Спорт11

Манцёр з Беларусі стаў «Леніным» і пабудаваў кар’еру ў кіберспорце ва Украіне

Хлопец з Каменца рыхтаваўся выйсці на працу ў брэсцкае дэпо, калі лёс павярнуўся інакш.

Фота: архіў героя

Нечаканы паварот: беларус, які адвучыўся на манцёра і планаваў стаць машыністам, у выніку апынуўся ў топе кіберспартыўных каментатараў ва Украіне, прычым на ўкраінскай мове. Пры гэтым у краіне, дзе даўно праводзяць дэкамунізацыю, хлопец стаў вядомым пад мянушкай «Ленін», расказвае «Трыбуна».

Канстанцін Сіўко нарадзіўся 17 жніўня 1994 года. Вырас у Камянцы — невялікім горадзе пад Брэстам. Асабліва не цікавіўся ні спортам, ні камп’ютарнымі гульнямі, але і вучоба не моцна захапляла — сярэдні бал быў каля пяці. З 13 гадоў хлопец вырашыў, што стане машыністам цягніка. Для гэтага з роднага горада, дзе падзарабляў прадаўцом, пераехаў у Брэст, дзе паступіў у мясцовы ліцэй чыгуначнага транспарту. Праўда, з дрэннымі ацэнкамі ўзялі толькі на электраманцёра, але Сіўко не сумаваў — планаваў, што потым перавучыцца.

У ліцэі хлопец захапіўся «стралялкай» Warface — і з-за таго, што «пагаварыць заўсёды любіў», вырашыў каментаваць матчы сваіх сяброў, выкладваючы запісы на YouTube. А ў 2013‑м у Мінску запланавалі адкрыць кіберспартыўны тэлеканал і аб’явілі набор каментатараў. Сіўко адразу ж даслаў рэзюмэ са спасылкамі на відэа. Праўда, доўга не меў адказу, а тым часам паспеў скончыць ліцэй і рыхтаваўся выйсці на працу па спецыяльнасці ў брэсцкае дэпо з заробкам прыкладна 220 даляраў. Але гэтага не здарылася.

«Аднойчы мне тэлефануюць з Мінска і кажуць, што гатовыя прапанаваць вакансію каментатара, стабільны заробак і здымнае жыллё. Я проста крычаў ад шчасця. Ведаў, што гэта шанец, у які варта ўчапіцца зубамі», — успамінаў Сіўко, які потым прызнаўся, што плацілі ад пачатку 400 даляраў на месяц.

Фота: інстаграм-акаўнт Канстанціна Сіўко

Сіўко далі працу на шутэрах Counter-Strike і Point Blank, пра якія ён толкам нічога не ведаў і спачатку настолькі моцна блытаўся, што «адразу б сябе звольніў». Праз тры месяцы на першым буйным турніры масавая негатыўная рэакцыя гледачоў дала Сіўко зразумець, што трэба выпраўляцца. Ён стаў шмат гуляць сам, слухаць іншых каментатараў і чытаць для папаўнення слоўнікавага запасу, «адужаўшы больш кніг, чым за ўсё жыццё да гэтага».

Паступова якасць працы моцна палепшылася — настолькі, што хлопца заўважыў украінскі кіберспартыўны медыяканал StarLadder з вялікай аўдыторыяй. У студзені 2016‑га Сіўко пераехаў у Кіеў.

Да таго моманту, як прынята ў кіберспорце, называлі яго ўжо ў асноўным па нікнейме, які для Украіны з яе дэкамунізацыяй быў небанальным. Калі хлопец выбіраў, ён падумаў пра маму па імені Алена — і ад гэтага прыдумаў варыянт Leniniw. Але, канешне, рускамоўныя гледачы хутка сталі называць проста «Ленін».

Гэта ніяк не перашкодзіла кар’еры. У 2020‑м Сіўко перайшоў у іншую ўкраінскую студыю Maincast, якую лічыў найлепшай. «Мы тады каментавалі па-расійску і працавалі на расійскі рынак — і расіяне не маглі вытрымаць канкурэнцыю», — казаў беларус, якога ў 2020‑м і 2021‑м прызнавалі найлепшым каментатарам CS:GO «у рускамоўным асяроддзі» паводле версіі расійскага партала sports.ru. Сіўко таксама расказваў, што за адным з яго эфіраў сачылі ў анлайне адразу 380 тысяч чалавек.

24 лютага 2022‑га Расія пачала вайну ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Першыя пару тыдняў хлопец правёў у Кіеве, а потым «трэба было ехаць у Польшчу, каб каментаваць турніры». Каментатар потым казаў, што ўнутраны голас падказваў яму застацца ва Украіне, але ён не паслухаў і пазней пашкадаваў — назад праз мяжу яго ўжо не пусцілі.

У выніку застаўся жыць у Польшчы, бо ў гэтай краіне зразумелы шлях да пастаяннага ДНЖ — ва Украіне давалі толькі часовыя на год. У 2025‑м Сіўко ўсё ж пабываў у Кіеве, але толькі як госць. Вярнуцца на пастаяннай аснове хацеў бы, але гэта «вельмі складана з пункту гледжання легалізацыі».

Неўзабаве пасля пачатку вайны «Ленін» звярнуўся да вікіпедыйнага партала па Counter-Strike з просьбай прыбраць указанне краіны. «Відавочна, што Беларусь на сёння, на жаль, ёсць краінаю-суагрэсаркай. З пачатку поўнамаштабнага ўварвання я падтрымліваю Украіну і раблю ўсё ад сябе залежнае, каб Украіна перамагла. Для мяне гэта вельмі важна. І рашэнне наконт сцяга было прынятае менавіта такое, бо я лічыў, што гэта правільна», — тлумачыў Сіўко.

Фота: інстаграм-акаўнт Канстанціна Сіўко

Для працы ён вывучыў украінскую мову. Вясною 2023‑га Maincast адмовіўся ад рускамоўных правоў, і перад Сіўко паўстаў выбар: або ісці працаваць на расійскія кампаніі, каб каментаваць і далей па-руску, або застацца і неяк каментаваць па-ўкраінску. І тут хлопец «зрабіў свой выбар на карысць Украіны» — пачаў займацца мовай. У ліпені 2023‑га пракаментаваў свой першы турнір на ўкраінскай мове, і хоць якасць «была сумнеўнай», але аўдыторыя падтрымлівала і ўказвала на памылкі. У выніку цяпер, па сведчаннях, на слых практычна немагчыма зразумець, што ўкраінская для каментатара не родная.

Апроч гэтага, Сіўко вядзе стрымы на платформе Twitch, дзе таксама вядомы як «Leniniw». Калі хлопец і там перайшоў на ўкраінскую, «узнікла пытанне наконт змены нікнейма». Але ў працэсе апытання аўдыторыі «людзі адказалі, што нічога не трэба мяняць», і ўсё засталося як ёсць. На стрымах каментатар часам збірае грошы — кажа, што данацяць мала, але ўсё, што прыходзіць, ён пераводзіць на патрэбы ўкраінскага войска.

Сіўко працягвае каментаваць самыя буйныя турніры — напрыклад, нядаўна працаваў у Венгрыі на турніры StarLadder Budapest 2025 па Counter-Strike 2 з прызавым фондам 1,25 млн даляраў. Даходы «Леніна» яго таксама задавальняюць.

«Быў шакаваны ад таго, наколькі невялікія грошы зарабляюць [украінскія] спартыўныя каментатары. Каментатар найвышэйшага ўзроўню, які працуе на ўмоўным фінале Лігі чэмпіёнаў, мае пасрэдны заробак. На свой я не магу скардзіцца», — кажа Сіўко, які хоча займацца гэтай працай да канца жыцця.

Вяртацца на Радзіму «Ленін» не спяшаецца, «нават калі яна ператворыцца ў незалежную дэмакратычную еўрапейскую дзяржаву». «Трэба будзе падумаць, якія бенефіты дасць мне гэта, акрамя таго, што я там нарадзіўся і вырас. Калі там будзе прастора для развіцця і буду бачыць перспектывы, то, магчыма, і вярнуся», — кажа Сіўко.

Каментары1

  • чытач
    29.12.2025
    Прашу прабачэння, але мне здаецца, што чалавек выпісаў сябе з беларусаў. Ад таго, што ён зрабіў выбар на карысць Украіны, а не Расеі, лепш не становіцца.

Цяпер чытаюць

«Паездкай мы задаволеныя, але сівых валасоў дадалося». Жыхарка Светлагорска адпачыла ў Геленджыку і дзеліцца эмоцыямі10

«Паездкай мы задаволеныя, але сівых валасоў дадалося». Жыхарка Светлагорска адпачыла ў Геленджыку і дзеліцца эмоцыямі

Усе навіны →
Усе навіны

На праспекце Пераможцаў у Мінску Belgee заскочыў на бар'ерную агароджу пад пуцеправодам ВІДЭА2

«Усе казалі, што гэта нерэальна». Беларуска змагла зрабіць бацькам візы незвычайным шляхам4

Расія абвясціла ў вышук сына міністра аховы здароўя ЗША. Ён ваяваў за Украіну3

Чыноўнікі лічаць, што здымаць відэа можна толькі калі атрымаеш згоду ўсіх, хто трапіў у кадр7

У Мінску за $6000 прадаюць манету з 1990-х, з якой адбылася неверагодная хімічная рэакцыя4

Беларусы горача спрачаюцца, ці варта прывязваць дапамогу на дзіця да заробку маці60

Хлопца, які жыў у Івана-Франкоўску і прыехаў у госці да сваякоў у Расію, пасадзілі на 13 гадоў — за данаты на $60

У кожны беларускі маркетплэйс прызначаць прадстаўніка ад Мінгандлю2

«Гэта сапраўды такія рэдкія ці складаныя ягады?» Беларуса абурыла цана на ажыны

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Паездкай мы задаволеныя, але сівых валасоў дадалося». Жыхарка Светлагорска адпачыла ў Геленджыку і дзеліцца эмоцыямі10

«Паездкай мы задаволеныя, але сівых валасоў дадалося». Жыхарка Светлагорска адпачыла ў Геленджыку і дзеліцца эмоцыямі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць