Па слядах Пастаялкі: як Васіль Жарко рабіў кар’еру міністра аховы здароўя
Гісторыя чыноўніка, які даўжэй за ўсіх затрымаўся на пасадзе міністра.
упершыню апублікавана ў 2015 годзе
* * *
Міністр аховы здароўя ў Расіі — неўролаг Вераніка Скварцова. Яна член-карэспандэнтка Расійскай акадэміі медыцынскіх навук і аўтарка больш за 400 навуковых работ, прысвечаных барацьбе з інсультамі.
У Польшчы такую ж пасаду займае педыятр Барташ Арлуковіч. Ён пайшоў у прафесійную палітыку, а да таго працаваў у клініцы дзіцячай анкалогіі і скончыў прыватную медыцынскую практыку некалькі гадоў таму.
Украіна, якой жыццёва неабходныя змены ў сістэме аховы здароўя, запрасіла на пасаду міністра Аляксандра Квіташвілі. Гэты грузінскі менеджар правёў рэформы ў сябе на радзіме і цяпер спрабуе рэалізаваць іх ва Украіне.
Іх беларускі калега Васіль Жарко ў свой час з цяжкасцю, з другой спробы, паступіў у медуніверсітэт. Апошні раз ён меў медыцынскую практыку яшчэ за савецкім часам. У электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі няма ніводнага ўзгадвання пра ягоныя індывідуальныя навуковыя даследаванні і адкрыцці. Затое пры высокай пасадзе Жарко ажно з 2006 года — найдаўжэй сярод цяперашніх лукашэнкаўскіх міністраў.
«Як бы ў міністэрства прабіцца?»
Род Жарко паходзіць з вёскі Леснікі, гэта паўночны край Драгічынскага раёна.
Бацькі Васіля працавалі ў калгасе, а іх дзіця-выдатнік на дзіва суседзям цягнулася да ведаў — тыповы пачатак гісторыі для беларускіх чыноўнікаў.
У сям’і Івана і Ганны Жарко раслі трое сыноў, Васіль быў малодшым.
«Памятаю, сцялілі лён, а Васіль дапамагаў маме і кажа: «Я ўсё думаю, як бы ў міністэрства прабіцца?» Малы яшчэ быў, у восьмым класе», — расказвае цётка чыноўніка Лізавета.
Сярод сваякоў міністра яна засталася ў вёсцы адна. Бабуля ўсё яшчэ трымае гаспадарку, перад хатай пасуцца козы. Але Леснікі выміраюць. Краму закрылі, вяскоўцы абыходзяцца паслугамі аўталаўкі. А будынак школы, у якой вучыўся Васіль, аддалі прадпрымальнікам пад транспартны цэх.
У 15 гадоў Васіль паехаў вучыцца ў Іўеўскі раён. У мясцовай медыцынскай вучэльні ў Юрацішках ужо займаўся ягоны брат.
У дарослым веку той нейкі час пажыў у Германіі, а пасля вярнуўся ў Беларусь. Працаваў фельчарам у Бярозе, а цяпер уладкаваўся ў тамтэйшы лядовы палац, які належыць мільянеру Юрыю Чыжу. «Можа, пра медыцыну ўжо і забыўся», — жартуе цётка.
А вось старшы брат будучага міністра пайшоў у тэхнікі. Ён працаваў на электрастанцыі ў Белаазёрску. Цяпер выйшаў на пенсію і пасля смерці бацькоў выкарыстоўвае родную хату як лецішча.
Камсамолец і будаўнік
Пасля вучобы ў Юрацішках Васіля забралі ў войска. Служыць давялося ў расійскім Арэнбургу, непадалёку ад цяперашняй мяжы з Казахстанам. Жарко быў вайсковым фельчарам.
Вярнуўшыся пасля двух гадоў службы ў Беларусь, Васіль паспрабаваў паступіць у медуніверсітэт (тады Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут), але беспаспяхова. Жарко застаўся падцягваць свае веды на падрыхтоўчым аддзяленні. Дадатковыя заняткі, ды яшчэ і статус вайсковага фельчара, дазволілі яму праз год усё ж паступіць у ВНУ.
Жарко быў старэйшым за астатніх студэнтаў, і гэта дапамагло яму займець асаблівы статус. Узгадваючы поспехі будучага міністра, ягоныя аднакурснікі ўсміхаюцца і адзначаюць, што на камсамольскай ніве Васілю ўдавалася праявіць сябе значна лепш, чым у вучобе. Жарко стаў яшчэ і камандзірам будаўнічага атрада.
Знаёмства з Пастаялка
Адвучыўшыся ў Мінску, Васіль на год паехаў у Брэсцкую дзіцячую абласную бальніцу. Першы год пасля заканчэння вучобы медык-выпускнік трапляе ў інтэрнатуру.
Загадчыцай інфекцыйнага аддзялення ў бальніцы тады працавала Людміла Пастаялка. У гісторыі Беларусі яна застанецца найперш як маці Ірыны Абельскай, асабістай доктаркі Аляксандра Лукашэнкі.
Гэта было першае пацверджанае перасячэнне лёсу Жарко з уплывовай чыноўніцай. Але далёка не апошняе.
Падчас падрыхтоўкі артыкула да нас даходзілі чуткі, што Жарко — далёкі сваяк Абельскай. Пацвярджэнняў гэтаму не знайшлося, сваякі Васіля абвяргаюць крэўную сувязь.
Чуткі маглі ўзнікнуць праз месца нараджэння Жарко. Рэч у тым, што бацька Абельскай, муж Людмілы Пастаялкі, паходзіць з вёскі Батарэя Бярозаўскага раёна. Адтуль да Леснікоў, дзе нарадзіўся Жарко, зусім блізка — каля 8 км.
Нагадаем, на пачатку 1950-х Сцяпан Пастаялка, ягоны брат Анатоль, а таксама іх бацькі былі асуджаныя на працяглыя тэрміны зняволення за «антысавецкую дзейнасць». Сям’ю вінавацілі ў дапамозе антыкамуністычным партызанам з Украінскай паўстанцкай арміі, якую масава падтрымлівалі на Берасцейшчыне ў той час. Падрабязнасці іх гісторыі жыцця «Наша Ніва» расказвала ў 2013 годзе.
З медыка ў чыноўнікі
Як вынікае з афіцыйнай біяграфіі, у 1985-м, пасля года працы ў Брэсце, Жарко пераехаў бліжэй да малой радзімы, у Драгічын. Тут учорашні выпускнік стаў загадчыкам аддзялення раённай бальніцы.
Неўзабаве Васіль пазнаёміўся з дырэктаркай мясцовай крамы. Надзея была старэйшая за яго. Вяселле згулялі ў бацькоўскай хаце ў Лесніках. «Усе драгічынскія дактары прыехалі», — узгадвае цётка Лізавета.
У сям’і нарадзілася дачка Вольга.
Праца ў Драгічыне была апошнім месцам, дзе Жарко быў звязаны з практычнай медыцынай. У 1991 годзе ён перабраўся ў Брэст і ўладкаваўся ў чыноўніцкую структуру. Ва ўпраўленні аховы здароўя аблвыканкама Жарко спачатку працаваў доктарам-інспектарам, а пасля ўзняўся да намесніка начальніка.
У 2001 годзе ў жыцці Ірыны Абельскай адбыліся перамены. Замест статуса асабістай доктаркі Аляксандра Лукашэнкі яна атрымала пасаду галоўнага доктара Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра — «лечкамісіі» для чыноўнікаў і творчай інтэлігенцыі.
У тым жа годзе рушыла наперад і кар’ера яе маці. Людміла Пастаялка стала першай намесніцай міністра аховы здароўя, а праз год — міністрам.
А Васіля Жарко ўзялі ў Брэсцкую дзіцячую абласную бальніцу (адкуль толькі што з’ехала Пастаялка) намеснікам галоўнага доктара. За што ён адказваў на новай пасадзе? Паводле інфармацыі з інтэрнэту, у тым ліку за грамадзянскую абарону і мабілізацыю.
Галоўным доктарам у бальніцы тады быў Ігар Ласіцкі. Цяпер ён — намеснік Жарко ў міністэрстве.
Пераезд у сталіцу
У 2003 годзе Жарко перабраўся ўслед за Пастаялка у сталіцу. Пасаду яму даручылі курортную — дырэктар санаторыя «Крыніца». Прафсаюзная здраўніца на 300 чалавек знаходзіцца на беразе возера ў Ждановічах, зусім блізка ад Мінска. «Крыніца» спецыялізуецца на лячэнні сэрца, страўніка, а таксама хворых на цукроўку. Санаторый дагэтуль карыстаецца попытам сярод чыноўнікаў.
Жарко затрымаўся ў «Крыніцы» ўсяго на некалькі месяцаў. Неўзабаве яго перавялі па службовай іерархіі наверх, кіраваць «Белпрафсаюзкурортам». У падпарадкаванні арганізацыі знаходзіцца 12 санаторыяў розных профіляў, раскіданых па ўсёй Беларусі.
Прафсаюзная праца найчасцей становіцца канцом для кар’ернага росту чыноўнікаў. На гэтых няпыльных пасадах яны сустракаюць пенсію і перадаюць месца наступным адстаўнікам. Але для Жарко гэта была толькі прыступка для скачку наверх.
Цікава, што ў Мінск ён перабраўся адзін, без сям’і. Жонка з дачкой засталіся ў Брэсце і пераехалі ў сталіцу толькі праз чатыры гады.
Вольга скончыла гістарычнае аддзяленне брэсцкага ліцэя, а ў 2007 паступіла на факультэт міжнародных адносінаў БДУ. Праўда, працаваць па спецыяльнасці ёй пакуль не давялося. Яшчэ падчас вучобы яна выйшла замуж і нарадзіла сына. Праз некалькі гадоў у сям’і нарадзілася яшчэ і дачка.
Аперацыя Чырвоны Крыж
Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа — адна з самых масавых грамадскіх арганізацый краіны, у яе запісана больш за 1,3 мільёна чалавек.
Падчас развалу СССР арганізацыю на доўгія гады ўзначаліў стаматолаг Антон Раманоўскі. Чырвоны Крыж займаўся гуманітарнай дзейнасцю і размяркоўваў замежную дапамогу, у тым ліку «чарнобыльскую». У сярэдзіне 1990-х Раманоўскі абраўся ў Вярхоўны Савет, а пасля перайшоў у палату прадстаўнікоў, падтрымаўшы Аляксандра Лукашэнку.
У новым стагоддзі вецер задзьмуў па-іншаму. У 2004-м старшынёй Чырвонага Крыжа была абраная Людміла Пастаялка, якая пры гэтым захоўвала пасаду міністра аховы здароўя. За Раманоўскім заставалася выканаўчая ўлада ў арганізацыі.
Праз год «Советская Белоруссія» апублікавала гнеўны матэрыял, прысвечаны Службе катастроф, якая была створаная пад эгідай Чырвонага Крыжа. Гэтае падраздзяленне з 20 валанцёраў запрацавала толькі на паперы. А сам Раманоўскі адмовіўся сустракацца з карэспандэнтам прэзідэнцкай газеты.
Пракуратура пачала праверку, была заведзеная крымінальная справа за безгаспадарлівасць і крадзеж маёмасці. Пастаялка адхіліла Раманоўскага ад пасады. Хто быў абраны на ягонае месца? Верны Васіль Жарко.
Вяршыня кар’еры
У канцы 2005 года Людміла Пастаялка сышла з урада. Чыноўніца цяжка хварэла і заняла пасаду сенатара ў Савеце Рэспублікі.
Праз некалькі месяцаў міністрам аховы здароўя быў прызначаны Васіль Жарко. Першы год працы ён адмоўчваўся — ніводнага інтэрв’ю, ніякіх выступаў на прэсканферэнцыях. З цягам часу ўпэўненасці стала больш.
Вось толькі Міністэрства аховы здароўя пры Жарко стала самым закрытым ведамствам краіны. Паказальнай была сітуацыя з эпідэміяй свінога грыпу ўвосень 2009 года.
Насельніцтва ў паніцы скупляла лекі ў аптэках, а міністэрства паранейшаму рапартавала: сітуацыя знаходзіцца пад кантролем. За дзень да афіцыйнага абвяшчэння эпідэміі Жарко сцвярджаў у парламенце, што дастаткова абмежавальных мераў. Маўляў, людзі паміраюць ад пнеўманіі, а не ад свінога грыпу.
Дзіўнае размеркаванне
Лістапад 2009 года стаў надзвычай складаным для міністра. Жарко апынуўся ў цэнтры скандалу з размеркаваннем.
Адносіны з запатрабаваным хірургам, рэктарам медуніверсітэта Паўлам Беспальчуком у яго не склаліся здаўна. Жарко прапаноўваў рэктару сысці з пасады па ўласным жаданні, аднак той адмовіўся. А калі скончыўся кантракт, на развітанне ляснуў дзвярыма.
Ва ўніверсітэцкай газеце з’явіўся артыкул, у якім Беспальчук выкрываў карупцыю пры размеркаванні выпускнікоў. Камісію, якая вырашала, куды накіраваць маладых спецыялістаў, узначальваў асабіста Жарко.
«Выпускнік, які ідзе па чарзе 377 з 408 лечфакаўцаў з балам 6,14 накіраваны ў прэстыжны Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр працаваць хірургам, хоць навучаўся па тэрапеўтычным профілі… «Мэтавічцы» з Брэсцкай вобласці, якая не мае ні мужа, ні дзяцей, ні якіх-небудзь іншых законных абставінаў, міністрам дэманстратыўна скасоўваецца мэтавая дамова і вызначаецца месца ў цудоўнай клінічнай бальніцы Мінска», — прыводзіў прыклады Беспальчук.
«Чаму выпускніца П. з Гродзенскай вобласці павінна выплаціць … 36,2 мільёна рублёў, а ў дзвюх яе аднакурсніц Г. і П. з Брэсцкай вобласці ў асабістых справах захоўваюцца заявы аб скасаванні мэтавых дамоў «у сувязі з рашэннем міністра» і абедзве пакінутыя працаваць у Мінску зусім бязвыплатна?» — задаваў рытарычнае пытанне ён.
«Упершыню за ўсю гісторыю ВНУ тыя, хто ажыццяўляў размеркаванне, адмовіліся ставіць свае подпісы пад ведамасцю», — падсумоўваў рэктар.
На наступны дзень пасля выхаду газеты Беспальчук перастаў быць рэктарам. Жарко застаўся пры пасадзе.
Не пагадзіўся з прапановай Лукашэнкі
Насельніцтва мае шмат прэтэнзій да Васіля Жарко як галоўнага медыка краіны. Чэргі ў паліклініках, недахоп спецыялістаў, дарагія лекі, навязванне неэфектыўных прэпаратаў беларускай вытворчасці… Летась дадалася новая бяда — рэцэпты.
З кастрычніка 2014 года набыць лекі стала складаней. «Змаганне з самалячэннем» прывяло да ажыятажу ў аптэках і павелічэння нагрузкі на дактароў.
Пабачыўшы незадаволенасць насельніцтва, Аляксандр Лукашэнка даў магчымасць Васілю Жарко «адступіць». «Не трэба баяцца прызнаць памылку з прыняццем рашэння, — параіў Лукашэнка. — Калі вы здзяйсняеце нейкія дзеянні, вы ж спачатку людзям раскажыце. І адначасова! А не потым, калі ўсе людзі ў чарзе ўсталі і штурмуюць аптэкі і паліклінікі». Але міністр не адступіў. Рашэнне засталося ў сіле.
У той ж час медыкі адзначаюць, што ў цэлым пры Жарко праца міністэрства стала больш стабільнай і прадказальнай. Часы хаатычных дзеянняў Людмілы Пастаялкі ў мінулым. Прынятыя пастановы лагічныя і зразумелыя.
Чаго не хапае спецыялістам, дык гэта годных заробкаў. Паводле дадзеных Белстата за красавік 2015 года, у сярэднім па галіне работнік атрымаў на рукі $315 «чыстымі».
То тут, то там медыкі патрабуюць павелічэння заробкаў, але ў арганізаваны рух іх памкненні не перарастаюць. Дзяржава «адкупляецца» невялікімі даплатамі, але кардынальна вырашыць пытанне можна.
Сам Жарко на здароўе не скардзіцца. «Не п’ю алкаголь, штодня здзяйсняю гадзінны шпацыр, стараюся не пераядаць. Садавіна і гародніна на стале штодня. Абмяжоўваю сябе ў мясе, імкнуся часцей есці рыбу. Салодкага не ем, ад цукру адмовіўся, як і ад курэння, валявым рашэннем», — дзяліўся ён сакрэтам здароўя.
***
Васіль Жарко
Нарадзіўся ў 1956 у в. Леснікі Драгічынскага раёна. Скончыў Юрацішкаўскую медыцынскую вучэльню (1975), Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут (1984) і Акадэмію кіравання (2008).
Працаваў памочнікам санітарнага доктара ў Івацэвічах (1977), педыятрам Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы (1984—1985), загадчыкам аддзялення Драгічынскай раённай бальніцы (1985—1991), доктарам-інспектарам, намеснікам начальніка ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама (1991—2002), намеснікам галоўнага доктара дзіцячай абласной бальніцы (2002—2003), дырэктарам санаторыя «Крыніца» (2003), генеральным дырэктарам «Белпрафсаюзкурорта» (2003—2005), в.а. генеральнага сакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (2005—2006).
З 2006 — міністр аховы здароўя.
Жанаты, мае дачку.
* * *
Гучныя заявы міністра Жарко
«Я прашу і прымушаю: на дзвярах участковага тэрапеўта павінен вісець нумар мабільнага тэлефона, каб жыхар мог звярнуцца».
«У раённых стацыянарах 90% лекавых сродкаў — беларускія. У рэспубліканскіх цэнтрах — больш за 50%. І грамадзяніна вылечваюць! Значыцца, лекі паказваюць сваю эфектыўнасць».
«У гэты няпросты крызісны год кожны з медыкаў разумее, што даваў клятву Гіпакрата. І працуе не за грошы. А па сумленні і сваім пакліканні».
«Мы абмежавалі самалячэнне, бо ўбачылі: грамадзяне ў аптэку пачалі хадзіць як у краму. Дома ў кожнага — цэлыя аптэчныя кіёскі».
«У 2013 годзе чэргаў у паліклініках не будзе», сакавік 2011. «Чэргі ў беларускіх паліклініках знікнуць да 2014 года», чэрвень 2012.
-
Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні
-
Халезін: Самыя вялікія ганенні на Свабодны тэатр былі пры Латушку. Але яму не трэба каяцца перада мною
-
Ці могуць не пусціць у краму за 5 хвілін да закрыцця і да якога часу павінны працаваць касіркі
Каментары