Літаратура55

Не кажы ты мне слоў, што не грэюць цяплом, Аляксандр Чарнуха

«Гвалт»: новую кнігу аўтара «Свінняў» чытала Зося Лугавая. 

Чым моцная кніга адрозніваецца ад слабой?

Моцная кніга выклікае перажыванні: ты пасміхаешся, плачаш, злуеш, заміраеш. Ты не можаш адарвацца ад «Мёртвым не баліць»: ты не ведаеш, што чакае герояў. Ад слабой нічога не застаецца ў памяці, нічога не запамінаецца.

Дзякуючы моцнай кнізе мы даведваемся нешта новае — як з гістарычных прац Юваля Ноя Харары. Або пераацэньваем штосьці, пачынаем на штосьці глядзець іншымі вачыма, як пасля прац Алега Латышонка. 

Моцную кнігу хочацца перачытаць: на герояў «Вайны і міру» інакш глядзіш у 16, а інакш — у 40 гадоў. Яна не хутка старэе. Слабую — прачытаў і забыў.

З моцнай запамінаюцца цытаты, парадоксы, героі. Падменены Ігнасік з «Дзвюх душ»: ці маюць значэнне гены? У слабой нічога асабліва не запамінаецца — хоць і правільна ўсё.

І яшчэ адно адрознівае моцную кнігу ад слабой: мова. Жывая, як у Евы Вежнавец, выразная, нават калі простая, як у спелага Быкава. 

Моцныя кнігі часта — вынік жарсці, вялікага кахання ці вялікай любові, калі «пішаш, таму што не можаш не пісаць», калі «насіў гэта ў сабе ўсё жыццё». Слабыя кнігі — гэта як імітацыя жару порнаакцёрамі на вэбкам-платформах, «калі сэрца тваё не палае агнём».

Насамрэч, верш Адама Русака — гэта мегаінструкцыя для кожнага творцы (і чаму яго дагэтуль не перапелі ні Паліна Рэспубліка, ні Наста Рыдлеўская?)

Не кажы ты мне слоў,
Што не грэюць цяплом,
Не кажы, не кажы.
Калі сэрца тваё
Не палае агнём, —
Не кажы, не кажы.

Аляксандр Чарнуха — чалавек-аркестр: журналіст, музычны крытык, ютуб-блогер, пісьменнік. Ягоная першая кніга «Свінні» выйшла ў 2022 годзе па-расейску, а пасля і па-беларуску ў перакладзе Алеся Плоткі. Новую кнігу Чарнуха пісаў адразу па-беларуску — за гэта павага.

У зборніку дзесяць апавяданняў, і ў большасці з іх някепская задума. Усе яны ўздзейнічаюць на чытача эфектыўна: робяць калі не балюча, то непрыемна. Але ж хочацца, каб літаратура рабіла не толькі балюча, але і прыгожа. Ці незвычайна. Альбо захапляльна. Хочацца стылю, формы, мовы — разам ці хаця б паасобку.

Усё, што ёсць у «Гвалце», — ужо дзесьці было і не раз: і ці то жывы, ці то мёртвы правадыр, якому не знаходзіцца замены; і чалавек супярэчлівае натуры, які прагне лётаць і стварае сабе крылы; і спроба зрабіць з дзяцей лепшых за сябе людзей вычварэнскімі спосабамі. Пагатоў, класічная для белліта дзяльба кабанчыка, якая раскрывае мізэрныя характары заангажаваных у яе.

Чарнуха добра адчувае, што трыгерыць беларусаў: у тым ліку вынаходлівы садызм і тонкая душэўная арганізацыя прадстаўнікоў сілавых структур. 

«Саша, ваш галоўны экспартны прадукт не калій і не БелАЗы. Не трактары і не бульба. І нават не зброя. А слёзы. Без іх вы нікому не патрэбныя і не будзеце. Разумееш? Вы цікавыя толькі тады, калі плачаце, і свет глядзіць на гэта з глыбокай заклапочанасцю. Толькі так вас можна манетызаваць». 

У двух апошніх тэкстах Чарнуха звяртаецца да тыповых для белліта сюжэтаў: незнаёмы чалавек прыязджае ў вёску і дарослыя дзеці прыязджаюць у вёску да маці. І ты чакаеш, што, напэўна ж, будзе нешта нечаканае, бо тэма сама па сабе занадта заезджаная. Але.

Апавяданне пра вёску Коцікі, у жыццё якой пакрысе заглыбляецца прыезджы незнаёмец, па словах аўтара, выбіваецца з агульнага настрою. Бо дае надзею. Аднак і яно абяцае стаць трылерам — але не стане. Тое самае і з апавяданнем «Дзяльба кабанчыка». Рэферэнс (да класічнага ўжо апавядання Віктара Карамазава) проста ў назве, але адзінае арыгінальнае, што тут ёсць, — тое, чым замяняюць кабанчыка. Астатняе крыху больш утрыраванае і крыху больш сучаснае, чым у арыгінале. 

Аляксандр Чарнуха яшчэ да выхаду кнігі казаў, што яна не будзе смешнай. Але найбольш удалыя апавяданні «Гвалту» — тыя, дзе ён усё ж дазваляе сабе сарказм. Як у апавяданні «Халадзец».

«— А бываюць такія кейсы, калі чалавека не закэнселілі? Ну вось каб людзі прачыталі апісанне праблемы і зрабілі выснову: гэта аўтар допісу — мудак.

— Калі ласка, давайце не будзем выкарыстоўваць такую лексіку. Яна вам не на карысць. Што да вашага пытання, дык у мяне няма такой статыстыкі. Але скажу вам шчыра: калі вы ўжо трапілі ў блакатар, значыць, ёсць пэўная небяспека для грамадства, і адрэагаваць належным чынам проста неабходна».

Ты быццам і разумееш, да чаго вядзе аўтар, але яснасці няма. Ён нібыта табе кажа: «Ну, ты ж зразумела агульную думку, так? То далей ужо не буду тлумачыць». А я і не супраць, каб мне патлумачылі, якім канкрэтна спосабам манетызуюцца слёзы беларускіх зэкаў і што дакладна можна было пабачыць у вокнах Лісучыхі з Коцікаў.

Яшчэ ад Борхеса мы ведаем, што новых сюжэтаў ужо не прыдумаць, але хочацца ўсё ж чагосьці больш нечаканага, чым проста пераносу падзей у Беларусь.

Маё галоўнае ўражанне ад «Гвалту» Чарнухі: аўтар вельмі хацеў напісаць яшчэ адну кнігу. А ўлічваючы, што вясёлая і злая кніга ў яго ўжо ёсць, ён вырашыў напісаць злую і страшную. Выйшла вымучана.

Аляксандр Чарнуха. Гвалт — Варшава: Янушкевіч, 2025

Каментары5

  • Андрэйка
    24.04.2025
    Божачкі, нейкі цырк на дроце: адзін нішавы журналіст у адзін момант прыдумаў, што ён пісьменнік, і ананім, які ў адзін момант вырашыў стаць рэцэнзентам і ўшчаміўся з таго, што хтосьці зноў не напісаў вайну і мір.
  • Henry
    24.04.2025
    То "яснасці няма" і "патлумачце", то ўсе вельмі відавочна і такое ўжо пісалі. Мамкіны рэцэнзенты, як заўсёды
  • Гедройц і яго каманда
    24.04.2025
    Яшчэ ад Борхеса мы ведаем, што адсутнасць Нобеля не азначае адсутнасць талентаў. Троху дзіўна чытаць, што беларускага аўтара папракаюць у тым, што ён піша пра беларускія рэаліі. Шкада, што аўтар матэрыялу не аналізуе твор, а апануе сваім уласным, выгаданым чаканням ад аўтара і кнігі, жаданню "больш нечаканага", засяроджваецца не на кнізе, а на асобе аўтара. Добра, што сучбелліт натхняе, дрэнна, што на цмяныя развагі ізноў пра вайну і мір, а не пра сваё. Маё галоўнае ўражанне ад артыкула: аўтар вельмі хацеў напісаць яшчэ адзін артыкул. А ўлічваючы, што вясёлыя і добрыя ў яго ўжо ёсць, ён вырашыў напісаць злы і з прэтэнзіяй. Выйшла вымучана.

Цяпер чытаюць

«Ні тады, ні сёння я не лічу, што зрабіў штосьці кепскае». Дзядок шчыра расказаў пра былыя адносіны з 16‑гадовай дзяўчынай

«Ні тады, ні сёння я не лічу, што зрабіў штосьці кепскае». Дзядок шчыра расказаў пра былыя адносіны з 16‑гадовай дзяўчынай

Усе навіны →
Усе навіны

У Гомелі беларуса асудзілі, імаверна, па новай справе «рэйкавых партызанаў»

Скандал у полацкай школе: маці сцвярджае, што яе сына збілі на трэніроўцы па дзюдо — так хлопца «выхоўваў» трэнер23

На Камароўцы з'явілася першая беларуская маладая бульба4

У беларускім каршэрынгу ездзяць аўто на расійскіх нумарах. Гэта ўвогуле нармальна?6

У аптэках прапаў папулярны антыдэпрэсант флуаксецін2

Украіна сёння ўначы нанесла ўдары па нафтабазе ў Вусць-Лабінску ў Краснадарскім краі, па порце Марыупаля

Вы таксама часта чуеце гул у вушах, якога іншыя не чуюць? Навукоўцы знайшлі тлумачэнне3

Зяленскі: На жаль, расійскі бок зноў выбірае вайну1

50 чалавек ехалі на грузавіку праз пустыню Сахара. Грузавік зламаўся, і амаль усе памерлі ад смагі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ні тады, ні сёння я не лічу, што зрабіў штосьці кепскае». Дзядок шчыра расказаў пра былыя адносіны з 16‑гадовай дзяўчынай

«Ні тады, ні сёння я не лічу, што зрабіў штосьці кепскае». Дзядок шчыра расказаў пра былыя адносіны з 16‑гадовай дзяўчынай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць