Культура1515

Неагатычны цуд Палесся вяртаецца да жыцця: у Закозелі адкрылі адрэстаўраваную капліцу Ажэшкаў

Гэты помнік архітэктуры, які знаходзіўся на мяжы поўнага разбурэння, зноў паўстаў у сваім раскошным неагатычным убранні. 

Урачыстае адкрыццё капліцы-пахавальні Ажэшкаў. Фота: Драгічын.by

Урачыстая цырымонія адкрыцця, якая прайшла 22 студзеня, сабрала высокіх гасцей, сярод якіх быў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык і намеснік міністра культуры Сяргей Саракач. Аднак галоўным героем свята стаў сам будынак — адзін з найстарэйшых і самых вытанчаных з захаваных узораў неаготыкі на тэрыторыі Беларусі, які нарэшце вярнуў сабе гістарычнае аблічча. 

Ад раскошы да запусцення

Капліца ў Закозелі была пабудавана ў 1849 годзе па праекце выдатнага архітэктара Францішка Яшчалда, аўтара палаца Пуслоўскіх у Косаве. Заказчык, шляхціц Мікадзім Ажэшка, хацеў стварыць велічны пантэон для свайго роду. Будынак выйшаў унікальны: ён спалучаў у сабе рысы сярэднявечнай готыкі з перадавымі тэхналогіямі XIX стагоддзя, у прыватнасці, выкарыстанне мастацкага чыгуннага ліцця.

Капліца на малюнку Напалеона Орды. 1850 г. Фота: Wikimedia Commons

Гісторыя капліцы цесна пераплялася з лёсам роду Ажэшкаў і падзеямі паўстання 1863—1864 гадоў. Паводле легенды, менавіта тут, пад высокім шпілем, хаваўся адзін з кіраўнікоў паўстання Рамуальд Траўгут, якому дапамагала знакамітая пісьменніца Эліза Ажэшка. Пасля задушэння паўстання расійскія ўлады зачынілі капліцу.

Больш за стагоддзе яна павольна разбуралася: спачатку зніклі каштоўныя інтэр'еры, у Першую сусветную вайну немцы знялі медны дах, а ў пасляваенныя савецкія гады помнік ператварыўся ў рамантычную, але небяспечную руіну з вялікімі дзюрамі ў скляпеннях і выбітымі вітражамі.

Капліца-пахавальня Ажэшкаў у Закозелі да пачатку рэстаўрацыі. Фота: Wikimedia Commons

Да пачатку работ у 2019 годзе скляпенні знаходзіліся ў перадаварыйным стане, а ўнутр было страшна заходзіць.

Вяртанне каменных карункаў

Шлях да адраджэння быў доўгім і няпростым. Першыя сур'ёзныя крокі былі зроблены ў 2008 годзе, калі археолагі правялі раскопкі ў крыпце, знайшоўшы парэшткі прадстаўнікоў роду і ўнікальныя артэфакты, у тым ліку фрагменты слуцкага пояса.

Капліца-пахавальня Ажэшкаў у рыштаваннях. Аднаўленне помніка неаготыкі заняло амаль сем гадоў.

Але сапраўднае выратаванне пачалося ў 2019 годзе, калі аварыйны стан будынка пагражаў абвальваннем скляпенняў. Кошт праекта аднаўлення склаў амаль 4 мільёны рублёў. 

Нервюрныя скляпенні капліцы-пахавальні Ажэшкаў да рэстаўрацыі. 
Адноўленыя гатычныя нервюрныя скляпенні капліцы-пахавальні Ажэшкаў. Фота: тэлеграм-канал «Заря»

Працэс вяртання капліцы да жыцця стаў сапраўдным выклікам для інжынераў і будаўнікоў. Перш чым брацца за прыгажосць, трэба было выратаваць сцены. За дзесяцігоддзі запусцення муроўка настолькі ўвабрала вільгаці і солі, што звычайная тынкоўка проста адвалілася б. Будаўнікам давялося доўгі час сушыць сцены цеплавымі пушкамі і выкарыстоўваць спецыяльную санацыйную тынкоўку, якая літаральна выцягвае соль з цэглы.

Адноўленыя вітражы. Фота: БелТА

Спецыялісты філіяла «Брэстрэстаўрацыя» і запрошаныя майстры прарабілі скрупулёзную працу – ім давялося літаральна па крупінках збіраць страчанае. Напрыклад, колер шкла для вітражоў падбіралі, вывучаючы знойдзеныя ў зямлі мікраскапічныя аскепкі аўтэнтычнага шкла. Медны дах быў адноўлены ў дакладнай адпаведнасці з гістарычнымі тэхналогіямі, а на вяршыню вярнуўся шасцімятровы шпіль з крыжам. Адсутныя элементы чыгунных аконных рам адлівалі не ў сталічнай майстэрні, а на мясцовым Драгічынскім трактарарамонтным заводзе.

Літыя чыгунныя дэкаратыўныя элементы на фасадах капліцы-пахавальні Ажэшкаў. Справа разетка з гербам роду — «Навіна». Фота: «Культура»

Самай складанай задачай стала аднаўленне ўнікальнага ляпнога дэкору інтэр'ера — тых самых знакамітых нервюр, якія ствараюць эфект ажурнага павуціння пад столлю. Скульптары і мастакі, сярод якіх быў вядомы майстар Павел Рабаў, гадамі працавалі ў складаных умовах, каб вярнуць гіпсавым элементам першапачатковы выгляд. 

Аднаўленне нервюр на скляпеннях. Фота: БелТА 
Нізка павіслы замковы камень скляпення ў выглядзе мудрагелістай расліны часцей за ўсё прымяняўся ў позняй готыцы і літаральна называецца «вісячай шышкай» (ням. Hängezapfen). Фота: СБ. Беларусь сегодня
Кансолі, на якія візуальна абапіраюцца нервюры, паўтараюць матыў «вісячай шышкі». Фота: БелТА 
Бос у выглядзе кветкі — дэкаратыўная разетка, якая размяшчаецца ў гатычнай архітэктуры на скрыжаванні нервюр. Фота: Zarya.by

Для ўнутранага аздаблення майстры прымянялі гіпс, а вось для фасадаў, для аздобы шчытоў і вуглавых пінакляў з фіяламі (вежачкі з вострымі завяршэннямі), якія церпяць ад дажджу і снегу, дэкор адлівалі з сучаснага фібрабетону — звыштрывалага матэрыялу, які вонкава не адрозніваецца ад арыгінала. Каб дасягнуць поўнай аўтэнтычнасці, некаторыя элементы прапітвалі гарачым пакостам (аліфай), як гэта рабілі майстры XIX стагоддзя.

Ляпны дэкор вуглавых пінакляў. Фота: Zarya.by
Новыя дубовыя дзверы з разеткамі, каванымі завесамі і фрамугай, зашклёнай каляровым вітражом у літой чыгуннай раме. Фота: kaplicaozheshko

Рэстаўратары аднавілі не толькі нервюры, але і гатычных крабаў (дэкаратыўныя элементы, падобныя да скручанага лісця), крыжакветы і трыліснікі. Усяго захавалася толькі каля 40% арыгінальнай ляпніны, астатняе давялося аднаўляць па чарцяжах і аналогіях, часам літаральна лепячы формы з пластыліну перад адліўкай.

Гатычная жамчужына на турыстычным маршруце

Экспазіцыя ўнутры капліцы. Фота: БелТА
Рэчы з раскопак у капліцы, прадстаўленыя ў экспазіцыі. Фота: БелТА
Фрагмент слуцкага пояса з раскопак у капліцы, прадстаўлены ў экспазіцыі. Фота: БелТА

Сёння капліца ў Закозелі — гэта ўжо не руіна, а перспектыўны турыстычны аб'ект. Унутры арганізавана прастора па прынцыпе «халоднага музея» — без штучнага ацяплення, каб не нашкодзіць унікальнаму мікраклімату. Наведвальнікі змогуць убачыць адноўленыя інтэр'еры і экспазіцыю артэфактаў, знойдзеных падчас раскопак: фрагменты слуцкага пояса, дэталі пахавальнага дэкору і скульптуры.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары15

  • feafania
    22.01.2026
    Сапраўды прыгожа выйшла.
  • .
    22.01.2026
    Дзе парэшткі?
  • вяртанне
    22.01.2026
    Ажэшкі пабудавалі каб хаваць там свой род і маліцца

Цяпер чытаюць

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу6

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу

Усе навіны →
Усе навіны

У Расіі паставіліся да амерыканскага папярэджання пра магчымы тэракт у Маскве сур'ёзна3

УСУ ўдарылі па вытворцы ракетнага паліва ў Растоўскай вобласці1

«Да лейтэнанта прыехала маладая жонка, пабачыла, што адбываецца ў зоне, і застрэлілася». Выйшла заключная частка ўспамінаў Рыгора Бярозкіна пра ГУЛАГ і савецкі Мінск18

Шмат гадоў футбольную «Іслач» на матчах падтрымліваў «люты баяніст». Куды ён дзеўся цяпер?2

«Мы вярнуліся з пекла». Людзі з Алешак прыбылі ва Украіну і дзеляцца эмоцыямі3

У Мінску пара ў прымерачных кабінках мяняла старыя адзенне і абутак на новыя

«Вы васал Масквы». Беларусь перастаюць бачыць асобна ад Расіі58

Пасольства ЗША ў Маскве папярэдзіла пра пагрозу тэракта ў адным з расійскіх музеяў. Так было і перад «Крокусам»3

«Дык якія ж вялікія ў вас шляхцічы былі!» Прэм'ер Ірландыі пажартаваў, прымаючы ад Ціханоўскай слуцкі пояс14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу6

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць