Меркаванні1313

«Наша сумленьне сёньня ратуюць маладафронтаўцы»

Невялікая публікацыя Сьвятланы Алексіевіч у «БелГазете» ўзрушыла вэтэрана беларускай літаратуры Валянціна Тараса так, што ён памкнуўся напісаць у «НН» адказ — гнеўны. Рэдакцыя прапанавала іншае — каб С.Алексіевіч і В.Тарас сустрэліся і пагутарылі. Запісвала гутарку Наталка Бабіна.

Невялікая публікацыя Сьвятланы Алексіевіч у «БелГазете» ўзрушыла вэтэрана беларускай літаратуры Валянціна Тараса так, што ён памкнуўся напісаць у «НН» адказ — гнеўны. Рэдакцыя прапанавала іншае — каб С.Алексіевіч і В.Тарас сустрэліся і пагутарылі. Запісвала гутарку Наталка Бабіна.

«У нас ёсьць жывая думка і жывая творчасьць»

Валянцін Тарас: Наш час наклаў на ўсіх адбітак неакрэсьленасьці, падвешанасьці. Людзі дакладна не разумеюць, чаго яны хочуць. Мяне па‑сапраўднаму радуе, што ў гэтай постсавецкай дурноце выкрышталізавалася моладзь, якая дакладна ведае, да чаго імкнуцца. Яны найперш хочуць, каб была Беларусь — ня рай, не эдэм, але каб была НАША Беларусь. Канечне, беларуская мова адышла ў літаратуру. Яе няма на ТБ, на радыё, у грамадзкім жыцьці. Але калі чытаеш літаратуру, то бачыш, што мова — па‑ранейшаму акіян, і з часам ён выплесьнецца і за межы літаратуры. Вось Барадулін — якія магутныя рэчы ён робіць! Ці Пашкевіч: яго дакумэнталістыка таленавітая. Ці Севярын Квяткоўскі: быў незаўважны хлопчык, а вось выдаў кніжку «Фрашкі ды пляшкі» — і я і рагатаў, і сьмяяўся, і плакаў, настолькі добра гэта напісана. Існуе, існуе сапраўдная літаратура. У «Маладосьці» яе шукаць ня варта. Яны па‑за літаратурай. Літаратура пайшла адтуль у «Дзеяслоў», прыватныя выдавецтвы, інтэрнэт. Літаратура — гэта пераламленьне нашага часу. Я мала ўдзельнічаю ў грамадзкім жыцьці — і праз узрост, і праз тое, што, шчыра кажучы, мяне раздражняе цяперашняя апазыцыя, якая дванаццаць год топчацца на месцы. Але Плошча мяне натхніла. І натхнілі, як ні дзіўна, паходы потым на Акрэсьціна, каб перадаць перадачу ўнуку: гэта, з аднаго боку, нагадвала, канечне, 37‑ы год, але, з другога боку, колькі годнасьці было ў гэтых людзях на Плошчы і на Акрэсьціна!

Якая ў нас моладзь! Паглядзіце на Насту Палажанку! Колькі годнасьці ў Паўле Севярынцу! Можна не пагаджацца з тым, што ён узяў клерыкальны ўхіл. Па‑мойму, гэта кепска і нават небясьпечна для будучыні. Але яго адвага, яго апантанасьць, яго ідэйнасьць ня можа ня выклікаць захапленьня. Яго, канечне, хочуць выціснуць з краіны, бо бачаць у ім выразнага лідэра.

І вось тут я хачу перакінуць мосьцік да Сьвятланы Аляксандраўны, да яе апошняга інтэрвію «Беларускай газеце», якое мяне ўзрушыла і засмуціла. Яна, падаецца, ня бачыць гэтага боку нашага жыцьця, гэтага боку нашай літаратуры. Нельга ставіць ў віну Сьвятлане тое, што жывучы за межамі Беларусі, яна крышачку адарвалася ад нашых рэаліяў, таму ёй парой падаецца, што тут ўжо нічога няма: ні літаратуры, ні філязофіі, ні гуманітарнай думкі… Але яны ёсьць. Трэба толькі акунуцца ў гэтае жыцьцё. З Парыжу ці Рыму вы ня можаце пабачыць усяго.

«Пара сканчаць з нацыянальным рамантызмам!»

