АГП просіць Еўрасаюз прымяніць санкцыі да трох магілёўскіх чыноўнікаў
У Мінску 25 ліпеня старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька перадаў міністру замежных спраў Літвы Лінасу Лінкявічусу спіс з трох чыноўнікаў-ідэолагаў Магілёўскай вобласці з абгрунтаваннем неабходнасці ўвядзення ў дачыненні да іх забароны на ўезд у ЕС.
Пра гэта паведаміў старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў.
Паводле яго слоў, у Магілёве і Бабруйску члены АГП падалі заяўкі на правядзенне 27 ліпеня 14 пікетаў у гонар прыняцця ў 1990 годзе Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі. Апрача таго, арганізатары мелі намер «выказаць салідарнасць з украінскім народам, які змагаецца за сваю незалежнасці». Ні на адзін пікет дазвол атрыманы не быў. Таксама, паводле слоў Шанцава, «у агляднай будучыні» ніводная заяўка ад членаў АГП на правядзенне масавых мерапрыемстваў у вобласці не была задаволена.
«Гэтым разам мы вырашылі не звяртацца па падтрымку ў суды, таму што суд у такіх выпадках стаіць на баку ўлад. Мы прынялі рашэнне адправіць спіс у еўрапейскія структуры для прыняцця рашэння аб візавых санкцыях. Першыя прозвішчы ўжо там, і спадзяёмся, што тры магілёўскія ідэолагі хутка атрымаюць свае заслужаныя «лісты шчасця», — заявіў палітык.
«У нас забаронена абірацца, таму што дзейнічае сістэма прызначэння, у нас забаронены мітынгі, сходы, вулічныя шэсці. І за ўсім гэтым прасочваецца праца ідэалагічных работнікаў, якія адмаўляюць нам у тым, што гарантавана Канстытуцыяй. Дарэчы, у адпаведнасці з артыкулам 4 Канстытуцыі у нас не можа быць дзяржаўнай ідэалогіі», — зазначыў Шанцаў.
Ён не назваў прозвішчы чыноўнікаў са спісу, перададзенага кіраўніку МЗС Літвы, і растлумачыў гэта жаданнем захаваць інтрыгу.
Каментары