Што цяпер з дзяўчынай, на якую ўпала глыба снегу з даху Dana Mall
У студзені на 17‑гадовую Дзіяну Булаўскую ўпала глыба наледзі з даху гандлёвага цэнтра. Тады дзяўчына трапіла ў бальніцу з цяжкімі траўмамі.

Дзіяна атрымала траўму 17 студзеня 2026‑га каля службовага выхаду з Dana Mall. Тады дах гандлёвага цэнтра чысцілі ад снегу, а месца, куды збіраліся яго скідваць, не было належным чынам агароджанае.
Дзяўчыну шпіталізавалі з цяжкімі траўмамі. Сярод іх — шматлікія пераломы рэбраў, пашкоджанні лёгкіх, парушэнне функцыі тазавых органаў і пераломавывіх двух грудных пазванкоў з ударам і здаўленнем спіннога мозгу.
За час, які прайшоў з таго выпадку, Дзіяна так і не ачуняла цалкам. Як пішуць яе родныя ў сацсетках, дзяўчына нічога не адчувае ніжэй за ўзровень грудзей. Дзіяна не можа хадзіць і вымушаная выкарыстоўваць інвалідны вазок.
Сям'я Дзіяны імкнецца вылечыць дзяўчыну, але, па іх словах, у Беларусі ёй не могуць дапамагчы належным чынам. Дзіяна ўжо прайшла два курсы рэабілітацыі ў Казахстане, ездзіла і ў Кітай — там дзяўчыне ўводзілі стваловыя клеткі. Сям'я плануе новыя курсы рэабілітацыі і для гэтага адкрыла дабрачынны збор.
Паводле следства, у той дзень дырэктар Dana Mall дапусціў да ачысткі даху арганізацыю, якая займалася распрацоўкай рэкламы і не мела нараду-допуску, патрэбнага, каб ачышчаць дах ад снегу. Дах прыбіралі чацвёра мужчын, не аформленых афіцыйна ў той арганізацыі.
Адзін з іх, 53‑гадовы замежнік, і скінуў снег з даху, не пераканаўшыся, што ўнізе няма людзей. Яму ўжо вынеслі прысуд — за прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці мужчына атрымаў тры месяцы арышту.
Дырэктару Dana Mall выставілі абвінавачванне ў службовай халатнасці, якая па неасцярожнасці пацягнула цяжкія наступствы. Мужчына знаходзіўся на волі пад залогам.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары