Тэатр33

«Паўлінцы» — брава!!!

«Паўлінка» купалаўцаў — прыгожая, маляўнічая, вясёлая, гарэзьлівая, камічная, лірычная, вытанчаная, касьцюмаваная, сьпеўная, танцавальная, народная, праўдзівая, характарная — дажыла да 70 гадоў у сваім выдатным, заўсёды маладым абліччы! Брава!!!

Гэта адзіная такога кшталту тэатральная даўгавечнасьць, якая наўрад ці калі яшчэ на беларускай сцэне будзе паўтораная. Ды і на сусьветных сцэнах гэта рэдкі выпадак. За сем дзесяцігодзьдзяў толькі пару гадоў было, каб гэтым спэктаклем купалаўцы не адкрывалі ці закрывалі чарговы сэзон. Вось тады на пачатку 1990-х гадоў і зьбіліся ў тэатры зь ліку колькасьці паказаў. Мяркуецца, што іх было тысячы. Затое вядомая новая лічба: за год пасьля рэстаўрацыі спэктакля ўжо на новай сцэне Тэатру імя Янкі Купалы легендарны спэктакль паказалі пры поўнай залі 55 разоў! 56-ы паказ — 23 траўня, у дзень 70-годзьдзя пастаноўкі.

 За што беларусы любяць «Паўлінку»?

За сакавітыя народныя характары, за бурлескныя, і зноў жа, напоўненыя народным гумарам камэдыйныя сытуацыі, якія мякка зьмяняюцца лірычнымі сцэнамі, за выдатна выкананыя народныя сьпевы і танцы, за бытавую вытанчанасьць, за стылізаваныя яркія дэкарацыі, якія не старэюць, як не старэюць пэрсанажы. За выдатны настрой, які цягам дзьвюх гадзінаў дораць выдатныя акторы. За дакрананьне ці нават акунаньне ў фэерыю праўдзівага жыцьця старадаўняга беларускага мястэчка, у якім пры ўсёй тэатральнай канфліктнасьці, жывуць добрыя і дасьціпныя людзі. «Паўлінка», якой сёньня споўнілася 70 гадоў, — гэта і гісторыя беларускай культуры, і найяскравейшы пласт яе, і тэатральны музэй, і жывы спэктакль.

За што купалаўцы любяць яе?

За плястычны тэкст п’есы Янкі Купалы, за народны гумар, за праўдзівасьць і выразнасьць характараў, якія лёгка выяўляюцца ў простым канфлікце. А яшчэ больш за фантастычную рэжысуру і за магчымасьць далучыцца да акторскай традыцыі менавіта гэтага тэатру, якую заклалі перадусім у гэтай жа пастаноўцы выбітныя яе майстры.«Паўлінка» з годнасьцю перажыла свой узрост. Здавалася б, ужо пачынае старэць, але не: тэатар уліе ў яе эліксір маладосьці ў асобах маладзейшых выканаўцаў, і яна зноў усё тая ж — маладая і прыгожая.

«Паўлінку» праз два гады пасьля загадкавай сьмерці яе аўтара паставіў у 1944 годзе ў далёкім расейскім горадзе Томску, дзе тэатар быў у эвакуацыі, выдатны рэжысэр Леў Літвінаў. Пасьля прэм’еры ён тлумачыў: «Хацелася скрозь жарт данесьці сур’ёзны сэнс камэдыі і плястычнасьць слова Купалы… Хацелася пазьбегнуць салодкага сантымантальнага «пяйзанства» ў паказе народу і паказаць жывыя вобразы людзей… Хацелася зрабіць сапраўды народны спэктакль. Хацелася верыць, што хопіць і дараваньня, і культуры, і майстэрства, і густу, каб быць годным правобраза — Янкі Купалы». І яны — рэжысэр Леў Літвінаў, мастак Барыс Малкін, кампазытар Яўген Цікоцкі — гэта зрабілі. Празь некалькі месяцаў з гэтым спэктаклем БДТ-1 вярнуўся ў зруйнаваны Менск і «Паўлінкай» дарыў менчукам надзею на адраджэньне. Увосень таго ж году Першаму беларускаму драматычнаму тэатру было нададзена імя Янкі Купалы.

«Паўлінка» з годнасьцю перажыла свой узрост. Здавалася б, ужо пачынае старэць, але не: тэатар уліе ў яе эліксір маладосьці ў асобах маладзейшых выканаўцаў, і яна зноў усё тая ж — маладая і прыгожая.

Першай выканаўцай ролі Паўлінкі была Раіса Кашэльнікава, Яна, як і яе наступніца Бірута Дакальская, выходзіла на сцэну у гэтым вобразе каля 10 гадоў. Пасьля іх ужо 17гадоў была Паўлінкай Ала Доўгая, якая сама на 5 гадоў і 2 дні старэйшая за спэктакль, і напярэдадні адзначыла сваё 75-годзьдзе. Я добра памятаю, як тэатар шмат гадоў шукаў маладую, прыгожую артыстку на зьмену Доўгай. І вось яшчэ студэнткай на сцэну ў легендарнай ролі выйшла Зоя Белахвосьцік і заставалася з гэтай роляй 18 гадоў! Пасьля былі і іншыя. Сёньня ў абноўленым спэктаклі граюць маладыя артысткі Кацярына Алейнікава і Марта Голубева.

Яшчэ і таму «Паўлінка» стала візытоўкай тэатру, яго сымбалем і яго добрым знакам, што ў гэтым спэктаклі заўсёды працаваў зорны склад трупы. Кожнае новае пакаленьне актораў далучалася да «Паўлінкі» хоць бы ўдзелам у масавых сцэнах, песьнях, танцах. А артысты, якія гралі герояў, абавязкова стараліся паўтарыць знойдзены малюнак роляў іх папярэднікамі, перадаваць адзін другому, так бы мовіць, эстафэту, а значыць, захоўваць унікальную акторскую традыцыю выкананьня народнай камэдыі.

Ад Глеба Глебава ў ролі Пустарэвіча эстафэту перанялі і перадавалі Зьдзіслаў Стома, Генадзь Аўсяньнікаў, Уладзімер Кудрэвіч, Генадзь Гарбук, Арнольд Памазан, сёньня — Віктар Манаеў і Мікалай Кучыц. Ад Барыса Платонава ў ролі Адольфа Быкоўскага — Зьдзіслаў Стома, Тадэвуш Кін-Камінскі, Арнольд Памазан, Алег Гарбуз, сёньня — Павал Харланчук-Южакоў і Павал Яскевіч. І так з кожнай роляй! І якія імёны!

Вось чаму «Паўлінку» можна і трэба сёньня разглядаць і як найкаштоўнейшы музэйны экспанат, і як жывы спэктакль. І тое, што адрэстаўраваны будынак тэатру адкрыўся адрэстаўраваным спэктаклем «Паўлінка» з новым акторскім складам, новымі дэкарацыямі і касьцюмамі, сьведчыць пра тое, што яна будзе жыць і ня будзе старэць.

Як «Паўлінка» перамагла і перажыла сваіх ворагаў?

Так, жыцьцё «Паўлінкі» было не заўсёды бязвоблачным. Хмары над ёй згушчала ахоўная савецкая крытыка. Перадусім «загадчыкі сацыялістычнага рэалізму» «стралялі» ў пастаноўшчыка Льва Літвінава. Абвінавачваньні былі ў фармалізьме, скажэньні ідэйнага зьместу, зьдзеку над клясыкай. Асабліва вострыя напады адбываліся напярэдадні розных юбілейных датаў — ці самога тэатру, ці аўтара п’есы, ці дзяржаўных. Цяжка паверыць сёньня, але Літвінава «Паўлінку» цкавалі ад таго самага 1944 году, калі тэатар вярнуўся з Томску ў Менск, і аж да 1982 году — 100-годзьдзя з дня нараджэньня песьняра.

Рэй вялі пісьменьнік Максім Лужанін і тэатразнавец Уладзімер Няфёд. Падкідвалі дроў у вогнішча і іншыя, нават Кандрат Крапіва. Яны абвінавачвалі рэжысэра Льва Літвінава ў наўмысным скажэньні сэнсу Купалавай камэдыі: маўляў, не паказаная «барацьба з дамастроеўскім укладам жыцьця, барацьба з сацыяльнай несправядлівасьцю». Так пісаў Уладзімер Няфёд. Гэты прысуд застаецца ў акадэмічным выданьні «Гісторыі беларускага тэатру».

