1 сакавіка рашэннем судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі ў апеляцыйнай інстанцыі зменены прысуд Менскага аблсуда ад 29 снежня 2015 года ў дачыненні да былога начальніка Ашмянскай мытні Івана Нівяркевіча.

фота abw.by

фота abw.by

Як паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда, па прысудзе суда першай інстанцыі чыноўнік быў прызнаны вінаватым у атрыманне хабару, паўторна ў асабліва буйным памеры, асобай, якая займае адказную пасаду.

Мінскі абласны суд прызначыў абвінавачанаму пакаранне на падставе ч. 3 арт. 430 КК з ужываннем арт. 60 КК у выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на сем гадоў з канфіскацыяй усёй маёмасці, з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў тэрмінам на пяць гадоў, з пазбаўленнем спецыяльнага звання дзяржаўнага саветніка мытнай службы 3-га рангу, з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

Было пастаноўлена спагнаць з абвінавачанага ў даход дзяржавы неабгрунтаваныя ўзбагачэнні ў памеры 238,4 мільёна рублёў і дзяржпошліну ў памеры 11,9 мільёна рублёў.

Вярхоўны суд 1-сакавіка выключыў з прысуду аблсуда ўказанні аб спагнанні з абвінавачанага ў даход дзяржавы неабгрунтаваных узбагачэнняў і дзяржпошліны і пра вяртанне грашовых сродкаў, якія знаходзяцца на карт-рахунках у некалькіх банках, у кошт кампенсацыі неабгрунтаванага ўзбагачэння. Паводле інфармацыі ВС, да часу вынясення прысуду ўся сума даходу, атрыманага абвінавачаным злачынным шляхам, у добраахвотным парадку была выплачаная. Аднак суд першай інстанцыі дадзеным акалічнасцям раней ацэнкі не даў.

Судом апеляцыйнай інстанцыі Вярхоўнага суда поўная выплата даходу, атрыманага злачынным шляхам, прызнаная акалічнасцю, якая змякчае адказнасць абвінавачанага, з прычыны чаго паніжаны тэрмін прызначанага асноўнага пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі да шасці гадоў.

У астатнім прысуд пакінуты без змены, а касацыйны пратэст — без задавальнення, адзначае БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?