Шыла — чалавек з жалезнымі нэрвамі. Азарка пачуваецца ізаляванаю. Піша Зьміцер Панкавец.
У аўторак 4 верасьня ў раённых судах Нясьвіжу і Салігорску пачнуцца працэсы па справе незарэгістраванага «Маладога фронту». На лаве падсудных апынуцца Наста Азарка і Іван Шыла.
Сямёх маладафронтаўцаў ужо судзілі па артыкуле 193 КК «дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі». Азарка з Шылам стануць восьмай і дзевятым. На чарзе яшчэ Яраслаў Грышчэня з Баранавіч, дата суду якога пакуль не названая.
Працэсы прызначаныя на адзін дзень з разьлікам на тое, каб на суды прыехала як мага меней людзей, мяркуюць маладафронтаўцы. Толькі 4 верасьня зь берасьцейскай турмы выйдзе Павал Севярынец, які мог бы арганізаваць належную падтрымку пад сьценамі судоў Нясьвіжу і Салігорску. І, нарэшце, 6 верасьня «Малады фронт» сьвяткуе дзесяцігодзьдзе. Прысуды маладзёнам, такім чынам, могуць стаць своеасаблівым «віншаваньнем», лічаць яны.
Наста Азарка: Адна на цэлы горад
Імя 25‑гадовай Насты Азаркі пэрыядычна фігуруе ў сьпісах затрыманых і ўдзельнікаў апазыцыйных акцыяў досыць даўно. Яна сядзела на сутках у 2004‑м, неаднаразова атрымлівала штрафы, яе затрымлівалі і трымалі ў пастарунках. Аднак жаданьне займацца грамадзкай дзейнасьцю не зьнікае.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў‑2006 на Насту ўжо заводзілі крымінальную справу па тым самым артыкуле, але ўрэшце спынілі. Сёлета вырашылі завесьці зноў. У пастарунках Азарка падпісвала расьпіскі, што адмаўляецца ад любой палітычнай дзейнасьці, пасьля міліцыянты лавілі яе зноў, калі яна вывешвала недзе сьцяг, ці распаўсюджвала налепкі.
Настаўніца пачатковых клясаў паводле адукацыі, Наста вымушаная працаваць рабочай на ільнозаводзе. І нават гэтую працу дзяўчына знайшла толькі з дапамогай прыязных міліцыянтаў.
На працу ад кадэбістаў прыйшла папера, каб кантралявалі ўсе мае заявы па днях, калі я пішу заявы на адгулы. Я вельмі ўдзячная маім калегам за тое, што яны ні аб чым не пытаюцца. Маўклівая падтрымка.
Наста адчувае цяпер моцную патрэбу ў маральнай падтрымцы.
Іван Шыла: Юнак з жалезнымі нэрвамі
Імёны братоў Івана і Ільлі Шылы загучалі пасьля падзеяў на Плошчы. Там яны былі разам з бацькам Уладзімерам. Таму пытаньне бацькоўскай падтрымкі ў іх сям’і нават не стаіць.
За кароткі тэрмін Іван Шыла (на фота) змог згуртаваць вакол сябе некалькі дзясяткаў хлопцаў і дзяўчат, якія складаюць касьцяк салігорскай апазыцыі. Летась у траўні Іван быў адным з пачынальнікаў галадоўкі пратэсту супраць уціску моладзі ў навучальных установах.
«Хлопец з каменным тварам і жалезнымі нэрвамі. Ён мала кажа, але шмат робіць. Яго вытрымцы і мэтаскіраванасьці мог бы пазайздросьціць любы сталы палітык», — характарызуе Івана Шылу П.Севярынец.
Шылу ўжо ня раз затрымлівалі, але пакуль не судзілі, бо непаўналетні, школьнік. Звычайна хлопца, патрымаўшы пару гадзінаў у пастарунку, адпускаюць. Некалькі разоў на кватэры Шылаў КДБ ладзіў ператрусы з канфіскацыямі. Летась старшыня салігорскага гарвыканкаму публічна абя¬цаў пасадзіць Івана ў клетку, калі ён не супакоіцца.
Шыла ня робіць ніякіх прагнозаў наконт суду. Кажа, што ўсё пакажа час.
І Наста, і Іван просяць усіх неабыякавых падтрымаць іх 4 верасьня.
Каментары