Данэйка: Элітай заўтрашняга грамадства будуць не айцішнікі
У якую будучыню коціцца свет? Генеральны дырэктар бізнес-школы ІПМ лічыць, што назад – у сярэднявечча.
Чаго не было ў Рабінзона Круза
Лакальнасць, кастамізацыя, вялікі разрыў паміж нешматлікай элітай і астатнім народам – тое, што характарызуе «цёмную эпоху» і тое, што чакае нас наперадзе. Пра гэта Павел Данэйка разважаў падчас публічнай лекцыі Лятучага ўніверсіэту і Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі ў межах цыкла «Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні».
Гаворку гендырэктар бізнес-школы ІПМ пачаў здалёк – з транзакцыйных выдаткаў. Калі патлумачыць гэты тэрмін зусім проста, ён азначае ўсе тыя «выдаткі, якіх не было ў Рабінзона Круза». У героя рамана Дэфо, як вядома, не было людзей.
– Наймаючы людзей на працу, мы павінны заключыць кантракт. Мая мара – каб чалавек шмат працаваў, а я яму нічога не плаціў. Яго мара – каб я яму шмат плаціў, а ён нічога не рабіў. Мы дзесьці згандляваліся пасярэдзіне. Пасля заключэння кантракту яго трэба кантраляваць – гэта выдаткі на пошук інфармацыі, адсочванне сітуацыі, страхавыя ўнёскі.
Ёсць яшчэ і вытворчыя выдаткі, якія складаюцца з энергетычнай і вытворчай сістэм. Яны таксама характарызуюцца лакальнасцю і глабальнасцю. Пры сярэднявечным феадалізме ўсё неабходнае для жыцця выраблялася на месцы, міжнародны гандаль складаўся, у асноўным, з прадметаў раскошы. Аснову энергетыкі пры феадалізме складалі млыны, дровы – яна была таксама лакальнай і, як модна казаць сёння, «зялёнай». Да глабалізацыі ў гэтай сферы прывёў ужо капіталізм.
Але вернемся да транзакцыйных выдаткаў. Развіццё інтэрнэту значна паспрыяла іх зніжэнню. І гэта, на думку Паўла Данэйкі, вядзе да таго, што ўсё патаннее, усе вытворцы будуць абслугоўваць персанальна вас і рэзка ўзрасце бяспека. Магчымасць аб’ядноўвацца ў суполкі і рабіць сумесныя пакупкі, а таксама краўд-эканоміка спрыяюць зніжэнню цэн. А вось дыстрыб’юцыя памрэ ці трансфармуецца ў нешта іншае. Сучасная сітуацыя вымагае адмаўляцца ад пасярэднікаў паміж вытворцам і спажыўцом.
– Я гадоў 20 быў старшынёй назіральнай рады «Мілавіцы», і ў перадкрызісным 2008 годзе яна была другой па прыбытковасці (аддачы на капітал) кампаніяй у свеце. Першай была маленькая брусельская кампанія. У «Мілавіцы» было 40 адрасоў адгрузкі ў Расіі, адкуль дыстрыб’ютары прадаюць прадукцыю. У брусельскай кампаніі 1500 адрасоў адгрузкі, яны пастаўляюць тавар наўпрост у крамы.Дыстрыб’ютары забіралі сабе 20%. Гэтыя ланцужкі будуць скарачацца, бо транзакцыйныя выдаткі таксама скарачаюцца, спрашчаецца лагістыка, – тлумачыць Павел Данэйка.
«Як толькі ў нас узнікне рай, мы проста вымрам»
– Мяне заўсёды цікавілі сацыя-біялагічныя эксперыменты. Адным з піянераў гэтай справы быў Ілля Прыгожын, нобелеўскі лаўрэат па тэрмадынаміцы і рэктар Брусельскага ўніверсітэту. Ён вывучаў калектыўных насякомых, у прыватнасці, мурашоў. І звярнуў увагу, што сярод рабочых мурашоў ёсць лайдакі і працавітыя. Іх пэўным чынам пазначылі і падзялілі мурашнік на дзве часткі. І ў той жа прапорцыі ў кожнай з частак вылучылася група працавітых і лянівых мурашоў. Соцыум устойлівы, калі мае розныя ролі, – падсумоўвае выступоўца.
На яго думку, ёсць жорсткія правілы існавання соцыума, і ідэя Бога і д’ябла адлюстроўвае разуменне нашымі продкамі таго, што гэтыя правілы існуюць. Барацьба за лідарства і выжыванне застанецца і ў будучыні.
– Як толькі ў нас узнікне рай, мы проста вымрам, – перакананы Павел Данэйка.
З вобласці пакуль, здаецца, фантастыкі, але хто ведае? Ужо ў нашым стагоддзі большая частка насельніцтва будзе жыць да 100 (а то і 200) гадоў. Праўда, ніякая пенсійная сістэма не вытрымае такога доўгажыхарства.
Ну і якія размовы пра будучыню без згадвання славутых 3D-прынтараў? Па словах лектара, ужо праз 5 – 10 год гэтыя прылады будуць звыклай з’явай для нас. Фабрыка ствараецца для вытворчасці аднаго прадукта, а ЗD-прынтар дазваляе выпускаць абсалютна розную прадукцыю з аднаго матэрыялу.
– Узгадайце інтэрнэт 1995 года. Была тэхналогія, але мы яшчэ не ўмелі яе выкарыстоўваць. Патрэбны час, каб адаптаваць і пераўтварыць яе ў працоўную. Аўтар аднаго з артыкулаў сказаў, што ЗD-прынтар сёння – гэта як інтэрнэт у 95-м годзе.
«Рынкавую эканоміку ствараюць людзі з высокім узроўнем даверу»
На думку Паўла Данэйкі, значнасць лакальнасці з часам будзе ўзрастаць, таму непазбежны канфлікт паміж цэнтральным апаратам і лакальнымі супольнасцямі. А наколькі беларусы змогуць упісацца ў гэты «лакальны свет»?
– Ёсць адна праблема – узровень даверу паміж людзьмі. Калісьці ў 1990-х здавалася, што рэцэпт трансфармацыі сістэмы просты: мы робім прыватызацыю, здымаем усе бар’еры, абмежаванні – наперад! Але што рабілі рабы, калі паўставалі? Яны аднаўлялі тую ж сістэму. Для таго, каб стварыць іншую сістэму, трэба змяніць сістэму каштоўнасцяў. І адным з важных паказчыкаў з’яўляецца ўзровень даверу паміж людзьмі, – зазначае лектар.
Па яго словах, мы жылі ў сацыялістычным грамадстве, «дзе квітнеў дзікі індывідуалізм, але нам увесь час казалі, што мы калектывісты». Усё жыццё трэба было хадзіць шыхтом і галасаваць аднагалосна. У сучасным свеце трэба ўмець хутка аб’яднацца, дамовіцца і пачаць дзейнічаць – і без даверу тут нікуды. І калі даведацца, што самы высокі ўзровень даверу ў скандынаваў, швейцарцаў, англасаксаў, становіцца зразумелым іх дабрабыт. Ідэя простая: каб дасягнуць індывідуальных мэтаў, трэба аб’яднацца.
– Рынкавую эканоміку ствараюць людзі з высокім узроўнем даверу, – дадае генеральны дырэктар бізнес-школы ІПМ.
Напрыканцы сустрэчы Павел Данэйка паразважаў над тым, хто стане новай элітай у будучыні. На яго думку, гэта будуць цікаўныя людзі, якім хочацца працаваць з інфармацыяй.
– Гэта не айцішнікі. У маім разуменні гэтай элітай стануць тыя, хто будзе працаваць нават тады, калі для матэрыяльнага забеспячэння працаваць не трэба.
Каментары