Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»55

"Эўрапейскі марш" напалохаў Маскву

...А ў нас асобныя апазыцыйныя дзеячы ўзброіліся ружовымі акулярамі. Учора ставілі рэжыму канчатковы дыягназ, сёньня ж пераконваюць, што там, наверсе, безь пяці хвілін зайкі:) Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

— Тата, і тут "Эўрапейскі марш"!

Мой малодшы, пяцігадовы Цімох, з фанатызмам індывіда, які толькі што навучыўся чытаць, бэкае каля кожнай шыльды ці афішнай тумбы. Дык ужо і яму прымільгаліся налепкі з рэклямай акцыі 14 кастрычніка. Пры тым што іх, з ужываньнем экспрэсыўнай лексыкі, рэгулярна зьдзіраюць адмыслова праінструктаваныя дворнікі ды прыбіральшчыцы. Вось у гэтых катэгорый насельніцтва сымболіка ЭЗ дакладна выклікае алергію:)

Так ці іначай, арганізатары дэманструюць надзвычайны размах ды энтузіязм. Хаця спн. Пяткевіч, празь якую яны зараз спрабуюць знайсьці паразуменьне з вярхамі, наўрад ці акажацца слабым зьвяном. Ва ўлады няма ні найменшага жаданьня братацца з "шалудзівымі людзьмі". І нават калі давядзецца трохі пазаляцацца да Эўропы, то пасярэдніцтва ў асобе апазыцыйных лідэраў сто гадоў не патрэбнае.

І на сакральную плошчу ў цэнтры гораду маніфэстантаў пускаць не разгоняцца. Тым болей што тут уладам зусім не абавязкова выстаўляць сябе ворагамі Эўропы. Ёсьць нейкія параграфы нарматыўных актаў, а побач жа мэтро, адміністрацыйныя будынкі — карацей, мы б і радыя, але "не паложана".

Зрэшты, энтузіясты эўрапейскага вэктару ахвотна палічаць станоўчым мэсыджам ужо той варыянт, калі спэцназ ня стане мясіць. Бачыце, маўляў, у кіроўных вярхох ужо зрабіліся ў душы эўрапейцамі, толькі яшчэ саромеюцца прызнацца:)

Асобныя апазыцыйныя дзеячы начапілі перад маршам ружовыя акуляры. Учора ставілі рэжыму канчатковы дыягназ (таталітарызм і ўсё такое), а сёньня пераконваюць, што там, наверсе, безь пяці хвілін зайкі:) Ды яшчэ і ганяць тых, хто дазваляе сабе скептычна ацэньваць магчымасьць дыялёгу: маўляў, варожыя элемэнты! Піяр патрабуе ахвяр? Ва ўсякім разе, варта дазаваць палітычны рамантызм, бо пастфактум гэта вылазіць дэпрэсыўнымі настроямі наіўных актывістаў.

Ну а ў каго-кольвек на ўсходзе — традыцыйны рэфлекс: "Московские новости" трактуюць рыхтаванае шэсьце як квінтэсэнцыю антырасейскіх настрояў. Малюецца нейкая фантасмагорыя: "Масштабныя ды шматлікія акцыі падтрымкі "Эўрапейскага маршу" разгарнуліся па ўсёй краіне. Але асаблівую актыўнасьць апазыцыя выявіла ў сталіцы, дзе ўжо нікога не зьдзіўляюць і не палохаюць шматлікія групы маладых людзей, што шпацыруюць пад сьцягамі ЭЗ з гучнымі воклічамі: "Беларусь ў Эўропу!".

Павявае стылем "Пионерскай правды" саракагадовай даўніны. Выснова ж палягае ў тым, што "беларускі народ патрохі аб'ядноўваецца разам з уладай ды апазыцыяй супраць "зламыснага" Крамля". І сам артыкул мае назву "Марш ад Расеі". Карацей, у каго што баліць.

Зрэшты, калі адкінуць гіпэрбалы, то доля праўды ў апісаньні нашага трэнду ёсьць. Ад Андрэя Вардамацкага, мэтра незалежнай сацыялёгіі, днямі я зноў пачуў пацьверджаньне: прарасейскія настроі ў Беларусі зьніжаюцца, праэўрапейскія — пакрысе мацнеюць.

Канешне, у імпэрыі пашча, як у кашалота: засмокча і не падавіцца. Але, са слоў маскоўскага палітоляга Кірылы Коктыша (зрэшты, этнічнага беларуса:), "мысьленьне сёньняшніх расейскіх элітаў вельмі эканамічнае. "Купля" Беларусі не ўяўляецца выгадным набыткам". Праўда, ён дадае: "Хіба што рэзка абвострацца стасункі з Захадам".

Ну а "Эўрапейскі марш" — хоць і ня стане рымэйкам Плошчы, нават калі арганізатары зьбяруць столькі ж народу — мае місію той кроплі, што точыць камень. Так што хай ужо даруюць дворнікі за налепкі — "Парыж варты імшы":)

Каментары5

Цяпер чытаюць

За мінулы год насельніцтва Беларусі скарацілася яшчэ на 53 тысячы чалавек5

За мінулы год насельніцтва Беларусі скарацілася яшчэ на 53 тысячы чалавек

Усе навіны →
Усе навіны

У мінскім метро чалавек захацеў набыць адразу 3 тысячы жэтонаў4

Пентагон можа перанакіраваць пастаўкі зброі, прызначанай для Украіны, у Іран4

МАК забараніў жанчынам-трансгендарам выступаць у жаночых спаборніцтвах2

Санаторый «Сосны» на беразе Нарачы мадэрнізуюць у сучасны велнес-цэнтр2

У былога белсатаўца Прановіча дома знайшлі некалькі сотняў грамаў псіхатропаў, у тым ліку наркотык-зомбі19

Вызвалілі арыштаваных па «справе кнігароў» Алеся Яўдаху і Вацлава Багдановіча

Ліквідавалі фонд «КіндэрВіта», які дапамагаў дзецям з анкалагічнымі захворваннямі

Cцяпан Латыпаў трэці раз спрабаваў здзейсніць суіцыд у турме10

Паўлючэнка пра гульню Мацкевіча: Папахвае палітычным махлярствам52

больш чытаных навін
больш лайканых навін

За мінулы год насельніцтва Беларусі скарацілася яшчэ на 53 тысячы чалавек5

За мінулы год насельніцтва Беларусі скарацілася яшчэ на 53 тысячы чалавек

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць