаваты ты нейкі — па турме цябе носіць, тут прыпёрся кіпішыць. Ты за што сядзіш увогуле?

    — Кажуць, хуліган я.

    — Паслухай сюды, ты давай нармальна!

    — Што значыць «нармальна»? — перапытаў я, хаця разумеў зрэшты, пра што загад, — не першую сотню разоў мне яго агучвалі.

    — Без гэтых тваіх «кажуць»!

    — Ну, гэта дазволь мне самому вырашаць.

    — Ты што, нешта не разумееш?

    — Я разумею ўсё, але загадваць мне, як размаўляць, ты не будзеш.

    — Так, прысядзь! — гаркнуў бас і паляпаў далонню па лаве насупраць сваіх нараў.

    — Для чаго?

    Прысядзь-прысядзь, — настойваў ён.

    Я падышоў да нараў і прысеў на лаву, маючы ілюзію, што, можа, седзячы атрымаецца паразумецца.

    І як толькі я ўсеўся, бораў схапіў з падлогі свой тапак і ўрэзаў мне ім па твары. Першае імгненне я не зразумеў нават, што гэта такое адбылося.
    Але тут жа падарваўся з лавы і я, і падскочыў дырэктар, які, уціснуўшыся паміж мною і гарою, якая так і засталася сядзець на нарах, запратэставаў:

    — Валодзя, хлопцы, супакойцеся! Вы што?!

    Па правілах жанру трэба было біць у зубы. Хаця і было ясна: калі б гэты дабраўся лапішчамі сваімі да майго кадыка, дык былі б усе шанцы з Сімонам Пётрам сустрэцца раней прызначанага тэрміну.
    Зрэшты, справа была не ў тым, што пачалося б потым. Таксама і не прыхільнік я небіблійнай тэорыі, якая падаецца некаторымі як біблійная, што ўсё павінны мы цярпліва зносіць. Усё-ткі трэба вялікая мудрасць, каб сарыентавацца, калі трэба, не зважаючы на абставіны, «шашки наголо!», а калі трэба сцярпець. Не скажу, што я асабліва мудры, але ў такіх выпадках, бывае, трэба і пацярпець. Тым больш, калі ўжо рабіць, дык трэба было адразу, а я пачаў лякацца, разважаць нешта, глядзець на гэтага абаронцу свайго, што махаў рукамі… Карацей, атака была завалена. І, як я пазней пераканаўся, гэта быў мой чарговы турэмны ўрок.

    На верхнім паверсе нараў, над Валодзем, заварушыўся яшчэ адзін жыхар.

    — Цяпер ясна, для каго раніцай месца вызвалялі.

    — Во, генерал, закінулі на нашу голаву.

    Генерал пачаў злазіць з ложка, і я прысеў да дырэктара — размінацца на маленечкім пятачку ўжо не было як.

    Валодзя нешта яшчэ лаяўся; высокі вусаты зэк з вайсковай мянушкай пацягнуўся да санвузла курыць; дырэктарскі корпус невядома што, але вычытваў; я паглыбіўся ў роздум, як далей быць у якасна новай абстаноўцы, зусім ужо не радуючыся «элітарным» умовам утрымання.

    — Паслухай, цябе як? — ізноў сцішана запытаў дырэктар, адарваўшыся ад газеты.

    — Зміцер. — Як-як?

    — Зміцер. Калі цяжка, можна Дзіма.

    — Не, мне не цяжка, — перайшоў ён раптам на беларускую. — Я і сам у 1994-м за Пазьняка галасаваў. Але ты… гэта… можа, па-расійску давай?

    — Не, не буду, — адказаў я нават з усмешкаю, ці то сябе шкадуючы, ці то дырэктара.

    — Дык будуць жа праблемы, — перасцярог прыхільнік Зянона.

    — Не першы і не апошні раз.

    — Ну глядзі, я б лепш па-расійску

      • — Прагулка! — крыкнуў паставы, ляпнуўшы па дзвярах, і зазірнуў у вочка.

      — Ідзём! — адказаў генерал, кінуў акурак ва ўнітаз і запытаўся: — Валодзя, ты застаешся?

      — Як заўсёды.

      — А ты, Францавіч?

      — Не, Міхалыч, мушу зараз да следчага ісці, — адказаў дырэктар.

      У мяне генерал не запытаўся нічога.

      — Пойдзеш на прагулку, Зміцер? — кінуў мне Францавіч, па выразы твару якога было бачна, як няёмка яму ад гэтай варажнечы ў камеры.

      — Пайду, трэба праветрыцца.

      Праз некалькі хвілін мы выходзім з хаты.

      На калідоры старшына запісвае ў нататнік нумар камеры і колькі нас ідзе ды крычыць на ніжні паверх: «Пятнаццатая, два!» Мы сыходзім па лесвіцы на другі паверх, да наступнага паста, з якога галосяць тое ж: «Пятнаццатая, два!» Спускаемся яшчэ ніжэй, на першы паверх, які пяццю прыступкамі пераходзіць у нулявы падвальны, дзе чарговы дзяжурны раве таксама: «Пятнаццатая, два!», паварочваем направа, адлічваем пяць тых крокаў уніз і, пакідаючы новы корпус, уваходзім у сутарэнні старога — доўгі шырокі калідор з арачнымі столямі. Вось справа ад нас капцёрка, куды здаюць зэкі матрацы і рэчы, калі едуць на суд, мы ідзём далей; вось злева жалезныя дзверы — ці не самыя масіўныя ў турме — за імі «спецкалідор» з камерамі для асабліва небяспечных і смяротнікаў, тут жа сядзіць на зэдліку яшчэ адзін «прадольны» з нататнічкам, і, калі мы раўняемся з ім, ён занатоўвае дзве лічбы і голасна іх агучвае: «Пятнаццатая, два!» Трымаючы рукі за спінаю, рушым наперад; вось дзверы, за якімі адзін пралёт наверх вядзе да выхаду са старога корпуса на турэмны двор (там яшчэ адзін корпус і — дзверы на свабоду, яны ж — дзверы ў турму, і нам звычайна выпадае другі варыянт); і вось далей па гэтым жа баку паварот на прагулачныя дворыкі, ля якіх нас чакае апошні пост (за ім праз метраў сем канец сутарэння, у якім месціцца матрацная, дзе ў першы дзень сваёй турэмнай прапіскі кожны шчасліўчык атрымлівае вату і бялізну і здае ўсё гэта перад этапам на зону). І калі працэсія наша падыходзіць да гэтага пятага паставога, каторы пяты раз за апошнія пару хвілін крыкам паўтарае «Пятнаццатая, два!», паварочваем направа, трапляючы ў адну з вежаў (якраз тую, што абрынулася ў 2008-м), і адразу выходзім у бетонны лабірынт з трох бетонных калідораў і сарака бетонных камер з кратамі і нацягнутай на іх сеткай замест столі. Старшына, што працуе сёння на дворыках, запускае нас у даволі прасторную каробачку і зачыняе за намі дзверы.

      Я пачаў шпацыраваць з аднога боку дворыка, генерал, таксама сам сабе, з другога.

      — Дык ты што, з «дзекабрыстаў»? — запытвае ўсё ж ён праз нейкі час.

      — Відаць, што з «дзекабрыстаў». Толькі з «дзекабрыстаў» 18-га, а не 19-га.

      — Чаму 18-га?

      — Бо накрылі за суткі.

      — А, нейкія там у дварах накінуліся?

      — Ну.

      — Чыталі мы пра справу вашу. А з гэтым тваім, як яго…

      — Эдуардам?

      — Так, Эдуардам, сядзеў пару дзён на Акрэсціна.

      — І як ён там быўшы?

      — Нармальна, цвёрды такі хлопец. З дэсантуры толькі і ў заварушку такую — з агню ды ў полымя.

      — Так, пашчасціла яму і вайсковую шыхтоўку прайсці, і зэкаўскую распачаць.

      Генерал спыніўся.

      — Тут ты можаш па-руску, тут ужо выпендрывацца не трэба.

      Канешне, адкуль было ведаць беларускаму генералу пра беларускую шыхтоўку? Нешта я не разлічыў. Але якая розніца — разлічыў бы з шыхтоўкаю, не разлічыў бы яшчэ з чым-небудзь — усё гэта пытанне толькі часу.

      — А перад кім мне выпендрывацца? Зэкі ўсе роўныя перад абліччам «правасуддзя».

      — З намі можаш па-нармальнаму, — настойваў генерал. — У Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, таму давай-капа-руску.

      — Цікава, выходзіць ва ўсіх вас, — з іроніяй прамовіў я, — канстытуцыйнае двухмоўе — гэта заўсёды канстытуцыйная падстава забараніць размаўляць па-беларуску. І кожнаму, хто ў Беларусі забараняе размаўляць па-беларуску, гэтая забарона падаецца цалкам лагічнай! Чаму ж я, спасылаючыся на двухмоўе, не затыкаю вам рот, каб вы па-руску не гаварылі, а вы лічыце законным заткнуць мне, каб я ў сябе ж дома на сваёй жа мове размаўляць не смеў?!

      — Таму, што беларускую мову ніхто не разумее і ніхто на ёй не размаўляе, апроч толькі во, — і генерал хітнуў у мой бок, — адшчапенцаў.

      Гэткае вызначэнне сацыяльнага статусу і смяшыла, і абурала адначасова, прымусіўшы мяне павялічваць абароты.

      — Хто гэтыя «ніхто»?! Я сяджу з зэкамі, многія з якіх добра калі школу скончылі, і яны мяне цудоўна разумеюць. А некаторыя нават пераходзяць на мову!

      Я з каўказцамі сяджу, якія і па-руску ледзь размаўляюць, і то яны мне кажуць: «Добра, гавары как гаварыш, калі што не панімаць, мы спрашываць». А як можна скончыць беларускую школу, беларускі ўніверсітэт, потым мо яшчэ і акадэмію якую беларускую — і не разумець беларускае ж, не ў стане і двух слоў звязаць на мове народа, які цябе выкарміў і адукацыю даў?! Гэта проста трэба даўнам быць, а не чалавекам з вышэйшай адукацыяй.

      — Дык што гэта такое, твая беларуская мова? Гэта бедная, калгасная гаворка, руска-польская мяшанка.

      — Калі мова першай у Еўропе Канстытуцыі і чацвёртай у свеце друкаванай Бібліі бедная такая і нікчэмная, — як на машынцы, адгрукаў кожнае слова я, — забараніце яе зусім!
      Стагоддзямі з захаду і ўсходу дабівалі, ды не дабілі, дык няхай свае ж манкурты дадушаць. Тады ўсё будзе зразумела. Тады, нарэшце, кожны будзе мець законнае права, пачуўшы мову «забраннага краю», загадаць любому: «Заткніся ж ты!»

      Далей мы ўжо гулялі моўчкі. І гэта, відаць, было лепшае. Мяне не пакідала думка аб тым, што ўляпаўся я канкрэтна з гэтым пераводам. Тут за пару тыдняў ці звар’яцееш, ці раскруцішся, і трэцяга не дадзена. Сапраўды, хоць ты бяры ды зашывай рот да самых вушэй і так сядзі. Вось табе і гармідар на паўсотні зэкаў, горш якога, я думаў, і няма нічога. І як дзіўна ды невытлумачальна выходзіць — былы наркаман без сярэдняй адукацыі гаворыць: «Канешне, разумею, я ж — беларус!», а гэтыя, з адукацыяй і сярэдняй, і вышэйшай, будуць далдоніць: «Не, не разумею!», «Не, не магу!» ці яшчэ лепей: «Забейся!» Хаця ці так ужо невытлумачальна гэта? Вось Хрыстос кажа пра самых мудрых з народу Свайго, пра адукаваных і знатных: «Слаўлю Цябе, Ойча, Госпад неба і зямлі, што закрыў гэта перад мудрымі і прадбачлівымі і адкрыў гэта малым; так, Ойча, бо так спадабалася Табе» (Лк.10:21). Так, Ойча, бо так спадабалася Табе!

      За перажываннямі сваімі я не асабліва заўважыў, як генерала вывелі «на кабінеты» і як потым за мною прыйшлі.

      — Давай, харош тупацець тут ужо! — міралюбіва прыкрыкнуў малады старшына.

      — Ага, пайшлі.

        • Вярнуўшыся ў камеру, я застаў аднаго только Валодзю. Моўчкі зайшоў і сеў на нары дырэктара, ды, каб нечым заняць сябе, узяў нейкую газету і пачаў чытаць словы, якія ніяк не жадалі аб’ядноўвацца ў сказы і артыкулы.

        — Гарбату будеш? — нечакана для мяне запытаў гападар.

        — Можна, — згадзіўся я. Гарбаты хацелася вельмі.

        Вова ўключыў імбрык — таксама дзіковінку для камернай сістэмы. Наш брат усё больш прывык да перапаленых кіпяцільнікаў. Я дастаў пластыкавы слоічак з-пад пюрэ, які служыў мне кубкам, і заварку.

        — Ты што, з гэтага п’еш?

        — А з чаго піць, калі ўсё забаронена? Калі ў шостым сядзеў, дык дазвалялі посуд. А цяпер такі вось маразм…

        — На, будзе твой, — мой нядаўні вораг паставіў на стол пластмасавы кубак.

        — Дзякуй… вялікі, — уразіўся я і ўзяў пакруціць кубак у руках — зэкі, і я сярод іх, любяць усё, што блішчыць. Асабліва калі нічога няма.

        Мне захацелася чымсьці аддзячыць.

        — Пачастуйся гарбаткаю з прысмакамі.

        — Гэта што такое? — заглянула ў развязаны пакунак вялікая галава.

        — Ну, тут чорная гарбата і розныя там кветачкі-ёлачкі, шышачкі-іголачкі, — працытаваў я аднаго расійскага рокера і патлумачыў пазіцыю: — Проста чорнай гарбаты я не асаблівы аматар, тым больш яе на чыф зэкі хутка расцягваюць.

        — Дык давай, паспрабуем.

        Мы насыпалі зёлак у кубкі, Валодзя заліў кіпень, пасля чаго пачаў выкладаць прадукты з тумбачкі.

        — Перакусіш што?

        — Ды не, не галодны, — схлусіў я.

        — Зараз закінем тое-сёе, — не надаў увагі адмове маёй дзіўным чынам палагаднеўшы чалавек-гара, — во, тут матуля толькі ўчора перадала цудоўных сардэлек, маіх любімых — вараных.

        Спонсар банкета ўручыў мне кавалак хлеба і сардэльку, якая амаль вокамгненна была праглынута.

        — Ну, я бачу, ты зусім есці не жадаеш.

        — Ага, зусім, — усміхнуўся я, узяўшы яшчэ адну сардэльку, мне працягнутую.

        — Паслухай, ты не сіні на мяне за раніцу.

        — Нічога, усякае бывае.

        — Ты разумееш, дасталі мяне ўшчэнт гэтыя пракуроры, генералы, фабрыканты! Ніякай сілы няма з імі — ні паесці сабе зрабіць не могуць нічога, ні хату прыбраць. Як нянька ім!

        — Што зробіш, нетурэмныя людзі.

        — А мы што, нарадзіліся ў турме?

        — Здаецца мне часам, — адказаў я, перажоўваючы дабаўку, — што і нарадзіліся…

        — Э, кінь ты глупства! Не нараджаліся, а проста не прывыклі ні на чыіх шыях сядзець. А гэтыя без мамкінай ці жончыный спадніцы — нікуды. Дык хай выпісваюць сабе пакаёвак, каб соплікі выціралі, — усё абураўся Валодзя, але, заўважыўшы, што другая сардэлька знікла там жа, дзе і першая, працягнуў мне чарговую і кавалак хлеба з кетчупам.

        — На, еш, гэтым, — ён хітнуў у бок сцяны, — я нікому не даю — абыдуцца.

        — Ну, хіба апошнюю, бо бакі ўжо запраўлены.

        — Таму я на такім узводзе суткамі, — тлумачыў далей замучаны генераламі зэк. — А тут ты яшчэ, я з прасоння разумею праз слова. Падумаў спачатку, што ты ўвогуле глум ловіш.

        — Ды не, які глум можа быць!

        — Канешне, цяпер ясна… А так, я ж ніколі не сустракаў, хто на мове гаворыць. Ды і па тэліку ж нават няма такіх каналаў, каб па-беларуску былі.

        — Не ведаю, я тэлік даўно выкінуў.

        — На волі я і сам бы выкінуў, а тут сумнавата без яшчыка, — згадзіўся Валодзя і працягнуў сваю думку далей: — Раней неяк я з L. сядзеў, ведаеш?

        — Ведаю.

        — Добры хлопец такі, ні за што не пераймаўся, як за правал.

        — Так, чэл адданы. А што правал, дык правал… ды толькі ці ён вінаваты ў тых правалах?

        — Ага, ніхто не вінаваты, і так ужо 18 год. Во, якраз перад табою яшчэ адзін невінаваты быў — N., якога і перавялі, каб табе месца вызваліць. Ведаеш яго?

        — Ведаю.

        — І што скажаш пра яго?

        — Нармальны чэл, калісьці актыўнічаў, потым сышоў з-за працы.

        — Тут ён спакойна сядзеў, пытанняў не было — любіў падрыхнуць і перакусіць добра.

        — Дык, а хто ў турме не любіць перакусіць? — засмяяўся я і запытаў: — З кім яшчэ сядзеў?

        — Кандыдат ваш, R., ведаеш такога?

        — Ведаю. І цікава, як ён табе?

        — Мне спадабаўся вельмі. Надзвычай грунтоўныя рэчы гаварыў, адукаваны, інтэлігентны — такія і павінны кіраваць краінай. Даў ён мне кантакты свае, выйду — абавязкова звяжуся. У мяне ёсць чым дапамагчы, і сябры талковыя. Харош ужо кукішы на кухні круціць. А ты падтрымліваў яго?

        — Я не падтрымліваў. Не вельмі пасавала мне ягоная стратэгія выбарчая. Але, бачыш, кожны знайшоў свайго: табе гэты спадабаўся, камусьці — іншы.

        Валодзя, ці то згаджаючыся, ці то разважаючы аб чым сваім, паківаў галавою.

        — Пайду трошкі асвяжуся, нешта ажно ў пот кінула ад гэтай траўкі-мураўкі, — запытальна прамовіў я, калі зрабіў апошні даўкі глыток.

        — Ну, гарбата ў цябе са спецэфектамі, — пацвердзіў Вова, выціраючы пот рукавом з ілба. — Давай, толькі глядзі там асцярожней — кран скручаны.

        Апаласнуўшы рукі вадою, я ўзяў кавалак мыла і зірнуў у люстэрка, з якога глядзеў на мяне вораг народа з адбіткам на твары гумовага тапка 44-га памеру. Я ажно схамянуўся: няўжо так і прахадзіў паўдня?.. І ўсё з-за чаго? Здаецца нават, што з-за нічога, на роўным месцы. З-за таго толькі, што Валодзя разважаў пра мову, як пра глум над сабою. Але ці ён вінаваты ў гэтым? Гэта бяда народа нашага, і ён — толькі адзін з яго прадстаўнікоў. А хто вінаваты, дзяржтэлеканалы? Дык, а з іх што спытаць? Палітыку генацыду ніхто не адмяняў, і яны — толькі бязвольныя паслугачы гэтага стратэгічнага кірунку.

        «Дык дзе ж, дзе корань нацыянальнага нігілізму?» — крычала ўва мне пытанне. І тут адкрылася мне дзікая, але простая, як Божы дзень, і ўсёвытлумачаючая думка: «Корань — у нас саміх!» Так, перш за ўсё самі і вінаватыя ў бяспамяцтве гэтым. Падумаць сабе: толькі за апошні месяц, толькі ў гэтай камеры сядзелі тры барацьбіты за новае жыццё, і ні ад кога — ні ад кога з іх! — не пачуў Валодзя беларускага слова!

        Ну добра, Эдуарда, з якім сядзеў генерал, я не лічу — ён толькі з войска, з якога за пару месяцаў да выбараў прыйшоў у МФ. Я і сам, калі далучыўся да руху, з паўгода пераадольваў свае комплексы і псіхалагічныя бар’еры, каб перайсці на матчыну мову. Таму зразумець я магу сябра майго, які ўжо з зоны пачаў пісаць лісты толькі па-беларуску.

        А як жа з тымі трыма быць?

        L. — МФавец нулявых, па-геройску бараніў Курапаты, на Акрэсціна ўсе камеры выкачаў, гутарыў па-беларуску. І што, вось ён на Валадарцы, і ён знямеў? Так, на жаль, знямеў, але толькі на беларускую мову.

        N. — МФавец цяперашні, на «фронце» ахвяраваў усім — і вучобай, і стасункамі з роднымі, па-беларуску заўсёды, як рэпу грызе. І вось ён у турме — і што? Знямеў? Божа, знямеў, але таксама толькі на беларускую мову.

        А гэты — кандыдат R., ледзь не самы галоўны патрыёт у нядаўнім мінулым, за якім свядомыя стаялі тысячнымі шэрагамі. І ягоныя выбары скончыліся ў камеры. Што з ім? Ён знямеў? Так. Ён знямеў па-беларуску. Як і ўвесь народ наш.

        Дык, а што мы патрабуем ад людзей паспалітых? Мы дамагаемся іншых законаў, канстытуцыйных фармулёвак і нават улады, прыкрываючы ўсё гэта ідэаламі адраджэння Бацькаўшчыны, тады як для адраджэння Бацькаўшчыны не трэба нічога — ні законы, ні канстытуцыя, ні нават улада. Для адраджэння Бацькаўшчыны трэба толькі адно — каб патрыёты мовы пачалі на гэтай мове размаўляць. І ўсё! І з гэтым лічыліся б і тыя, хто Беларушчыну ненавідзіць. Калі б заўтра на вуліцах нашых гарадоў хаця б кожны трэці загаварыў на роднай мове, дык «рускі са знакам якасці» сам бы перапісаў імгненна і законы, і канстытуцыю.

        Аднак якой можна трызніць беларусізацыяй, калі самыя пасвячоныя адважваюцца на геройства размаўляць па-беларуску толькі ў партыйных офісах?! Дзіка? Дзіка. Дзічэй і не прыдумаць.

        Але не, што гэта я брашу, даруй Божа! Прыдумаць можна і яшчэ дзічэй. Дзічэй — гэта калі эліта — людзі, якія прэтэндуюць на ролю настаўнікаў для 10-мільённага народа, на ролю лідараў перамен, — баяцца, саромеюцца па-беларуску размаўляць нават у офісах партыйных. І зноўку, гаворка ж не пра тых, хто, пачуўшы мову Купалы, можа цвердзіць адно толькі: «Ненавіджу! Ненавіджу! Ненавіджу!», гаворка пра альтэрнатыўную афіцыйнай нацыянальную і палітычную эліту! Дастаткова ўключыць Радыё Свабода, каб пераканацца, як шмат у Беларусі гэтых сімвалаў новага жыцця, якім нават у эфіры РС сорамна пару слоў адкаменціць па-беларуску. І іх жа ніхто не прымушае ўсё жыццё сваё мяняць на беларускі лад, не. Але ж пару слоў па-беларуску на беларускае пытаннечка можна? Канешне можна! І пару слоў можна, і напоўніць усё жыццё новай зямлі сваёй, якой ты служыць бярэшся, таксама можна. Было б жаданне! І прыкладаў — тысячы! Але — не! Як жа, сорамна і ганебна!

        Госпадзі, пад якім жа мы ўсе комплексам жывём — комплексам нацыянальнай непаўнавартаснасці! Мы лічым сябе, зямлю сваю, старажытную мову — усё тое, чым адарыў Ты нас, — і, адпаведна, народ свой лічым — непаўнацэннымі! Пра якія перамены можна гаварыць? Хто іх даможацца? Хто павядзе да духоўнага і нацыянальнага адраджэння? Тыя, хто лічыць сябе другасортным?

        Дык як жа быць?..

        Не, мы не расчаруемся ў блаславенствах Тваіх. Яны непаўнацэннымі быць не могуць. Яны цудоўныя. І не кожны, далёка не кожны народ так шмат і ў такой прыгыжосці іх мае. Таму мы будзем абвяшчаць Слова. Мы не знямеем. Мы не засаромеемся. Нават калі будзе цяжка. Нават калі будзе невыносна. Мы будзем гаварыць.

        Я намыліў твар і амыў яго халоднай вадой.

        Будзем. Нават калі першым давядзецца атрымаць гумовым тапкам па мордзе, тым, хто ідзе за намі, будзе прасцей.

        Мазыр, ПК-20,

        1.XI.2012.

Каментары21

Стала вядома, якія дні будуць выходнымі на Новы год

Стала вядома, якія дні будуць выходнымі на Новы год

Усе навіны →
Усе навіны

Мінчанка расказала, як змагла правезці ежу праз беларуска-літоўскую мяжу8

Лісты палітвязня Вацлава Арэшкі з турмы напісаныя чужой рукой

Трамп выбраў Роберта Кенэдзі-малодшага міністрам аховы здароўя13

У Беларусі прадаюць мёд за 300 рублёў — што за ён?1

«Калі ласка, памры». Нейрасетка з абразамі і праклёнамі накінулася на карыстальніка. Спыталі ў яе, чаму яна раззлавалася28

Па ўсёй Беларусі прайшла хваля затрыманняў сваякоў палітвязняў7

23-гадовы хлопец загінуў у лабавым сутыкненні ў Светлагорскім раёне

Трэнеру брэсцкага «Дынама» стала кепска пасля перамогі над БАТЭ — яму тэрмінова зрабілі аперацыю на сэрцы1

У Мінску пайшоў снег ФОТА1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, якія дні будуць выходнымі на Новы год

Стала вядома, якія дні будуць выходнымі на Новы год

Галоўнае
Усе навіны →