Меркаванні117117

Цыганкоў: Прадухіліць «Минскнаш»: замяніць у школах «расійскую» літаратуру на «сусветную»

Замена ў школах «расейскай» літаратуры на «сусьветную» стала б першым рэальным знакам таго, што ўлады Беларусі сапраўды зацікаўленыя ў фармаваньні не-расейскай сьвядомасьці сваіх грамадзянаў.

Пад Новы год быў я ў адным менскім рэстаране-клюбе, слухаў, як наведнікі на танцпляцоўцы дружна падхопліваюць сучасныя расейскія папсовыя песьні, 80 працэнтаў зь якіх я ніколі ня чуў — і думаў пра нацыянальную ідэнтычнасьць (сапраўды, пра што ж яшчэ думаць у такой сытуацыі?).

Калі француз нараджаецца ў Францыі — ён праз пэўны час «аўтаматычна» разам са школай, СМІ, культурай атрымлівае францускую нацыянальную ідэнтычнасьць, францускі культурны код. Тое ж самае зь любым іншым — палякам, нарвэжцам, італьянцам.

Беларус, гадуючыся ў сёньняшняй Беларусі, «аўтаматычна», ад дзяржавы і грамадзтва, атрымлівае базавую расейска-савецкую культурную ідэнтычнасьць, разбаўленую пэўнымі беларускімі элемэнтамі, беларускім арнамэнтам, я б сказаў. «Мой дядя самых честных правил», «Ну и гадость эта ваша заливная рыба», «Если б знали вы, как мне дороги подмосковные вечера», хто апошні муж Алы Пугачовай — знакі і сымбалі, якія пазнае кожны «звычайны», «нармальны» беларус.

Канешне, многія грамадзяне Беларусі маюць іншыя базавыя ідэнтычнасьці — беларускую нацыянальную, беларускую эўрапейскую, касмапалітычную. Але яны атрымалі іх не «аўтаматычна», а ў выніку свайго ўласнага мэнтальнага выбару, у выніку духоўных і інтэлектуальных намаганьняў. Яны стварылі, «зарабілі» гэтыя ідэнтычнасьці сабе самі. У працэсе, які трапна апісваецца парадаксальнай прыказкай «беларусамі не нараджаюцца — беларусамі становяцца».

У гэтым сэнсе вельмі забаўна назіраць, калі ў нейкіх сеціўных дыскусіях беларусы, носьбіты і актыўныя прыхільнікі расейскай мовы, заяўляюць — «гэта наш выбар». У тым і рэч, што не было ніякага выбару, вы нічога самі не выбіралі. Вы проста нарадзіліся ў расейскамоўнай сям’і, у расейскамоўным асяродзьдзі, хадзілі ў расейскамоўную школу, потым інстытут, у расейскамоўным (пераважна) горадзе — дзе тут сьвядомы выбар? Вось калі б вы нарадзіліся ў Свазылэндзе і вывучылі там расейскую мову, і паўсюль бы на ёй гаварылі ў сваім Свазылэндзе — гэта быў бы ваш сьвядомы выбар. А расейскамоўнасьць, рускакультурнасьць у Беларусі… вы проста прадукт разьвіцьця сёньняшняй беларускай дзяржавы, вы проста з гэтым нарадзіліся і нічога не зрабілі, каб гэта зьмяніць.

Калі Беларусь атрымала незалежнасьць, многім здавалася, што беларуская сьвядомасьць будзе высьпяваць аўтаматычна, «вырастуць новыя пакаленьні» і гэтак далей. Не-а. Аказалася, аўтаматычна, «з часам», нічога не прыходзіць — ані нацыянальная сьвядомасьць, ані рынак, ані дэмакратыя.

На сёньня мы маем своеасаблівыя сьветапоглядныя «нажніцы» паміж рознымі ідэнтычнасьцямі. Большасьць беларусаў у палітычным сэнсе даўно ўжо мае беларускую палітычную сьвядомасьць (адназначна пазытыўна ўспрымаючы дзяржаўную незалежнасьць), але ў культурным і сьветапоглядным сэнсе гэтая ж большасьць застаецца расейска-арыентаванай. Праблема, якую выразна заўважыла і ўлада, калі пабачыла, што працэнтаў 60 беларусаў падтрымліваюць «Крымнаш» — проста таму, што ў любым канфлікце яны заўсёды за Расею.

Беларуская дзяржава — ці не адзіная ў сьвеце, якая прышчэплівае сваім грамадзянам не сваю, не беларускую сьвядомасьць. А пачынаецца ўсё ў школе. Беларусь, падазраю, адзіная краіна ў Эўропе, дзе ў школе няма прадмету «сусьветная літаратура». Затое ёсьць прадмет «расейская літаратура». Да восьмай клясы дзеці ў звычайных беларускіх школах не вывучаюць ніводнага аўтара, нават ніводнага твору сусьветнай літаратуры! Ёсьць «беларуская літаратура» і «расейская літаратура» — беларускага чалавека зь дзяцінства праграмуюць, што гэтым сьвет і абмежаваны. Вось глядзіце, ёсьць наша, мясцовае, «рэгіянальнае» («беларуская літаратура») і ёсьць штосьці большае, вышэйшае, «сусьветнае» («расейская літаратура»). Гэткая двухпавярховая карціна сьвету, дзе «расейская» займае вышэйшую ступень, другі паверх.

У выніку ў звычайных беларускіх школах на Някрасава аддаецца больш часу, чым на Шэксьпіра. Калі спакойна задумацца — чаму ўвогуле ў незалежнай дзяржаве павінна вывучацца як асобны прадмет літаратура іншай дзяржавы? Ва Ўкраіне ў школах няма прадмету «расейская літаратура».

Я не заклікаю, каб, вобразна кажучы, Талстога замянялі Шамякіным. Я выступаю за тое, каб Някрасава замянялі Шэксьпірам і Сэрвантэсам, каб беларусам з пачатковай школы адкрывалі абшар сусьветнай літаратуры. Пры ўсёй павазе, пры максымальна шчодрай ацэнцы, расейская літаратура займае 10–15 працэнтаў сярод сусьветных літаратурных шэдэўраў. Улічваючы асаблівыя гістарычныя і культурныя сувязі паміж Беларусьсю і Расеяй, магчыма, у нашых школьных праграмах можна было б аддаць ёй 20–30 працэнтаў. Але не 85–90, як цяпер.

Беларуская ўлада была відавочна напалоханая, калі ўбачыла, наколькі вялікую падтрымку ў Беларусі атрымаў «крымнаш». Людзі, выхаваныя ва ўмовах афіцыйнай русыфікацыі апошніх 20 гадоў, ва ўмовах неабмежаванага панаваньня расейскіх электронных СМІ, ва ўмовах забаронаў для беларускіх музыкаў і поўнага спрыяньня расейскаму шоў-бізнэсу — гэтыя людзі, як выявілася, гатовыя падтрымаць ня толькі «крымнаш», але, магчыма, і «Минскнаш».

Калі ўлада мае хоць нейкі стратэгічны інстынкт самазахаваньня, яна павінна пачынаць не з фэстывалю вышыванак, а са школы. Усе, хто выступае за захаваньне «расейскай літаратуры» замест «сусьветнай літаратуры» — выступаюць за захаваньне Беларусі ў якасьці культурнай правінцыі, культурнай часткі Расеі. Пакуль у беларускіх школах расейская літаратура займае 85 працэнтаў, а ўся сусьветная — астатнія 15, відавочна, што цяперашняя ўлада гадуе, фармуе «рускіх са знакам якасьці». Замена ў школах «расейскай» літаратуры на «сусьветную» стала б першым рэальным знакам таго, што ўлады Беларусі сапраўды зацікаўленыя ў фармаваньні не-расейскай сьвядомасьці ў сваіх грамадзянах.

Каментары117

Цяпер чытаюць

Зяленскі нагадаў Лукашэнку пра лёс Мадура18

Зяленскі нагадаў Лукашэнку пра лёс Мадура

Усе навіны →
Усе навіны

Платформу «Тры сланы» і ініцыятыву «Вольныя» прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі

З 1 мая ў мінскім наземным транспарце запрацуюць кнопкі адкрыцця дзвярэй1

Два рыбакі патанулі ў Віцебскім раёне

Wildberries запусціў у Беларусі дастаўку ежы з кафэ і рэстаранаў3

Стала вядома, у чым абвінавачваюць архітэктурную студыю ZROBIM architects8

«Часам я жыла на 100 і на 40 рублёў у месяц». Як маці з 4 дзецьмі выстаяла ў глухой беларускай вёсцы2

«Бесіць, калі мне кажуць кітайскае «ніхаа». Казашка расказала, як ёй жывецца ў Беларусі30

Трамп заявіў, што Іран пагадзіўся перадаць ЗША ўзбагачаны ўран2

Як зрабіць пасведчанне кіроўцы на беларускай мове? Усё прасцей, чым вы думаеце13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі нагадаў Лукашэнку пра лёс Мадура18

Зяленскі нагадаў Лукашэнку пра лёс Мадура

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць