Мы неяк ужо звыкліся з думкай, што ўсе самыя значныя, цікавыя падзеі ў гісторыі Гродна звязаныя з яго правабярэжнай часткай, а на левым, процілеглым, беразе Нёмана, акрамя францысканскага касцёла, і паглядзець асабліва няма на што.
Але насамрэч гэта зусім не так!
Калі вы стаіце на аўтобусным прыпынку па вуліцы Гагарына, якраз насупраць былога францысканскага кляштара, гэта значыць, што вы знаходзіцеся на месцы старога рынку, можна сказаць, у самым сэрцы былога левабярэжнага Пасада. Гэта значыць, імаверна, што недзе побач амаль пяцьсот гадоў таму ўзвышалася рэзідэнцыя Яна Забярэзінскага. Гэта адсюль у фатальную ноч 1508 года выйшлі забойцы, каб, узняўшы на пікі адсечаную галаву аднаго з самых уплывовых да гэтага моманту арыстакратаў Вялікага Княства Літоўскага, абвясціць аб пачатку смуты, якая змяніла ход гісторыі.
Але пра ўсё па парадку. У гродзенскага старасты і вялікага маршалка літоўскага Яна Юр’евіча Забярэзінскага быў закляты вораг — князь Міхаіл Глінскі. Што паслужыла прычынай іх варожасці, цяпер складана сказаць. Згодна з адным храністам, канфлікт пачаўся праз прэтэнзіі Глінскага на ўладанні сваякоў Забярэзінскага, іншыя гісторыкі прычынай сваркі называлі тое, што ў час знаходжання на пасадзе трокскага ваяводы Забярэзінскі загадаў збіць слугу князя, які быў пасланы па авёс для каралеўскіх коней.
Але былі і іншыя, нашмат больш важкія прычыны.
Рэч у тым, што Забярэзінскі прадстаўляў старую літоўскую арыстакратыю і выступаў прыхільнікам уніі Вялікага Княства з Польшчай, а Глінскі, пазбаўлены роднасных сувязяў сярод кіроўнай эліты, меў уласныя віды на ўладу ў краіне і быў супраць такога саюза.
Можна ўспомніць яшчэ эпізод знакамітай бітвы з крымскімі татарамі пад Клецкам. Насуперак загаду Забярэзінскі атакаваў ворага, а калі яго атрад быў фактычна знішчаны, Глінскі скарыстаўся момантам і нанёс саперніку поўнае паражэнне, здабыўшы, само сабой, усе лаўры пераможцы!
Некалькі гадоў яны робяць адзін супраць аднаго падкопы, плятуць змовы. Дайшло да таго, што Ян Забярэзінскі амаль адкрыта абвінаваціў славалюбівага Глінскага, які меў сярод іншага дыплом лекара, у датычнасці да смерці вялікага князя і караля Аляксандра, якога той нібыта атруціў. Разгневаны князь дамагаўся суду, каб ачысціць сваё імя ад паклёпу. Калі гэта не атрымалася, Глінскі, які не прывык прайграваць, узяўся за зброю.
Паводле адной з версій, ён наважыўся захапіць Кіеў і абвясціць сябе кіраўніком Вялікага Княства Рускага, для чаго збіраўся заручыцца падтрымкай крымскага хана. На чале атрада ў сямсот вершнікаў Глінскі таемна выпраўляецца ў Трокі, каб схапіць былога хана Залатой Арды, што там хаваўся, і выдаць яго потым свайму будучаму саюзніку Менглі-Гірэю. Паводле іншай версіі, прычынай бунту стала вестка аб тым, што на найбліжэйшым сейме ўсіх на Русі збіраюцца хрысціць ў «ляхскую» веру! Трэба ж так здарыцца, што змоўшчыкам сустрэлася палюбоўніца Забярэзінскага, якая якраз вярталася са спаткання. Упусціць такі шанец было нельга. Мяркуючы па ўсім, план помсты нарадзіўся раптоўна. Зладзііўшы проста на дарозе «допыт», Міхаіл Глінскі высветліў, што яго люты вораг знаходзіцца ў Гродне, і тут жа загадаў павярнуць коней.
Пераправіўшыся цераз Нёман, атрад атачыў двор Забярэзінскага.
Штурмам камандаваў найбліжэйшы паплечнік князя, немец Шлейніц. Паводле Стрыйкоўскага, Забярэзінскі быў схоплены проста ў ложку і тут жа абезгалоўлены. «Быў нашым мячом забіты за тое, што ён са сваімі саўдзельнікамі хацеў над намі учыніць» — апраўдваўся пазней князь.
Між тым, з апісання падзей вынікае, што сам Глінскі ў дом не ўрываўся. Больш за тое, Забярэзінскага забіў і не яго сябар Шлейніц, а турак Мустафа.
Мабыць, забойцы бралі ў разлік, што за смерць аднаверцы давядзецца дорага заплаціць, а таму завяршыць пачатае было даверана нехрысціяніну. Калі так, то гэта значыць, што нават у запале помсты Глінскім рухаў халодны разлік, прымушаючы думаць на крок наперад.
Начапіўшы трафей на кончык шаблі, змоўшчыкі вынеслі яго на двор. Убачыўшы адсечаную галаву свайго ворага, князь зусім не засмуціўся, а наадварот, загадаў уторкнуць яе на піку, пасля чаго атрад праскакаў амаль чатыры мілі, пакуль яе не кінулі ў прыдарожнае возера. Можна толькі здагадвацца, калі ў Гродне даведаліся пра тое, што адбывалася на процілеглым беразе.
Далейшыя падзеі па-свойму паўплывалі на гісторыю ўсёй Усходняй Еўропы: няўдалае паўстанне, чарговы віток руска-літоўскіх войнаў, штурм рускімі войскамі Смаленска, бітва пад Оршай і нарэшце з'яўленне на свет сына пляменніцы Міхаіла Глінскага, які ўвайшоў у гісторыю пад імем цара Івана Грознага.
-
З'явіўся партал па гісторыі Беларусі з AI-асістэнтам і 3D-мадэлямі
-
«Найбольш адчувальныя змены — у прэзентацыі паўстання Каліноўскага». Як змяніліся беларускія падручнікі па гісторыі
-
90 гадоў з дня нараджэння Станіслава Шушкевіча — архіўны фільм «Нашай Нівы» пра першага кіраўніка незалежнай Беларусі
Каментары