Рэспубліканскае прадпрыемства па наглядзе за электрасувяззю «БелГІЭ» закупляе сістэму «выяўлення сродкаў забеспячэння ананімнасці доступу да інтэрнэт-рэсурсаў». Адпаведная заяўка размешчана на афіцыйным партале дзяржзакупак.
Назва лота гучыць наступным чынам: «Распрацоўка, пастаўка і ўкараненне ў прамысловую эксплуатацыю аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы выяўлення сродкаў забеспячэння ананімнасці доступу да інтэрнэт-рэсурсаў».
Заканчэнне прыёму прапаноў па тэндэры - 13 кастрычніка. Паводле заяўкі, сістэма павінна быць пастаўлена і ўкаранёна да канца лістапада 2015 года.
У БелДІЭ ўдакладнілі, для чаго менавіта неабходная сістэма.
— Паводле заканадаўства, на БелДІЭ ўсклалі функцыю пошуку ананімайзераў, проксі-сервераў, у тым ліку ананімных сетак тыпу Tor, — растлумачылі ў арганізацыі. — Па факце мы павінны знаходзіць тыя проксі-сэрвэры, якія прадастаўляюць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў, забароненых па беларускім заканадаўстве. Наша функцыя — выкладваць іх спіс на нашым сайце, а правайдары павінны абмяжоўваць доступ да іх.
Пакуль што нашы супрацоўнікі шукаюць іх уручную. Але іх колькасць — дзясяткі тысяч, уручную усе знайсці вельмі складана. Таму намі будзе замоўлены пошукавы робат, які будзе шукаць іх у інтэрнэце.
У БелДІЭ растлумачылі, навошта ім трэба знаходзіць проксі-серверы:
— Мы ажыццяўляем пошук ананімайзераў і проксі-сервераў і размяшчаем ў спісе абмежаванага доступу. Для чаго гэта, каму трэба - мы не гатовыя каментаваць. Заканадаўствам вызначана, што правайдар павінен абмежаваць доступ да рэсурсаў з спісу. Яны абавязаны абмяжоўваць.
Каментары