альбо Казачка на Вербную нядзелю. Піша Сьцяпан Дзінь-Дзілевіч.
Што, ня верыце? Ня верыце, што так было, што паўсюль быў лес? Ну, мяркуйце самі. Даўней, як толькі народзіцца чалавек, дык адразу ў лес і бягуць — трэба з дрэва калыску выдзеўбці. Падрасьце дзіця — само ўжо майструе сабе цацкі‑забаўкі з дрэва. Зрэзаў дубчык, асядлаў — вось табе і конь. Зрэзаў другі дубчык, пакорпаўся — вось табе сьвісьцёлка‑салавейка. Вырасьце чалавек, з чаго хату сабе будуе? З дрэва. Захоча есьці, куды ідзе? У лес. Тут і грыб, і ягада, і дзічына, і нават сок бярозавы. Абед згатаваць — трэба дровы. Абед зьесьці — трэба лыжка, лыжкі і тыя даўней з дрэва рабілі… Карацей, так вось чалавек даўней зь лесу і жывіўся. І нават як памрэ, труну з дрэва рабілі, а на версе — драўляны крыж. Усё зь лесу было. І як лес так многа для нас значыў, то прыдумана было ў нас для яго столькі назваў — і падлесак, і пералесак, і бор, і гай, і гушчары, і пушчы… Во якія даўней лясы былі.
І што цікава, у тыя даўнейшыя часы лес быў нязводным такім багацьцем. Зь яго бяруць, а на пустым месцы новае дрэва вырастае. І можа, яно так шчасьліва дабыло б да нашых дзён, але папсаваліся людзі, панялі моду, што можна лес прадаваць за мяжу і багацець. Пачалі лес сячы, сплаўляць па рэках і далей, за мора, абы толькі грошай сабе паболей у кішэню напхаць. І так узяліся, што ледзьве ня ўсе лясы ў нашым краі павысякалі. Тады разумнейшыя людзі пачалі думаць, як жа з гэтай бядой змагацца. Паскардзіцца, але куды? Пайшоў бы ў самую сталіцу, у Вільню, Вялікаму князю паскардзіўся, але ж і ён даў загад свае лясы сячы і дзяржаўную скарбніцу папаўняць. Але знайшоўся адзін сьмелы чалавек, стары палясоўшчык, які сказаў:
— А я пайду да Вялікага князя, ён мяне паслухае.
— А калі не паслухае?
— А калі не паслухае, — адказаў палясоўшчык, — то будзе як маім дзецям — дубцом па дупе.
— Хо‑хо, дадумаўся — Вялікаму князю дубцом па дупе…
— А вось пабачыце, нічога мне ня бу¬дзе. Ведаю я адзін сакрэт…
Пайшоў тады ён у лес, выразаў зь вярбы дубчык, навязаў на яго кветачку, так, як у нас людзі ўпрыгожваюць вербачкі перад Вербнай нядзелькай, і пайшоў у Вільню. Ішоў ён доўга, ішоў праз усю нашу краіну. На начлег прасіўся да людзей і паўсюль расказваў, куды і чаго ідзе. І паўсюль яму людзі жаліліся:
— А ў нас жа тое самае робіцца, таксама ўсе лясы павысякалі. Ты і за нас там, калі ласка, заступіся, і пра нашыя лясы раскажы. А каб не забыўся, мы на тваю вярбу да тваёй кветачкі і сваю кветачку навяжам.
— Добра‑добра, — казаў палясоўшчык і ішоў далей.
Пакуль дайшоў да Вільні, уся ягоная вербачка аказалася ўвязаная кветачкамі‑сухавейкамі ад верху да нізу. Зьявіўся ён у сталіцы на самае сьвята, на Вербную нядзельку. Сабралася процьма народу. З бажніцы, асьвяціўшы сваю вербачку, выйшаў сам вялікі князь. Людзі яму ў пояс схіліліся. Пайшоў князь да людзей, ласкава пасьцёбваючы іх сваёй пасьвечанай вербачкай. Дачакаўся і наш палясоўшчык сваёй чаргі. У адказ на княжае павіншаваньне размахнуўся і з усяе сілы сьцебануў князя па дупе. Князь ажно зьнямеў ад гэткага нахабства. Першай думкай было засячы насьмерць дзёрзкага крыўдзіцеля. Але пакуль князь прыдумляў пакараньне, палясоўшчык выпаліў:
— Ня я б’ю — вярба б’е, якая — сьвя¬тая, хвароба ў лес, здароўе ў косьці.
Што тут было рабіць князю? Караць? Дык усё адно будуць пасьмейвацца потым. Трэба зьвесьці ўсё на жарт, тады забудзецца. І сказаў князь да палясоўшчыка:
— А чым жа лес вінаваты, што на яго хваробу насылаеш?
— Яснавяльможны княжа, дык жа хваробу насылаюць на сухі лес, на гнілое балота, у пень‑калоду. А сапраўдную хваробу сёньня твае слугі насылаюць — сякуць бязь меры, хутка зьнішчаць дазваньня.
Пасьля гэтага выпадку прызадумаўся Вялікі князь, параіўся на сойме са сваёй шляхтай і запісаў у статуце дзяржаўным адмысловую забарону, каб лясы бераглі і лішне не высякалі. Што, ня верыце? А вазьміце Статут Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, пачытайце разьдзел Х, артыкул 15, аб парубцы гаю: «Тэж хто бы каму у гаёх, барах, пушчах, лясах каторую шкоду ў парубаньні дрэва гвалтоўна ўчыніў, калі шляхціч шляхцічу, тагды за то мае заплаціць гвалту дванаццаць рублёў грошай, а дрэва парубанае цаною, ніжэй апісанай, заплаціць. А калі мужык шляхцічу гвалтам дрэва парубае, той віны шэсьць рублёў грошай, а дрэва цаною вінны будзе заплаціць. Паклі бы мужык мужыку дрэва гвалтоўна парубаў, тагды гвалту тры рублі грошай заплаціць, а шкоду аправіць павінен будзе. А гдзе бы хто каму зладзейскім абычаем дрэва на чыем грунце парубаў, а яго бы зь ліцом з дрэвам паймана, той мае акупіць горла сваё водлуг стану свайго. А калі ж бы зь ліцом не паймана, а ліцо б было ў яго найдзена, тагды за тое віну зладзейскую тры рублі грошай і к таму дрэва парубанае мае заплаціць. А цана або заплата за дрэва, так гвалтам, як і зладзействам парубанае, мае быць такавая за кожнае дрэва, а наперад менавіта: за дуб на ванчос і клепкі годны — капу грошай; за бераст, вяз і ясень на попел годнае, за кожнае такавое — па асьмі грошай; за сасну, каторая бы ся гадзіла на цамар — паўкапы грошай; за іншае дрэва якога‑кольвек ражаю на будаваньне, на ізбу, на клець годнае — па шасьці грошай; за прачэс вялікі — дванаццаць грошай; за такое, што ся зыйдзе на жэрдзь азярэдную, на кольле і на аглоблю — па тры грашы. А каторае дрэва толькі на дрыва або на хвораст будзець годна, яно тэж за воз па два грашы».
А вербачку, самую прыгожую, кветачкамі ўвязаную, палясоўшчык князю падарыў. І з таго часу пайшла мо¬да рабіць менавіта вось такія вербачкі.
Каментары