Дазвол на адлоў у заказніку «Налібоцкі» двух рысяў для вайсковай часці 3214 унутраных войскаў МУС не выдаваўся, паведамілі спецыялісты.
Рэсурс навінаў Sputnik 11 студзеня паведаміў, што міністр лясной гаспадаркі Беларусі Міхаіл Амельяновіч «даў дабро» на адлоў ў Налібоцкай пушчы двух асобін рысі, якія затым будуць жыць у вальеры вайсковай часці. Раней у часці ўжо жылі дзве рысі, падораныя ў 2000 і 2001 гадах расійскімі калегамі, аднак ў 2016 годзе яны памерлі ад спынення сэрца. Кіраўніцтва часці звярталася ў Белавежскую і Налібоцкую пушчы, да міністра лясной гаспадаркі і прасіла дазволіць адлоў для іх двух новых асобін.
У прэс-службе Мінлясгаса БелаПАН паведамілі, што ў верасні мінулага года атрымалі зварот МУС з просьбай садзейнічаць адлову двух рысяў ў заказніку «Налібоцкі», аднак выдача дазволаў на адлоў жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу, да якіх адносіцца рысь, не ўваходзіць у кампетэнцыю міністэрства. Ведамства пераслала зварот непасрэдна ў заказнік з прапановай разгледзець магчымасць адабрання жывёл для гэтых мэтаў у адпаведнасці з заканадаўствам, прыклаўшы пералік нарматыўных актаў, якімі рэгулюецца гэтая працэдура. Пасля гэтага пытанне больш не абмяркоўвалася, у тым ліку і з міністрам, адзначылі ў прэс-службе.
Дазвол на адлоў чырванакніжных жывёл у Беларусі можа выдаць толькі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, аднак у гэтае ведамства не паступала заяў на адлоў рысяў у Налібоцкай пушчы, паведаміла БелаПАН кансультант упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Таццяна Жалязнова.
Паводле яе слоў, для атрымання такога дазволу неабходна падаць заяву, абгрунтаванне неабходнасці адабрання жывёл з асяроддзя пражывання і біялагічнае абгрунтаванне іх перасялення на іншую тэрыторыю, калі гэта прадугледжана. Абгрунтаваннямі для адлову жывёлін могуць быць навуковыя мэты, перасяленне і рассяленне, скрыжаванне, утрыманне або расплоджванне ў няволі, у тым ліку за межамі Беларусі. Спецыяліст адзначыла, што дазвол на ўтрыманне або расплоджванне жывёлін у няволі выдаецца вельмі рэдка і ў мэтах захавання генафонду або ўзнаўлення жывёл.
Атрымаць дазвол на адабранне жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу, паводле слоў спецыяліста, вельмі складана. «З маёй практыкі, адбіраецца ў асноўным зубр для стварэння новых мікрапапуляцый. За час маёй працы прыватным або юрыдычным асобам, якія не займаюцца прыродаахоўнымі пытаннямі, мы не выдавалі дазволы на адабранне «чырванакніжнікаў» з асяроддзя пражывання», — дадала Жалязнова.
Згодна са звесткамі на 1 мая 2016 года ў Беларусі была ўлічаная 421 асобіна рысі. Паводле слоў галоўнага навуковага супрацоўніка НПЦ па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук, даследчыка ваўкоў і рысяў Вадзіма Сідаровіча, адлоў жыўцом адной рысі будзе каштаваць жыцця некалькім іншым, бо нават пры выкарыстанні ашчадных метадаў адлову жывёліны часта траўмуюцца і гінуць.
Вучоны лічыць недапушчальным адлоў рысяў для вайсковай часці, бо гэтая жывёла ўнесеная ў Чырвоную кнігу і падлягае ахове. Тым больш недапушчальны іх адлоў ў Налібоцкай пушчы, таму што большая яе частка ўваходзіць у заказнік «Налібоцкі» і з'яўляецца асабліва падахоўнай прыроднай тэрыторыяй.
Акрамя таго, паводле слоў Сідаровіча, злоўленыя рысі ў няволі жывуць значна менш, чым у дзікай прыродзе, а жывёліны, якія нарадзіліся ў няволі, пры добрым утрыманні могуць пражыць і больш, чым на волі. На думку навукоўца, для ўтрымання ў няволі лепш набыць жывёл у заапарку, дзе яны нарадзіліся.
Каментары