Меркаванні12

«Камяні засыпалі мой рукзак, пакуль я рабіла паклоны перад ступай» — беларуска пра выжыванне пасля землятрусу ў Непале

Катастрофа вачыма Любові Праневіч, будысткі з Брэста.

25 і 26 красавіка ў Непале адбыліся моцныя землятрусы магутнасцю ў 7,9 і 6,8 балаў. Больш за 7 тысяч чалавек загінула, каля 15 тысяч параненыя. Былі разбураныя жылыя будынкі і шматлікія гістарычныя каштоўнасці. Па дадзеных ААН, землятрус так ці інакш закрануў 8 мільёнаў жыццяў, больш за траціну насельніцтва.

Падчас катастрофы ў Непале знаходзіліся і беларускія турысты. Пакуль няма звестак, ці пацярпеў хто з іх. Кагосьці з іх эвакуявалі, але хтосьці вырашыў застацца. «Наша Ніва» пацікавілася ў беларускі Любові Праневіч, якая была відавочцай катастрофы і па сённяшні дзень знаходзіцца ў Катманду, што адбывалася і адбываецца ў Непале.

«21 красавіка я прыехала ў сталіцу Непала як турыстка.

Я практыкую будызм, планавала правесці некалькі тыдняў у Катманду, наведаць будысцкія манастыры. Пра імавернасць землятрусу я не ведала. Сярод маіх знаёмых ніхто пра землятрус не гаварыў.

Я жыву ў раёне Ступы (Баўданатх) [ступа — будысцкае рэлігійнае збудаванне, храм]. Гэта вядомы будысцкі гістарычны помнік і месца, вакол якога стаяць манастыры. Вакол ступы звычайна робяць кору. Кора — гэта рытуальны абход святыні па сонцы. Калі робіш кору, чытаеш мантры альбо дасылаеш добрыя пажаданні ўсім жывым істотам. 25-га, у 11:30, я выйшла з гестхаўза і зрабіла кору вакол Ступы.

Паклоны ў будызме, у адрозненне ад хрысціянства, робяць, выпрастоўваючыся ва ўвесь рост. Ну і я стала таксама рабіць паклоны, бо гэта мая асноўная практыка на дадзены момант.

Праз адну малу, гэта 27 паклонаў, пачала трэсціся ўся Ступа. Што адбываецца, было незразумела і таму страшна.

Я рабіла паклоны перад галоўнай ступай, а за мной стаяла малая ступа. І ўся макаўка яе падчас штуршкоў пасыпалася на тое месца, дзе я толькі што рабіла паклоны. Я разгрэбла каменне, выграбла з-пад яго мой абутак, заплечнік, кніжку з тэкстам практыкі і зрабіла яшчэ тры паклоны ў бок вялікай Ступы. Затым паціху выйшла праз галоўны ўваход.

Я пайшла ў бок манастыра знаёмага рынпачэ (у перакладзе гэта азначае «каштоўны, вялебны», гэта такі тытул у будысцкіх манахаў), каб запытацца, што адбываецца. Па дарозе сустрэла сяброўку з Расеі і прапанавала пайсці разам. Але прайшлі мы хвіліны тры, бо на бліжэйшым вольным ад будынкаў месцы, насупраць аднаго з ўваходаў у Белую Гомпу (гэта вядомы манастыр), збіраліся людзі. І зноў пачало трэсці.

Тады стала зразумела, што гэта землятрус. І паводзіць сябе мы сталі адпаведна: селі на зямлю, далей ад будынкаў, і былі надзвычай уважлівымі.

Людзі рэагавалі на землятрус па-рознаму. Вядома, адчуваўся страх. Калі пачынаўся новы штуршок, людзі ўскрыквалі. Але ўсе-ўсе чыталі мантры.