А Максім Лужанін у газэце «Літаратура і мастацтва«і ўвогуле адмаўляў ня толькі зьмест спэктакля, а і яго пастановачнае вырашэньне: «Атрымалася п’еса «са шчасьлівым канцом», камэдыя страціла сацыяльнае гучаньне, і спэктакль мае хіба што этнаграфічную цікавасьць, хоць нават гэтай мэце супярэчыць залішняе стылізатарства ў афармленьні і разрыў у часе паміж дэкарацыяй і вопраткай (сучасная хата і старасьвецкія сьвіткі)».

А вось і Кандрат Крапіва: «Літвінаў адкінуў сацыяльны зьмест п’есы… Ня лічачыся з драматургічным матар’ялам, ён дапісаў у п’есу тое, чаго ніколі ня думаў Я. Купала, толькі для таго, каб глядач пасьмяяўся, ад настаўніка-рэвалюцыянэра адкінуў яго рэвалюцыйныя настроі, чым зусім аслабіў зьмест драматургічнага твору».

Абвінавачваньні ў фармалізьме працягваліся аж да 1982 году, калі ўжо Купалаўскі тэатар практычна цалкам разьвітаўся з побытавым мастацтвам, і яго эстэтыка ўжо грунтавалася на прынцыпах умоўнага, рэжысэрскага сцэнічнага мастацтва, пра якое Літвінаў і не дадумаўся б. Я добра памятаю апошнія паходы Няфёда і кампаніі па кабінэтах ЦК КПБ і Мінкультуры з надзеяй ужо праз амаль сорак гадоў жыцьця забараніць народам любімы спэктакль. Але ў 1982 годзе гэтаму «крытычнаму цемрашальству» быў пакладзены канец. Тады і тэатру, і іншай групе крытыкаў удалося даказаць, што клясыкай можа быць ня толькі п’еса, а і спэктакль, і чапаць яго нікому не дазволена.

Х Х Х

 Вельмі хацелася б дажыць і прысутнічаць на 100-гадовым юбілеі яго. А «Паўлінка» абавязкова дажыве. У гэта я веру.

За сорак гадоў майго знаёмства з Тэатрам імя Янкі Купалы я бачыў «Паўлінку» дзясяткі разоў. Я бачыў яе з Алай Доўгай і Зояй Белахвосьцік, Зьдзіславам Стомам і Паўлам Кармуніным, Лідзіяй Ржэцкай і Яўгеніяй Кавалёвай, Генадзем Аўсяньнікавым і Арнольдам Памазанам, Галінай Макаравай і Ліляй Давідовіч, дзясяткамі іншых выдатных купалаўцаў. Люблю гэты спэктакль і сёньня. Вельмі хацелася б дажыць і прысутнічаць на 100-гадовым юбілеі яго. А «Паўлінка» абавязкова дажыве. У гэта я веру.

Каментары3

Цяпер чытаюць

«Беларусы дастаткова мудрыя, каб чакаць». Севярынец выступіў у Вільні

«Беларусы дастаткова мудрыя, каб чакаць». Севярынец выступіў у Вільні

Усе навіны →
Усе навіны

У Давосе пачалася сустрэча Зяленскага і Трампа

Што вядома пра 27‑гадовага загінулага добраахвотніка Аляксея Лазарава3

Грамадзянка Індыі, якая захрасла ў Беларусі, заўтра вылеціць на радзіму1

У Польшчу з Германіі вярнуўся вывезены нацыстамі архіў з пячаткамі Вітаўта і Ягайлы7

У 10 гарадах Гродзенскай вобласці цяпер можна расплаціцца агульнай картай «Бусел»

Былы кіраўнік «Укрэнерга» загінуў ад удару току. Ён наладжваў сістэму пасля расійскіх удараў2

Трамп падпісаў статут Рады міру6

Стала вядома, каму належыць новы «незалежны» партал, адкрыты ў Беларусі7

Міністр фінансаў Юрый Селіверстаў прызначаны паслом у Расіі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Беларусы дастаткова мудрыя, каб чакаць». Севярынец выступіў у Вільні

«Беларусы дастаткова мудрыя, каб чакаць». Севярынец выступіў у Вільні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць