У Астане завяршыліся пасяджэнні савета кіраўнікоў удзельніц СНД і пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Насычаны палітычнымі падзеямі для ціхага восеньскага Баравога дзень прайшоў у большай сваёй ступені без удзелу журналістаў.

Фота Турара Казангапава, Tengrinews.kz

Фота Турара Казангапава, Tengrinews.kz

Пачатак пасяджэнняў адставаў ад заяўленай праграмы правядзення як мінімум на гадзіну. Спікеры патлумачылі гэта тым, што менавіта на сустрэчах у вузкім складзе, куды не дапускалі журналістаў, і адкуль не было трансляцыі, абмяркоўваліся ўсе актуальныя пытанні.

Так пашыранае пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета пачалося ў 17.30 замест заяўленых 15.05. Трансляцыя яшчэ не пачалася, але журналісты ўжо чулі голас Аляксандра Лукашэнкі: «Нурсултан Абішавіч, у пашыраным складзе вітаць будзеце?» Пачуўся адказ казахстанскага прэзідэнта: «Абавязкова».

І следам фраза беларускага лідара, які ў гэты дзень ўзнагародзіў Назарбаева Ордэнам дружбы народаў: «Калі ласка, скажыце тры словы. Слова мае Прэзідэнт Казахстана».

«Рады вітаць вас на казахстанскай зямлі, у прыгожым Баравым», — сказаў Назарбаеў і перадаў слова Лукашэнку.

«Паважаныя сябры, у нас сёння наогул цяжкі дзень. І на СНД мы нечакана ў глыбіню ўвайшлі, абмеркавалі нашы праблемы. І тут абмеркавалі вельмі сур'ёзныя пытанні, у парадку дня ў нас 15 пытанняў. Выйшлі за межы парадку дня, звярнуўшыся да надзённых праблемаў развіцця нашага саюза», — адзначыў кіраўнік Беларусі.

Лукашэнка дадаў, што былі абмеркаваныя пытанні, звязаныя з уступленнем Кыргызстана ў ЕАЭС.

«Дамовіліся аб тым, (прапанова была падтрымана прэзідэнтамі Расіі і Казахстана), што яны самым сур'ёзным чынам папрацуюць на мяжы з Кыргызстанам, і зробяць максімум, каб народ Кыргызстана зразумеў, куды ён уступіў і якую карысць мае ад ЕАЭС. І хай прэзідэнта Кыргызстана ніхто не крытыкуе, ён заняў прыстойную пазіцыю. Упэўнены, што зрухі будуць тут вельмі істотныя ў бок Кыргызстана, у тым ліку па стаўках на наш агульны рынак, і прадукцыі і тавараў, якія існуюць у Кыргызстане. У бліжэйшы час, думаю, да новага года, гэтыя пытанні будуць прасунутыя і Кыргызстан не пашкадуе, што ўступіў у Адзіны эканамічны саюз», — сказаў Лукашэнка. Ён адзначыў, што 15 пытанняў былі разгледжаны ў вузкім складзе.

«Мы прынялі рашэнне аб тым, што з 1 лютага наступнага года Арменія будзе старшынстваваць у калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі. І прынялі рашэнне, хто будзе ўзначальваць пасля Расіі нашу камісію», — растлумачыў кіраўнік Беларусі. Камісію ўзначаліць Тыгран Саркісян, былы прэм'ер-міністр Арменіі.

Лукашэнка дадаў, што ўсе пытанні парадку абмеркаваны, і так як прэзідэнты выступілі ў вузкім складзе, у пашыраным — дыскусію вырашылі не разгортваць.

Журналістам заставалася толькі здагадвацца пра тое, якія гарачыя баталіі разгарнуліся за зачыненымі дзвярыма.

Акрамя таго, стала вядома, што папярэдне наступная сустрэча ўдзельнікаў ЕАЭС адбудзецца ў снежні гэтага года ў Маскве.

«Усе пытанні вычарпаныя. Хачу падзякаваць ад усіх нас Нурсултану Абішавічу за гэты цяжкі дзень, які мы правялі на цудоўнай казахскай зямлі. Падзякаваць за гасцінны прыём», — рэзюмаваў Лукашэнка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?