У якім строі Алексіевіч будзе атрымліваць Нобелеўскую прэмію?

10 снежня ў Стакгольме мае адбыцца ўзнагароджванне Нобелеўскай прэміяй па літаратуры, якую з рук шведскага манарха атрымае наша суайчынніца Святлана Алексіевіч.
У чым Святлана пойдзе на гэты ганаровы прыём? Некаторыя акалічнасці «Нашай Ніве» распавёў мадэльер Саша Варламаў, якому Святлана Алексіевіч ужо замаўляла строі.
«Мы супрацоўнічаем са Святланай ужо паўгода, ад таго моманту, як яна стала Афіцэрам ордэна французскай літаратуры і мастацтва. — расказаў Варламаў і адмёў здагадкі пра імаверную вышыванку на Алексіевіч. — Уручэнне Нобелеўскай прэміі — гэта мерапрыемства, дзе прысутнічае кароль і каралева. Гэта найвышэйшае саслоўе, стагоддзямі выпрацаваны дрэс-код, каля манархаў могуць знаходзіцца толькі людзі, якія ім адпавядаюць. Тут не можа быць ніякіх вышыванак, усё вельмі пратакольнае».
Саша Варламаў абмежаваўся толькі намёкамі на выгляд строя Святланы Алексіевіч.
«Я дакладна вам скажу, што гэта не будзе вечаровы строй. Гэта прынцыпова — Святлана іх увогуле не носіць.
А галоўны яе крытэр у тым, каб у сваім строі яна магла гаварыць пра боль. Калі сукенка, як яна кажа, «для дамачкі, якая не зведала пакутаў», то такую Святлана не апране. Пабачыце ўсё потым», — сказаў Саша Варламаў.
Каментары