Пракурор Марсэля Брыс Рабэн паведаміў у панядзелак, што ў беспарадках у Марсэлі перад матчам Англія — Расія ўдзельнічалі 150 «вельмі падрыхтаваных» расійскіх хуліганаў, аднак паліцыя ніводнага з іх не змагла затрымаць.
Расійскія хуліганы «былі падрыхтаваныя да вельмі хуткіх і агрэсіўных дзеянняў», — дадаў пракурор, падкрэсліўшы, што ім, відавочна, удалося выслізнуць ад паліцэйскага кантролю: яны прыбылі ў Марсэль не на самалёце.
Тым часам шэсць брытанцаў, тры французы і адзін аўстрыец паўстануць у панядзелак перад судом Марсэля за ўдзел у беспарадках. Пракуратура будзе патрабаваць для ўсіх пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі, забароны на наведванне стадыёнаў для французаў і выдварэння з тэрыторыі Францыі — для замежнікаў.
Ім ставяць у віну напад са зброяй на паліцэйскіх і іншых асоб.
Англійскі заўзятар, які атрымаў сур'ёзныя раненні пры сутыкненні з расійскімі футбольнымі фанатамі, знаходзіцца ў стабільна «крытычным» стане, — дадаў Брыс Рабэн. Нападнікаў не ўдалося ідэнтыфікаваць.
У выніку сутыкненняў у раёне Старога порта Марсэля перад матчам Англія — Расія ў суботу пацярпелі ўсяго 35 чалавек.
Каментары