Тыя, хто сядзеў на зямлі, чыталі мантры і працягвалі чытаць, калі штуршок сканчваўся. Аніякай панікі. Паміж штуршкамі людзі выходзілі на вуліцу, каб схадзіць па сваіх, хто застаўся ў дамах. Тады, у першы вечар, ужо называлі 500 ахвяраў па ўсім Непале. Было шмат спачуванняў.

Мы сядзелі на паляне гадзіны чатыры, але ўжо праз дзве гадзіны манахі з манастыра пачалі раўняць зямлю рыдлёўкамі і ставіць намёты. Было зразумела, што начаваць давядзецца на вуліцы. Калі асноўны страх прайшоў, стала зразумела, што такое землятрус — гэта стыхія, якую немагчыма кантраляваць, да якой немагчыма падрыхтавацца. Я напісала эсэмэс бацькам, што тут трэсла, але са мною ўсё добра.

Затым мы пайшлі ў манастыр, дзе жыла мая сяброўка, начавалі там. Было 3—4 штуршкі ў першую ноч. Калі адчуўся першы штуршок, я паднялася. Мне сяброўка кажа: «Люба, якая розніца, ляжыш ты ці сядзіш. Лепей ляжаць». Я пагадзілася.

На наступны дзень, 26-га, мая сяброўка Фарыда хвалявалася, што там з дзіцячым домам, які знаходзіцца недалёка ад Ступы Сваямбху (Сваямбхунатх). Там знаходзіцца 50 дзяцей, а таксама некалькі валанцёраў-еўрапейцаў. З імі не было сувязі, апошняе, што яна атрымала ад аднаго з іх, быў эсэмэс: «Я ў шпіталі». Таму на першы дзень пасля землятрусу паехалі туды.

На першы дзень ніхто не выязджаў далёка, было складана знайсці таксі. Сваямбхунатх — у іншым канцы Катманду.

Усе крамы і крамкі, якіх бясконцае мноства, былі замкнёныя. Недалёка ад міжнароднай аўтобуснай станцыі была трагедыя. Там стаяць 6-7-павярховыя дамы. І вось яны паскладваліся. Прычым, то там, то там. Некаторыя засталіся стаяць, а некаторыя паміж імі склаліся. Каля тых дамоў было шмат людзей, працавалі спецбрыгады. На Ступе Сваямбху, якая знаходзіцца на гары, таксама разбурыўся манастыр. Бачна было, што многа болю ў людзей, перажывання, бо пад заваламі родныя і блізкія.

На Баўда Ступе ўжо былі некалькі адчыненых крамак. Мы набылі макароны хуткага гатавання і печыва, каб на ўсіх у прытулку хапіла. Прывезлі ім. Мы перачакалі адзін штуршок у прытулку, пасля зайшлі яшчэ да знаёмых і да цямна вярнуліся на Баўда. На другі дзень таксама ездзілі ў прытулак, ізноў прывезлі ежу. Некаторыя валанцёры баяліся адыходзіць ад таго месца. Таму мы расказвалі што, дзе і як. Уначы быў дождж, і тым, хто без тэнтаў быў на вуліцы, прыйшлося няпроста.

Потым штуршкі сталі рэдкімі, людзі, у каго засталіся дамы, вярнуліся ў іх.

Адчыніліся крамкі. Пачалі ездзіць таксі. Адчыніліся кавярні, стаў больш даступным інтэрнэт. Пайшлі навіны, стала вядома пра маштабы разбурэнняў. Людзі розныя: хтосьці, як можа, дапамагае, нехта ад'язджае.

Увогуле, штуршкі яшчэ ідуць, за суткі бывае па 3—4. Пад раніцу, здаецца з 3 на 4 мая, быў досыць моцны. Удзень таксама бывае. Мы ездзілі ў Шармінуб, манастыр за Сваямбху. Едзем звычайным шляхам, і тут на дарозе дом ляжыць — будынак склаўся і заваліў праезд. Дамы па ўсім Катманду яшчэ складваюцца і да гэтага часу. Зноўку працуюць спецбрыгады, зноўку людзі перажываюць боль.

Выехаць з Непала было праблемай.

Аэрапорты перапоўніліся. Здарыўся яшчэ такі выпадак: мы адпраўлялі хлопчыка з Германіі ў Тайланд на лячэнне. Нас бельгійцы не захацелі браць на борт самалёта, які эвакуяваў людзей, квіткі на яго былі бясплатныя. Супрацоўніца, якая займалася пасадкай, сказала, што беларусы не еўрапейцы. Я сказала: «Мы — Еўропа».

Яна не пагадзілася: «Вы не Еўрасаюз». Тады я і мая знаёмая з Расіі спыталі: «Што ж нам рабіць?»

Адказ быў такі: «Уступайце ў Еўрасаюз». Але я лічу, што гэта проста недахоп жыццёвага досведу адной канкрэтнай асобы.

Я вырашыла застацца. Рашэнне прыняла толькі 29 красавіка. Пры гэтым адзін з ламаў раніцай 1 мая мяне пабачыў і пасмяяўся: «Ты яшчэ не ў Мінску?» Бо ў такой сітуацыі сам працэс прыняцця рашэння для мяне быў складаны. Але пакуль мне яшчэ патрэбна быць тут. Па адной з маіх версій, калі я не пражыву гэты досвед, моцныя эмоцыі пасля землятрусу, не вярнуся самастойна да звычайнага штодзённага жыцця, мала хто мне з маіх родных і псіхолагаў зможа дапамагчы. Квіток маю на пачатак чэрвеня.

Цяпер у Катманду я займаюся простымі рэчамі.

Напрыклад, буду пекчы бліны з бананамі ў манастыры. Гэта і ежа, і надае смак нармальнага жыцця. Мы яшчэ ночым на вуліцы, бо манастыр увесь патрэскаўся і ёсць небяспека. Я б не назвала гэта валанцёрствам, хутчэй, гэта мой унёсак у жыццё манастыра. Я не будую масты і дарогі, не вызваляю людзей з-пад завалаў. Але часам, калі ёсць патрэба, удаецца дапамагчы. У простых штодзённых рэчах».

Каментары12

Мінская настаўніца звольнілася са школы за 3 месяцы да канца адпрацоўкі. Колькі прыйшлося заплаціць?

Мінская настаўніца звольнілася са школы за 3 месяцы да канца адпрацоўкі. Колькі прыйшлося заплаціць?

Усе навіны →
Усе навіны

Правакатарка, якая разгульвае па Брэсце з расійскім Z-сцягам — супрацоўніца Камітэта судовых экспертыз12

Мінабароны адправіла «Паланэзы» на прыкрыццё мяжы ВІДЭА4

Прэс-сакратарка Лукашэнкі назвала тры прычыны масавых пратэстаў у 2020 годзе15

Чаму кіраўніком сваёй Адміністрацыі Лукашэнка паставіў Дзмітрыя Крутога? Ён можа стаць пераемнікам?9

Наталля Эйсмант прызналася, што моцна пахудзела21

Стаў вядомы прысуд, вынесены лідарцы прафсаюза «Нафтан» Вользе Брыцікавай3

Памежны камітэт Беларусі ўгледзеў «Рускі добраахвотніцкі корпус» на мяжы з Украінай2

Паўнамаштабная вайна паміж Ізраілем і «Хезбалой» можа пачацца ў бліжэйшы час11

«Мы вельмі гэтага хочам, мы настойваем» — прэс-сакратарка Лукашэнкі расказала, ці пойдзе той на наступныя выбары17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінская настаўніца звольнілася са школы за 3 месяцы да канца адпрацоўкі. Колькі прыйшлося заплаціць?

Мінская настаўніца звольнілася са школы за 3 месяцы да канца адпрацоўкі. Колькі прыйшлося заплаціць?

Галоўнае
Усе навіны →