Літаратура2424

Топ-5 прэтэндэнтаў на Гедройца

Хто з айчынных пісьменнікаў стане трэцім пераможцам літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца?

Без Някляева і Марціновіча

Летась пра старт прэміі было аб’яўлена ўжо ў кастрычніку. Сёлета арганізатары цягнулі з абвяшчэннем амаль да Новага года. Магчыма, для таго былі свае прычыны.

Для прозы 2013 год быў надзвычай неўрадлівым.

Са студзеня да снежня ў айчынных выдавецтвах з’явілася вельмі мала кніг, якія сталі мастацкім падзеямі і могуць рэальна прэтэндаваць на перамогу.

Умовы прэміі пакідаюць «за бартом» адразу некалькі моцных прэтэндэнтаў.

На перамогу традыцыйна могуць прэтэндаваць кнігі, напісаныя па-беларуску ў жанрах «мастацкая проза» і «эсэістыка», які цягам 2012 года выйшлі ў папяровым або электронным варыянтах.

Таму нашумелыя «Час second-hand» Святланы Алексіевіч і «Сфагнум» Віктара Марціновіча не падыходзяць,

бо спярша былі створаны па-расейску, а ўжо потым перакладзеныя на беларускую мову.

Акрамя таго, прэмію цяпер немагчыма атрымаць двойчы.

Таму кнігі «Блог Усяслава Чарадзея» Паўла Касцюкевіча і «Знакі прыпынку» Уладзіміра Някляева дакладна не зможа прэтэндаваць на перамогу.

Хто мае найвялікшыя шанцы на перамогу? «НН» бачыць прынамсі пяць кандыдатаў у шорт-ліст.

Артур Клінаў, «Шклатара»

Аўтар ваеннага рамана «Шалом», які трапіў у лонг-ліст першага Гедройца, Клінаў прадставіў чытачам новую кнігу «Шклатара». Бадай, гэта адзін з самых сучасных празаічных твораў, якія выйшлі цягам году.

Яго дзеянне адбываецца ў канцы 2010 года. Адзін з інтэр’ераў – будынак на сталічным праспекце Незалежнасці 37а. Цяпер там месціцца «Галерэя Ў» і кнігарня «Логвінаў», а раней знаходзіўся пункт прыёму шклатары.

«Рэальнасць для герояў змянілася цытатамі, — піша «pARTisan» пра кнігу. — Цытата на дэмакратыю, цытата на дыктатуру, цытата на рэвалюцыю, цытата на нянавісць, цытата на каханне…»

Кніга з’явілася ўсяго некалькі дзён таму. Уяўленне пра яе дазваляе урывак з «Шклатары», змешчаны на сайце часопіса «pARTisan» (яго галоўным рэдактарам з’яўляецца сам Клінаў).

Дзеянне адбываецца на Плошчы 19 снежня 2010 года. Спярша герой ставіцца да падзей як да традыцыйнага карнавалу, ролі ў якім загадзя распісаныя. Яго стаўленне змяняецца пасля таго, як на Плошчу трапляюць яго блізкія людзі…

 

Барыс Пятровіч, «Спакушэнне», «Спачатку была цемра»

У старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў і галоўнага рэдактара часопіса «Дзеяслоў» сёлета таксама выйшла два празаічныя зборнікі. У першы, «Спакушэнне», ўвайшлі выбраныя апавяданні, а таксама шэсць зусім новых твораў. Паколькі яны ствараліся ў розныя часы, «Спакушэнне» дае ўяўленне пра шырокі жанравы дыяпазон у творчасці Пятровіча. Класічным апавяданням уласціва следаванне агульным правілам, а значыцца – паслядоўнае разгортванне падзей. А вось у фрэсках – пошукі ў стылістыцы і разняволенасць у сінтаксісе.

Як піша крытык Ціхан Чарнякевіч, «у прозе Барыса Пятровіча беларускі магічны рэалізм якраз найбольш праяўляецца ў малафарматных жанрах, у іх, прынамсі, ён дасягае квінтэсэнцыі».

Падзеі другой кнігі, «Спачатку была цемра», разгортваюцца ў 1990-я гады ў жахлівых умовах закінутага дома-інтэрната на чарнобыльскім Палессі, на фоне вялікіх пераменаў, што адбываліся тады ў незалежнай Беларусі.

 

Людміла Рублеўская, «Ночы на Плябанскіх млынах»

Прыхільнікі Рублеўскай да апошняга спадзяваліся, што сёлета ў кнігарнях з’явіцца другая частка яе трылогіі пра Пранціша Вырвіча (першая ўвайшла ў шорт-ліст мінулага Гедройца). Але не лёс. Таму сёлета на перамогу могуць прэтэндаваць творы, створаныя Рублеўскай досыць даўно.

