Літаратура

Марыя Роўда. Не ўлавіць тую птушку

Апавяданьне.

У маленстве мне вельмі карцела ўлавіць птушку. Птушкі былі паўсюль — дражнілі мяне, заахвочвалі, падманвалі да сябе й порстка ўцякалі, варта было наблізіцца й працягнуць руку. Але аднойчы ўдача мне амаль ўсьміхнулася.

Здаецца, была раньняя вясна. Гарод у вёсцы быў не засеяны, і па барознах павольна дзёўбаліся тугадумныя куры. Цоп — і зьдзейсьніцца мара, хоць гуляцца з курыцай, вядома, ня тое самае, што з маленечкім вераб’ём. Асабліва, калі тая курыца табе па калена. Скок за скокам — і даверлівая, неабачлівая птушка апынецца ў тваіх абдымках. Узрадаваная, я кінулася да курэй. Яны, незадаволеныя й зьдзіўленыя, адбеглі далей. Я за імі — а яны ледзьве не ляцяць.

Скончыўся гарод, сад, пачалося поле. Расставіўшы рукі, я бегла й бегла, каб дамагчыся свайго й завяршыць справу. Прыціснуць да сябе жывую трапяткую птушку, зажыць з пачуцьцём зьдзейсьненай мары. Толькі, відаць, куры ўжо даўна пайшлі ўрассыпную, бо ў пэўны момант я ўсьвядоміла, што стаю адна ў чыстым полі й наўкола няма ні хат, ні людзей, ні тых запаветных курэй.

Неба ў нашай вёсцы з аўчынку — згубіцца цяжка, але ў сваім дзіцячым ўяўленьні я дайшла да краю. Да таго ж тады яшчэ было неасушанае балота. Яно было паўсюль, і тысяча таемных сьцежак зьмяіліся да яго ад паселішча. Думаю, было страшна й сьлёзы ліліся, як мае быць. Але вочы глядзелі наперад , і ногі вялі да «кулісаў». Гэтак у нас называлі маліньнік, які цягнуўся ўздоўж самай багны, утвараючы мяжу паміж гэтым сьветам і гэным. Не ведаю, ці атрымала б я за «кулісамі» кампэнсацыю ў выглядзе няспрытнай птушкі, але мяне своечасова пераняла суседка — баба Волька.

Добрая баба Волька распытала, хто я, чыя й куды іду, а я, млеючы ад радасьці, паведаміла ёй, што зблудзіла. Дахаты мы вярнуліся разам, і я ня бачыла бабу Вольку некалькі гадоў, пакуль не дарасла да таго, каб памятаць ня толькі выключныя здарэньні. Самае цікавае, што баба Волька не магла потым узгадаць гэты эпізод і ніколі ня ведала прычыны маёй асаблівай прыязнасьці да яе. Я ж, падросшы й выправіўшыся ў цэнтар вёскі «на сяло», адразу пазнала сваю выратавальніцу сярод іншых кабет і шчыра дэманстравала ёй сваю прыхільнасьць праз усё жыцьцё.

З тае пары мінула трыццаць гадоў. Птушку я гэтак і не ўлавіла. Праўда, у клетцы ў мяне жыве канарэйка — зноў жа стварэньне дзікае, якое ня надта даецца ў рукі. Бабе Вольцы ўжо добра за восемдзесят, і ўсё гэтак жа зьбіраюцца каля ейнай хаты «на сяло» цяпер ужо нешматлікія суседкі.

Я прыяжджаю ў вёску летам, і мы любім пасядзець з бабай Волькай на лаўцы ў яе пад хатай і пагаманіць. У астатні час я тэлефаную ёй па мабіле. Можна сказаць, што мы сябруем. Баба Волька шануе мяне за тое, што я ўмею пагаварыць, ды яшчэ «па‑наську», а я сплачваю свой доўг за шчасьлівае пачуцьцё «знойдзенасьці».

Вось і сёньня мы сядзім з бабай Волькай перад хатай. Сьвежаваты вечар пасьля вільготнай сьпякоты. Баба Волька задуменна кажа: «Нікога ўжо няма. Нікога няма…» Я сьціскаю кулакі, але разумею, што час ня ўхопіш у жменю, як і тую птушку.

Усё ж мы двое яшчэ ёсьць. Вось я — гляджу на брук, а баба Волька ўзіраецца ў неба. Мы яшчэ тут і шкадуем свае то хоць як, то з сэнсам пражытыя гады. Насамрэч у гэтую хвіліну мы там, дзе й нас ужо няма. Зараз мы абедзьве памерлі.

А заўтра мы пойдзем у ягады. Баба Волька здасьць іх маладэчанскаму прадпрымальніку, а я навару варэньня, каб есьці яго ўзімку з тостамі перад ненавіснай працай. І бабы Вольчын унук, і я пакінем па сабе дзяцей. Магчыма, аднойчы на тым самым месцы нехта зь іх вымавіць: «Нікога ўжо няма. Нікога няма…» Але сёньня ж во мы сядзім на лаўцы каля бабы Вольчынай хаты. І я гляджу на брук, а баба Волька ўзіраецца ў неба.

* * *

Штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН — новыя творы. Чытайце для сэрца, чытайце для розуму, чытайце для мовы.

Каментары

Цяпер чытаюць

Як у галечы співалася радня Лукашэнкі? Малавядомыя факты20

Грамадствадапоўнена20

Як у галечы співалася радня Лукашэнкі? Малавядомыя факты

Усе навіны →
Усе навіны

Кіроўцам больш не будзе патрэбна вазіць з сабой пацвярджэнне праходжання тэхагляду

Томас Венцлава: «Літва і Беларусь ніколі не варагавалі. Гэта рэдкі выпадак для адносін двух народаў»10

Анархіст Дзядок выказаўся супраць дазволу на аборты. Але лічыць, што заканадаўчая забарона нічога не дасць49

«Ваш маскоўскі гаспадар сто гадоў не пратрымаецца». Міністр замежных спраў Украіны рэзка адказаў Орбану8

Беларусы будуць плаціць падатак за сувеніры з мерапрыемстваў6

Міністр сувязі: Абмежаванні мабільнага інтэрнэту закрануць 1,7 мільёна беларусаў22

Сябар Усера Анатоль Вайцяхоўскі папрасіў дапамогі ў польскага суддзі-ўцекача Томаша Шміта11

З 1 лютага вырастуць «узроставыя» даплаты да пенсій

Прэзідэнтам Балгарыі стала Іліяна Ётава1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як у галечы співалася радня Лукашэнкі? Малавядомыя факты20

Грамадствадапоўнена20

Як у галечы співалася радня Лукашэнкі? Малавядомыя факты

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць