Сярэдняя цана прапановы квадратнага метра ў сталіцы Беларусі складае ўжо $1800 і неўзабаве можа дасягнуць дакрызіснага ўзроўню. У канцы 2007 кватэры каштавалі $2000 за метр.

Уладальнікі мінскага жылля радуюцца — штодня яны багацеюць на некалькі сотняў даляраў.

Ці можна выкарыстаць гэты рост цэнаў і абмяняць мінскую кватэру на нерухомасць за мяжой? Абтэлефаноўваем агенцтвы адно за адным і чуем аднолькавы адказ: замежнікі мінскімі спальнымі раёнамі не цікавяцца. Таму рыэлтары прапануюць спачатку прадаць жыллё, а пасля шукаць апартаменты за мяжой.

За панэльную аднапакаёўку плошчай 30 квадратных метраў у Малінаўцы нам раяць ставіць цэннік як мінімум на ўзроўні $55 тысяч. А калі побач з домам нарэшце адкрыюць метро, можна будзе смела накінуць яшчэ пару тысяч даляраў, падказваюць рыэлтары.

Будзем лічыць, што $55 тысяч (яны ж 42 тысячы еўра) у нас у кішэні. Што можна набыць за такія грошы ў іншых краінах?

Літва: купляе хто хоча

У віленскіх агенцтвах нерухомасці з гатоўнасцю высылаюць спіс кватэраў на продаж. Квадратны метр у літоўскай сталіцы каштуе танней, чым у Мінску — каля $1500-1600. Гэта значыцца, нам пасуюць маленькія двухпакаёўкі.

Напрыклад, за кватэру плошчай 43 м2 у цагляным пяціпавярховіку былога завадскога інтэрната ў спальным раёне Жырмуны просяць $36 тысяч. А за аднапакаёўку на 35 м2 за некалькі кіламетраў ад цэнтра — $53 тысячы.

У курортнай Паланзе за тыя ж грошы можна прыгледзець і невялікую трохпакаёўку — праўда, далекавата ад мора.

А вось дамы прадаюцца рэдка, бо замежнікам забараняецца купляць зямельныя ўчасткі.

У літоўскага жылля ёсць істотны мінус.

За камунальныя паслугі давядзецца плаціць істотна больш, чым у Беларусі, асабліва ўзімку. У халодныя месяцы кварплата ў аднапакаёвай хрушчоўцы можа дасягаць 1,5 мільёна рублёў.

Разам з тым ёсць і выгада.

Па-першае, гэта цана. Па-другое, магчымасць атрымаць шматразовую візу. Па-трэцяе, жыллё ў суседняй сталіцы можна разглядаць як магчымасць схавацца ад беларускіх праваахоўнікаў і падаткавікоў. Па такім шляху, як мяркуюць літоўскія СМІ, пайшлі многія беларускія бізнэсоўцы — нават уласнікі крамаў «Еўраопт». Некаторыя набываюць жыллё на будучыню дзецям.

А вось прэтэндаваць на від на жыхарства толькі праз валоданне нерухомасцю нельга.

Польшча: патрэбны дазвол

Прыехаўшы ў Польшчу нават з $100 тысячамі ў кішэні, проста так набыць катэдж з пляцам не ўдасца.

Замежнікам трэба атрымаць дазвол ад чыноўнікаў, а спачатку абгрунтаваць сваю сувязь з Польшчай і растлумачыць, навошта купляецца зямля. Выключэнне робіцца для тых, хто ўжо пражыў на тэрыторыі краіны больш за 5 гадоў альбо знаходзіцца ў шлюбе з грамадзянінам Польшчы.

Што датычыць кватэр, то іх можна купляць свабодна. Сярэдняя цана квадратнага метра ў Варшаве складае $2300.

Гэта значыць, на грошы ад мінскай аднапакаёўкі нічога не набудзеш. Ненашмат меншыя цэны і ў Кракаве.

У Беластоку за квадратны метр давядзецца заплаціць каля $1300 — удасца купіць аднапакаёўку, але большую па плошчы, чым у Мінску.

Іспанія

Крызіс, які апанаваў іспанскі рынак нерухомасці, не дае спакою патэнцыйным інвестарам. Яшчэ б — кватэры і катэджы прадаюцца па мінімальных цэнах!

Іспанцы бралі крэдыты на жыллё, аднак многія з іх вярнуць грошы не змаглі. Давялося аддаваць жыллём. Цяпер банкі распрадаюць яго, каб хоць часткова кампенсаваць свае страты.

Ці можна паспець яшчэ штосьці ўхапіць са стала? Наўрад ці.

У продажы найбольш прадстаўлена ўцэненае курортнае жыллё, але яно ўсё адно дарагое. Цэны за вілы пачынаюцца ад $200 тысяч. Здаваць у арэнду іх будзе складана, бо рынак і так перанасычаны. Дарэчы, каля 10% кошту жылля давядзецца аддаць у выглядзе падаткаў.

Выгадныя прапановы ў прыбярэжных гарадах. У Алікантэ пяцікапакаёўка плошчай 100 м2прадаецца за $45 тысяч. Праўда, да мора будзе далёка.

Разлічваць на дармавыя кватэры ў мегаполісах не варта.

У Мадрыдзе і Барселоне квадратны метр нават у крызіс каштуе каля $4000.

Нерухомасць у Іспаніі застаецца для беларусаў прыгожай казкай, бо ў рэальнасці жыццё ў краіне даражэйшае, чым у Беларусі, а знайсці працу для мігранта неймаверна складана.

Паводле падлікаў іспанскіх статыстыкаў, сярод замежнікаў, якія летась набылі ў краіне больш за 100 аб’ектаў нерухомасці, беларусаў няма.

Залатая Масква

З нашых $80 тысяч у маскоўскіх агенцтвах нерухомасці стрымана пасмяяліся.

«Самыя танныя аднапакаёўкі ў нашай базе каштуюць ад $160 тысяч. З вашай сумай мае сэнс прыгледзецца да Падмаскоўя. У Арэхаве-Зуеве, Серпухаве, Каломне — 100 км ад Масквы --  можам падабраць вам аднапакаёўку плошчай 35-45 м2», — прыйшоў адзін з адказаў.

* * *

Сярэдняя цана квадратнага метра на другасным рынку

Масква — $5000

Варшава — $2300

Кіеў — $2100

Мінск — $1800

Вільня — $1550

Рыга — $1300

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?