Містычная аповесць, якая дала назву кнізе, напісана ў 2006 годзе. Гатычны раман «Скокі смерці» – яшчэ ў 2005-м. Але дагэтуль яны выходзілі толькі ў часопісным фармаце. Зрэшты, з таго часу пісьменніца істотна змянілася.

Раман і аповесць у нечым нагадваюць раннія творы Рублеўскай. У іх цэнтры знаходзіўся вобраз рамантычнай дзівачкі-патрыёткі з неўладкаваным асабістым жыццём, якая захапляецца мінуўшчынай.

Уладзіслаў Ахроменка, «Музы і свінні»

Згодна са старажытнагрэчаскай міфалогіяй, у бога Зеўса і тытаніды Мнемасіны былі дзевяць дачок — муз, якія сталі заступніцамі навук, паэзіі і мастацтваў. У сваю новую кнігу Ахроменка ўключыў 27 навэл, дзеянне якіх жорстка структуравана па сюжэтах, а таксама фармальна датычнасці да кожнай з дзевяці музаў. Прычым аўтар кажа, што практычна ўсе гісторыя з’яўляюцца рэальнымі.

Уяўленне пра кнігу, якая выйшла перад самым Новым годам, можна атрымаць дзякуючы асобным навэлам, якія аўтар выкладваў у сваім ЖЖ. Напрыклад, у раздзеле «Кліа, муза Гісторыі» змешчана гісторыя пра Дзеда Талаша, які сваімі паводзінамі літаральна тэрарызаваў айчынную інтэлігенцыю. А потым трапляе да Сталіна, які гатовы выканаць любую просьбу партызана.

Калі Сяргей Балахонаў прапануе ў «Зямля пад крыламі Фенікса» іранічна-гумарыстычна погляд на беларускую гісторыю, дык Уладзіслаў Ахроменка дадае да яго здзек і непараўнальны сарказм.

 

Адам Глобус, «Імёны», «Казкі пра дарослых»

Творы Глобуса ацэньваюцца з дыяметральна супрацьлеглых пазіцый: ад «пасрэдна» да «геніяльна». Такія характарыстыкі ўласцівы і двум яго кнігам, што выйшлі сёлета.

Першая, «Імёны», прысвечаныя 8 асобам (пісьменнікам, мастакам, выкладчыкам).

Адныя ўспрымаюць яе як зборнік дзённікавых запісаў пра жыццё, творчасць і «п'янкі з сэксам заадно».

Для другіх — яркія партрэты, выпісаныя па-мастацку дакладнымі штрыхамі. Асабліва ўдалым выглядае эсэ пра Анатоля Сыса. Для даследчыкаў найбольш інфармацыйным будзе ўспрымацца аповед пра Уладзіміра Караткевіча.

Тая ж сітуацыя з «Казкамі для дарослых». Для кагосьці кніга з’яўляецца зборнікам лаканічных блогаўскіх запісаў («Казкі» на працягу некалькіх гадоў выкладваліся ў ЖЖ). А вось Уладзімір Арлоў упэўнены: у сваіх казачных кнігах Глобус стварае вельмі прыцягальны, густанаселены таямнічы свет, прадстаўнікі якога «хочуць змяніць культурную парадыгму».

 

* * *

Нельга выключаць, што 31 снежня ў якой-небудзь напаўпадпольнай друкарні былі надрукаваныя 6 асобнікаў яшчэ адной новай кнігі. Менавіта столькі патрабуецца для ўдзелу ў прэміі. Напрыклад, хадзілі чуткі, што напрыканцы снежня асобным выданнем з’явіцца «Каляндар Бахарэвіча», які пісьменнік цягам году вёў на радыё «Свабода». Таму асобныя адкрыцці яшчэ могуць чакаць нас наперадзе.

Апытанка

Каментары24

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі3

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

«Пакуль пашпарт дзейнічае». Эмігранты пра тое, ці не страшна ім адпраўляць у Беларусь дзяцей на летнія канікулы1

Жыхары райцэнтра ў Віцебскай вобласці гадамі скардзяцца на дрэнную ваду

Расія нарошчвае вытворчасць «шахедаў» і неўзабаве зможа запусціць 2000 за адну ноч11

У Італіі 78-гадовы мужчына «ажыў» праз 30 хвілін пасля спынення сэрца4

У Цюменскай вобласці «герой СВА» забіў сваю жонку ў дзень вяселля11

«Хацеў выратаваць хаця б нейкую колькасць людзей». Дачка беларуса, затрыманага па справе «Беларускага Гаюна», расказала пра бацьку6

«Неверагодны спектакль крывадушніцтва». Дзмітрый Гурневіч абурыўся ажыятажам вакол скандалу на канцэрце Coldplay25

Беларуская гандбалістка будзе гуляць за зборную Румыніі

Для беларускага фестывалю вырабілі трохметровы хот-дог ФОТАФАКТ9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі3

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць