Непрыемная гісторыя адбылася 3 траўня ў мінскім супермаркеце «ГІППА»на вуліцы Сухараўскай, 31. 14-гадовы Кастусь ідзе ў краму па прадукты, купляе ўсё, што папрасілі бацькі, разлічваецца і збіраецца вяртацца дадому, але хлопчыка спыняюць супрацоўнікі службы бяспекі.

«Сын, калі вярнуўся з крамы, то расказаў, што яго правяралі ў асобным пакоі. Глядзелі, ці не скраў ён нешта ў краме. Як разлічыўся на касе, то адразу адвялі. Праверылі заплечнік і адпусцілі — там нічога не было», — расказвае маці Кастуся Таццяна Гацура-Яворская.

Па яе словах, 14-гадовы Кастусь часта ходзіць за прадуктамі ў краму адзін і раней ніякіх праблем з ахоўнікамі не меў.

«Максімум, гэта калі хадзіў з сябрамі, то казаў, што ахоўнік за імі сачыў, хадзіў следам, але гэта максімум», — расказвае Таццяна.

Нягледзячы на тое, што па словах сына ахоўнікі паводзілі сябе карэктна, яна ўжо напісала скаргу на іх дзеянні ў Дэпартамент аховы, які выдае ліцэнзіі шматлікім службам бяспекі. Таццяна заўважае, што даглядаць непаўналетніх без прысутнасці іх бацькоў — ненармальна:

«Я не лічу нармальным, што ахоўнікі некуды вядуць дзіця і там яго правяраюць. Без міліцыі, без законных прадстаўнікоў».

У службе бяспекі супермаркета «ГІППА» Еўрарадыё паведамілі, што каментаваць сітуацыю пакуль не гатовыя. Супрацоўнік адміністрацыі, які не пагадзіўся назваць сваё імя, лічыць, што гісторыя можа быць выдуманай і ў ёй трэба разбірацца:

«Гэта вам яны сказалі. А што адбылося насамрэч, я не ведаю, мне трэба разабрацца. Існуе закон аб ахоўнай дзейнасці, там прапісаныя нашы паўнамоцтвы. У гэтай сітуацыі трэба разабрацца. Казаць і каментаваць нешта, не разабраўшыся, я не буду».

Аднак супрацоўнік службы бяспекі сеткі супермаркетаў «ГІППА» прызнае — даглядаць дзяцей без прысутнасці іх бацькоў нельга. Тое самае кажуць і «Правілы правядзення асабістага надгляду…», прынятыя Саветам міністраў у 2010 годзе. Там пазначана, што «дагляд не праводзіцца ў дачыненні да непаўналетняй або недзеяздольнай фізічнай асобы, калі адсутнічаюць яго законныя прадстаўнікі (бацькi, усынавiцелi, апекуны, папячыцелі і іншыя асобы)».

Адказ Дэпартамента аховы на скаргу Таццяна Гацура-Яворская павінна атрымаць на працягу двух тыдняў. Еўрарадыё ў Дэпартаменце пацвердзілі, што разбяруцца ў сітуацыі, яго супрацоўнікі ўжо пачалі праверку службы бяспекі згаданага супермаркета.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?