Сьвятлана Алексіевіч: Адразу пра публікацыю у «БГ», якая так узрушыла Валянціна Яфімавіча. Я нават ня ведаю, ці гэта проста непрафэсіяналізм, ці такая маладая неахайнасьць, якая троху падобная на правакацыю, але я сама зьдзівавалася, што мяне так зразумеў малады карэспандэнт, калі прачытала нібыта свае словы на газэтнай паласе. Я ўсё ж укладала ў іх іншы сэнс. Але мне нават ня хочацца пра гэта цяпер гаварыць.

Аднак мне хацелася б адказаць Валянціну Яфімавічу. Я зусім ня думаю, што тут, у Беларусі, нейкая чорная дзірка і наогул нічога няма. Гэта зусім ня так. Гаворка пра другое: немагчыма захаваць ранейшы рамантызм нават ў нацыянальным, калі мы выкінутыя у сьвет. Я бачу ўсе рэчы як бы ў двух вымярэньнях: чалавек у нашым канкрэтным часе (які ўсе баяцца назваць капіталізмам, а ў нас — капіталізмам з дамешкам калгаснага сацыялізму) і вечны чалавек. Я бачу гэта вачыма сьвету і адначасова вачыма чалавека, які адсюль ніколі ня зьедзе. Таму ўсё, што выклікае такое чыстае захапленьне Валянціна Яфімавіча, мне таксама сымпатычнае. І падаецца вартым павагі. Але я бачу, што час зьмяняецца. І гэты час нам навыраст. У нас занадта многа сілаў ідзе на барацьбу, і гэта наша катастрофа. Шмат у чым мы не дацягваем да часу. Занадта многа сілаў зьеў Лукашэнка, і яшчэ зьесьць. Чым мы занятыя? Барацьбой з Лукашэнкам. Мы не выходзім на мэтафізычныя прасторы. Мы ў рамках, навязаных нам рэжымам. Нас цешаць нейкія дробныя перамогі — вось, удалося перавесьці на нашу мову тое ці іншае — але наперадзе ў нас вельмі доўгі шлях. Магчыма, гэта і тупік. У гэтым наша трагедыя! Але, Валянцін Яфімавіч, інтэлектуалы павінны ясна ўсьведамляць: мы нацыя, якая спазьнілася. Мы ў 21‑м, жорсткім, стагодзьдзі. Пара сканчаць з нацыянальным рамантызмам!

Гаворка яшчэ і пра тое, што беларускай літаратуры сёньня не чуваць. Так, яна ёсьць, але ці даходзіць да чытача, ці знаходзіць яго? Я цікаўлюся літаратурай, але я яе не знаходжу!

«Мая беларуская мова — як зорка на вопратцы дацкага караля»

В Т: Я хачу запярэчыць Сьвятлане. Па‑першае, я ня згодны, што ў мяне рамантычны погляд на сьвет. Калі нацысты акупавалі Данію і прымусілі габрэяў насіць жоўтую зорку, дацкі кароль таксама нашыў на вопратку зорку Давіда. Дык вось, маё рашэньне пісаць і гаварыць па‑беларуску — хаця раней я часта карыстаўся ў жыцьці і творчасьці рускай — гэта як зорка на вопратцы дацкага караля… Сёньняшняе становішча мовы патрабуе ад нас учынкаў, падобных да гэтага каралеўскага ўчынку.

Па‑ другое, наконт таго, што нас ня чуюць. А як дайсьці да людзей, калі нам проста ўсімі спосабамі імкнуцца заткнуць рот? Вы ведаеце, у якіх умовах існуе, напрыклад, «Наша Ніва», ведаеце, што існуюць чорныя сьпісы аўтараў і выдавецтваў?

СА: Я сама ў такім сьпісе! І гэта — нагода працаваць як можна лепш, як можна больш прадуктыўна. Вы гаварылі, што ўвесь наклад вашай кнігі «На высьпе ўспамінаў» — хаця яе адмовіліся браць дзяржаўныя крамы — разышоўся за некалькі дзён. Вось і адказ!

«Лукашэнка скраў у нас час»

СА: Вы пытаецеся, як я стаўлюся да людзей нашага часу? Я бачу, што ў нас — патрыярхальнае грамадзтва, і гэта адчуваецца адразу, калі трапляеце ў Беларусь, адразу ў аэрапорце. А сьвет жыве ўжо неяк інакш. Я лічу, што самае страшнае, што зрабіў Лукашэнка — ён скраў у нас час. Асабіста ў кожнага з нас, і нават у нашых дзяцей. А сьвет існуе ўжо зусім іншымі праблемамі. Ня толькі захаваць мову, хаця праблема глябалізацыі — гэта жорсткая праблема. Ёсьць праблема амэрыканскай маскультуры: французы лямантуюць, што яна зьнішчае іх самабытнасьць! Французы, зь іх вялікай культурай! А ёсьць жа яшчэ праблема разбурэньня культуры як такой. І вось пытаньне: як напрацаваць новыя ідэі, з чым увайсьці ў сьвет? З нацыянальным кантэкстам мы ня ўвойдзем: гэта важна толькі для нас. Мы маглі б увайсьці ў мір з чарнобыльскім кантэкстам, але мы не прадумалі яго, мы яго не прапрацавалі. Мы яго не сфармавалі. У нас ёсьць толькі нейкае галашэньне.

А колькі цяпер спакусаў! Гэта і нацыянальная спакуса — а калі нацыянальнае не апрацаваць культурна, яно становіцца спакусай, — і рэлігійная. Вось вы гаворыце пра клерыкальны ўхіл Севярынца. Я цяпер многа ежджу па Расеі і там гэта бачу вельмі выразна. Ужо няма нікога, хто скажа слова пра дух, акрамя папа. Поп становіцца лідэрам нацыі. Таму я паўтараю: мы недацягваем. Так, мы нешта робім, нешта пішам, але лідэра, валадара думак няма. Пастыраў няма. Быў Адамовіч, быў Быкаў. Адамовіч быў фігурай такога ж маштабу, як Вацлаў Гавел. Але народ яго ня выбраў. Ён выбраў старшыню саўгасу! Таму трэба рэальна ўяўляць, наколькі складаныя нашыя праблемы.

«Мне баліць Беларусь»

СА: На адным з форумаў чытач НН даў мне такую характарыстыку: «Разумная баба, але не баліць ёй Беларусь» (сьмяецца). Але ня трэба забываць, што боль можна пераносіць па‑рознаму. Не абавязкова боль — гэта плач, лямант і енкі.

ВТ: Найбольшы боль часам — думка, найбольш баліць — думаць.

СА: Так. Думаць — гэта прафэсія пісьменьніка. Думаць і гаварыць. У нашым доме жыў адзін дыплямат. Пры сустрэчах ён часта гаварыў мне: «Сьвятлана, навошта вы так адкрыта ўсё гаворыце. Ведаеце, улада вас проста раздушыць, растопча. Маўчыце пакуль!» І я яму адказвала: «Змаўчаць можна, але як потым з гэтым жыць? Сумленьне дзе падзець?» Гаварыць ці маўчаць, сядзець у норцы ці дзейнічаць — гэта пытаньне сумленьня. Наша сумленьне, наш гонар ратуюць сёньня хлопчыкі і дзяўчаткі маладафронтаўцы. Я захапляюся імі. Яны цяпер робяць тое, чаго не зрабіла наша пакаленьне. Адзінае, што я заўсёды гавару: нельга абмяжоўвацца толькі барацьбой. Нельга быць толькі рэвалюцыянэрам. Самае галоўнае, што павінен рабіць кожны — гэта рабіць сябе. Атрымліваць адукацыю, атрымліваць прафэсію, кшталтаваць дух і душу. Гэта галоўнае, што павінен зрабіць у жыцьці кожны чалавек.

ВТ: Эмацыйна сёньняшнія маладафронтаўцы шмат у чым нагадваюць падпольшчыкаў Другой усясьветнай. Можа, таму, што гэтыя маладыя людзі адчуваюць сябе цяпер як ва ўмовах нейкай акупацыі: навокал варожая прапаганда. Прапаганда на тэлебачаньні, ў газэтах, у так званай літаратуры (хаця гэта, канечне, не літаратура)… Я згодны са Сьвятланай, што вельмі важна будаваць сябе — чытаць сапраўдную літаратуру, асэнсоваваць, аналізаваць… Сярод гэтых юнакоў якраз большасьць тых, зь якіх і паўстане новая Беларусь. Але пакуль іх судзяць і судзяць — за «нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месьце і дробнае хуліганства».

«Агіда да словаў — адна з маіх праблемаў»

СА: Гэтая «нецэнзурная лаянка» — яшчэ адзін эўфэмізм: усе разумеюць, што судзяць за пратэст супраць рэжыму. Як раней гаварылі пра абмежаваны кантынгент савецкіх войскаў у Афганістане, а там ішла сапраўдная вайна. Такімі эўфэмізмамі — якія лепш было б назваць хлусьнёй — цяпер поўніцца і тэлебачаньне, і газэты. Яны настолькі дэвальвуюць вартасьць слоў, што словы як такія пачынаюць урэшце выклікаць агіду. Гэта адна з прычынаў, чаму я вырашыла на час зьехаць з краіны: адчула, што, для таго, каб расказаць пра наш час, трэба выскачыць з гэтай плыні, з культуры барацьбы, з культуры супрацьстаяньня. Са словамі нешта адбываецца: у іх няма электрычнасьці, няма току, няма напругі. Нешта адбываецца з гэтай прыладай творчасьці: выходзіць столькі кніг, часопісаў, ёсьць фільмы і спэктаклі — і ўсяго гэтага як бы няма. Важна знайсьці нейкі новы жанр, які б пасьпяваў бы за часам… І калі раней пакаленьні пісьменьнікаў працавалі ў стол, то сёньня яны працуюць у паперу.

Гэта адна праблема: інструмэнтальная недасканаласьць слова, якое не адпавядае часу. Ёсьць і іншая праблема. Цяпер ва ўладзе шпана ў культурным сэнсе. Улада пры саветах — гэта была машына. Цяпер гэтага няма. Людзі ва ўладзе не праходзяць ніякай шліфоўкі, ня маюць ніякай культурнай напрацоўкі. Адкуль яны прыходзяць? Ды адкуль заўгодна! Адамовіч у сваім апошнім выступе прароча сказаў: «Я чую, што ўжо ідуць палкоўнікі». І гэтыя палкоўнікі прыйшлі. Я скажу жорсткую рэч, але мы павінны разумець: перамагла халопская этыка і халопская эстэтыка. Уключыўшы тэлевізар ці разгарнуўшы газэту, вы ўжо нічога не даведаецеся пра рэальныя падзеі. Замест гэтага — эўфэмізмы! Цяпер улада цесна зьвязаная з уласнасьцю, і яна нашла сабе абслугу. Інтэлектуальную абслугу, пра якую Занусі аднойчы сказаў: «Найбольш мяне ўражвае тое, як хутка расейскія пісьменьнікі зьбегліся да аб’едкаў са стала алігархаў». У нас у Беларусі — тое самае, толькі зьбегліся да аб’едкаў са стала ўлады!

ВТ: Я таксама даўно адчуў агіду да словаў, асабліва што датычыцца дрэннай мастацкай літаратуры. Таму я ўцёк ва ўспаміны. Я паставіў задачу не аглядацца не на якія вонкавыя ўстаноўкі, а толькі на свой унутраны сьвет. Трэба быць бясстрашным, і, як не парадаксальна, узрост у гэтым дапамагае. Бо ты пачынаеш бачыць ўсё больш выразна і ясна. Хаця паміж словам і рэальнасьцю існуе супярэчнасьць, канечне, ад яе нікуды не падзецца. Але прыблізіцца да аб’ектыўнай праўды магчыма.

СА: Мне здаецца, што любы пісьменьнік можа толькі стварыць свой мір. Мы па сутнасьці ня можам большага.

«Спакойна рабіць сваю працу»

СА: Мне цікава сачыць за НН, за ARCHE. Зь імі ўсё ў парадку. Тут ёсьць мэта, яны прадукуюць неардынарныя думкі … Трэба спакойна рабіць сваю працу. І пры гэтым варта ставіцца да жыцьця як да сьвята. Я пішу кнігі. Кніга — гэта мой рух да разуменьня чалавека, самой сябе, жыцьця. Але, акрамя асноўнага, акрамя кнігі, у мяне ёсьць і сьвяча раніцай на стале, і размова пры агні зь сябрам, і паход зь дзіцём у цырк. Старажытныя грэкі гаварылі пра мастацтва жыцьця. Мастацтва жыцьця — гэта і свабода, і годнасьць, і сьвята жыцьця. Гэта — прыбраць дом, уладкаваць пад’езд…

ВТ: Валодзя Караткевіч у пад’езьдзе на кожнай пляцоўцы паставіў крэслы для таго, каб яго маці магла адпачываць. Але аднойчы аказалася, што ўсе крэслы паламаныя і парэзаныя…

СА: І тым ня менш варта ставіць крэслы ў пад’ездах! Мая сяброўка Марыя Вайцяшонак шмат часу аддае свайму саду, і сад у яе прыгажэнны. У вёсцы гэта нязвычна, там больш увагі надаюць бульбе ды капусьце. І вось аднойчы самы страшны вясковы п’яніца на мянушку Чорт перавесіўся праз плот і прыпячатаў: «Ё…, як прыгожа!» Вось дзеля гэтага «як прыгожа» і варт працаваць. Нарошчваць чалавека, вось што мы мусім рабіць!

ВТ: Наконт сьвята жыцьця… Я цяпер кожны дзень адчуваю як сьвята. Таму што заход. Сьвята заходу. Выдатна сказаў перад сваёй сьмерцю адзін з найбліжэйшых сяброў Алеся Адамовіча і маіх рускі паэт Наум Кісьлік пра тое, што такое наогул жыцьцё чалавека. Ён — чалавек

    Приговорённый к высшей мере —
    Жить на Земле и обретать потери…

Заход, сонца сядае за гару, і ўсё сыходзіць. Дуб, які ты бачыш, поле, жаночы твар, што раптам апячэ цябе — усё гэта сыходзіць, і таму бязьмерна дорага і каштоўна, таму гэта сьвята…

Але акрамя прыватных, асабістых падставаў для сьвята ёсьць яшчэ і грамадзка значныя. Так, я заўсёды бязьмерна радуюся, калі Беларусь заяўляе пра сябе ў сьвеце чымсьці пазытыўным. Апошняй такой нагодай для радасьці стала вылучэньне на Нобэлеўскую прэмію міру Станіслава Шушкевіча. Ён яе варты. Ці атрымае, ці не — гэта вырашаць акадэмікі, але для мяне гэтае вылучэньне — знак таго, што сьвет не забывае пра Беларусь. Пра тое, паміж многім іншым, што за Шушкевічам, калі ён быў старшынём Вярхоўнага савету, з нашай тэрыторыі была выведзена ядзерная зброя.

СА: Нам няма ў чым адно аднаго пераконваць. Я толькі хачу яшчэ раз паўтарыць словы майго ўлюбёнага Пастэрнака: «Пасьля Хрыста ніводзін з нас ня можа сказаць, што жыве пад плотам. Мы ўсе жывем у гісторыі».

Каментары13

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

«Мы яму давяраем». Чаму зніклую Мельнікаву замяніў менавіта экс-вайсковец Пацехін?1

«Мы яму давяраем». Чаму зніклую Мельнікаву замяніў менавіта экс-вайсковец Пацехін?

Усе навіны →
Усе навіны

Шумчанка запісаў відэазварот да Лукашэнкі6

У Чачні на ўсеагульны агляд выставілі цела 17-гадовага хлопца, які напаў на пост ДПС10

Сіноптыкі расказалі, які раён Мінска самы цёплы ўзімку

Любіце шматкі на сняданак? Ну, чытайце3

Колькасць ахвяр у Санта-Дамінга дасягнула 184

Стала вядома, як будзе выглядаць Валадарка пасля рэканструкцыі17

Сканчваецца легендарная антыўтопія пра ЗША. Што чакаць ад фіналу «Аповеду служанкі»6

Амерыканскія біржы ўзляцелі пасля таго, як Трамп даў задні ход з пошлінамі. Услед за імі растуць і азіяцкія6

У Віцебску вынеслі прысуд праваслаўнаму святару, які насмерць збіў машынай дзіця4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мы яму давяраем». Чаму зніклую Мельнікаву замяніў менавіта экс-вайсковец Пацехін?1

«Мы яму давяраем». Чаму зніклую Мельнікаву замяніў менавіта экс-вайсковец Пацехін?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць