Грамадства4343

Бельчукі: як фермеры з-пад Брэста ўступілі ў бой з міліцыяй, баронячы сваю ўласнасць

Карэспандэнт «Нашай Нівы» Улад Швядовіч пабываў у вёсцы Арлянка Маларыцкага раёна, каб на месцы разабрацца ў сітуацыі.

Ад рэдактара

Шматдзетная сям’я з Маларыцкага раёна дабілася 57 гектараў зямлі. Тэхніку сабралі, лічы, з металалому. За адзін з такіх самаробных трактараў гаспадара і садзяць.

Не бандыты, не алкаголікі, а кінуліся на міліцыянера. Кінуліся абараняць уласнасць!

Мне гэтыя людзі нагадалі першых еўрапейскіх пасяленцаў у Амерыцы. Бельчукі — прагныя зямлі, упартыя, веруючыя і зацята незалежныя. Яны не хочуць ніякай улады над сабой. Але на якіх такую дзяржаву, такое грамадства збудаваць можна! Магутная Амерыка з такіх, непакорных, свавольных, але цягавітых, і паўстала і на такіх і трымаецца.

Так, Бельчукі складаныя. Але яны маюць магутны інстынкт уласнікаў. А гэта дарагога варта, як той казаў.

Андрэй Дынько

З сялян — у злачынцы

Бойка ў Страдзічах.

У маі мінулага года ў вёсцы Страдзічы Брэсцкага раёна інспектар ДАІ Сяргей Неліповіч паспрабаваў канфіскаваць незарэгістраваны самаробны трактар, які да гэтага быў заўважаны на дарозе. Аднак браты Бельчукі — уласнікі транспартнага сродка — не падпарадкаваліся. Даішніку разбілі нос і пракусілі руку. Гэта версія міліцыі.

У Бельчукоў версія іншая. Трактар па вёсцы не ехаў, сцвярджаюць яны.

Яго завезлі ў Страдзічы з Арлянкі (раён іншы, але вёска, калі браць праз лес вялікі на 20 кіламетраў, лічы, суседняя) на самаробным лафеце. Завезлі, бо ён спатрэбіўся пляменніку, які там жыве. А потым пачалося.

«Прыбег да мяне брат, кажа: званіў сын, ДАІ трактар забірае. Мы туды. Бачым: стаіць трактар ля гаража. Побач — даішнік, — расказвае «Нашай Ніве» Аляксандр Бяльчук. — І той даішнік кажа: зараз прыедзе эвакуатар забраць трактар. Пытаюся: на якой падставе? Адказвае: я выконваю загад начальніка».

Аддаваць трактар Бельчукі не хацелі. Яны лічаць, што яго ў хацеў «аджаць» адзін высокі чын (не будзем тут яго называць, гэта ж толькі гіпотэза).

Кажуць, ніякай паперы аб канфіскацыі супрацоўнік ДАІ не меў. І Бельчукі вырашаюць зацягнуць трактар у гараж, а потым замкнуць дзверы.

«І тут даішнік мне кажа: ну ты, мужык, папаў! Я адказваю: ты як размаўляеш са старэйшымі? І калі ён пачуў гэтае «ты», то схапіў мяне за грудзі, пачаў трэсці, — кажа Аляксандр. — Парваў мне куртку. Паміж намі ўлез мой брат, Мікалай, каб нас расчапіць. Выклікаў Неліповіч участковага. Участковы Сідарук прыставіў мне пісталет да галавы: зараз, кажа, буду страляць. Я кажу: страляй, зорку дабавяць».

Ну ты, мужык, папаў

Забралі Бельчука ў Брэст, дапытвалі. Толькі а 5-­й раніцы яго адпусцілі, і бацька, Іван Бяльчук, забраў сына ў Арлянку.

У Аляксандра Бельчука восем дзяцей і 57 гектараў зямлі.

Аляксандр адразу напісаў шэраг скаргаў. А праз некалькі дзён Бельчука выклікалі да следчага. Ён на той час не мог, папрасіў перанесці на іншы дзень. Атрымаў новую позву — на 10.00 14 чэрвеня.

«Але 14 чэрвеня а 6 ранку ў маю хату ўварваўся АМАП, і мяне ў адных трусах адвезлі ў Брэст. Нібыта я не прыйшоў па позве. Кінулі ў ІЧУ, потым — у СІЗА, дзе я правёў амаль 20 дзён, — кажа Аляксандр. — Але потым абласны суд мяне вызваліў».

Тут дабавім такую дэталь: у Аляксандра Бельчука восем дзяцей. У ягонага бацькі, Івана, — пяць.

Потым было паўгода скаргаў і суд. Вынік — тры месяцы арышту.

Той самы самаробны «трактар разладу»

Трое Бельчукоў рознага ўзросту, 74-­гадовы Іван і два ягоныя сыны, сядзяць вакол мяне і тры гадзіны крычаць аб тым, што той Аляксандр не вінаваты, з запалам пераказваюць супярэчнасці ў паказаннях сведкаў з боку міліцыі.

Што тычыцца сведкаў з боку Бельчукоў, то суд не прызнаў іх паказанняў дакладнымі.

«Адэкватна гэтых людзей я не магу ўспрымаць, вы самі разумееце, — кажа нам інспектар Неліповіч. — За іх адміністратыўнае правапарушэнне я мог бы на месцы выпісаць пастанову — усё б і скончылася. А тое, што яны зрабілі, нармальны чалавек ніколі б не зрабіў.

Мне дастаткова таго, што Бельчука прызналі вінаватым. Можа, яны ўсвядомяць памылку. Хоць бы тады на месцы яны падышлі і папрасілі прабачэння… Але ж не, да канца лічаць, што вінаваты я. Яго прызналі вінаватым, і я лічу, што гэта правільна. Але ж у яго васмёра дзяцей, плюс гаспадарка — мне здаецца, тых трох месяцаў, што ён атрымаў, дастаткова. Можа, ён аб чымсьці задумаецца».

Дарэчы, той «трактар разладу» не сканфіскавалі. І Бельчукі яго ўрэшце зарэгістравалі, сплацілі ўсе зборы.

Хрысціяне

Увогуле, Бельчукі з тых, хто прывык дабівацца свайго. Строгія хрысціяне, якія не п’юць і не кураць, яны робяць зямлю і больш за ўсё бунтуюць, калі ім у гэтым пачынаюць перашкаджаць.

Калі Аляксандр Бяльчук скончыў школу, ён пайшоў у мясцовы калгас кіроўцам пагрузчыка. «Я працаваў, а не сядзеў. І зарабляў больш за старшыню!» — хваліцца ён.

Потым, калі СССР разваліўся, разам з бацькам сталі фермерамі.

«13 разоў звярталіся, але зямлі ўсё нам не давалі. Але на чатырнаццаты раз, праз суд, нарэшце, мы атрымалі свае надзелы».

Фермеравалі нармальна. Грошай хапала. Нажылі нават сюю­тую тэхніку. Але праз тры гады ўмовы змяняюцца: цяпер фермерская гаспадарка павінна мець бухгалтара. «І што, я павінен быў адарваць грошы ад сваіх дзяцей, каб той бухгалтар перакладаў паперкі?» — разважае Бяльчук.

Ну няма танных бухгалтараў у Арлянцы!

У Арлянцы жыве чалавек сорак, а зімой і яшчэ менш — старых забіраюць да сябе дзеці ў горад. Як паходзіш па той Арлянцы, дык здаецца, што, акрамя Бельчукоў, там і няма нікога. Вялікая сям’я, ужо не сям’я — клан, род: тут — сыны, там — пляменнікі.

Уся Арлянка застаўлена старой тэхнікай Бельчукоў

Карацей, фермерскую гаспадарку сваю Бяльчук палічыў за лепшае ліквідаваць. Але і ў калгас не пайшоў. Згодна з заканадаўствам, для ўласнай гаспадаркі можна было атрымаць тры гектары зямлі. Бельчукі узялі тыя гектары і жылі спачатку толькі з іх. Потым заканадаўства стала прадугледжваць яшчэ дадатковы гектар на кожную карову. І Бельчукі паспрабавалі гэта выкарыстаць.

Зямлі дабіўся хітрасцю

«Спачатку адна карова. Потым тры, пяць, — распавядае Аляксандр. — Але і праблемы пачаліся: ужо мае каровы, якія пасвіліся ў агульным статку, аб’ядаюць іншых. А маіх было 15 галоў, і калгасных таксама — 15. Ну добра, даюць мне надзел. Але толькі 4 га, хаця павінны 15. Я пачаў скардзіцца. Званіў на «гарачую лінію» АНТ. Там дзяўчына кажа: нам гэта не цікава.

Тады я пішу ліст дырэктару таго АНТ: калі праблемы простага чалавека вам не цікавыя, то на каго вы працуеце?

І праз два дні прыехаў землямер, далі мне амаль 20 гектараў. А яшчэ праз дзень прыязджае тэлебачанне: ну што, далі вам зямлю? Кажу, далі. Паказваю, а там усё палынам па грудзі зарасло».

На наступны дзень Бельчука выклікаў старшыня Маларыцкага райвыканкама Лапіч, і Аляксандру далі 21 гектар нармальнай зямлі каля яго хаты. Праца пайшла. Пагалоўе расло, адпаведна, новыя ўчасткі зямлі выдзяляліся. Але калі Бяльчук давёў статак да 70 кароў, яго ўчастак быў усяго толькі 57 гектараў. Больш не давалі: казалі, што не было.

І чапляцца сталі. Бяльчук вырошчваў на некалькіх гектарах то бульбу, то гарбузы. Потым ён прадаваў ураджай і набываў калі камбікорм, калі салому.

«Усё, кажуць, нямэтавае выкарыстанне зямлі. Ізноў пачаліся праблемы. Тады мае дарослыя дзеці напісалі заяву, каб ім далі па тры гектары — на іх бы мы вырошчвалі што хацелі. Не, кажуць, зямлі няма».

Тут трэба адзначыць, што бал урадлівасці ў Арлянцы вельмі нізкі. Глуш, пяскі залесныя.

Самаробны трактар у Бельчукоў не адзін.

 «Я ўсё жыццё ваюю»

«Я ўсё жыццё ваюю», — кажа Аляксандр.

Праблемы, здаецца, самыя яго знаходзяць. У 2009 годзе ў Аляксандра канфіскавалі 200 літраў саляркі — перавозіць больш за 100 літраў было забаронена. Ён звярнуўся ў абласны суд, той паліва не вярнуў, тады Бяльчук напісаў ў Вярхоўны суд і, нарэшце, атрымаў пастанову: «Незаконна канфіскаванае вярнуць». Але тая салярка даўно ўжо была прададзеная праз краму­канфіскат. І Бяльчук у знак пратэсту на нейкі час забараніў тром малодшым дзецям наведваць школу. За гэта яго нават хацелі пазбавіць бацькоўскіх правоў, але ж абышлося.

Прычым не першы раз ён выкарыстоўвае дзяцей, каб дабіцца свайго.

«Яшчэ пры саветах жонка мая не магла работу знайсці. У калгас яе не бралі — і ўсё. Ну, я вырашыў пайсці на крайнюю меру. Прыехаў да старшыні калгаса, пакінуў яму сваіх двух дзяцей, аднаму тры, другому — год, і кажу: на, паспрабуй, пракармі. Жонка ў плач, канечне, але я забраў яе, і мы з’ехалі. І што ж вы думаеце, тэлефануюць: будзе праца, толькі забярыце дзяцей! І на наступны дзень жонку ўзялі на ферму птушніцай».

Але прыкладна ў 2000 годзе ферма зачынілася. Арлянка пусцее.

Вёска адной сям’і

Людзей у вёсцы амаль няма, цагляныя дамы пакінутыя, толькі ржавая тэхніка скрозь стаіць. На адным падворку сеялка, на другім — камбайн, на скрыжаванні — стары грузавік. Усё іхняе, усё Бельчукова.

«Няма дзе трымаць, — тлумачыць Аляксандр Бяльчук. — А ў тых дамах усё адно пуста. Пакуль ферма працавала, набудавалі гэтых помнікаў. А потым народ збег».

За такое захоўванне тэхнікі яго штрафуюць — у 2014-­м давялося заплаціць каля 2 мільёнаў.

«Яны лічаць, што гэта металалом! А мне на запчасткі іншай няма», — абураецца Бяльчук.

Хоць і праўда, металалому сярод той тэхнікі хапае. Іржавы аўтамабільны кузаў, праз які прарасла трава, — нармальная карціна для Арлянкі.

І буду я дармаед

Робяць людзі зямлю, выжываюць, выкручваюцца. Восем дзяцей — гэта ж таксама подзвіг, па-­свойму. Не на крэдыты, не на льготы паднятыя. Малодшая, непаўналетняя, інвалід з дзяцінства і цяпер пры Аляксандру Бельчуку.

А што дзяржава? А дзяржава Бельчукамі ніколі не цікавілася.

Ніхто не імкнуўся іх падтрымаць, дагадзіць, выкарыстаць патэнцыял. Зямлю далі ў рэшце рэшт, вось і ўсё. І во дзіўна гэта, бо Бельчукі — гэта такія «ідэальныя фермеры ў вакууме», бяры і ў падручнік ўстаўляй.

Не п’юць, жывуць вялікімі сем’ямі, робяць дзень і ноч — толькі давай зямлю. Аднак замест дзяржаўнай падтрымкі Бельчукі, як правіла, атрымліваюць новыя і новыя праблемы.

Ніхто не апраўдвае Бельчукоў у выпадку з трактарам. І даішнік тут дзейнічаў па законе. Але то інспектар, яго справа — парадак на дарогах. А райвыканкам, а «ідэолагі», а аддзел сельскай гаспадаркі што? Чаму, напрыклад, замест рэгулярных штрафаў за металалом не дапамагчы Бельчукам неяк вырашыць гэтае пытанне? Бо ж прыбяры гэтую сям’ю з той Арлянкі — і не стане Арлянкі. Колькі вёсак так знікла.

«Зараз прымуць новы закон, і буду я дармаед. Жывём са сваёй зямлі, але афіцыйна мы беспрацоўныя», — пасміхаецца Бяльчук.

Але гучыць гэта не смешна.

Каментары43

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Выпускніца з Баранавічаў набрала 400 балаў з 400 магчымых для паступлення2

Выпускніца з Баранавічаў набрала 400 балаў з 400 магчымых для паступлення

Усе навіны →
Усе навіны

Гурт «Дразды» пакідае сцэну і вінаваціць у гэтым «гіперактыўных блогераў»9

Дзяржаўныя каналы Беларусі выдаюць сутычкі ў Лос-Анджэлесе за «разгон мітынгоўцаў»5

У Гомелі мужчына дапамог данесці хворага да машыны хуткай дапамогі, а ў працэсе абакраў яго1

РПЦ асвяціла харугву ГУБАЗіКа ФОТАФАКТ4

Ізраіль афіцыйна прызнаў, што перадае Украіне сістэмы СПА

«Выйшла ў лес, крычала і плакала». Палітзняволеная расіянка з вокладкі «КП» расказала пра сваё зняволенне і дэпартацыю2

За здымкі на вакзале ў віцебскім СІЗА трымаюць аршанца Яўгена Бодрыкава2

«Праца цяжкая, але плён натхняе». Сёлетні клубнічны сезон працягнецца даўжэй, чым звычайна

На Зямлі ёсць нябачная мяжа, якую жывёлы не перасякаюць. Вось чаму2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Выпускніца з Баранавічаў набрала 400 балаў з 400 магчымых для паступлення2

Выпускніца з Баранавічаў набрала 400 балаў з 400 магчымых для паступлення

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць