Грамадства

Разбіты бюст, парашутысты, архіўныя нумары. Што паказваюць і расказваюць на выставе да 120‑годдзя «Нашай Нівы»

На сценах — некалькі фота рэдакцыі пасля вобшуку. Толькі адно з іх з 1910 года, а другое — з 2021-га. Пад канец адкрыцця Наста Роўда глядзіць на людзей, што сабраліся ў зале, і паўтарае фразу, якая гучыць як выснова…

Бюст Івана Луцкевіча — цэнтральная кропка выставы да 120‑годддзя выдання. Фота тут і далей: «Наша Ніва»

Па твары Івана Луцкевіча праходзяць залатыя швы. Яны не хаваюць расколін, наадварот, пракладаюць па іх лініі, нібы на мапе перажытага. Белы бюст стаяў у мінскай рэдакцыі «Нашай Нівы», пакуль 8 ліпеня 2021 года сілавік не шпурнуў яго на падлогу. На рэдакцыйнай дошцы тады пакінулі прысуд: «Наша Ніва RIP».

Праз пяць гадоў Луцкевіч зноў глядзіць на наведнікаў, сабраны з кавалкаў і прашыты золатам. Бюст аднавілі паводле прынцыпу японскага мастацтва кінцугі: расколіны ператварылі ў частку ягонай гісторыі.

Для куратаркі выставы Паўліны Вітушчанкі гэта, магчыма, самы важны і сімвалічны экспанат:

— Рэдакцыя не здаецца, нягледзячы на ўвесь ціск. Разбітыя і параненыя беларускія лёсы яна штодзённа склейвае назад. Мне здаецца, бюст — вельмі трапны сімвал усёй гэтай гісторыі, — кажа яна.

Паўліна Вітушчанка — куратарка выставы, прысвечанай 120‑годдзю «НН»

Побач вісяць фотаздымкі разгромленага офіса, парваныя журналісцкія пасведчанні, здымкі рэдактараў за кратамі. Але выстава «Голас стагоддзя. 120 гадоў «Нашай Ніве», якая адкрылася ў Вільні, пачынаецца не з гэтага, і нават не з першага нумара газеты. Яна пачынаецца з галасоў.

Выстава праходзіць у Вільні ў Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча. З лютага выставу можна будзе пабачыць у Варшаве ў Музеі вольнай Беларусі.

Хор, з якога нараджаецца беларускае «мы»

На ўваходзе наведнікаў сустракае экран. На ім — відэаролік, зняты спецыяльна для выставы. Галасы рэдактараў, аўтараў і чытачоў розных часоў накладаюцца адзін на адзін, уступаюць у размову і перагукаюцца праз дзесяцігоддзі.

Арганізатары называюць гэты ролік «хорам». Усю экспазіцыю яны пабудавалі паводле прынцыпу старажытнагрэчаскай трагедыі.

— Трагедыя — гэта не абавязкова нешта жорсткае і пачварнае, — тлумачыць Паўліна Вітушчанка. — Гэта гісторыя, у якой лёс і багі хочуць аднаго, а герой — іншага. У выпадку «Нашай Нівы» герой раз за разам спрабуе вырвацца з наканаванага яму фіналу. Газету душыла цэнзура, яе закрывалі, але яна зноў і зноў вярталася.

«Сэрца забілася, слёзы бягуць»

Першы нумар «Нашай Нівы» выйшаў у Вільні 23 лістапада 1906 года паводле новага стылю. У звароце да чытачоў рэдакцыя абяцала служыць «усяму беларускаму скрыўджанаму народу» і быць люстрам жыцця, каб святло ад яго падала ў цемру.

Цяпер гэтыя словы надрукаваныя вялікімі літарамі на сцяне выставачнай залі. Побач — пажоўклыя нумары, фотаздымкі першай рэдакцыі, паштоўкі, лісты і рукапісы. Адзін з чытачоў, атрымаўшы газету, прызнаваўся, што ў яго забілася сэрца, пацяклі слёзы, а навокал нібы пацямнела. Ён не мог паверыць, што трымае ў руках выданне на сваёй мове: «Сам не ведаеш, ці гэта сон, ці праўда».

Праз 120 гадоў ягоны голас гучыць з экрана ў віленскай зале.

Белыя плямы замест забароненых слоў

Выстава вядзе наведніка ўслед за гісторыяй газеты. Першы раздзел прысвечаны «Нашай Ніве» 1906‑1915 гадоў — выданню, вакол якога сабраліся браты Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Іваноўскі, Алаіза Пашкевіч, Аляксандр Уласаў, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч і іншыя людзі, без якіх сёння немагчыма ўявіць беларускую культуру.

