Культура

Ігар Ліхавы: Праекты Мінкульта Украіны з Беларуссю будуць прыярытэтам

Былы амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавы прызначаны намесьнікам міністра культуры Ўкраіны. Ён будзе займацца пытаньнямі культурнай спадчыны, праблемамі музэяў і запаведнікаў. У інтэрвію Радыё Свабода спадар Ліхавы распавёў пра важнасьць культурніцкай супрацы зь Беларусьсю, а таксама пра тое, як ваенныя дзеяньні на ўсходзе Ўкраіны карэктуюць пляны міністэрства на 2015 год.

— Спадар Ігар, віншуем вас з Новым годам і з новай пасадай — намесьніка міністра культуры.

— Дзякуй. Але пасада гэтая для мяне адначасова і новая, і старая. Я ж ужо працаваў міністрам культуры Ўкраіны.

— Як бачыце сваю дзейнасьць у новым годзе на пасадзе намесьніка міністра культуры?

— Ведаеце, калі я пакідаў Менск, дзе мне вельмі падабалася жыць і камунікаваць зь людзьмі, то ў мяне журналісты пыталіся, што я буду рабіць. Я адказаў: тое самае, што рабіў і раней, — абараняць украінскую культуру, толькі, мабыць, без заработнай платы. Так і сталася. Таму і цяпер — буду абараняць украінскую культуру. Ва Ўкраіне, як і ў Беларусі, ідзе вельмі жорсткая інфармацыйная вайна, скіраваная на размываньне нацыянальнай ідэнтычнасьці. У гэтай вайне, якая насамрэч ужо перастала быць толькі інфармацыйнай, а стала канкрэтнымі трагічнымі падзеямі, нам неабходна аб’яднаць украінскую нацыю, дапамагчы тым, хто шукае арыенціры ў жыцьці. Толькі разам мы зможам пабудаваць справядлівае грамадзтва. Цяпер мы праводзім шэраг нарадаў і сустрэчаў з адной мэтай — выпрацоўка стратэгіі разьвіцьця ўкраінскай культуры.

— Што ўваходзіць у ваша разуменьня разьвіцьця ўкраінскай культуры?

— Два складнікі: зьберажэньне традыцыяў і нацыянальнай спадчыны, а таксама стварэньне ўмоваў для разьвіцьця новай украінскай культуры. У гэтых межах мы і працуем.

І пытаньне вельмі празаічнае: бюджэт. Два дні таму ён быў зацьверджаны, але на культуру выдзеленыя зусім ня тыя сумы, на якія мы разьлічвалі. Разам з тым перамогай міністэрства можна лічыць тое, што мы адстаялі разы ў чатыры больш, чым тое, што было прапісана ў праекце бюджэту яшчэ два тыдні таму.

— На што пойдуць грошы?

— Мы хочам захаваць інстытуцыі ў сфэры культуры, якія пасьпяхова дзейнічаюць. Але плянуем больш фінансаваць ня дзейнасьць інстытуцыяў, а выраб і пашырэньне культурнага прадукту. Будзем больш арыентавацца на грамадзкасьць, больш кантактаваць з творцамі. Нам важна ня толькі фінансаваць структуры, але і атрымліваць пазытыўныя вынікі на конкурснай аснове.

— Як вайна на ўсходзе ўплывае на дзейнасьць міністэрства?

— Ох, гэта мой пэрсанальны клопат — тое, што зьвязана з зонай АТА. І тут вельмі шмат праблемаў, зьвязаных зь неабходнасьцю пераезду навучальных установаў і музэяў з тэрыторыяў, якая кантралююцца тэрарыстамі. Напрыклад, Данецкая музычная акадэмія імя Сяргея Пракоф’ева і Луганская акадэмія культуры і мастацтва. Мы ставім за мэту максымальна захаваць прафэсарска-выкладчыцкі склад, студэнтаў, дапамагчы адаптавацца ў профільных ВНУ ў Кіеве, Адэсе, Харкаве, Львове. Найпрасьцей было б, вядома, расфармаваць гэтыя ўстановы, але мы будзем захоўваць і ўстановы, і рэктарат. Тое самае з музэямі, там увогуле разарвана па жывым: Данецкі мастацкі музэй застаўся ў Данецку, а некалькі яго філіялаў — на тэрыторыі, падкантрольнай украінскай уладзе. Мы турбуемся, каб захаваць ад разрабаваньня калекцыю, а таксама сувязь і кантакты паміж ім і філіяламі. Тут вельмі небясьпечна, таму што падчас міжнацыянальных ці інсцэніраваных пад міжнацыянальныя канфліктаў адзін бок імкнецца зьнішчаць усе, што зьвязана зь іншым.

— У 2014 годзе ва Ўкраіне шырока адзначылі 500-годзьдзе бітвы пад Воршай. У той час як беларускія ўлады забаранілі масавае сьвяткаваньне, Міністэрства культуры Ўкраіны спрыяла грамадзкім арганізацыям. Ці будуць яшчэ нейкія падзеі, зьвязаныя з нашай супольнай гісторыяй?

— Абавязкова. Я вялікі прыхільнік культурнага праекту «Вялікае Княства Літоўскае». Да нядаўняга часу да гэтага праекту ставіліся ва Ўкраіне ня так, як гэта таго патрабуе, як бы хацелася мне. Я нядаўна сустракаўся з калегамі з Інстытуту гісторыі і сказаў ім, што ва Ўкраіне і Грунвальдзкую бітву, і бітву пад Сінімі водамі не адзначалі належным чынам. На жаль, ва Ўкраіне маштаб гэтых гістарычных падзеяў не знайшоў належнага адлюстраваньня. Але для гэтага былі пэўныя падставы: папярэдні ўрад і папярэдняе Міністэрства культуры былі скіраваныя на праекты, ляяльныя да Расеі. Цяпер супраца зь Беларусьсю мае пэрспэктыву, бо мы будуем новую эўрапейскую супольнасьць і нам цікава пабачыць, як тое самае адбывалася і ў рамках Вялікага Княства Літоўскага. Гэта будзе адным з прыярытэтаў Міністэрства культуры.

— Ці будзе гэта цікава беларусам?

— Даруйце, але я лічу, што беларускае грамадзтва на раздарожжы, супольнасьць не настолькі кансалідаваная, каб адрозьніць псэўдаарыенціры ад арыенціраў сапраўдных. Такое ёсьць і ва Ўкраіне. А без супольнага бачаньня нацыяй мінулага яна ня зможа пабачыць і супольную будучыню. Я сваімі калегамі ў Беларусі лічу хутчэй ня ваша Міністэрства культуры, а грамадзкія арганізацыі, якія займаюцца прасоўваньнем культуры, на супрацу зь імі я разьлічваю. Будзем працаваць разам, а дэвізам гэтай супрацы няхай будзе: чужога ня возьмем, але сваё бараніць будзем.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Пасля знікнення спікеркі Мельнікавай няма доступу да рахункаў Каардынацыйнай рады28

Пасля знікнення спікеркі Мельнікавай няма доступу да рахункаў Каардынацыйнай рады

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп загадаў Вэнсу прыбраць «неналежную ідэалогію» з музеяў і заапарка12

Лукашэнка рэзка абсек ініцыятыву прэм'ера Турчына: «Пачынае варушыць старое»14

Падрыў «Паўночнага патоку»: сталі вядомыя кулісы дзёрзкай дыверсіі, роля Залужнага і Польшчы30

«Я ехала ад вайны і бамбёжак»: Яўгенія Чарняўская пра пераезд на Кіпр20

Высадка ў Грэнландыі: Джэй Дзі Вэнс разам з жонкай прыляцеў на востраў без запрашэння6

Атмасферны трэйлер гульні пра старажытны Тураў выйшаў на беларускай мове7

«Невінаваты». Вярхоўны суд скасаваў прысуд Алвесу за згвалтаванне3

Эксперт пра знікненне амерыканскіх вайскоўцаў у Літве: Ёсць тры версіі13

За суткі ў Мінску ў ваннах патанулі два чалавекі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля знікнення спікеркі Мельнікавай няма доступу да рахункаў Каардынацыйнай рады28

Пасля знікнення спікеркі Мельнікавай няма доступу да рахункаў Каардынацыйнай рады

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць