У Мінску затрыманы дырэктар буйной фірмы разам з дачкой і зяцем
Ужо тыдзень трое фігурантаў крымінальнай справы знаходзяцца за кратамі. Іх падазраюць у тым, што яны некалькі месяцаў спрабавалі знайсці кілера, каб прыбраць свайго партнёра. Жыццё індывідуальнага прадпрымальніка ацанілі ў 5 тысяч даляраў.
— Мы нічога не ведаем, нам ніхто не паведамляў. Міхаіла Аляксандравіча [усе імёны змененыя — TUT.BY] няма на працоўным месцы з 23 лютага, — расказваюць у прыёмнай мінскай фірмы, якую ўзначальвае затрыманы 58-гадовы бізнэсовец.
Менавіта ў гэты дзень МУС зрабіла афіцыйную заяву, што супрацоўнікамі пятага ўпраўлення (па г. Мінску) ГУБАЗіК МУС прадухілена здзяйсненне заказнога забойства.
— Асноўным матывам было жаданне завалодаць сумесным бізнэсам і вярнуць старыя даўгі. Патэнцыйнаму кілеру яны гатовыя былі заплаціць 5 тысяч даляраў. Дзякуючы ўмяшанню супрацоўнікаў сталічнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй ўчыненне цяжкага злачынства было прадухілена, — паведамляе сайт МУС.
Як высветліў TUT.BY, за кратамі апынуўся 58-гадовы дырэктар прыватнай фірмы Міхаіл Аляксандравіч, яго 28-гадовая дачка Таццяна і 28-гадовы зяць. Дзяўчына працуе на прыватным прадпрыемстве бацькі на кіруючай пасадзе.
Іх фірма займаецца праектнымі работамі, абследаваннямі будынкаў і абсталявання, робіць прафесійную экспертызу па аб'ектах. Сярод кліентаў найбуйнейшыя беларускія банкі, аператары сотавай сувязі, МАЗ, Нафтан, Мапід …
— Таццяна на бальнічным з дзіцем, — запэўніваюць калегі затрыманай.
Яе старонка ў сацыяльнай сетцы мільгае глянцавымі фатаграфіямі: дзяўчына пазіруе з вялікімі букетамі кветак, пяшчотна абдымае мужа і маленькую дачку, схіляе галаву на плячы бацькі. Сяброўка Таццяны і яе мама адмовіліся ад кантактаў з TUT.BY.
Муж затрыманай дзяўчыны, які таксама цяпер за кратамі, дырэктар фірмы па пашыве спецвопраткі. Ужо некалькі дзён яго працоўны тэлефон пераключае званкі на факс.
Усіх траіх падазраюць у тым, што яны хацелі прыбраць са сваёй дарогі 33-гадовага сталічнага прадпрымальніка. Паводле інфармацыі МУС, сваякі планавалі арганізаваць аналагічнае злачынства ў дачыненні да яшчэ аднаго мінскага бізнэсмена.
— Працягваецца расследаванне крымінальнай справы па арт. 147 КК «Наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання». З удзелам падазраваных праводзяцца неабходныя следчыя дзеянні, высвятляюцца ўсе абставіны, - пракаментаваў Аляксей Клімовіч, афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Мінску.

Каментары