На адной з першых палос — вялікія пустыя плямы. Так царская цэнзура выразала часткі артыкула пад назвай «Вайна». Пра што ў ім ішла гаворка, цяпер ужо невядома. 

Побач можна пагартаць факсімільныя нумары старой газеты і зазірнуць у «Слоўнік мовы «Нашай Нівы»». Людзі дасылалі ў рэдакцыю навіны са сваіх мясцін, разважанні пра гісторыю і мову, спрачаліся з аўтарамі, прапаноўвалі тэмы, пыталіся, дзе знайсці беларускага настаўніка.

— Першая рэдакцыя складалася з адукаваных людзей, фактычна з тагачаснай эліты. Але яны разумелі, што нацыю немагчыма пабудаваць толькі на элітарным узроўні, — тлумачаць Паўліна. — Яны звярнуліся да народа, а ў адказ пайшлі лісты. Людзі чыталі, атрымлівалі адукацыю, упершыню бачылі сваю мову надрукаванай. Газета станавілася месцам сустрэчы людзей, якія раптам адчулі, што належаць да чагосьці большага за сваю вёску ці мястэчка.

У 1915 годзе «Наша Ніва» спыніла выхад. У 1920‑м яе паспрабавалі аднавіць, але паспелі выпусціць толькі дзевяць нумароў. Потым настала цішыня амаль на сем дзесяцігоддзяў.

На выставе гэты разрыў пазначаны літаральна: паміж эпохамі застаецца пустая прастора. Праз яе ляцяць чорныя птушкі-рабінаўкі, якія нясуць у дзюбах чырвоныя літары лагатыпа «НН». Нібы пераносяць іх праз час, каб аднойчы зноў скласці назву газеты.

Першы нумар і «ніякай літасці да чытачоў»

У жніўні 1991 года «Наша Ніва» зноў вярнулася ў Вільню. Гэты раздзел выставы выглядае асабліва цёплым і амаль хатнім: маляваныя ад рукі загалоўкі, канверты з Пагоняй, рэдакцыйныя рукапісы з праўкамі, карыкатуры і маленькія ілюстрацыі.

На адным са здымкаў — тры Сяргеі: Шупа, Харэўскі і Дубавец. Побач — віленскі двор, у якім працавала рэдакцыя.

Частку архіва музею перадаў першы рэдактар адноўленай «Нашай Нівы» Сяргей Дубавец. Тут захаваліся лісты, анкеты, рэдакцыйныя дакументы і сведчанні таго, чаго чытачы чакалі ад газеты. Адным з яе тагачасных прынцыпаў было: «Ніякай літасці да чытача».

На адкрыцці Дубавец гаворыць пра пачатак 1990‑х як пра час, калі беларуская ідэя перадавалася ад чалавека да чалавека, ад старэйшага пакалення маладзейшаму. Гэты няўлоўны «флюід беларушчыны», паводле яго, ішоў ад Ларысы Геніюш, братоў Луцкевічаў, ад усіх тых, хто захаваў і перадаў далей перакананне, што Беларусь мусіць мець уласны голас.

Сяргей Дубавец на адкрыцці выставы

— Аднавіць гэты жывы флюід, працягнуць яго існаванне для нас азначала працягнуць існаванне беларускай ідэі і самой Беларусі, — кажа Сяргей Дубавец.

Ён прапануе згадаць іншае беларускае выданне такой самай працягласці, сілы і насычанасці талентамі — і сам прызнае, што зрабіць гэта будзе цяжка. «Наша Ніва» даўно выйшла за межы звычайнага сродку масавай інфармацыі.

Першы адноўлены нумар друкавалі ў Баранавічах. У дзень, калі Сяргей Дубавец прыехаў забіраць наклад, горад упершыню ў сваёй гісторыі адзначаў уласны дзень нараджэння.

У цэнтры ішоў парад, граў аркестр, спявалі хары, над горадам ляцелі парашутысты. А ў руках рэдактар трымаў першы за шмат дзесяцігоддзяў нумар «Нашай Нівы».

У друкарні, праўда, не знайшлося тэхнікі, каб скласці надрукаваныя аркушы. Таму некалькі дзяўчат усю ноч згіналі іх рукамі.

Праз 35 гадоў супрацоўніцы музея гэтак жа складвалі буклеты новай выставы, зробленыя ў выглядзе газеты. Маленькі жэст, які нечакана злучыў дзве эпохі.

Каб падрыхтаваць выставу, яе стваральнікі запісалі дзясяткі гадзін размоў з людзьмі, якія ў розныя часы працавалі ў «Нашай Ніве». У экспазіцыю трапілі толькі фрагменты, а поўныя запісы музей плануе пазней апублікаваць у фармаце падкастаў.

— Гэта была надзвычай цікавая праца, — прызнаецца Паўліна. — Ты сам трошкі становішся журналістам: размаўляеш з людзьмі, распытваеш, спрабуеш дакапацца да таго, што яны спачатку не збіраліся расказваць.

З гэтых размоў вырасталі і зусім зямныя гісторыі. Адно з інтэрв’ю, успамінае арганізатарка, было амаль цалкам прысвечанае голаду ў рэдакцыі: калі грошай на ежу амаль не было, невядомы дзядуля прывёз ім з вёскі цэлы кошык прадуктаў. Прайшлі дзесяцігоддзі, а той кошык людзі памятаюць дагэтуль. «Наша Ніва» заўсёды рабілася на сяброўстве, драйве і перакананні, што яе абавязкова трэба рабіць. 

Газета, якую малявалі, выразалі і клеілі

Пасля Сяргея Дубаўца да мікрафона выходзіць Сяргей Харэўскі. Ён глядзіць на старыя макеты, загалоўкі і малюнкі, сярод якіх ёсць і ягоныя працы, і кажа, што рэдакцыі надзвычай пашанцавала — з эпохай, сябрамі і той кароткай прасторай свабоды, якая адкрылася пасля распаду Савецкага Саюза.

— Не было інтэрнэту, не было мабільнікаў. Цяпер мы разумеем, што ў пэўным сэнсе гэта было нашым шчасцем, — кажа ён.

Бо шмат што даводзілася рабіць рукамі. Загалоўкі малявалі, тэксты выразалі, макеты складалі і клеілі. Газетная паласа мела фізічную вагу, пах клею і паперы, захоўвала няроўныя лініі, памылкі і дакрананні пальцаў.

— Кожны такі макет выглядаў як сапраўдны артэфакт. У ім заставалася чалавечае цяпло, — успамінае Харэўскі.

У рэдакцыю прыязджалі беларусы з Гродна, Полацка, Беласточчыны. Для некаторых дабрацца да Вільні было нават прасцей, чым сустрэцца ў Мінску. Асаблівае месца ва ўспамінах Харэўскага займаюць віленскія беларусы, якія прынялі маладых рэдактараў як сваіх.

— Гэта быў унікальны момант. Ні раней, ні пазней ён мог ужо не паўтарыцца. У пэўным сэнсе гэта быў цуд. 

Сяргей Харэўскі пасярэдзіне

«Наша Ніва» рэгулярна ладзіла сярод чытачоў анкетаванне. Пыталася, якія кнігі найбольш важныя для беларускай культуры, якія гістарычныя выданні варта прачытаць, якім будзе лёс беларускай мовы. 

Адказы дасылалі вядомыя гісторыкі і літаратары, а побач з імі — людзі, пра якіх сёння нічога не вядома. Пісалі з беларускіх мястэчак, з войска, з універсітэтаў, з ЗША і Аўстраліі. Дыяспара дапамагала і грашыма. Задоўга да інтэрнэту вакол выдання ўжо існавала сетка людзей, раскіданых па свеце і звязаных адной мовай.

— Гэта вельмі жывая карэспандэнцыя, — кажа Паўліна Вітушчанка. — З яе бачна, як людзі знаходзілі «Нашу Ніву», чаго ад яе чакалі і ці адпавядала яна іх чаканням.

Суд за права пісаць па-свойму

У 1996 годзе рэдакцыя пераехала з Вільні ў Мінск і амаль адразу сустрэлася з беларускай дзяржавай у судзе. Прычынай стаў правапіс. Улады патрабавалі, каб газета карысталася афіцыйнай нормай, а не тарашкевіцай. У абарону выдання выступілі вядомыя мовазнаўцы і акадэмікі. На выставе захаваліся іх заключэнні, матэрыялы суда і перапіска.

«Наша Ніва» той працэс выйграла. 

З часам літаратурна-культурнае выданне ўсё больш ператваралася ў грамадска-палітычную газету. Змяняліся рэдактары, правапіс, дызайн і фармат. Папяровая «Наша Ніва» паступова саступіла месца сайту. Загалоўкі, намаляваныя пэндзлем, ператварыліся ў навінную стужку, а лісты ў канвертах — у тысячы каментароў.

Побач — арыгінал партрэта Антона Луцкевіча, напісанага Пятром Сергіевічам і захаванага ў сямейнай калекцыі. На выставе яго паказваюць упершыню. Луцкевіч глядзіць з партрэта спакойна і строга — на нумары выдання, якое перажыло свайго заснавальніка, некалькі дзяржаў і не адну спробу паставіць у ягонай гісторыі кропку.

Матэрыялаў у музея сабралася нашмат больш, чым змясцілася ў зале. Толькі з архіва адроджанай у 1991 годзе «Нашай Нівы», кажуць арганізатары, можна было б зрабіць асобную выставу.

«Для нас «Наша Ніва» была цэнтрам сусвету»

Чырвоная частка экспазіцыі прысвечаная 2020‑2021 гадам. Яна рэзка ўрываецца ў спакойныя колеры старой паперы.

На сценах — фотаздымкі затрыманых Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко, здымкі разгромленай рэдакцыі, турэмныя дакументы.

Сведчанні апошняга разгрому яшчэ не паспелі састарэць і ператварыцца ў звыклыя музейныя рэчы. Фотаапараты, з якімі журналісты працавалі на пратэстах, выглядаюць так, нібы іх толькі ўчора паклалі на стол. Побач — парваныя пасведчанні і дзіцячыя выданні «Нашай Нівы», якія чытачы вывозілі з Беларусі.

На адным з іх выразаны кавалак старонкі — менавіта там было пазначана, хто выдаў часопіс. Людзі баяліся, што праз згадку «Нашай Нівы» выданне могуць знайсці на мяжы і забраць, таму загадзя выдалілі небяспечнае месца.

Побач — вышыўкі, зробленыя ў падтрымку зняволеных нашаніўцаў. На іх журналісты паказаныя за кратамі. 

Адзін з рэдактараў выдання расказаў, як пасля ператрусу першы раз трапіў у рэдакцыю.

— Прыехаў, а там усё валяецца, усё перагорнута. Ты яшчэ толькі што быў у іншай эпосе. Гэтае месца было цэнтрам твайго жыцця, цэнтрам сусвету. Мы вялікія эгаісты ў «Нашай Ніве»: для нас яна была цэнтрам не толькі Беларусі, але і ўсяго сусвету. І вось ты прыходзіш, а там усё разгромлена.

«Стваральны пачатак важнейшы за спробы нас закрыць»

Слова бярэ Андрэй Скурко — і адразу папярэджвае, што хоча выступіць з крытыкай канцэпцыі выставы. На яго думку, калі глядзець на 120‑гадовую гісторыю «Нашай Нівы», у экспазіцыі зашмат увагі аддадзена пераследу.

— Ніколі такога не было, каб з «Нашай Нівай» чаго-небудзь не было, — жартуе ён. — Заўсёды існуе нейкі іншапланетны крэйсер, які пагражае нашай цывілізацыі. Але стваральны пачатак «Нашай Нівы» нашмат важнейшы за спробы кудысьці яе загнаць, выгнаць ці закрыць.

Праз 120 гадоў, мяркуе ён, забудуцца імёны многіх тых, хто праводзіў ператрусы, падпісваў забароны і адпраўляў рэдактараў за краты. А тэксты, кнігі, словы і людзі, якіх выданне прывяло ў беларускую культуру, застануцца.

Скурко кажа, што марыць пра час, калі ў асобнай «Нашай Ніве» ўжо не будзе патрэбы, бо ўсе беларускія медыя стануць «нашымі нівамі».

Тры рэдакцыі і адна місія

У гісторыі «Нашай Нівы» Вільня з’яўляецца тройчы. Тут нарадзілася першае выданне. Сюды ў 1991 годзе прыехалі людзі, якія хацелі яго аднавіць. І сюды ж пасля разгрому мінскай рэдакцыі зноў вярнулася газета, якая даўно перастала быць толькі газетай.

Што супольнага магло быць у гэтых трох рэдакцый — настолькі розных паводле часу, тэхналогій і людзей? Паўліна Вітушчанка паказвае на словы з першага нумара, вынесеныя на сцяну: служыць беларускаму народу, быць люстрам яго жыцця, дапамагаць людзям зразумець, хто яны.

— Гэтая місія ёсць у кожнай «Нашай Ніве», — адказвае яна. — Газета ўвесь час мянялася, але кожная рэдакцыя захоўвала галоўнае.

У розных эпох былі свае задачы. Першая «Наша Ніва» звярнулася да народа і дапамагла людзям убачыць сябе беларусамі. Рэдакцыя 1990‑х працавала над фарміраваннем культурнай эліты будучай дзяржавы. Мінская «Наша Ніва» зрабілася шырокім грамадска-палітычным медыя.

Часопіс «Наша гісторыя», які выдавала «Наша Ніва»

Сённяшняе выданне нібы ўвабрала ўсе папярэднія ролі: яно працуе для інтэлектуалаў і масавай аўдыторыі, для моладзі і старэйшых людзей, для тых, хто застаўся ў Беларусі, і для тых, хто апынуўся за яе межамі.

— Мне здаецца, «Наша Ніва» прыцягвала да сябе абсалютна выбітных людзей, — разважае Паўліна. — На кожным этапе знаходзіўся нехта, хто браў адказнасць і працягваў яе рабіць. Магчыма, менавіта таму яна і захавалася. Але ў гэтай гісторыі былі не толькі рэдактары. Без чытачоў, якія адказалі на першы зварот 1906 года, ён застаўся б проста словамі на паперы. Хочацца сказаць, што мы, чытачы, таксама ўвесь гэты ўдзельнічалі і дапамагалі. Чалавек, які чытае «Нашу Ніву», становіцца часткай плыні, якая існуе ўжо 120 гадоў.

Рэдакцыя, якую нельга сабраць у адным пакоі

Апошняя частка выставы называецца «Голас без межаў». На экранах — відэа, сацыяльныя сеткі, каментары з сайта і мазаіка сучаснага медыя. Каля ўвахода і ў самой зале можна паглядзець тры ролікі пра «Нашу Ніву». 

Дырэктарка выдання Наста Роўда ўспамінае, што, калі пачаліся арышту журналістаў у Беларусі, у яе ў галаве круцілася адно пытанне: хто будзе працягваць «Нашу Ніву»?

— Усе разумелі рызыкі. Ніхто не хацеў браць на сябе такую адказнасць. Але я думала толькі пра адно: што будзе з «Нашай Нівай»? Яе трэба захаваць, што б ні адбывалася.

Наста выехала з Беларусі і пагадзілася ўзначаліць выданне.

Наста Роўда на адкрыцці выставы

Паводле яе, місія выдання засталася такой самай, як у 1906 годзе. Беларусам па-ранейшаму даводзіцца змагацца за незалежнасць, мову і права самім расказваць пра сябе.

Сёння «Наша Ніва» жыве адначасова на сайце, у Telegram, YouTube, TikTok, Instagram, Facebook і Threads. Папяровая газета ператварылася ў медыя, якое немагчыма сабраць у адным пакоі. Рэдакцыю можна выгнаць з краіны, але яе голас разыходзіцца па розных гарадах, краінах і экранах.

Пры канцы выставы наведнікам прапануюць адказаць на пытанне: «Што патрэбна, каб голас не знік?»

На белых і чырвоных картках ужо з’явіліся першыя адказы: «Гаварыць па-беларуску», «Не маўчаць», «Памятаць свае карані». Карткі становяцца працягам тых старых лістоў, што вісяць у пачатку экспазіцыі. Хор не змоўк, у яго ўступаюць усё новыя галасы.

Пад канец адкрыцця Наста Роўда глядзіць на людзей, што сабраліся ў зале, і паўтарае фразу, якая гучыць як выснова з усёй 120‑гадовай гісторыі:

— Што б ні адбывалася, «Наша Ніва» павінна жыць. І яна будзе жыць.

Каментары

Цяпер чытаюць

Мінчанка нарадзіла ў Мінску на плошчы Перамогі да прыезду медыкаў2

Мінчанка нарадзіла ў Мінску на плошчы Перамогі да прыезду медыкаў

Усе навіны →
Усе навіны

У Англіі выкарыстаныя навагоднія ялінкі закопваюць на пляжах. Навошта?1

Больш за 700 тысяч. Узламаная «Кіберпартызанамі» база Расстата дазволіла ўдакладніць колькасць забітых і зніклых без вестак на вайне расіян6

Мерц: Адмова Украіне ў шляху да НАТА ў 2008 годзе была памылкай14

Адстаўлены віцэ-прэм'ер Шулейка будзе ствараць на Гродзеншчыне аграхолдынг2

«Пакуль мы будзем дамаўляцца, Пуцін апынецца ў Ратэрдаме». Генсак НАТА выказаўся супраць стварэння адзінай еўрапейскай арміі3

Стала вядома, што ўвойдзе ў 22‑гі пакет санцый Еўрасаюза супраць Расіі3

Былы брамнік бразільскай зборнай хутка стане бацькам адразу двух дзяцей ад розных жанчын4

З 1 студзеня павялічыцца мінімальны заробак3

Толькі мова нас звязвае29

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінчанка нарадзіла ў Мінску на плошчы Перамогі да прыезду медыкаў2

Мінчанка нарадзіла ў Мінску на плошчы Перамогі да прыезду медыкаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць